epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Касьба

Не спадлі шчэ раннія росы

І сонца не стала сіяць,

Як вострыя ў поплаве косы

Вясёла і зычна звіняць.

Бліскаюць рэзва на сонцы,

Свішчуць, шумяць у траве.

Думкі жывым валаконцам

Ўюцца ў касцоў ў галаве.

Росная гнецца травіца

Роўна, пракос у пракос.

Радасць у сэрцы іскрыцца,

Труд нам адплату прынёс.

Гэй, разыдзецеся, рукі,

Косы так востра бяруць,

Цела не ведае мукі,

Ногі спачынку не ждуць!

Сонца яскрава зіяе,

Ветрык нячутна шуміць;

Роўна трава правядае,

Весела сена сушыць!

Песнямі спорыць работу,—

Бабы і хлопцы пяюць.

Поўны працоўнай ахвоты

Сэрцы іх радасна б’юць.

Зыкі сталёвыя клёпу

Песняй срабрыстай звяніць.

Ссохшае сена у копы

Бабы спяшаюць складаць.

Тут жа растуць ўвачавідкі

Тоўстыя копы у рад.

Многа выказвае прыткі

Поспех рухавых дзяўчат!

Променем смуглыя твары

Ў працы жывой аддаюць.

Многа гадзіны прыпару

Сіл у людзей адбяруць!

Толькі недарма ўсе сілы

Людзі сцяраюць свае,

Праца ўвесь свет ускарміла,

Праца нам шчасце дае.

Працаю сілы прыроды

К людзям у слугі ідуць,

З ёю ж у свеце народы

Лепшае долі прыждуць.

 

Вількамір, 1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан