Ад раніцы скача на Мінску сонечны зайчык:
з акна ў акно,
са сцяны на сцяну,
з вуліцы на вуліцу,
з плошчы на плошчу;
між камяніц шматпавярховых
убачыў астравок старога горада —
прыватныя драўляныя домікі
аж пад самыя дахі патанаюць у садах,—
прабіў густую лістоту вішань і яблынь,
абнюхаў грады
і не знайшоў нават хвосціка морквы —
усю зеляніну гандляркі панеслі
на Камароўку...
І палахлівы сонечны зайчык
смела ўскочыў на падножку тралейбуса,
без білета, «зайцам»,
паехаў у Зялёны Луг.