epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

На руінах

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X


I

 

Цягнік падыходзіў к станцыі Зябы, ход яго памаленьку сціхаў.

Несцер Грэбень ляжаў на верхняй лаўцы ў вагоне і думаў. У галаве збіраліся розныя думкі і ўспаміны аб тым, што ён бачыў і перажываў, пачынаючы ад дзіцячых гадоў і да апошняга часу. Выразней усяго ўставалі перад ім вобразы перажытага за доўгія гады вайсковае службы: спачатку ў царскай арміі, а потым у Чырвонай. Перад ім прамігнулі: царская вайна з усімі сваімі страхамі, першая і другая рэвалюцыі, паўстанскія атрады, вайна з Калчаком, Дзянікіным, Юдзенічам і, урэшце, з Урангелем. Усяк здаралася. Шмат разоў жыццё вісела на валаску. Тухла вера ўбачыць бацькоў, брата, сястру. Што рабілася там, у яго краіне, Несцер толькі дагадваўся з тых кароткіх і няпэўных чутак, якія вычытваў з газет ці даставаў выпадкова ад таварышаў. Весткі гэтыя адрыўна, патрошку далятаўшыся да яго, казалі, што там далёка, на бацькаўшчыне, дзеецца нешта страшнае, што немаведама, ці застануцца жывымі бацькі, сваякі.

Кожны раз, дастаўшы свежую вестку з Беларусі, Несцера ахапляла жаданне вырвацца на які час з войска і наведаць сваю краіну, але ён не хацеў дзеля гэтага выкарыстаць нячэсны спосаб - прыкінуцца хворым ці стаць дэзерцірам. Не! Несцер быў чэсным чалавекам і чэсна адданым справе рэвалюцыі салдатам. Думаючы аб доме і бацьках, ён чакаў гэткага выпадку, калі можна будзе без усякай шкоды для свае часці выпрасіцца дамоў. Такі выпадак падышоў у той час, як Чырвоная Армія аслабаніла Крым ад Урангеля і іх полк спыніўся ў Севастопалі, каб далей несці мірнае жыццё. У адзін дзень Несцер напісаў заяву паліткому і копію камандзіру і праз нейкі час дастаў паўтарамесячны водпуск. З якою радасцю ён сабраўся ў дарогу! Яго не палохалі ўсе клопаты далёкага пераезду, не задумваўся ён і над тым, ці ўдасца яму наогул дастаць удому тую душэўную суцеху, да якой ён так доўга прагся...

Звязаўшы клункі, Несцер ушчапіў іх на плечы і пайшоў на вакзал. І як толькі сеў у вагон, зараз жа пачаў выабражаць сабе ўсе падрабязгі свае наступнае стрэчы з бацькамі, братам, знаёмымі. У яго галаве мімавольна паўсталі пытанні: а што там удому? Як жывуць бацькі? Мо ўжо забылі мяне... А мо ўжо іх няма? Столькі часу не быў ён там! А колькі розных дзеяў начаўплося там за гэтыя гады! Гэта ж свет мог перакруціцца ўверх галавою...

 

II

 

Чым бліжэй Несцер пад'язджаў да роднага месца, тым болей і болей забірала яго нейкая трывожнасць, перамешаная з салодкасцю ўцехі, з адчуваннем цеплаты спаткання, з прыемнасцю пабачыць родную глебу пасля доўгай разлукі. Бацька і маці, мабыць, старэнькія цяпер - нявыказна абрадуюцца і з абслезенымі вачыма кінуцца цалаваць, абнімаць, будуць уміляцца. Бо не жарты - цэлых сем гадоў іх не бачыў - усё служыў ды служыў у войску. Праўда, у першыя гады службы Несцер шмат пасылаў лістоў дадому: стараўся паведамляць бацькоў аб сабе, суцяшаць іх весткамі. Але, мяркуючыся з тым, што яму толькі разоў тры ўдалося дастаць на іх адказ, ён вылічваў, што яго лісты не даходзяць дадому ці дома, мабыць, нешта нядобрае здарылася. Далей прычыну таго, што бацькі не адпісвалі на яго лісты, Несцер бачыў у тэй агульнай завірусе, якая ўзнялася з пачаткам царскае вайны. Гэта яго непакоіла і наводзіла на розныя думкі. «Хто яго знае, што магло стацца з бацькамі, жывучы каля фронту, - думаў Несцер, - немцы наступаюць, тысячы і дзесяткі тысяч уцекачоў бягуць з краю куды вочы глядзяць. Сотнямі мруць штодня. Ці ж не магло стацца, што і мае бацькі рушылі з месца і па дарозе дзе-небудзь згінулі? А калі не сталася так, то ці мала іншых здарэнняў траплялася за гэты час? І немцы, і паны, і балахоўцы... Разбоі, здзекі. Чаго добрага - і бацькі папалі ў лік гэтых ахвяр. Столькі часу такога буйнога, неспакойнага і трывожнага жыцця! Што найду я цяпер дома? Хто з родных яшчэ жывы, а хто памёр? Калі жывы, то ці ёсць у іх які-небудзь прытулак і ці там ён стаіць, дзе яго калісьці я пакінуў?»

Скрозь радасны настрой і вясёлае пачуццё, якія ахапілі Несцера, упарта прабіваліся ўсе гэтыя сумныя пытанні. Ахоплены імі, Несцер пачуваў сябе ў нейкім надзвычайна маркотным становішчы, нудзеў і невыразна глядзеў на ўсё тое, чым жыў да гэтага часу і да чаго імкнуўся.

- Таварышы, якая станцыя? - запытаў ён без адрасу, калі машына спынілася.

- Зябы! Зябы! - адказала разам некалькі галасоў.

Несцер хутчэй падняўся і паспешна пачаў збірацца: надзеў шынель, падперазаўся, узлажыў шапку і старанна завязаў два клункі, потым праверыў на лаўцы, ці не забыўся чаго, і, развітаўшыся з суседзямі, хутка выйшаў з вагона.

 

III

 

На станцыі перад вачамі Несцера паказаўся цяжкі малюнак. Калісьці, ён помніць, гэта станцыя была шумнай і бойкай. Новы, з чырвонае цэглы, па-мастацку зложаны будынак станцыі цешыў сваім прыгожым выглядам. Высока паднімалася, як вежа, вадакачка. Народу заўсёды там кішэла. А цяпер... Ох-ха! Як нейкі забыты вартаўнік, стаіць пабітаю, пашарпанаю, з паваленай страхою тая ж вадакачка, а ад будынка станцыі - адны разбітыя падмуры. Для прыпынку праязджаючых збіты наспех дашчаны барак. У вагонах месцяцца і білетная, і камендант, і начальнік станцыі. Зусім выпадкова засталіся непрыметныя лямпавыя ліхтары, якія маркотна свіраць то там то сям на пушчэльным абшары. Несцер, акінуўшы вачмі гэты абшар, жахнуўся. Праўда, ён скеміў, што гэта плён вайны, але хацеў праведаць, чыіх рук гэта праца: немцаў ці палякаў. Ён падышоў к двум чыгуначнікам, якія гутарылі паміж сабою, і запытаў:

- Скажыце, дзядзькі, хто так пастараўся?

Адзін з чыгуначнікаў, рыжы дзядуля, ухмыльнуўся і адказаў:

- А ласне ты, нябожа, нічога не ведаеш?

- Не, дзедку, я здалёк вяртаюся і нічога не ведаю, - адказаў Несцер.

- Польскія паны, нябожа, усё гэта нарабілі. Не толькі адны Зябы, а скрозь усе станцыі ў нашым краі дашчэнту знішчаны і зруйнаваны імі. Вось хоць бы паехаць к Менску і далей - дык быццам ток навокал. Не толькі станцыі, а ўся наша Беларусь цяпер - тыя ж самыя Зябы - пустыр, руіны, ток. Паны, нябожа, пастараліся. Ой, як! Пакінулі аб сабе добрую памятку ў нашым народзе...

- Ах, погань ліхая! - абурана праказаў Несцер.

