epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"У верасні святлее чарналессе..."

У верасні святлее чарналессе,—

жаўцяць ліству начныя халады.

У выцвілай траве паміж алешын

растуць ваўнянкі, рыжыкі, грузды.

 

Я іх люблю збіраць. Устаў на золку,

у гумавыя боты ціха ўлез.

Туманна. Золка. У руках кашолка

рыпіць, трывожыць яшчэ сонны лес.

 

Ці ж сонны? Прыглядаюся паволі

да ўмяцін на ствалах і на траве.

Мы, людзі, спім. А лес не спіць ніколі

шуміць, расце, змагаецца, жыве.

 

За ноч расой набраклі павуціны,

халоднай плазмай ліпнуць да шчакі.

Вядзе ў асіннік свежы след ласіны,

узрылі мох галодныя дзікі.

 

Зямля бугрыцца над крацінай норкай,

упарты землякоп не ведаў сну.

Мільгнула ценем жвавая вавёрка

і вёртка шмыганула на сасну.

 

А во і рыжык,— выгнуўся, зламаўся,

ружовую рашотку паказаў.

Не толькі сам ён дэмаскіраваўся,

а й цэлы полк сваіх сяброў прадаў.

 

Нажом зразаю бледныя галовы —

няма ўжо на ратунак ім надзей!

...А сонца ўстала собалем барвовым,

і новы дзень спакойна ў лес ідзе.