За дзень не ўбачыш чалавека,
пустуе старадаўні шлях —
змяло машынным нашым векам
з дарог вандроўнікаў, бадзяг.
А мне карціць на золку выйсці,
адчуць нагамі золь расы,
прывеціць вербы з мокрым лісцем,
рукой пагладзіць каласы,
паслухаць, як перад касьбою
звініць пад ветрам сенажаць,
і душны водар травастою
на грудзі поўныя ўдыхаць.