epub
 
падключыць
слоўнікі

Цётка

Мае думкі

Хацела б быць зярном пшаніцы,

Упасць на ніўкі вёскі,

Зазалаціцца, без мятліцы

Даць хлеб смачнейшы трошкі.

Хацела б быць я рэчкай быстрай,

Абегчы родны край!

Дзе напаіць, а дзе скупаць,

А дзе ўтуліцца ў гай,

То зашумець, то зашаптаць,

То спаць ў салодкім сне,

То зноў сарвацца, зноў гуляць,

Агнём кіпець у дне.

Ды так разгрэцца і спяніцца,

Каб ў неба хваляй здаць,

Украсці сонца, зноў спусціцца

Й больш света людзям даць.

Прыгарнуць усё ў дарозе,

Каплю шчасця, долі ўліць,

Думаць ўсюды аб народзе,

Родны край усюды сніць,

То рассыпацца расою

Па галінках, па лісткох,

То абняцца так з зямлёю,

Каб ніхто разняць не могі

Альбо ветрам абярнуся

Ды над светам пралячу,

Цёмным віхрам закручуся,

Уверх на месяц заскачу.

З усёй сілы і размаху,

Як крэсівам, ў звёзды дам,

Сыпне іскраў сноп ад страху,

Задрыжыць аж месяц сам:

«Хто ты, скуль ты, чаго хочаш,

Чаго выеш і шуміш?

То праз слёзы нам рагочаш,

То гарыш весь і дрыжыш?»

— Я — пасланец, вецер буйны,

Прыляцеў на суд вас зваць!

У нас цёмна, край наш хмурны,

Ад цямноты людзі спяць.

Я там біўся, я там віўся,

Я ім хаты паламаў,

А ўсё ж такі не дабіўся,

Каб народ свой голас даў!..


1905?

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: скан