Зімой салодка спіцца
пад завірухі песню;
разбудзіць на грамніцы
капеж — напіцца пеўню.
Зірну на ўсход блакітны
і ў сонца маладога
я папрашу нібыта
не так ужо і многа:
каб май быў навальнічны,
і чэрвень — неспякотны,
а ліпень — касавічны,
а жнівень — абмалотны,
і верасень — насенны,
кастрычнік — хлебасольны,
а лістапад — вясельны,
і снежань — перазоўны.