Па скверыку асенняму
іду я спакваля.
Гараць агні вячэрнія,
і ценямі-спляценнямі
услана ўся зямля.
І цень мой завіхаецца
у крузе ліхтара:
танцуе,
і крыўляецца,
і за спіну хаваецца,
вялізны,
як гара.
Не заўважаю холаду
і кропель дажджавых.
Мне весела і молада,
ступаю крокам волата
па ценях нежывых.