epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Роднай краіне

Я люблю гэты вобраз краіны,

Дзе відаць на абшары кругом

Курганы, і пустыя раўніны,

І балоты, зарослыя мхом.

 

Я люблю гэты вобраз краіны,

Дзе Дзвіна й чысты Нёман плывуць,

Між лясоў,

паміж гор,

праз лагчыны

Свае воды у мора нясуць,

 

Дзе раскінулісь шэрыя вёскі,

А ў іх родныя песні чутны,—

Песні —

долі людской адгалоскі,

Песні —

жальбы загнанай душы.

 

Я люблю гэты вобраз бясконца,

Тыя вёскі, балоты, гаі,

Бо радзіўся я ў гэтай старонцы

I памру мо у гэтай зямлі.

 

Магілёў, 1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан