epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Усмешка Гагарына

Зноў мне — турысцкаму вязню —

паказваюць дзіва за дзівам:

у Марыянскіх Лазнях — лазню,

у Пльзені — пльзенскае піва,

у замках — вежы з байніцамі,

у касцёлах — алтары і арганы,

у музеях — фрэскі маляўнічыя

ды скульптуры ваяўнічыя

рыцараў і атаманаў.

 

Калі пад’язджалі да Карлавых Вараў,

нас папярэдзілі строга:

— У Тэплай рэчцы вада — як вар, а

жыве ў ёй,

не варыцца,

стронга.

Гэткі ж і фантан гарачы —

рук сваіх не апячыце;

на добры ўспамін гарлачык

з доўгім носікам купіце...

 

Зроду я пра сувеніры не марыў.

Іду з-пад прыгожых гандлярскіх падстрэшкаў

на плошчу,

дзе Карлавы Вары

Гагарын

сагравае бронзавай,

роднай мне,

ўсмешкай.