Жвавым жураўлём
я выпырхнуў з гнязда маленства,
як толькі ў мяне пачалі адрастаць крылы.
Крычаў ад радасці,
выхваляўся:
— Я ўмею лятаць,
я нікога не баюся!
Лез у бойку
з іншымі птушкамі,
такімі ж маладымі і дзёрзкімі,
як сам.
У бітвах
разгубляў пёры са сваіх крыл.
А цяпер
не маю на чым
вярнуцца ў гняздо маленства.
Можа, гэта і добра?..