Адбівае тут гадзіннік
не гадзіны, а вякі.
...Стаў над кручай Уладзімір,
нібы праведнік які.
Кажуць, князь ён быў — не промах,
і хаця рабынін сын,
чэлядзь мог трымаць у жомах,
піў віно,
кахаў жанчын.
Вызначаўся не адвагай,
а майстэрствам цёмных змоў:
печанегам і варагам
прадаваў сваіх братоў.
Каб Рагнедай завалодаць,
стольны Полацк спапяліў
і сям’ю ўсю Рагвалода
да малютак перабіў.
У гарэм прывёз сіротку,
прымадоннай абвясціў.
Дзень салодкі быў кароткім —
хмель атрутай загарчыў.
Рэўнасць поўзала за славай,
а дзе рэўнасць, там і страх...
Выгнаў любую ў Заслаўе
за няздзейснены замах.
— Здрада! — рэкнуў кіяўлянам,
і, каб жаху больш нагнаць,
на гары высокай самай
ён паставіў Перуна.
Ідала таго з калоды
вычасалі цесляры,
з ім лягчэй было з народа
драць падаткі і дары.
Але хутка спахапіўся
князь — што возьмеш з цурбана?
медавухі ён напіўся,
гаркнуў:— Звергнем Перуна!
Зверглі,
у Дняпро скацілі
груба чэсаны смаляк...
Тут жа кіяўлян хрысцілі
хітры поп і п’яны дзяк,
лоб жагналі і давалі
новыя імёны ўсім:
Аляксандр,
Іван,
Савацій,
Абакум і Нікадзім,
Дармідонт і Еўдакім...
Шчэ мацней у новых жомах
князь трымаў сваіх рабоў.
Кажуць, быў жа ён — не промах,
здатны да інтрыг і змоў,
гандляваў вунь і багамі
прахадзімец ад Хрыста...
Скінуў ідалаў паганых,
сам жа ідалам тут стаў.