Тым часам на дварэ пачынала рассвітаць. Смуглыя ліхтары пачалі сумець і тухнуць адзін за другім. Цягнік, прамарудзіўшы хвілін з трыццаць, няспешна рушыў далей.

Несцер некалькі часу прастаяў на адным месцы каля пахіленага ліхтара, потым пахіліў убок.

Зрэдку снавалі на платформе пасажыры. Бегалі клапатліва служачыя станцыі.

- Куды ж ісці? - запытаў ён сам сябе. - Няўжо пусціцца пешкі сорак вёрст да Верацён?..

І не паспеў вырашыць, як да яго падышоў нейкі мужчына, з вялікай чорнай барадою, з адрослымі лахматымі бакамі на яшчэ нестарым, але змучаным твары. Адзеты ён быў у паношаную вопратку напалову цывільную, напалову вайсковую. На руцэ ў яго вісеў паўпусты мяшок, а збоку торбачка.

- Ці няма закурыць? - запытаў ён Несцера.

- Няма, браточку, - адказаў той.

- А куды едзеш?

Несцер пільна агледзеў падышоўшага з ног да галавы, крыху памаўчаў, потым адказаў:

- Нашто табе?.. А сам куды едзеш?

- Я прыехаў сюды, а адсюль трэба сцягаць вярстоў сорак да Верацён.

- Да Верацён? За Хрэпы?

- Але.

Несцер пільна ўставіўся ў незнаёмага, паглядзеў на яго і тут жа падмеціў: незнаёмы выглядзеў знаёмым чалавекам, якога Несцер дзесьці і калісьці бачыў.

- Я таксама іду ў Верацёны, - адказаў Несцер, - а ты адкуль прыехаў?

- Я... я...

І гэты, з свайго боку, штосьці знаёмае запрымеціў у Несцеру.

- Слухай, таварыш, як тваё прозвішча? Мне здаецца, што я цябе дзесьці бачыў? - запытаў Несцер.

- Я - Гарасім Грэбень, - рашуча адказаў незнаёмы.

Перад Несцерам як бы адчынілася неба.

- Братка мой, родны мой, дык гэта ж ты! Як жа ты змяніўся! Ажно і не пазнаць цябе... Я... твой брат Несцер. Якое нечаканае спатканне! - растрывожана праказаў Несцер.

- Ці можа ж то быць? - са слязьмі ў вачах праказаў Гарасім.

Далей ніводзін з іх не мог гаварыць, і яны міжвольна, ахопленыя радасцю, кінуліся адзін аднаму на шыю і моцна ды шчыра пацалаваліся. Выпадковыя падарожныя кідалі на іх свае погляды.

- Ну, дык ідзем, брат, - пасля некаторага часу запрапанаваў Несцер.

Гарасім нічога не адказаў: ён быў згодзен.

 

IV

 

Узрушаныя нечаканаю стрэчаю, браты Грэбені моўчкі крануліся з месца і, ідучы, доўга не знаходзілі слоў да аднаўлення гутаркі. А тым часам кожнаму здавалася, што ён бы бессціхання гутарыў з братам, апавядаючы яму ўсе здарэнні жыцця ў часы разлукі; думкі нястрымным роем націскалі ў галовы, словы заміралі на языках.

Браты перайшлі рэйкі і выбраліся на дарогу, якая ад станцыі вяла на павятовы горад.

Рэдкія будынкі станцыйных служачых, раскіданыя паабапал шашы, сумна глядзелі на іх цёмнымі, закрэпленымі шэранем вокнамі.

У некаторых вокнах яшчэ свірэлі агеньчыкі; траха не ва ўсіх доміках палілася ў печы, і з комінаў гнаў слупамі дым.

Між будынкаў віднеліся вогнішчы з высокімі комінамі і чорна-белымі камлямі дрэў.

Пры шашы наўскосак валяліся пакіданыя драцяныя загарадзі, вывернутыя слупы з тэлеграфу, пападаліся зламаныя вайсковыя драбіны-вазы, кускі колаў.

Грэбеняў гэта не цікавіла: знаёмыя вобразы, такія надаедныя, такія агідныя...

Яны ішлі далей, уталопіўшы наперад свае празрыстыя вочы, якія ззялі невыразнай радасцю, і маўчалі...

Доўга ніводзін не мог ці мо не асмельваўся першым пачаць гамонку, нібы баючыся зварушыць тую ўрачыстасць іх раптоўнай стрэчы, якая вітала над імі.

Але скора як у Несцера, так і ў Гарасіма ўсё іншае адышло на задні план, а вынікла вострая патрэбнасць гутарыць, казаць, спяваць.

К таму ж акалічная абшарнасць, якая ўставала са змроку, пачала ў іх абуджаць старыя ўспаміны. Колькі разоў ім абодвум траплялася ісці гэтым гасцінцам, глядзець і любавацца прыгажосцю родных вобразаў. Праўда, цяпер, пасля вялікіх перамен, звязаных з перажытым, многа чаго ў вобразах змянілася. Дуброўкі і гайкі высечаны, толькі зрэдку сіротамі стаяць адзінокія дубкі ды бярозы. Здаецца нават, што і шмат якія вёскі згінулі, а якія засталіся ляжаць ціха, спакойна, прытуліўшыся да зямлі, каб не быць прымечанымі. Аднак смутак акалічнай мясцовасці не перашкодзіў Грэбеням перайсці да ажыўленае гутаркі.

- Гарасім, браток, скажы ж ты мне, адкуль ты трапіў сюды? - неяк нерашуча пачаў Несцер.

Гарасім зрабіў мяккую міну на твары, паглядзеў на брата і адказаў:

- А як ты думаеш?

- Як думаеш? Як ты цяпер будзеш думаць! Усё шыварат-навыварат цяпер робіцца. Столькі ўсякае прымхі, столькі выпадковасці, што губішся ў іх дашчэнту. Хацеў бы думаць так, хацеў бы гэтак дагадвацца, а глядзіш, яно зусім іначай складаецца. Так і гэта. Як я магу думаць? Я баюся думаць...

- Праўду, браце, кажаш, зусім праўду. Ніколі табе не дагадацца, як і што са мною траплялася апошнімі гадамі і якім выпадкам я папаў сюды, каб сустрэцца з табою. А цікавага так многа, што табе не лішне будзе паслухаць.

Несцера забрала цікавасць. Ён крыху памаўчаў. Потым сцішыў хаду і сказаў брату:

- Гарасім, давай перакусім чаго-небудзь, а тады ты мне ўсё раскажаш аб сабе і аб сваім жыцці.

- Вось трэ пашукаць, на чым сесці.

Яны ўваходзілі ў лясок. Шугаўшы злёгку ветрык заціх. Высокія, абеленыя шэраняй хвоі і густыя, лахматыя елкі стаялі ціхутка, нібы прытаіўшыся, нібы зачараваныя.

Абодва хадакі кінулі навокал вачыма і разам угледзелі з левага боку дарогі тоўстую бураломіну.

- Давай прысядзем, - сказаў Гарасім.

Яны звярнулі з дарогі, падышлі к лежаку, змялі з яго снег і паселі.

Несцер зняў клунак, развязаў яго, дастаў акраец хлеба і невялікі кусок сала.

- Хахлацкае, брат, еш! - падаючы брату сала, сказаў Несцер.

Гарасім быў галодны і прагна хапіўся за страву. Гледзячы на яго, не адставаў і Несцер. Хутка аддзеленая порцыя была кончана.

- Давай цяпер пойдзем цішэй і па дарозе пагутарым аб нашым жыцці, - сказаў Гарасім.

Яны падняліся, выйшлі на шашу, зірнулі на неба і пайшлі.

Тым часам неба стала праясняцца, і праз рэдкую хмару ўхмыльнулася сонца.

- Весела будзе ісці, - сказаў Гарасім.

- Так, - адказаў Несцер.

 

V

 

Грэбені прайшлі моўчкі яшчэ сажняў з дзесяць. І толькі на граніцы ляску Гарасім рашыў пачаць сваё апавяданне.

