За ягадным лесам
ёсць тое балота,
дзе сонца начуе
ў чубатых чаротах.
Прачнецца, памые
расою твар чыста
і ўстане над краем
іскрыстым гарністам.
Я ж ведаць не ведаў,
з адбітай касою
прыйшоў і скасіў
той чарот з асакою.
Скасіў, задаволены
крочу дахаты.
А сонца назаўтра
устала мурзатым.
Няма дзе заспаны
памыць яму тварык,—
ад сораму зрана
схавалася ў хмары.
І з неба сыпнулі
дажджы заліўныя.
А хто ж мне прасушыць
пракосы тугія?
А хто ж мне завяліць
істужкі-лісточкі,
калі дождж ліецца
ад ночкі да ночкі?
Гавораць прыкметы,
гавораць прагнозы:
— Дашчэнту згніюць
твае, браце, пракосы.
Згнілі... Бо свяціла
пакінула травы,
пакуль не ўзнялася
чароту атава,
пакуль не змагло яно
ўмыцца расою...
З тых пор больш прытном
не махаю касою:
баюся з гарачкі
зноў спляжыць балота,
дзе сонца начуе
ў чубатых чаротах.