Я колькі ні блукаў па свеце,
пейзажаў лепшых не сустрэў:
сад ля Дняпра прыбраўся ў квецень
так, што зусім не відна дрэў,
нібыта завіруха вёску
пушыстым снегам замяла...
На сонцы песцяцца пялёсткі,
і ў кожнай кветачцы — пчала
шчыруе,
мёд і воск збірае,
каб пракарміць сваю сям’ю...
Вось так і людзі ў нашым краі,
што сеюць хлеб
і сталь куюць.
Матулі сказаў:
— Вярнуся, не плач...—
і знік у скляпенні ночы.
Каханай сказаў:
— Да спаткання! Чакай...—
і знік у разліве світанку.
Сказаў камандзіру:
— Загад зразумеў! —
і знік у мігценні лістоты.
Вярнуўся да ўсіх ён —
у цэнтры сяла
стаіць абеліск мармуровы,
і золатам ззяе
яго імя —
такое ж, як ён, маладое.
Дыхні, вятрыска, сум развей,
сарві жалобны крэп з партрэта!..
Быў мулярам Яцук Мацвей
і быў паэтам.
Маўчаць гаркотна ля труны
кватэр утульных навасёлы...
Ён людзям будаваў дамы,
бальніцы, школы...
Пабыў бы шчэ сярод жывых,
падыхаў мёдам руні весняй,
шчэ б напісаў мо пару кніг
бадзёрых песняў...
Цяплом бы сэрца, як і рук,
сагрэў сучаснікаў, нашчадкаў...
Паэтам быў Мацвей Яцук,
бо сеяў шчасце.
Дзядзька Лаўрэн
аглядае тавар,
зведзены бровы,
насуплены твар.
Галавою матае
і цяжка ўздыхае:
— Ці ж гэта базар?!.
А на сталах усяго ёсць багата:
цыбуля, часнок,
агуркі і салата,
сыр,
масла,
тварог
і смятана густая...
— Ці ж гэта базар?!.—
дзядзька зноў паўтарае.
Суніцы, чарніцы,
агрэст і клубніцы,
маліна,
ажына,
грыбы,
гарбузы,
чарнаплодка-рабіна...
— Ці ж гэта базар?!.
Мяса,
кілбасы,
вяндліна і сала,
мёд,
кавуны,
сухафрукты на ўзвар...
— Ці ж гэта базар?!.
Няўжо табе, дзядзька,
гэтага мала?
Чаго яшчэ хочуць
твае завідушчыя вочы?
— Каб фыркнуў дзе конь,
парася завішчала,
во быў бы базар!
Пра гэткае ў родзе Жычкаў
адвеку ніхто не марыў,
каб жонка была хімічкай,
а муж —
Сталяварам.
Маладыя бацька і маці
не могуць налюбавацца
маленькай дачушкай Таняй,
што поўзае па дыване,
промні ловіць рукамі
і бурбалкі з рота пускае.
Хтосьці па лёдзе
ідзе праз Дняпро —
чорная кропка на белым.
Як разгадаць,
ці са злом,
ці з дабром,
трус ён ці смелы?..
Смелага, хто да нас крочыць з дабром,
шчыра вітаем,
а баязліўца са злом
хай Дняпро
ў пельку пад лёд забірае.