- Цяпер, браточку, то яно і цікаўна ўсё ўспомніць ды расказаць, а перажываць было не так лёгка. Проста дзіўлюся я, як так удалося выхаяцца і вось цяпер ісці з табою.

- Ну, ну, кажы спачатку, - прасіў Несцер.

- А спачатку было так. Праз два гады, як цябе здалі, вайна выцягнула з дому і мяне. Як другаразраднік я быў забраны ў пятнаццатым годзе, якраз перад наступам немцаў. Пакінуў жонку сваю і трое дзетак і як выйшаў з Верацён, дык два з паловай гады неадлучна сядзеў то на фронце, то ў тыле, то зноў на фронце. Тры разы быў ранены і выцерпеў пекла мук. Думаў, што не быць мне і жывому, але акрыяў і пасля Акцябрскае рэвалюцыі вярнуўся дадому. Быў вельмі рад гэтаму, бо ўбачыўся з бацькамі, з жонкаю, дзеткамі... толькі з двума з іх, бо трэцяе памерла ў маю адсутнасць. Ой, Несцерка, колькі яны за тыя два гады працярпелі бяды! Перш сабраліся выехаць, як і іншыя, частку дабра распрадалі, частку павезлі. Потым стары раздумаў, угаварыў жанок, і засталіся. Пад вёскаю і ў самых Верацёнах была бітва. Палавіна вёскі згарэла, але наш будынак неяк уцалеў.

- Ну, скажы ж, Гарасім, а ты не пытаўся бацькоў - ад мяне лісты яны даставалі ці не? - перабіў Несцер.

- Не, брат, ніякіх лістоў. Лічылі цябе прапаўшым. Маці плакала, бацька нудзеў. Я іх суцяшаў, хоць і сам не верыў... Але слухай, брат. Пражыў я дома каля трох месяцаў. Думаў перш аставацца і надалей, а мо і назаўсёды. Але якраз нашым месцам пачаў наступаць немец. Напалохаўшыся яго, я, доўга не думаючы, прылучыўся да нашых атрадаў і з імі адступіў. Бацька крычаў на мяне за гэта, кляла жонка, але нянавісць да немцаў і ваяўнічы запал узялі верх. Такім чынам, я адступіў да Смаленска. А ў Смаленску я захварэў на тыфус. Праляжаў блізка два месяцы і ледзь жывы, адзін шкілет, устаў пасля Вялікадня. Служыць больш я не мог, пайшоў да начальства і кажу: «Пускайце дадому, а то не выжыву...» - «А як жа ты дабярэшся?» - пытаюць. «Дабяруся», - кажу. Вось мне далі водпуск на тры месяцы. Узяў я лахі пад пахі, сеў на цягнік, прыехаў да Воршы, а там рознымі выхілясамі, праз вёскі ды праз ляскі і - дабраўся дамоў. Прыходжу, а там ужо мяне чакаюць, чакаюць не толькі бацькі, а і немцы... Ух, нагаварылі на мяне ўсе гэтыя цвіркі, ласы, цмені, што я не толькі бальшавік-камісар, але і самы старэйшы з бальшавікоў. А немцам было гэта наруку; ды яны ўжо да майго звароту забралі ў бацькі карову, дзве авечкі, дзесяць пудоў збожжа і яшчэ гразіліся далей «падчышчаць». Дык вось, не паспеў я ўвайсці ў Верацёны, як мяне, раба божага, так і абламзалі. Замест дому я мусіў першую ж ночку начаваць у каменданцкай. А далей... Пайшлі дапыткі, адпраўка ў лагер, жыццё ў лагеры чуць не цэлы месяц. Ай-яй! - Гарасім за галаву хапіўся. - Колькі мукі перанёс... А потым, не знайшоўшы віны, узялі і выпусцілі. І я жыў пасля гэтага ажно да наступу палякаў. Аралі з бацькам два гады поле, кармілі жывёлу, і толькі. Немцы мала чапалі, а прыйшла Савецкая ўлада, мы ўзялі яшчэ панскіх пяць дзесяцін засеялі. Так бы яно мо і ішло б, ды на бяду - гэтыя паны. Якраз у самае жніва так і пайшлі яны наступам. Усе ўцякаюць, савецкія работнікі выбіраюцца. Не ехаць мне страшна, бо да гэтага і ў Савет, ведаеш, мяне выбралі, і камісарам Зліхоцкага маёнтка назначылі, ды ў дадатак, як казаў ужо, пяць дзесяцін панскае зямлі я для сябе падрэзаў і дрэва на гумно навазіў. Як жа тут застацца?

- Вядома, вядома, - паддакваў Несцер.

- І я выехаў разам з іспалкомам. Прыехалі зноў у Смаленск, дзе я пражыў з месяц, а потым рашыў пайсці ў Чырвоную Армію, на фронт, каб біцца з палякамі. Ведаеш, братка, неяк абуяла мною помста к панам за іх напад на наш край, і я ажно цэлы год быў у войску. Заўсёды меркаваў быць у першых радах. Хадзіў часта ў разведку, ніколі не адставаў, каб не пайсці ў наступ, з нейкай, ведаеш, нязведнай ахвотай пёрся на паноў. Страляў з асобнай уцехай. Бывала, у разведцы напаткаеш паноў, і ўжо хіба, на іх шчасце, куля праміне або паспеюць схавацца. Заўсёды, як ішоў у наступ, прыпамінаў дзедавы сказы, як паны былі прыгоншчыкамі і здзекаваліся з нашых сялян. Эх, толькі гарыць, бывала, помста, чэшуцца рукі! Ніякага страху не маеш, ідзеш. Пазнаў я ўсе мясцовасці і каля Барысава, і каля Ігуменя, і каля Бабруйска. Часамі пройдзе тыдзень-другі без чыннасці і сам не ведаеш, дзе дзецца ад нуды. Падыдзеш к камандзіру і дурыш яму галаву: «Таварыш камандзір! Ці ж ужо вайна скончылася, што мы так доўга аддыхаем? Ці мо мы рашылі аддаць панам да Барысава і толькі далей не пускаць іх, чакаючы, пакуль яны пачнуць наступаць?» Так скажаш камандзіру, а ён толькі ўхмыльнецца і адкажа: «Пачакай, Грэбень, яшчэ панюхаеш пораху. Вось ідзе вясна, пачнецца дзела». Мне то было вялікай уцехай. З нецярплівасцю чакалі вясны... І... дачакаліся. Праўда, то ўжо было ў маі ды чэрвені. Як пачалася гарачка - дык толькі трымайся. К гэтаму часу я папаў пад Полацак, адкуль нашы наступалі. Вось як ударылі раз на палякаў - дык к Маладзечну загналі зразу. Потым яны, гады, аправіліся і нас назад к Полацку адапхнулі. Затое ў другі раз як пайшлі мы, дык толькі трымайся. Не спыніцца. І я ў першых радах дакаціўся ажно да Варшавы, дзе і быў перахвачаны панамі. Ледзьве ўцяклі к немцам.

Гарасім закашляўся і сплюнуў. Несцер азірнуўся навакол.

Яны ішлі цяпер шляхам, які замыславата вярцеўся то сюды, то туды, нібы шукаючы лепшых мясцоў для сябе. Наўкруг ляжала белае поле, перасечанае ўзгоркамі. То сям то там віднеліся засценкі, фальваркі і сіне-цёмныя плямы невялікіх ляскоў. Шляхам, надзіва, ніхто не ішоў і не ехаў. Зрэдку праляталі вароны і перабягалі ім дарогу па адным, мабыць, заблудшыя сабакі.

- А скажы, браток Гарасім, ты не запісаны ў партыю камуністаў? - запытаў чамусьці Несцер.

- Не, - адказаў Гарасім, - але ўсё роўна я камуніст. Мо нават лепшы яшчэ за тых, якія і запісаны. Ведаеш, братка, я вельмі спачуваю цяперашняму ладу, бо бачу, што толькі ён дае магчымасць нашаму брату-мужыку стаць сапраўдным чалавекам, і калі мы гэтага не патрапім выкарыстаць для сябе - дык мы нічога не варты. Савецкая ўлада нас прызвала к дзяржаўнаму экзамену, дала нам, як кажуць, матэрыял у рукі і сказала: рабі. Вось мы і павінны паказаць, што мы рабіць умеем, што мы такія самыя людзі, як і нашы абірацелі - сябе ў крыўду не дамо...

Несцер паддаваўся братнім словам і цешыўся, што брат яго дайшоў да разумення ўсяго таго, аб чым яму тлумачыць. У яго сэрцы расла ўцеха, што ён мае сабе гэткага слаўнага і разумнага брата.

- Я таксама, браце, стаю жыццём за цяперашні лад, - паспяшыў і Несцер выказаць сваю думку, - і таксама, дарагі мой, шмат панёс за ахову свабоды. Дасталося ўсяго, усяго, што і казаць... Толькі мне вельмі добра, я вельмі рад, Гарасім, што і ты маіх думак. Пацярпелі многа, ну толькі ж ёсць завошта...

- Дык паслухай, Несцер, я дакажу табе да канца, што пачаў, - перапыніў брат Гарасім.

- Кажы, кажы.

Яны абмінулі яміну, якая раптам устала перад імі, адначасова азірнуліся назад і па баках, і Гарасім загутарыў:

- Вось, калі мы папалі на нямецкую зямлю і немцы нас раззброілі ды парассылалі па лагерах, я, ведаеш, заняпаў духам. Як тут сядзець бяздзейна ў цяжкіх варунках, галоднаму, і толькі чуць, як там на ўсходзе ідзе змаганне за край і свабоду. Дзеравяннаму трэба быць чалавеку, бяздушнаму... Стала браць мяне нецярплівасць. Зарухалі думкі ў галаве, забудаваліся розныя планы. «Уцяку», - парашыў і стаў чакаць удачнага выпадку. Праўда, ён хутка сам мяне знайшоў... Не аднаго мяне, а нас некалькіх. На шчасце, у нас якраз змянілі варту. Папаўся немец - свой чалавек. Пазналіся з ім, пагутарылі раз-другі, а на трэці - «бяжыце», кажа. І мы ўтраіх сярод дня ўлучылі хвіліну і далі ходу. Праз дзень з лішнім былі ў Летуве, а яшчэ, спусціўшы дзён тры, я апынуўся, як бачыш, вось дзе. У штабе арміі мне далі пропуск дамоў, і я з гэтым пропускам еду. Глядзі, навошта я падобен: валацуга, дый годзе. Вось парашыў наведаць дом і сям'ю, супачыць крыху і зноў на фронт...

- Так, так... Здорава дасталася, браце. Ну, цяпер ужо патрэбна супачыць месяцаў колькі. Ды на фронт, бадай, мо і не давядзецца: з Польшчаю замірэнне.

- Э! Якое там замірэнне? Ворагаў, брат, у нас гібель. Кончылі з Польшчаю - новыя знойдуцца.

 

VI

 

Тым часам на дварэ падыходзіла к вечару. Грэбені за гутаркаю не прымецілі, колькі яны прайшлі дарогі і ці многа ім яшчэ асталося ісці. Аднак яны абодва пачалі адчуваць утому, крыху дзеля таго, што ўжо яны многа сягоння прайшлі, а болей таму, што доўгі дарожны час адабраў у іх сілы і звярэдзіў іх. Хацелася таксама абодвум есці. Якраз яны падыходзілі к Галапечачнай карчме, якая стаяла ў дваццаці вярстах ад Верацён. Гаспадары карчмы калісьці былі знаёмы абодвум братам. Калі яны і цяпер там жывуць, то можна разлічваць паесці і супачыць. Ды хоць і іншыя гаспадары - усё роўна карчма карчмою. І Грэбені ўскорылі хаду. Выйшаўшы на ўзгорак, яны ўбачылі ў вокнах старой, уросшай у зямлю будыніны цямлівы агеньчык. Зачуўшы іх набліжэнне, забрахаў асіпшым голасам карчомны сабака. Відаць было ім, як у стадоле адчыняліся вароты і знадворку ў стадолу ўехала колькі падводаў. З коміна карчмы ішоў дым, які фарбаваўся ў чырвоны колер ад праглянуўшага на захадзе променю. Ваддалёк карчмы, вярсты за дзве злева, ляжаў засценак.

- А як мы зробім, Несцер, заначуем тут ці пойдзем дадому, спачыўшы? Яшчэ цэлых дваццаць вёрст, а тут хто яго ведае, мо і небяспечна? - запытаў Гарасім.

- Праўду табе сказаць, я ўжо ўтаміўся. Еду з Севастопаля, і вось болей тыдня, як не паспаў і не паеў па-людску. Па-мойму, варта было б супачыць, калі знойдзецца на чым. Гэта выгадней і таму, што мы прыйдзем днём, а не ноччу, - адказаў Несцер.

- Нічога проці не маю.

Яны падышлі к карчме. Сабака сціх брахаць. Ля варот стадолы стаяла маладая жыдовачка і пільным поглядам агледзела Грэбеняў. Несцер з хвіліну ўпарта паглядзеў на яе і ў яе твары ўгледзеў штосьці знаёмае.

- Можна зайсці да вас? - дабрадушна запытаўся ён.

Дзяўчына ўхмыльнулася і мякка, гасцінна адказала:

- Калі ласка!

- А мо і пераначаваць можна будзе?

- Там пабачым, - ахвотна адказала яна.

Грэбені ўверана адчынілі дзверы і ўвайшлі ў карчму. Ім дыхнула густым цёплым паветрам, перапоўненым дымам. Была пятніца, і зайшоў шабас, так што на стале гарэлі свечкі, і стары гаспадар карчмы, як пазналі яго з першага ж погляду Гарасім і Несцер, згорблены Шмуйла слібізаваў модлы. За сценкаю ў каморцы крахцела яшчэ адно старое. Два хлапчукі, адзін ужо дзяцюк, і дзве сталыя дзяўчыны бегалі з каморкі ў каморку. Лазіў па хаце і віляў хвастом пярэсты сабака, той самы, што брахаў на Грэбеняў. На лаўках сядзела з пяць сялян у жоўтых кажухах, падпяразаных саматканымі паясамі; усе яны трымалі ў зубах люлькі, маўчалі і пускалі на хату гібель дыму ад свойскага «багданчыку» і «мультану». Раз-поразу сяляне азіраліся ў вокны і адзін другому нашэптвалі штосьці на вуха.

- Дзень добры ў хату!..

- Добры вечар! - паправіў Гарасім.

- Добры вечар! - адказаў Шмуйла, не пакідаючы маліцца.

Месца сядзець хапала, і абодва Грэбені ўселіся.

- Ці нельга было б папрасіць гарбаткі? - пераняўшы дзяўчыну, запытаў Несцер.

- Можна, зараз, - адказала тая, мякка ўхмыльнуўшыся.

Несцер пачаў развязваць клунак. Гарасім моўчкі сядзеў і сачыў незмігутна за гарэннем свечак.

Тым часам Шмуйла кінуў маліцца і сеў за стол. Адна з дзяўчат падбегла к сталу, заслала абрус і пачала гатавацца к вячэры. Шмуйла адламаў кусочак хлеба і, жуючы, пачаў глядзець на хату.

Вочы старога, яшчэ зоркія і празрыстыя, шпарка бегалі па ўсіх баках, не прапускаючы самых дробных рэчаў. Потым яго погляд спыніўся на Гарасіму, аглядаючы яго постаць зверху ўніз. Шмуйла штосьці замармытаў, павярнуўся і сказаў:

- Ці я абмыляюся, ці то так і ёсць: здаецца, ты будзеш Янкаў сын, Грэбеня?

Гарасім усміхнуўся і адказаў:

- Так, Шмуйла, угадаў. Добрая ў цябе памяць.

- Але, добрая памяць, - дадаў Несцер, - але мяне дык, бадай, не пазнае.

Ён пытальна паглядзеў на Шмуйлу.

- Не, цябе не помню. Мо калі і ведаў, толькі выйшла з памяці, - адказаў Шмуйла.

- Ну, і дзіва няма, - умяшаўся адзін з сялян, паважна раскурваючы люльку, - наша рэч старыкоўская: што дзень - памяці меней.

- Вядома, вядома, дзядзька. Вось і таму дзіва, што Шмуйла мяне помніць. Таксама гадоў з чатыры не сустракаліся, - сказаў Гарасім.

- Гадоў чатыры - то глупства. Затое раней я добра знаўся з вашай раднёю. Бывала, Янка штотыдзень у мяне, а я ў яго. У нас, дзякуй Богу, шмат чаго хаўруснага рабілася. Го, твой бацька, то чалавек, якіх мала знойдзеш. Разумніца, хітры, смікалісты, прайдзісвет, не вам раўня. Бывала, што мы з ім ні вытваралі, якіх дзялоў ні вялі. Хай сам скажа!

Гарасім і Несцер усміхаліся.

- Чаму ж не, бываюць такія, удаюцца, - ваткнуў сваё слова той жа селянін.

- А вось хоць бы наш Нічыпар, чым не такі? - дадаў яго сусед.

- Старасвецкія людзі ўсе хітрэйшыя за сучасных, няма чаго казаць, - згадзіўся трэці.

Пакуль ішла гутарка, на стале апынулася вячэра, і сям'я Шмуйлы, сямёра душ, сядзела за сталом. Старэйшая дачка, тая, што сустрэлася з Грэбенямі на вуліцы, была за гаспадыню і падавала на стол.

Звычайная шабасовая вячэра адзначалася багацтвам страў. Суп, цымус, бульба, мяса, рыба, кугель, кава і інш., нягледзячы на цяжкія часы, у той жа порцыі, як і ў бывалашнія гады, напаўнялі стол. Недахват яды, голад, з якім добра пазналіся і Гарасім, і Несцер, тут не чуліся. Вось, пазіраючы за зменай страў, абодва Грэбені пераглядаліся між сабою, праводзячы ўзрокам на стол кожную міску. Сялянам жа гэта было нецікаўна.

- Адкуль вас Бог нясе? - пасля некаторага часу маўчання, скончыўшы вячэру, запытаўся Шмуйла. Далей, не чакаючы адказу, ён звярнуўся к дачцэ: - Вялі паставіць людзям самавар, яны замерзлі з дарогі.

- Добра, зараз, зараз! - адказала дзяўчына.

- Адкуль вас Бог нясе? - перапытаў Шмуйла ў другі раз.

- Ох, з усяго свету! - адказаў Гарасім.

- Здалёку, кажаце?

- Дый што казаць, вядома, што здалёку, - пацвердзіў Несцер.

- Вось парадуйце нас, што гэта ў вас чутно?

Шмуйла пагладзіў бараду, замармытаў нешта і сумна адказаў:

- Ды ў нас не вельмі добра. Эх... - Ён матнуў рукамі.

У гэты час папасчыкі-сяляне штосьці перагутарылі між сабою і пачалі збірацца к выхаду.

- Што, едзеце, мужчыны? - пацікавіўся Шмуйла.

- Так, пара, коні досыць супачылі і папасвіліся. А нам трэба к раніцы быць у Сажным. Пойдзем, браткі, - адказаў адзін з сялян.

І ўсе яны выйшлі з хаты. За імі ў стадолу, запаліўшы свірэлку, выйшаў і хлапец Шмуйлы. Скрып дзвярэй і пацягаўшае з стадолы халоднае, пахнучае гноем паветра напоўнілі карчму.

- Зачыняйце хутчэй! - гукнуў Шмуйла. - Дроў лішніх няма, павінна быць дорага цяпло.

І потым загутарыў ні то з сабою, ні то з Грэбенямі:

- Ні дроў няма, нічога няма. Знішчылі, агалілі край уканец. Як ток зрабілі. Каб тут і колькі было ўсякага дабра, дык выкрадуць, выхапаюць. Жарты - цэлых шэсць гадоў нішчыць - то і зямлю можна раскрасці ўсю. Адзін прыйдзе - бярэ сабе, сцягае, другі прыйдзе - бярэ далей і вязе к сабе, трэці і дзесяты - бяруць і бяруць... А аддаць - ніхто.

- Кепска, кажаш, Шмуйла? - перабіў Гарасім.

- Яшчэ як, браток, дрэнна, выказаць нельга. Можа, прыглядаліся, ідучы дарогаю: слупы павернуты, дрот валяецца... Так і па ўсяму краю - усё павернута і ўсё валяецца... Сапраўды кажучы - валяецца толькі тое, што нікому не трэба, як не вартае. Усё тое, што мела хоць малую цану, падабрана нашымі «прыяцелямі» немцамі, палякамі, балахоўцамі і чорт іх ведае кім. Падабрана і падчышчана як належыць.

- Усюды гэтак, усюды адны руіны, - загаварыў Несцер. - Вось я еду з Украіны, і каб вы бачылі толькі, што там робіцца: масты паўзрываны, чыгункі папсаваны, вёскі папалены...

- Так, вядома... Але ж у нас гэта зроблена куды мудрэй. Там прайшлі раз-два, і толькі. А ў нас тут - несціхана шэсць гадоў тое і рабілі, што бралі, шукалі, даставалі і звозілі. Проста сэрца рвецца на кавалачкі, калі паглядзіш на край, якім ён стаўся...

- І якім бы мог стаць, каб яго пакінулі ў спакоі і аддалі людзям на адбудову, - уставіў Гарасім.

- Во-во, і я хацеў гэта сказаць, - падхапіў Шмуйла.

- А я бачу, што гаспадар карчмы ненарокам любіць наш край, хоць, здаецца, і няродны ён яму, - нясмела праказаў Несцер, баючыся, каб гэтым не пакрыўдзіць Шмуйлу.

Але той нават і намёку не даў на крыўду: наадварот, гэта яго вызвала на выказ тых думак, якія, бадай, ці былі б ім выказаны без Несцеравых слоў.

- Братка ты мой, - поўным шчырасці голасам завёў Шмуйла, - ці ж можна наш край не любіць? Дзе ж ты найдзеш лепшых, спакайнейшых і працавіцейшых людзей? Дзе ты сустрэнеш выгляд лепшы, дабрату большую? Праўда, я родам не згэтуль, але, дзякуй Богу, жыву тут болей трыццаці гадоў. Ці ж нельга прывыкнуць і парадніцца? Я ўжо пасля першага азнаямлення з людзьмі стаў яго сынам. Каму ці льга зжыцца, а чалавек нязлослівы, памяркоўны, ужыўчывы - хутка зжываецца. Так, я скора парадніўся і з краем, і з людзьмі. Скора і палюбіў іх.

 

VII

 

Несцер пільна выслухаў Шмуйлу, крыху памаўчаў, а потым звярнуўся к брату з гэткімі словамі:

- Вось чуеш, Гарасім, як людзі кажуць. Што ж за наўда, калі я праз увесь час так моцна смуткаваў па бацькаўшчыне. Так, браце, смуткаваў і жалеў, што і выказаць нельга. Ні грукат гармат, ні жар змагання, ні страх перад смерцю не маглі заглушыць ва мне гэтага болю. Ідзеш у наступ, вакол сыплюцца кулі, разрываюцца снарады, смерць глядзіць у вочы, а сэрца так і ные, так і ные - дадому імкнецца: хоць бы паглядзець на сваіх людзей, пагутарыць на сваёй мове, пабываць у лясах, на палях... Хоць бы сабе і смерць - але пасля пабыўкі дома... І гэтак праз увесь час, праз цэлыя чатыры-пяць гадоў. Ссох, спятрэў у журбе па дому...

У гэты час дзяўчына прынесла самавар.

- Прачакаліся, мужчыны, - сказала яна, ставячы яго на стол.

- Нічога, нічога, - адказаў далікатна Несцер, якому сапраўды дакучыла чакаць.

Абодва Грэбені паспешна распрануліся, дасталі з клункаў яду, вылажылі яе на стол. Потым уселіся за вячэру.

Шмуйла вылез з-за стала і пачаў маліцца.

На нейкі час у хаце стала ціха. Толькі крэкт бабулі ў запечку казаў, што ў карчме ёсць жывыя людзі. За акном свістаў вецер. Зачыненыя аканіцы хавалі панадворак... Аднак Шмуйла пачасту ўзіраўся ў вулічнае акно, выбіраючы шчылінку. Нагнецца, прыгледзіцца, потым зноў адыдзе.

- Цямноцце на дварэ, - праказаў пад канец Шмуйла.

- Мы думаем начаваць у вас, - сказаў Гарасім.

- Чаму не, зрабіце ласку, месца хопіць, - адказаў Шмуйла. - Куды ж ісці гэтай цемрай? Ды, нябось, здарожыліся?

- Так, патаміліся, не спаўшы колькі ночак... Хоць яно і вельмі хочацца скарэй папасці дамоў, праведаць бы, што і як там, але...

- Паспееце і заўтра, - угаварыў Шмуйла. - Невялікае шчасце вы дома знойдзеце, дзень раней ці дзень пазней.

- Ну, а скажы, Шмуйла, ты часамі не чуў пра Верацёны нічога? Ці ціха ўсё там, ці мо што і нядобрае траплялася? - пацікавіўся Гарасім.

- Праўду скажу: не ведаю. Штосьці баялі аб Верацёнах, але я, прызнацца, не прыслухоўваўся. А самому вось не здаралася быць... Хто яго ведае, тут усякай усячыны было, розных здарэнняў... І пагромы, і грабествы, і забойствы, пажары. Вядома - як на вайне... Магло ўсё стацца і з вашымі.

Словы Шмуйлы занепакоілі Грэбеняў. У іх абодвух зашчымела вострае хаценне забыць і спачынак, і начлег і спяшаць дамоў. Але ўтома і санлівасць моцна сціснулі іх.

Дрымота сплюшчвала іх вочы, балючая вяласць расплывалася па ўсёй істоце, моцна шчымела боль у нагах і ў паясніцы.

- У нас ноччу хадзіць малабяспечна, - чыстасардэчна прамовіў Шмуйла. - Усякіх людзей на гасцінцы трапляецца: і балахоўцы нейкія, як кажуць, і дэзерціры, і проста жулікі-бандыты. Калі ўжо нельга ні ў якім разе адлажыць - тады мусіцьмеш ісці. Дый то можна як-кольвечы скруціць... Не... лепей зробіце, калі пераначуеце... Хая, - пазваў ён дачку, - пасцялі мужчынам.

- Добра, - пачулася з суседняе каморкі. Хутка дзяўчына паслала дзве пасцелі - адну на тапчане, другую на канапе.

Шмуйла сам убавіў у лямпе агонь, і Грэбеняў пакінулі адных. Як Несцер, гэтак і Гарасім раздзеліся, бы дома, і паляглі.

Палёгшы, яны папрабавалі яшчэ аб сім аб тым перагутарыць, але з таго нічога не выйшла: словы ў горле гразлі. І яны, сціхшы, хутка паснулі.

 

VIII

 

Назаўтра, чуць свет, Гарасім прачнуўся і пабудзіў брата. Шмуйла ўжо таксама не спаў: ён чагосьці клапатліва хадзіў па каморцы і мармытаў сабе пад нос.

- Будзем збірацца ў дарогу, - сказаў Несцер.

- Гарбаты пап'еце, - параіў Шмуйла.

- Куды ўжо там: няхай дома, - адказаў Гарасім. Яны хутка ўсталі, адзеліся, памыліся і сталі збірацца.

- Дваццаць вярстоў лёгка ўбяром, - пахваліўся Несцер.

- Так, адпачылі крыху, - згадзіўся Гарасім, - гадзін з восем паспалі.

- Толькі перакусіць не шкодзіла б, - раіў Шмуйла.

Аднак Грэбені гэтага не думалі: ім рымсціла як найхутчэй паспець дадому і праведаць аб дамашніх. Сабраўшыся акуратна, надзеўшы клункі і падперазаўшыся, яны падзякавалі Шмуйле за начлег, расплаціліся і выйшлі з карчмы.

На вуліцы было ціха. Браў добры мароз, і за ноч выпала багата шэраню. Кусцікі лазняку і ядлоўцу, аскабалачкі, кускі дроту і рэдкія платы былі пекна ўбраны белымі пухкімі анталяжамі. Чыстае паветра свяжыла і бадзёрыла. Лёгкі туман, заўсёды справодзячы шэрань, гусціўся па баках, робячы навокал Грэбеняў неразрыўнае кольца. Уверсе, якраз над іх галовамі, віднелася прагаліна сіняга неба з рэдкім налётам туману, а на ўсходзе ад праменняў узыходзячага сонца туман быў чырвоным. Убітая дарога аблягчала пуціну, і Грэбені лёгка, з новымі сіламі, маршыравалі па ёй.

- Хаця б сапраўды чаго кепскага там не сталася, - сумняваўся Несцер. - Усе мукі чаканняў і хаценняў - разляцяцца дымам...

- Кінь думаць дрэнна, - суцяшаў Гарасім, - чаму ты думаеш, што нядобрае трапіла к нашым?

- Ой, дзіўны ты, а хто разбіраўся? Прыяцеляў такіх досыць маецца, якія ахвотна б падказалі, нацкавалі ці палякаў, ці балахоўцаў. Стараста Ёрш, сальнік Сёмка ці яшчэ які гад - ад іх доўга не чакаць. «Іх два сыны бальшавікі, распраўцеся з імі першымі». Напэўна, брат, там магло стацца штосьці ліхое - неяк занадта ўжо трывожыцца маё сэрца.

Несцер кідаў смутны пагляд на твар брата і нібы перадаваў таму мукі сумнення і трывогі.

- Магло стацца, гэткія ўжо часы, - з няпэўнасцю загаварыў Гарасім. - А сталася - што зробіш, не паправіш. Тады аб іншым прыйдзецца думаць: кідай усё і ўсіх - на памшчэнне.

- Толькі так. Усё жыццё пасвяціць непазбыўнаму змаганню за свабоду і бязмернай помсце за здзекі і глум з краю і людзей.

- Так-то яно мо і так. Толькі ўсё роўна, браце, не вернеш таго, што табе дорага і што цягне цябе за тысячы вярстоў, бы магнесам... Вось у чым хаваецца сэнс, - разважаў Несцер.

Тым часам яны ўвайшлі ў лес. Гэта пачынаўся ў сямі вярстах ад Верацён вядомы ў тых месцах лес, быўшы Кіслячага, вялікага багацея і маёнтніка. Калісь, помняць абодва Грэбені, у Кіслячынскім лесе вадзіліся мядзведзі, ласі і гібель ваўкоў. Не раз на ваўкоў рабіліся аблавы, і тады зганяліся на іх сяляне ўсіх ваколічных вёсак. Верацёнаўцы хадзілі разам з іншымі. Даводзілася некалькі разоў прымаць удзел у аблавах Несцеру і Гарасіму. Пасля, у 1905 годзе, верацёнаўцы разам з іншымі ездзілі самачынна ў Кіслячынскі лес сячы дровы. Многа ў тыя часы высеклі сяляне памешчыцкага лесу. Затое многа і караў прыйшлося панесці. Каля дзесяці чалавек адсядзелі па два гады ў астрозе, а траха не ўсе разам з сялянамі суседніх вёсак мусілі плаціць пану Кіслячаму стратныя. Казакі і жандары часта наведвалі Верацёны і добра даліся ім у знакі. Далей, яшчэ помніць і Несцер, памешчык Кіслячы памёр, лес яго застаўся ў спадчыну далёкім родзічам, якія хутка прыняліся яго распрадаваць. Надышоўшая вайна перашкодзіла ўканец спляжыць Кісляцкі лес, але нямецкая акупацыя, а потым польская многа выцерабілі гэтага багацтва: і цяпер прадаўжалі работу палякаў зноў тыя ж сяляне ваколічных вёсак. Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя старанні, лесу яшчэ было досыць. Паабапал гасцінца, хоць і рэдка, але многа яшчэ паднімалася ўгору тоўстых, мнагавечных хвояў і елак. Між іх, па-сяброўску, блізка і наводдаль стаялі тоўстыя развіслыя дубы, ясені, высокія, стройныя, белыя бярозы і шэрыя алешыны. Іх кароны, сплятаючыся ўверсе чуць не пад самым небам, рабілі густую сетку, хаваючы неба і сонца... Ніжэй, між рэдкіх устояў старога лесу, гушчэў маладняк. Падгалістыя, роўныя елкі, галіністыя дубцы арэшніку і альшанніку толькі і пачулі сабе разгарненне, калі людзі пастараліся над высечкаю старога лесу. Затое дасталося маладняку: падаючыя ж дрэвы няшчадна яго ламалі і ўсцілалі ім свае магілы; секлі яго таксама і сяляне - на калы, а то і так, каб пралажыць дарожкі.

