Разваротлівы Якуб
сабірае талаку:
— Заклікаю, братцы,
пера-бу-да-вацца!
Пусцім дом стары на злом,
пабудуем новы дом,
новы, адмысловы,
свой палац сасновы.
Падыходзь смялей, Рыгор,
будзеш ты мяшаць раствор.
Арматуру для падмурка
зробяць Апанас і Юрка.
Вы ж, Батуры — Геня й Веня,
будзеце часаць бярвенне.
Нікадзім, Андрэй, Імполь
пакладуць падлогу, столь.
Варывон і Марка
зоймуцца сталяркай.
І накрыюць бляхай дах
Леапольд, Карусь і Стах...
Дом стары зруйнуем,
новы пабудуем!
Дык за справу, сябры,
пачынаем: раз, два, тры!..
Ды не кратаюцца людзі:
— Ну, а сам рабіць што будзеш?
— Я? — здзіўляецца Якуб,—
сабіраю талаку!
Расстаўляю, павучаю,
намячаю рубяжы,
мэблю новую шукаю —
буду ў новым доме жыць!
— Ты, адзін?
— Чаму ж — з сынамі,
сваякамі і зяцямі...
— З імі вось і дом рабі,
лозунгаў нам не трубі!