epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Гляджу на поле я...

Гляджу на поле я, на дол,

На нівы вузкія шнурамі,

Што скрозь ляжаць перад вачамі

Раўнінай чорнаю вакол,—

 

То плён упартай барацьбы,

Дастатак цяжкага змагання,

Якім валодаюць сяляне,

Нядаўна бедныя рабы...

 

Цяпер вось мары у жыцці!

Зямля — дзяржаўнае багацце...

Пахайце ж, гэй, яе вы, брацця,

Пасеў вялікі багаціць.

 

Няхай парэжа востры плуг

Абшары гэты на разоры

І збожжа ядрае, бы мора,

Ўхвалюе ветрыкам наўкруг.

 

За працу ж ўсе, ўжо час наспеў!

Зямля вызвеўшая чакае,

Калі над ёю залунае

Вясны вялікай ваш пасеў!

 

Мінск, 23/ІІІ-1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан