Ажаніўся Клім Сарока
і прыкметна пасвяжэў —
ад сурокаў
і папрокаў
жонка мужа беражэ.
Любая Арынка,
мудрая жанчынка
павучае:
«Будзь на працы
актывіст і барацьбіт,
заклікай сяброў старацца,
сам жа лёгенька рабі...
Разважай пра ўсё адкрыта
(дэмакратыя ж цяпер!),
сам жа сунься да карыта,
адпіхаючы цяцер...
Ды не клюнь, як язь азёрны,
на галоснасці кручок:
смела крытыкуй вахцёра,
пра начальніка ж — маўчок!»
Любая Арынка —
мудрая жанчынка,
ад сурокаў
і папрокаў
пільна мужа беражэ.
Ходзіць сыты Клім Сарока,
на пад’ём ён пацяжэў...