Цётка

Вера беларуса

Веру, братцы: людзьмі станем,

Хутка скончым мы свой сон;

На свет божы шырэй глянем,

Век напіша вам закон.

Не чарнілам на паперу,

Дзесь ў архівы не здае, —

Ён збірае поту меру

I на ніву нашу лье.

Землю поіць, ява родзе

Сок ў зярнятах нам на хлеб.

Спажываем, а ў народзе

Штось як шэпча: «Ўставай, слеп!»

Веру, братцы, ў нашу сілу,

Веру ў волі нашай гарт:

Чую агонь ў нас — не брыну,

Бачу, братцы, мы не з карт,

Мы не з гіпсу, мы — з камення,

Мы — з жалеза, мы — са сталі,

Нас кавалі у пламенні,

Каб мацнейшымі мы сталі.

Цяпер, братцы, мы з граніту,

Душа наша з дынаміту,

Рука цвёрда, грудзь акута,

Пара, братцы, парваць пута!




Крыніца: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.

Беларуская Палічка: http://knihi.com