epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Зарасло чарнобылем былое..."

Зарасло чарнобылем былое,

крапівой глухою зарасло.

Тэлехвалі сёння спрытна ловіць

чуйнымі антэнамі сяло.

З важнасцю дзяржаўнай вечарамі,—

бо няма патрэбы прасці, ткаць,—

землякі сядзяць перад экранам,

перадачы трох праграм глядзяць.

 

Зрэдку каменціруюць падзеі:

— Во размах!

— Будуем на вякі.

— Шчэ дарагаватае адзенне,

хоць і ткуць мацерыю станкі...

— Дзе там дарагое! Ў аксаміце

ходзяць і мужчыны і жанкі.

— Гэтым трэба толькі ганарыцца.

— Ну, а я што? Час цяпер такі.

 

Час такі.

А тое ўсё, былое,

адцвіло, травою зарасло...

Мы яго прыпомнім шчырым словам,

каб назад вярнуцца не змагло.