Дзякуй вам, мама і тата,
за тое,
што вы ніколі
не песцілі мяне і не казалі,
што я — самы-самы разумны
і самы паслухмяны хлопчык.
Таму я і па сёння
не хаджу ў любімчыках лёсу,
не ведаю смаку дармовага хлеба
і хмелю незаслужонай пашаны.
Дзякуй вам, школьныя настаўнікі,
за тое, што вы ніколі
не ставілі ў мой дзённік
завышаных ацэнак.
Таму я і па сёння
лічу сябе невукам,
прагна чытаю мудрыя кнігі,
хачу знайсці ў іх адказ
на самае галоўнае пытанне:
як жыць,
каб людзям прыносіць карысць.
Дзякуй вам, мае камандзіры і начальнікі,
за тое,
што вы ніколі
не пакідалі мяне на запасных пазіцыях
і не прымушалі строй раўняцца на мяне.
Таму я і па сёння
адчуваю сябе навабранцам
і маю многа сяброў,
на якіх раўняцца мне ўсё жыццё.
Дзякуй вам, суровыя крытыкі,
за тое,
што вы ніколі
твораў маіх не хвалілі,
з мяне не рабілі ўзору,
не ўзнімалі мяне на п’едэстал славы.
Таму я і па сёння
з бояззю гляджу на аркуш чыстай паперы,
да пацямнення ў вачах шукаю
тое адзінае слова,
якое павінен сказаць людзям толькі я,
а яно кожны раз уцякае ад мяне,
пакідаючы асалоду адкрыцця на заўтра.
Дзякуй вам,
мае добразычліўцы!
Мяне вятры спыніць хацелі,
сцябалі, гнулі да зямлі;
ад стомы ногі аж гудзелі,
ды ўпарта ўдалячынь ішлі.
Мяне агні спаліць хацелі,
кідалі з полымя ды ў жар,
а мне ўсё больш і больш карцела
ляцець увысь на крылах мар.
І маразы скаваць хацелі,
каб я гарачкі не пароў,
пяклі — аж скура ледзянела,
але не стыла ў жылах кроў.
Яшчэ дажджы прыспаць хацелі,
лізалі лёсткамі парог,
ды я мяняў цяпло пасцелі
на гул мастоў і пыл дарог.
Напасці розныя хацелі
мяне зваліць і задушыць,
ссушылі, зранілі ўсё цела,
ды не знявечылі душы.
І перуны забіць хацелі,
ахвярна кінуць у жарству,
маланкамі цалялі ў цемя,
ды не патрапілі — жыву!
Нясу ў вачах я неба ўсмешку,
народу роднаму служу
і «Дзякуй!»
за крутыя сцежкі
калісьці лёсу я скажу.