Нездарма шчымела ў сэрцы скруха
і круціла косці ламата,—
загуляла ў Татрах завіруха,
па адгор’ях вецер засвістаў,
закруцілі снежныя віхуры,
сцежкі і дарогі замяло...
Стала ціхім,
сумным
і панурым
ўчора шчэ вясёлае сяло.
Лепіцца яно
гняздом арліным
на скале крамністай векавой.
Над сялом —
аснежныя вяршыні,
пад сялом —
глыбокая цясніна,
да краёў залітая імглой...
На сляды славацкіх партызанаў
марыў я натрапіць у гарах,
ды буранам гэтым нечаканым
быў загнаны
пад гасцінны дах.
Можа, злёг бы,
як мядзведзь,
у спячку
пад снягамі тут аж да вясны,
каб не вочы сінія славачкі,
што маланкамі
трывожаць сны;
каб не песня,
што ў юнацтва кліча,
груз гадоў скідаючы з плячэй
(песня прысвячаецца Паўлічку,
ну а мне хіба з таго лягчэй?):
— Ні за Франам, ні за Янам
не ступлю і кроку.
За Паўлічкам, за каханым,
Дунай пераскочу!
Дунай, Дунай, Дунай, Дунай —
шырокае поле.
Толькі ты мне, толькі ты мне
ашчаслівіш долю.
І калі з’явіўся той Паўлічка —
прыгажун,
асілак,
рагатун,—
ўсе мае спадзеўкі,
нібы знічкі,
спапялелі, згаслі на ляту.
...Нездарма шчымела ў сэрцы скруха
і круціла косці ламата,—
загуляла ў Татрах завіруха,
па адгор'ях вецер засвістаў.