Уздрыгнула планета
хрыбтом Кардыльер,
у трывозе прыціхлі
і джунглі і пушчы,—
гэта зноў землятрус,
як раз’юшаны звер,
клетку мудрай прыроды
зубамі раструшчыў.
Быў на волі імгненне,
бяды ж натварыў—
будуць людзі гадамі
жахацца ўспамінаў:
сотні жыццяў забраў
і дамы разбурыў,
пакалечыў людзей,
пакалечыў скаціну.
І схаваўся, і знік
зноў у нетры зямлі,
без трыумфу фанфар,
пераможнага балю,
беззаконны ўладар
сініх гор і далін,
безразважны забойца,
бязмэтны знішчальнік.
Цяжка нам зразумець
гэты гнеў нізашто,
гэту помсту наўгад,
баязлівую смеласць —
не людское ўсё гэта.
Хто ж напраўду ён?
Хто:
прагны раю нячысцік
ці бог ашалелы?