Памяці Міколы Ткачова
Праз сотні тысяч вокнаў незашклёных
на Магілёўшчыну прыйшла вясна,
нібы фальгою каленкор зялёны,
лугі залоціць лотаццю яна.
Араты ў поле выйшаў давідна,
стаў на чале ён трактарнай калоны;
напятаю струной пралегла баразна,
каб паўтарыцца тыражом мільённым.
Як ні мудры і як ні разважай —
няма ў жыцці ў нас больш высокай мэты
чым клопат селяніна пра ўраджай.
Шануюць хлеб усе народы свету.
Невыпадкова круглы, як планета,
пячэцца на вяселле каравай.