Грэбені нейкі час моўчкі ішлі лесам, пазіраючы абапал дарогі. Урачыстая ціша, зрэдку зварушваная стукам дзятлаў у дуплістыя дубы і патрэскваннем ад марозу сучкоў і галінак, наводзіла іх на спакойны роздум і ўспаміны. Зрэдку ўставалі зусім чужыя перажыванаму пачуццю думкі і згладжвалі вострасць бягучага перажытку. Ішлося дарогаю міжвольна, бязмэтна...

Але гэткі настрой нядоўга ўладаў братамі. Выходзячы з лесу, яны ўбачылі поле і гал. Зусім ужо блізка ад іх заставаліся Верацёны. Мэта іх дарогі з рэзкай выяўнасцю адбілася ў думках, а далей захапіла сабою і пачуццё, расплыўшыся па ўсёй істоце. Нейкая дрыготка нецярплівасці падганяла Грэбеняў, каб яны паспяшней ішлі.

- Ну, як ты адчуваеш, Гарасім, добра будзе ці не? - першы зварушыў маўклівасць Несцер.

- Ведаеш, браце, я неяк супакоіўся: як будзе, так няхай будзе. Вось ідзі, і толькі, - адказаў Гарасім.

- А я страшэнна непакоюся.

- Дарэмна, Несцер. Калі што сталася - дык мне болей і дастанецца, бо ў мяне жонка і дзеці ў дадатак да бацькоў.

Несцер нічога не адпавёў.

Яны выйшлі з лесу. Ранішні туман намнога парадзеў. Сіняе, пацягнутае бялесым палотнішчам неба было заліта праменнем халоднага, нізка сядзячага сонца. Нібы ад таго, што яму было разгарненне асвятляць зямлю, Грэбені пачулі большую цеплату. Змененае гэтым пачуццё яшчэ болей прымала новыя ўплывы, калі іх вачам ухмыльнулася белая цэркаўка, што стройна стаяла на ўзгорку, за якім ляжалі Верацёны. Грэбені мімавольна ўскорылі хаду, не спускаючы вочы з царквы. Роўная лажбіна наабапал гасцінца, пачынаючы ад граніцы Кісляцкага лесу, пекная сваёю зеляністаю коўдраю ўлетку, цяпер не цікавіла нічыйго вока. Укрытая снегам, запярэшчаная рэдкімі кусцікамі, яна засмучвала сваёю аднакасцю і мярцвечынай.

- А цэркаў, бачыш, Гарасім, стаіць, як вартаўнік, нязменна, так, нібы яе ўчора паставілі, - сказаў Несцер.

- Калі ўсё ў такім становішчы, тады і добра, - адказаў Гарасім.

Але, падыходзячы к грудку, на якім стаяла цэрква, яны не маглі не прымеціць, як гэты грудок навокал быў акопаны ровам і агароджаны рэдкімі каламі, пераплеценымі калючым дротам. Загарадзь жа вакол цэрквы была зламана, і ў самай цэркве кінуліся ім у вочы пабітыя і застаўленыя дошчачкамі вокны. На бярозках і лазінках вісеў дрот тэлефону, у некаторых месцах перарэзаны.

- Відаць, сляды завірухі, - сказаў Гарасім.

- І яшчэ якой! - падмацаваў Несцер. Далей гутарыць яны не маглі. Выглянуўшыя Верацёны аднялі ў іх гэту мажлівасць. Ды і сапраўды, навошта ім было дагадвацца, перадсказваць і гэтым толькі раздражняць у сабе больш няпэўнасці, калі яшчэ хвіля, яшчэ момант, і яны ўсё пачуюць ад жывых сведак. Вось жа, як рукой падаць, і дом. Старыя, а дзе і новыя хаткі родных Верацён, закінутых у лагчыну вялікай Беларусі, па-старому стаялі на сваіх месцах. Летам яны абрасталі дзірваном, з кожным годам гусцеючы, і садамі ўнізе, а мохам на стрэхах, цяпер жа былі акрыты снежным прасцірадлам...

 

IX

 

Яшчэ была раніца. Грэбені ўвабралі дваццаць вярстоў блізка што за тры гадзіны. Але Верацёны ўжо жылі поўным жыццём. З комінаў хат нёсся празрысты сівы дымок; у гумнах чуўся стукат цапоў, скрыпелі вочапы калодзезяў, рыпалі вароты ў дварах і дзверы ў хатах. Праўда, звычайнасць вобразу нарушылі пажарышчы з левага краю, акурат у тым месцы, дзе стаяла калісь і хата Грэбеняў. Кожнаму, хто падыходзіў к Верацёнам, выразна кідаліся ў вочы голыя печы з пахіленымі комінамі, чорныя абсмаленыя шулы і раскіданыя па зямлі абгарэлыя галавешкі.

Гарасім і Несцер спыніліся сваімі поглядамі на пажарышчах, і відаць было па кожнаму з іх, што сэрцы іхнія балюча забіліся: ногі затрасліся і ўсцішылі хаду. Ніводзін з іх не мог выказаць і слова, ажно пакуль не ўвайшлі ў самую вёску.

Параўняўшыся з крайняю хатаю, іх стрэў сам дзядуля Сук, стоячы ў дварэ ля вешніц, нібы чакаючы іх.

- Го-о-о! Гарасімка, Несцерка! - завёў ён. - Адкуль жа вы, небажаткі, з'явіліся, ды ўдваіх разам?

Дзядуля падбег к Грэбеням і па чарзе пацалаваўся з імі. Сукі заўсёды жылі з Грэбенямі ў ласцы і памяркоўна. Лічачыся далёкімі сваякамі, яны даражылі гэтым сваяцтвам і ставілі яго ў прыклад другім. Вайна, немцы, а потым палякі, якія прынеслі столькі бяды краю і іх родным Верацёнам, шмат вастрэй датыркалі Сукоў яшчэ і таму, што забралі з дому Грэбеняў, ад старых бацькоў і дзяцей, двух мужчын. Доўгія гады няведання аб іх, і ў асобку аб Несцеру, трывожыла разам з старымі Грэбенямі і сям'ю Сукоў. Шчаслівыя тым, што іх сям'я блізка, што ўся складалася з дзяўчат і з гэтае прычыны незачэплена была вайною, Сукі вялікую ўвагу аддавалі Грэбеням. Часта хадзілі яны к старым, суцяшалі іх, памагалі чым маглі. Вось не дзіва, што стары Сымон так радасна спаткаў Гарасіма і Несцера. Абрадаваліся гэтаму і абодва Грэбені. Спыніўшыся з дзядулем Сукам, яны на момант забылі пра сваіх, пачуўшы прывітальную гутарку і звязаныя з ёю роспыты аб тым і аб другім. А пакуль кончылася гэта цырымонія, да іх збеглася яшчэ колькі мужчын, жанок і дзяцей. Кожны прывітваў Грэбеняў, але ніхто не казаў ім аб іх дамашніх справах.

