У Кліма вяселлем
хата гудзе:
дачка Даміцэля
замуж ідзе
за Хвошча Ігнася
з вёскі Брады.
Радні — паўкалгаса
у маладых.
Усе на вяселле
дружна прыйшлі
і дружна сядзелі,
елі-пілі.
« Го-о-орка!» крычалі
да хрыпаты,
спявалі, скакалі
да цемнаты.
...Стаіць пераспелае
жыта ў палях,
гніе парудзелае
сена ў валках...
Гуляе брыгада
пяты ўжо дзень,
і свацця Агата
песню вядзе:
«А я жыта-а-а не-е-е жа-а-ала-а,
ў ба-а-аразё-ё-ёнцы ляжа-а-ала-а..
Падцягвае песню
сам старшыня,
і ён жа, напэўна,
Кліму — радня.