У гэты майскі юбілейны дзень,
віншуючы працаўнікоў завода,
мы ў думках дзень за днём і год за годам
назад гартаем каляндар падзей.
І ёсць якраз цудоўная нагода
успомніць добрым словам тых людзей,
з чыіх крылатых мар і спорных дзей
снаваўся гонар усяго народа.
Прыйшлі героі з вогненных франтоў,
стваральнай працай рубцавалі раны:
капалі для падмуркаў катлаваны,
стаўлялі кроквы з промняў і вятроў.
І дужа не любілі ветэраны
пустапарожніх — хоць і гучных — слоў.
На ўзлессі вырасталі карпусы,
напоўненыя працавітым гулам.
І неўзабаве вестка ўсіх кранула,—
з канвеера сыходзіць першы «сын».
Дасужыя ва ўсякія часы,
у аб’ектыў лавілі фотакоры
рубчастых колаў елачныя ўзоры,
капот нязвыклай формы і красы.
Ён тут жа паказаў імпэт юначы,
калі, пачаўшы шлях з палос газет,
на нівы пацягнуў свой след гарачы.
Наўрад ці хто з нас мог тады прадбачыць,
што трактара імклівы сілуэт
вядомым зробіцца на цэлы свет.
Мурзаты хлопец падруліў яго
да ўрадавай — у чырвані — трыбуны,
як трактар, сам ён быў надзвычай юны
пад трапяткімі промнямі сцягоў.
Тыповы прадстаўнік рабочай руні,
сын пакалення гордага свайго,
ён прыгажэйшы быў за ўсіх багоў
у пераліве мускулаў чыгунных.
Умела ён машынай кіраваў.
А заглушыў матор, на сонца глянуў,
па сіняму крылу далоняй ляснуў
і — светлая надзвычай галава —
прамовіў важна з мудрасцю сялянскай:
— Без ворыва не будзе і жніва.
«Без ворыва не будзе і жніва»,—
спрадвеку так гавораць у народзе.
Яшчэ пасеяць трэба, заскародзіць,
інакш заглушыць паласу трава.
Таму так шчыра дбаюць на заводзе,
каб трактар мог надзейна працаваць,
не ленаваўся і не прыставаў
у самым важным — за жыццё! — паходзе.
Пад коламі не вечна будзе брук,—
машыне рупнай не патрэбны ружы,
ёй лепей дай вынослівасць і дужасць.
Рабочы хлебаробу шле вітанне.
Няма нідзе мацнейшага яднання,
чым шчыры поціск працавітых рук.