Калі ў сялянскай хаце
дагарала лучына дзяцінства,
не давала мне спакою
вечная прага пазнання.
Якраз майскі пярун
разбіў усе засовы
і адчыніў браму ў свет.
Не пускала толькі матчына пяшчота
да якой я прывык
і якой цяпер саромеўся...
І аднойчы на змярканні
вось тут,
пад гэтай дзікай грушай,
я забіў яе —
гэтую патрыярхальную звычку
да матчынай пяшчоты,
сказаўшы маме:
«Еду!
І нічым ты ўжо мяне не ўтрымаеш!»
Забіў звычку.
Забіў пяшчоту.
Забіў матуліны мары.
І цяпер,
як забойца,
часта вяртаюся на месца злачыну.