На сустрэчы з чытачамі
падышла да мяне дзяўчына —
кроў з малаком —
і пытаецца:
— Як мне стаць паэтэсай?
Я гляджу на яе і думаю:
«Дурненькая,
зірні на сябе ў люстэрка:
такія румяныя шчокі —
грэцца б ля іх у самыя лютыя марозы
Такія глыбокія вочы —
глядзецца б у іх не наглядзецца!
Такія спелыя вусны —
цалаваць бы іх не нацалавацца!
Такія налітыя грудзі —
смактаць бы іх дзіцячаму роціку!
Навошта табе тыя вершы?
Як мага хутчэй станавіся матуляй!..»
Але чамусьці сур’ёзна адказваю:
— Каб стаць паэтэсай,
трэба многа вучыцца.