Як матчыным рукам і хлебу,
я веру партыі сваёй;
і чыстаму малюся небу,
як матчыным рукам і хлебу.
Адчуўшы пільную патрэбу
быць сэрцам з роднаю зямлёй,
як матчыным рукам і хлебу,
я веру партыі сваёй.
*
Я не хаваю волі сэрца
за частакол пустых размоў.
Ад ворагаў і ад сяброў
я не хаваю волі сэрца.
Пры частым ужыванні слоў
няцяжка іх значэнне сцерці.
Я не хаваю волі сэрца
за частакол пустых размоў.
*
Вясною вецер уздыхнуў,
набухлі сокамі пупышкі,
лес абуджаецца ад сну,—
вясною вецер уздыхнуў.
Залезла сонца на сасну,
зялёныя фіксуе ўспышкі.
Вясною вецер уздыхнуў,
набухлі сокамі пупышкі.
*
Праменьчык сонца зіхатлівы
упаў на кудзеркі твае.
Які ж ён светлы і шчаслівы —
праменьчык сонца зіхатлівы!
Любуюся я гэтым дзівам,
спакою рэўнасць не дае,—
праменьчык сонца зіхатлівы
цалуе кудзеркі твае.
*
Крывёй зялёнаю сплывае
пад востраю касой трава;
краса жывая лугавая
крывёй зялёнаю сплывае.
Я смерці гімнаў не спяваю,
ды ёсць тут крышку хараства:
крывёй зялёнаю сплывае
пад востраю касой трава.
*
На край ліста паўзе слімак,
у космас мкне ракета.
Куды ні кліч яго, аднак
на край ліста паўзе слімак.
Бо кожны дзейнічае так,
якая ў каго мэта:
на край ліста паўзе слімак,
у космас мкне ракета.
*
Такая сонечная восень!
Такі на яблыкі ўраджай!
Над галавой — шкляная просінь.
Такая сонечная восень!
Хоць стала явай з летам ростань,
ды радасць льецца цераз край:
такая сонечная восень!
Такі на яблыкі ўраджай!
*
Размыў дажджамі лістапад
кастрычніцкую пазалоту.
Стаў невыразны далягляд —
размыў дажджамі лістапад.
І толькі светлы твой пагляд
прагоніць з сэрца прэч сумоту.
Размыў дажджамі лістапад
кастрычніцкую пазалоту.