- Пойдзем у хату, дзеткі, - пазваў іх стары Сымон.

Гарасім і Несцер пайшлі за ім, а ўсе іншыя пачалі расходзіцца па хатах.

- Вось што, небажаткі, - сказаў Сымон, ідучы ў хату, - невясёлыя весткі вас стрэцілі дома.

- Што-о-о? - У адзін голас трывожна запыталі Несцер і Гарасім.

- Захадзеце ў хату, там скажу аба ўсім.

Грэбені раптам пасумнелі і прыгатаваліся к горшаму. Гарасім мала нерваваўся і выглядаў спакайней, Несцер жа вельмі блізка прыняў вестку Сука да сэрца і ажно змяніўся ў твары.

Тым часам яны ўвайшлі ў хату.

Хата была прасторная, але траха не палавіна яе была застаўлена цэбрамі, бочкамі, карытамі і рознымі гаршкамі ды чыгунамі.

На стале ляжала некалькі баханоў хлеба.

Гарасім і Несцер прыселі на лаве і пачалі азіраць хату. Кінуўшы вачамі ў запек, яны адначасна ўгледзелі на палку ляжаўшую матку і раптам схамянуліся.

- М-м-а... - хацелі пазваць Грэбені, але Сымон іх перабіў:

- Яна вельмі нядужая. Няхай спіць. Вось сёння ранкам ёй стала лягчэй. Увесь час толькі і думала аб вас, толькі і марыла. І ноччу і ўдзень несціхана заве: Гарасімка, Несцерка...

Грэбені супакоіліся.

- Чаго ж яна ў вас? - запытаў Гарасім.

- А бацька дзе? - дадаў Несцер.

- Чакайце. Перш усяго раздзеньцеся. Хутка Паруля згатовіць абед...

Аднак Грэбені незварушна сядзелі.

- Будзьце рады, небажаты, што хоць маці можа вас угледзець. Куды там думаць аб большым?..

 

X

 

У час размовы ўбеглі ў хату зараз трое дачок Сымона. За імі ўвайшла жонка, старая Юзя. Усе яны чынна падышлі перш к Гарасіму, потым к Несцеру, пацалаваліся, перакінуліся пытаннямі і адышлі к мыцельніку. Бабуля ж села на ўслоне і пачала пільна азіраць гасцей. Сымон падагнаў Парулю, каб яна хутчэй запаліла ў печы і гатавала абед.

- Дык слухайце, небажаты, - прадаўжаў Сымон, раз-поразу вымаючы з рота люльку і пазіраючы ў запечак, - такоўскія справы. Як бачыце, думаю, што вы прымецілі - хата ваша згарэла разам з другімі. Насілу выбавілі мацеру - усё знішчылася. Яшчэ толькі твае Васіль ды Саламея сумелі Матруны-пакойніцы куфэрак выцягнуць з агню.

- Мае? Васіль і Саламея? - здзіўлена запытаў Гарасім.

- Так, сынок, яны цяпер у школе ў Сцяпанічах, - уставіла Юзя, - заўтра нядзелька, і яны прыбягуць дадому.

- Ну, а Матрунка дзе? - трывожна запытаўся Гарасім.

- Ох! - сашчапіла рукі Юзя, - няма чаго і казаць... Ведаеш, Гарасімка, замучылі паны. Так-такі і замучылі: жыўцом загналі ў магілу. Наказалі, вядома, ім вашы прыяцелі, і ноччу за месяц да адходу іх увалілася ў хату дзесяцёра легіянераў. Глуміліся, здзекаваліся з Матруны, ажно і выказаць нельга... Напаўжывую зрабілі. Пасля гэтага яна ледзьве пражыла тыдзень. У муках цяжкіх умерла, небарака...

- А дзе пахавалі? - з каменным спакоем запытаўся Гарасім.

- У Сцяпанічах. Прасіла гэтага, - адказала Юзя.

- Ну што ж зрабіць, вечны пакой ёй, - поўны адчаю, праказаў Гарасім.

Сымон яго пераняў:

- Так, толькі так, небажаты. Не думайце, што з вамі аднымі гэткае няшчасце... Не. Гэткая доля сустрэла шмат каго. У кожным сяле, ва ўсёй губерні, у цэлым краі... Польская навала ішла з агнём і мячом, грабавала, паліла, забівала, руйнавала... Знарок было пастаўлена панамі - знішчыць дашчэнту край, зруйнаваць яго ўканец... Але, вы думаеце, паны гэтым многа выйгралі? Нізвання, ні беднага. Увесь народ страшэнна на іх абураны. Нядарам многа хто кідалі дом, сям'ю, бралі зброю, якая пападалася, і ішлі на фронт. Старыя, малыя, сталыя, здаровыя і хворыя...

Сымон крыху спыніўся.

- Пайшоў і ваш бацька, - іншым голасам праказаў ён. - «Сыны, кажа, па некалькі гадоў змагаюцца за свабоду, можа, ужо іх абодвух і ў жывых няма. А чым я горшы ад іх? Ці ж менш іх пацярпеў на сваім вяку здзеку і прыгнёту? Ці мала перанёс усякае крыўды за сваё мужыцтва, за паднявольнасць чорных працоўных людзей? Ці мала выбалеў няволі?» - разважаў ён; паблагаславіў вашу матку, унучкаў, папрасіў у выпадку вашага прыходу перадаць вам ад яго благаславенне і... пайшоў...

- Няўжо? - ні то ўзрадаваўся, ні то спалохаўся Несцер.

- Так... маці ўпрашвала астацца, я не раіў пакідаць яе адну, а ён як намогся - ні рады. «Больш не магу чакаць. Можа, кажа, затым і дастаецца краю і яго людзям, што яны вельмі падатлівы, пакорлівы і маўчалівы. Можа, кажа, затым і бяды столькі на яго валіцца, што няма ў нас ахвоты і храбрасці яго абараняць». Узяў і пайшоў з атрадам чырвонаармейцаў... Вось ужо больш двух месяцаў... Расказвалі надоечы, што хтосьці яго бачыў пад Калыгамі: біўся побач з чырвонаармейцамі. Адважны, кажа, усіх заахвочвае, і толькі. Няведама цяпер, жыве ён ці не...

- Бачыш ты! - ні то зрадавана, ні то здзіўлена праказаў Гарасім Несцеру.

- А што вы думаеце? Чым гэтак жыць, дык лепей слаўна ўмерці, - сказаў Сымон. - Нам, старым, дзела такоўскае, а вам тое і рабіць, што шукаць лепшага і шчасліўшага жыцця. На вашым месцы не сядзеў бы я спакойна... Хто ж за вас пастараецца? Шукайце, дабівайцеся самі...

У запечку пачуліся крэкт і стогны хворай. Гарасім і Несцер адначасова падняліся з месца і падышлі к мацеры. Юзя разгорнілася і заплакала.

- Го-о-спад мой! Сы-ын-кі-ы вы-і мае-э-э! - пачуўся яе голас.

- Дзе ты, Янка, чаму не бачыш у гэты момант сваіх сыноў? Плакаў колькі па іх - вось яны... - ціхім стогнам выказала хворая, раздымаючы схудзелыя рукі.

- Нічога, яны знойдуць і бацьку, - з пэўнасцю праказаў Сымон, гледзячы, як матка цалуецца па чарзе з Несцерам і Гарасімам. - Яны знойдуць бацьку, знойдуць і лепшае жыццё...

- Дарагі-ыя мае дзеткі, як я шчасліва... Як рада, што хоць перад... смерцю ўгледзела вас... Несцерка мой, Гарасімка... - з перапынкамі, ахопленая глыбокім уміленнем, казала хворая Тэкля.

Празрыстае сонца ўлівалася сваімі праменнямі ва ўсе чатыры акны хаты, змываючы са шкла шыбаў прыгожыя ўзоры марозу.

 

1923


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая