epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Свае блінцы

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII


I

 

- Паглядзеце вось, таварыш Платовіч, - паказваючы на пусты будынак з пашарпанаю страхою, з выламанымі дзвярмі і пабітымі вокнамі, казаў Вінцусь Шавель. - З гэтага будынка можна зрабіць вялікую рэч... Давайце пройдзем усярэдзіну...

- Нічога, нічога, пачакайце хвілінку, - адказваўся Платовіч, раззіраючы на будынак, на мясцовасць вакола яго і раз-адразу кідаючы позіркі на чыгунку здалёк, на доўгую дугу прыніклых хатак мястэчка.

Чаго і што яго зацягнуў сюды Вінцусь Шавель, ён не браў сабе ў глузд. Прычапіўся, прылез, і Платовіч мусіў пайсці. Навошта крыўдзіць таварыша? Такі-та ж ён так моцна спадзяваўся на яго ўвагу, як на ўвагу адказнага працаўніка. Ці ж трэба даваць повад думаць і заключаць, што ў адказных таварышаў столькі гонару, ажно яны і гутарыць не хочуць з нізавымі работнікамі... Дзеля гэтага Платовіч кінуў пільную працу па абследаванню актыўнасці сябраў сельсавета і пайшоў з Вінцусем Шавелем. Думаў, калі той казаў, што сапраўды Вінцусь Шавель песціць паважны праект, сур'ёзны... А выходзіць... Правінцыя, абмяжованасць ці проста ўшолап якісь апанаваў хлопца.

Платовіч паглядзеў Вінцусю Шавелю ў твар, акінуў вачмі ўсю яго постаць і заключыў: «З выгляду ж сур'ёзны чалавек... Глыбокі зірк вачэй, як быццам бы разумная мова... А ўшалопаў сабе з гэтым млінам...»

- Чаму ты думаеш, што гэта патрэбная рэч? - запытаў ён Вінцуся Шавеля. - Гэта ж зносак, руіна, і покуль капейку карысці дастанеш - сотню рублёў страты мецьмеш. Або махаўцы не могуць абысціся без гэтага? Станцыю электрычную паставіць ці каменны мост праз Іклу перакінуць - то зразумела... А млін вунь жа стаіць і круціцца...

Платовіч яхідна ўсміхнуўся і дастаў з кішэні цыгарку. Запаліў, рызыкоўна сплюнуў і азірнуўся на мястэчка.

Вінцусь Шавель спрытна забег з другога боку і шчыра пачаў яго ўгаварваць:

- Вы даруйце мне, таварыш Платовіч, але я з вамі не згодны: вы ўсё мераеце на свой капыл, на вакружны... Мне здаецца, што вы мыліцеся... Нам трэба паціху, з меншага пачынаць... Можа, вам невядома наша становішча, а мы - дык штодня з ім стыкаемся... Селянін патрабуе таннага памолу... Гэта асноўнае. Ён некалі плаціў за памол з пуда жыта пяць капеек, а зараз, вось гэтаму нэпману, - Вінцусь Шавель паказаў пальцам улева, дзе высіўся двухпавярховы будынак мліна Хаіма Крокеса, - шэсць фунтаў збожжа... Хлеб - бліжэйшая справа... Наш мужык практык, ды...

- Кінь філасофію... Практык! Або ж я не ведаю... Дзякуй Богу, гадоў тры ў сельсаветах працаваў... Нашаму селяніну што ні зрабі - ён перш не здаволіцца, а пасля будзе дзякаваць. Выбрукуй вуліцу, папраў мост, палажы тратувары...

- Пабудуй млін, - дадаў Вінцусь Шавель...

- Да ўлажы соцень пяць рублёў, а праз дзень і стане...

- Вы не верыце майму слову, маёй шчырасці... Калі ўжо гэтак казаць, то давайце падыдзем з іншага боку... Так... Вы рахуеце пяцьсот рублёў... а калі пакінуць без руху, на расхоп, дык колькі трацім - тысячу рублёў... На гэта не глядзіце... Вось... - Вінцусь Шавель хутка падбег да ледва прытуленых к шулу варот і, хапіўшыся за адну іх фортку, так мерскануў, што яна мігам апынулася на зямлі.

- Папрашу зазірнуць усярэдзіну і выясніць, што тутака маецца і што яшчэ трэба дадаць, каб млін пайшоў... Калі ласка, таварыш Платовіч, тутака нядоўга, раз-раз...

Платовічу нельга было адмовіцца: Вінцусь Шавель захапіў яго сваім манеўрам знянацку - трэба было паслухаць, і ён паважна зайшоў у сярэдзіну будынка. Бруд, непарадак і сотні дзюрак у сценах ды даху будынка павеялі жахам. Аднак Платовіч мог праканацца сваімі вачыма, што ў будынку валялася шмат млінарскага начыння. Асыпаны на корх пылам ды кастрыцаю, стаяў між вялізных драўляных кол яшчэ не бязгодны рухавік; на сваіх месцах у чынным парадку тырчэлі пытлі, грамадзіўся непарушны пастаў з двух камянёў. Пры сцяне стаяла яшчэ некалькі негатовых жорнаў. На зямлі валяліся дошкі, драбіны, кліны, жалеза, сіты.

Вінцусь Шавель як утрапёны насіўся па будынку, натыркаючыся на рэчы, і гукаў да Платовіча:

- А гэта што! А вось гэта! А вуньдзека! А тамака... Усё дабро, усе дастаткі людскія... Грэх, каб гінулі так, сорам... Мы багаты на вялікія замахі, на планы, на гутаркі ды абгаворы іх, а тутака вось... Сотня-другая рублёў - і млін, пане мой, як лялька...

Платовіч выйшаў на двор і пазваў Вінцуся Шавеля:

- Давай пойдзем. Досыць...

Вінцусь Шавель выйшаў з будынка, па-гаспадарску, акуратна прыставіў тое ж падоб'е дзвярэй, палажыў пад хісткую фортку камень і падышоў да Платовіча.

- Ну, вашы заключэнні?.. Ага... яшчэ на адну хвілінку, каб даць вам поўнае ўражанне... Зойдзем з таго боку... Там...

- Ды я ўжо ясна выяўляю сабе.

Вінцусь Шавель як быццам не чуў, што выказаў Платовіч, і, хапіўшы яго за рукаў, рушыў з месца.

- Я думаю, што гэты лакаматыў пацягне і пілку і сукнавалку... Думаеце, не збытак цярпімо, калі сялянства на пілоўку дошкі траціць гэтулькі грошы... Не мае дзе сукна вываліць... Ды рабочыя рукі... Нябось, наткнуліся ўжо на беспрацоўных за гэты час... Бачылі, што ў нас робіцца, а прыстаканіць хоць бы аднаго чалавека - няма дзе... Глядзеце... І для лесапілкі ўсё гатова. Мы вокруг абслужым, калі справу добра паставіць...

Платовіч слухаў Вінцуся Шавеля моўчкі. Калі ж той кінуў тлумачыць, адчуваючы безнадзейнасць пераканаць яго, праказаў да Вінцуся Шавеля:

- Добра. Пастановім на ячэйцы. Я скажу сакратару.

Вінцусь Шавель нічога не адказаў.

 

II

 

На пасяджэнні ячэйкі пытанне аб мліне стаяла апошнім. Вінцусь Шавель, калі галасавалі парадак павесткі, паспрабаваў перанесці сваё пытанне другім па чарзе, але яго прапазіцыю адхілілі. Сакратар ячэйкі колка ўсміхнуўся, калі Вінцусь Шавель выказаў нездавальненне галасаваннем: ён лічыў недарэчным з боку Вінцуся Шавеля выпукляць перад адказным працаўніком з акругі гэткае малое, нікчэмнае пытанне. Ён нават укорліва кінуў Вінцусю Шавелю сказ: «Ну, чаму ты заўсёды, дзе трэба і дзе не трэба, са сваім млінам». Але Вінцусь Шавель не патураў на гэта. Ён улічаў абставіны і карыстаўся выпадкам, каб яшчэ раз, перад поўным, пашыраным, нават урачыстым сходам, выказаць сваю думку, давесці яе да прызнання і пасля - да ажыццяўлення. З-за гэтага даўгіх тры гадзіны, якія пайшлі на абгавор папярэдніх пытанняў, Вінцусь Шавель збіраў словы і факты к прадстаячаму выступленню. Багаты, выпуклы даклад Платовіча аб міжнародным становішчы, выбары ў Саветы - абміналі яго ўвагу, не кранаючы пачуцця. План Даўэса, рэпарацыі, вайна ў Марока, здарэнні ў Кітаі, імёны, шэраг імён! Штрэземан, Чэмберлен, Мусаліні, Чжан Цзо-лін, як іскры феерверку, мітусіліся ў Вінцусевым прадстаўленні ў адным клубку з лакамабілем, з шасцярнямі, пытлямі, жорнамі. Падзеі, якімі шаламаніў прагных слухачоў Платовіч, былі блядымі, далёкімі і заблытанымі для Вінцуся Шавеля. Яны губілі ў яго ваччу ўвесь сэнс без сувязі з яго планамі.

Вінцуся Шавеля дзівіла адно, чаму Платовіч гэтак горача кажа сваю прамову аб цэлым знізку разнастайных падзей, а аб тым, што яму цікавей усяго, нічога не хоча казаць. І яму было завідна: чаму ён, Вінцусь Шавель, не можа так складна і гладка казаць? Была б ужыўна яму гэта якасць, то выгарала б справа. Ён сабраў усе свае здольнасці і накіраваў іх у адзін бок: падгатовіць дасканалае выступленне - даць бой. Раз-адразу бліскала надзея, што, бадай, сумее гэта зрабіць.

Але, калі зусім раптоўна для Вінцуся Шавеля паднялося пытанне аб мліне, ён мог знайсціся толькі на простыя, шэрыя сказы, якімі атакаваў надоечы Платовіча.

- Мы любім казаць аб далёкім і забываем блізкае... Я колькі разоў набіваўся ячэйцы з сваімі планамі, а яны смяюцца: блінцоў захацеў... Так, патрэбна, каб былі блінцы, каб муку на іх малоў свой млін, каб за мліва плацілі не шэсць фунтаў, а тры... Ад мліва мы...

- Убачай на хвілінку! - перабіў Вінцуся Шавеля сакратар.

Усе паглядзелі на яго; некаторыя ўкорліва засмяяліся.

Вінцусь Шавель спыніўся на паўслове.

- Я прашу казаць больш канкрэтней, - падаў сакратар.

Вінцусь Шавель пачырванеў і адказаў:

- Я не адцягаюся ад галоўнага зместу пытання... Я трымаюся рэгламенту і кажу...

Ён хвілінку памаўчаў, як быццам бы шукаючы слоў, з якіх казаць далей. Пасля напаткаў належны сказ і загутарыў:

- Можа, што і не да ладу сказаў... тады ўбачайце - я не аратар вялікі, я кажу... Мне здаецца адно... Кожны павінен дасканала ведаць, павінен настойна дбаць аб тэй справе, на якую ён пастаўлены. Калі ўручаная справа патрабуе таго ці іншага вырашэння, то ці павінен яе кіраўнік маўчаць? Гэта значыла б, што кіраўнік не адпавядае свайму назначэнню... Я вось быў у Чырвонай Арміі - камандаваў узводам, і, не хвалюся, усё ішло чын-чынам...

Сакратар пазваніў і следам прыказаў:

- Таварыш Шавель, бліжэй да справы, вам засталося пяць хвілін.

Вінцусь Шавель паправіўся на месцы:

- Я, фактычна, асноўнае сказаў ужо... Я хачу дадаць адно: сённяшняе пасяджэнне павінна рашыць так ці гэтак: патрэбен махаўцам савецкі млін ці не? Прашу галасаваць...

На гэтым ён скончыў і настарожана пачаў чакаць, на чым усё спыніцца. А вось выйдзе па-ягонаму! Але настрой сходу не казаў за гэта. І Вінцусь Шавель сабраў усю сваю ўвагу на постаці і настроі Платовіча.

Безумоўна, ад яго ўсё залежыць. Толькі кіўне сакратару ячэйкі...

- Я лічу, што канчатковае рашэнне па гэтаму пытанню вынесе бюро ячэйкі... - запрапанаваў сакратар. - Хто за гэта?

У Вінцусевым ваччу мільганула дзесятак паднятых рук, было ясна, ён не выйграў справы і на гэты раз.

«Што сабе таварышы думаюць!» - злосна выказаў ён сам сабе, забываючы партыйную этыку, калектыўную думку і таварыскае пачуццё. Збоку яго таварыш пацешыў:

- Вырашым, справа не гарыць...

Але Вінцусь Шавель не прыняў яго слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі.

- Мы заўсёды на гэтым выязджаем... А таго не ўлічаем, што час ідзе, дабро гіне, я гуляю, як дурань, лезу кожнаму ў вочы... а справа адкладаецца.

Сусед, не чакаючы ад Вінцуся Шавеля гэткага адказу, павярнуўся і пайшоў разам з іншымі да выйсця.

У памяшканні стаяў гоман, смех. Тое, што толькі-толькі займала агульную ўвагу, дзесьці знікла, адышло на задні план.

Да Вінцуся Шавеля не даходзіла ніводнага зыку, які б датыркаўся млінарнага пытання.

Каля стала прэзідыума спрачаліся аб падзеях нядаўніх дзён у вёсцы Кумаўка. Сакратар ячэйкі голасна даводзіў, чаму здарэнні прынялі іншы зварот, чымсь яны ўгадвалі. Старшыня сельсавета гэткім самым тонам адмячаў несправядлівасць тактыкі ячэйкі. Платовіч уважліва слухаў, запісваючы некаторыя асабістасці паведамленняў у вузенькі блакноцік.

Вінцусь Шавель мо хвілін з пяць слухаў, не зыходзячы з месца і не зважаючы на тое, што будынак апусцеў. Але як ні цікавы былі спрэчкі, думка аб праваленым пытанні перабівала іх. Тады ён падняўся, падышоў да стала і праказаў да Платовіча:

- Дазвольце прыехаць да вас у акругу.

- Чаго?

- Я хачу з вамі пагутарыць...

- Не забараняю, але я яшчэ заўтра буду тут, цэлы дзень.

 

III

 

Роўна праз тыдзень Вінцусь Шавель паехаў у акругу. Усю дарогу, на якую аддавалася да шасці гадзін часу, ён меркаваў, як і што выкарыстаць сваю паездку. Цэлы шэраг планаў прайшоў у яго галаве. І за які ён браўся, здавалася, - дарэмны, нежыццёвы. Рэчаіснасць выразна казала не ў яго карысць.

Калі паўстала думка зайсці да прадсядацеля акругвыканкома, то рабілася проста страшна. Наведанне Платовіча абяцала малыя вынікі. Наогул, акружныя планы працы душылі сваёю вялікасцю і адказнасцю дробныя думкі Вінцуся Шавеля. Хвілінамі яму рабілася ніякавата везці іх у акругу. Найпэўнейшае, што іх чакала - Вінцусь Шавель ясна гэта выяўляў сабе, - зноў тая ж іронія, што і з боку Платовіча. Але вярнуцца з дарогі без нічога было большай бяссэнсіцай. Сумленне не дало б ні на момант спакою: як то так магло стацца, каб учора яшчэ цвёрдае, прадуманае рашэнне сёння стала нечым непатрэбным. Гэта было б для Вінцуся Шавеля роўна самапрызнанню ў сваёй несамастойнасці. Болей таго, усё б яго рэнаме пайшло на няма нічога... Пераацэнка ўсіх каштоўнасцей!..

Вінцусь Шавель, ступіўшы на тэрыторыю акруговага цэнтра, перабраў яшчэ раз думкамі практычнасць, вартасць і значэнне сваіх планаў і рашыў, што ён не мыліцца. Наадварот, ім апанаваў эгаізм не заўзятага дурасы, а грамадскага працаўніка, і Вінцусь Шавель з непаваротнаю рашучасцю накіраваў зразу ў акругвыканком. «Кожны выпаўняе тое, што ён здацен выпаўніць», - пераказаў ён свой прынцып і з ім, як з ліхтаром уначы, прайшоў дарогу ад вакзала да акругвыканкома і ўвайшоў у яго памяшканне.

У акругвыканкоме выйшла так, што ніхто яго не спыніў ад вахода да самых дзвярэй прадсядацеля.

Вінцусь Шавель прамінуў некалькі каморак і смела стукнуў у дзверы, на якіх вісела шыльдачка «Прадсядацель акругвыканкома».

- Вайдзеце! - даняслося з-за дзвярэй.

Вінцусь Шавель увайшоў у кабінет прадсядацеля і ўжо ад дзвярэй пачаў сваю гутарку:

- Я да вас, убачайце, таварыш прадсядацель... з невялікаю справай...

- Кажэце, кажэце...

Але не паспеў Вінцусь Шавель зрабіць уступ да свае просьбы, як прадсядацель яго спыніў махам рукі.

- Вам ужо гэта вядома?

- Таварыш дарагі, - пачаў прадсядацель, - ласне можна гэтак, як вы, ставіць пытанне? Перад намі цэлы шэраг выпадкаў у сто разоў большае значнасці, і то мы не можам іх зараз паасобку разбіраць... Вось цэлы тыдзень мы ўсім выканкомам абгаварваем справу гаспадарчага будаўніцтва акругі і то...

- Мая просьба вашага плана не парушыць, - перабіў Вінцусь Шавель...

Прадсядацель крыху падвысіў голас:

- Кожны, хто прыходзіць да мяне з тым ці іншым пытаннем, стараецца пераканаць вось гэткімі ж доказамі!.. А вынікі нікога не цікавяць... Пасудзеце самі, таварыш дарагі, што можа выйсці ўрэшце, калі мы сваю працу вясцімем урыўкамі, хапунцом... Вам адно, сваё важна, а па-нашаму...

Вінцусь Шавель зноў не стрымаўся:

- Мая справа вымагае двух-трох слоў, і я прашу вас, таварыш прадсядацель, аднесціся да яе з павагаю.

- Я да ўсяго адношуся з павагаю... Але... нельга мяняцца на дробязь... Кожны гукае з свае званіцы...

Званок тэлефона перабіў прадсядацеля. Ён нервова хапіўся за трубку і суха адказаў:

- Хто пытае? Спакою не даюць, - вылаяўся. Пасля настаражыўся і пачаў гутарку: - Так, акругвыканком... Каго трэба?.. Сакратара?.. Прадсядацеля?.. Я... Што трэба?.. Ага!.. Даруйце-э, таварыш Ласка, дальбог, не пазнаў... Бюджэт? Наконт Залускае лесапілкі? І Котліцкае гуты?.. Няладна, кажаш?.. Ч-чорт яго вазьмі... Зноў на два вечары... Добра... Зараз, вось, вось...

Прадсядацель павесіў трубку і падняўся з месца.

- А што раён кажа на гэта? - запытаў ён Вінцуся Шавеля, складаючы паперы ў партфель.

- Я не хадзіў яшчэ ў раён...

- Вось бачыце... - нездаволена вырачыўся прадсядацель. - Да канца не дойдзеце - і ў акругвыканком... Вам яшчэ дысцыпліну патрэбна вывучыць...

Ён паспешна надзяваў паліто і стараўся не глядзець на Вінцуся Шавеля...

- Думка раёна мне даўно вядома...

- Як?

- Я меў ужо гутарку з таварышам Платовічам.

- І што? - ужо на хаду пытаў прадсядацель.

- Таксама заняты іншымі планамі... Хто ж будзе дробяззю займацца? Вы нам даручылі вядомую справу - дайце ж магчымасць яе вырашыць. У нашым складаным гаспадарстве, як у машыне, - кожная шрубка мае сваё месца і сваё значэнне... Часта дужа паважнае значэнне... можа, нават большае...

Яны выйшлі з кабінета прадсядацеля.

- Я ўсё гэта ведаю, таварыш дарагі... Але ў вас адны Махаўцы, а ў мяне цэлая акруга... Да ўбачэння...

Прадсядацель узяў пад казырок і знік з ваччу Вінцуся Шавеля.

Вінцусь Шавель прайшоў у канцылярыю і прысеў на крэсле каля акна.

Перад ім віднеўся шырокі дзядзінец, абмяжованы з усіх бакоў старою паветкаю. Пад дзюрпатаю страхою паветкі ляжалі горы ламачча, калісьці прадстаўляўшага з сябе добрыя брычкі, мэблю, машыны. За дзядзінцам, улева, паднімаліся сцены муру, ужо асыпаныя ў розных месцах, з абкуранымі дзіркамі замест акон. Над гэтымі сценамі высіліся два вялікія каміны ці то фабрыкі, ці завода. За паветкаю, управа, быў сад, на дрэвах якога бялелі кругі ад парэзаных галін... Гэта панарама надала Вінцусю Шавелю розных думак. «Сапраўды, ці ж можа хоць бы прадсядацель акругвыканкома адарваць увагу ад агульнаакруговых заданняў і заняцца справаю аб Махаўскім мліне... Спадчына акупацыі, грамадзянскае вайны абяскровілі краіну... Дзе ні паглядзі - патрабуецца аднаўленне, рапарацыя, будаўніцтва... Можа б, і не варта было мне ехаць сюды... дурыць галаву і траціць час...»

Вінцусь Шавель паддаўся мінорнаму настрою і спакойліва, безнадзейна пайшоў з акругвыканкома. Ужо ў ім мулялася рашэнне кінуць усё і ісці проста на вакзал, як пры выхадзе з дзвярэй яго напаткаў Платовіч.

- Таварыш Шавель?

- А, таварыш Платовіч!

- За блінцамі прыехаў? - пажартаваў апошні з Вінцуся Шавеля.

- Я хацеў зайсці да вас, можна?

- Прадсядацель паслаў?

На твары Платовіча іграла рэзвая ўхмылка.

- Я скажу, як прыйду. Можна?

Платовіч зрабіў сур'ёзную міну і праказаў да Вінцуся Шавеля:

- Няўжо ты яшчэ не пакінуў свае думкі аб мліне?

Гэтых слоў было досыць, каб у Вінцуся Шавеля ўнутры зноў усё перавярнулася ўверх дном. Яго ўкалола крыўдлівасць, чаму-такі да яго так адносяцца? Няўжо ён настолькі нічога не варты, што не ўмее нават разабрацца ў гэткай рэчы, як справа з млінам? Ці, можа, сапраўды гэта справа настолькі нікчэмная і непатрэбная, што аб ёй не павінна быць і гутаркі?.. Але тады для Вінцуся Шавеля была б неразгаднай уся сістэма гаспадарчае машыны. Ён не знайшоў бы жаднага тлумачэння на тое, для чаго і навошта энергія гэткіх людзей, як ён... Тады б...

- Так, я сваю справу хачу давесці да канца... Пакуль яшчэ мне ніхто не даказаў, што гэта справа непатрэбная, а мая думка і мае клопаты аб ёй - марныя... Я дамагаюся, каб вы мне гэта даказалі...

Гэта было сказана артыстычна, ёмка. Сам Вінцусь Шавель не растлумачыў бы, як гэта ў яго выйшла так. Можна было заключыць адно - Вінцусем Шавелем кіравала цвёрдае рашэнне паставіць сваю справу на адпаведнае ёй месца. Вось чаму Платовіч не мог адказацца ад спаткання.

- Я з табою гэту справу абмазгую... Толькі праз некалькі часу. У мяне цяпер столькі работы, што, паверыш...

Яго перабіў раптам наляцеўшы на іх таварыш, які хапіў Платовіча за руку і адцягнуў ад Вінцуся Шавеля.

- Праз тыдзень я буду ў вас, - пачуў ён з калідора, куды пайшоў Платовіч з незнаёмым Вінцусю Шавелю таварышам.

 

IV

 

Праз дзве гадзіны пасля гутаркі з Платовічам Вінцусь Шавель ужо ехаў цягніком да гасподы. Скутак, які ён вёз з сабою, збіў яго з глузду. Ім апанавала бесцікаўнасць да ўсяго: не хацелася паглыбляцца ў думкі і чапаць наступнага. Ён сядзеў каля акна і ўкорлівым поглядам развітваўся з негасціннай акругай. Але, надзіва, не знаходзілася выразнае злосці ні на прадсядацеля акругвыканкома, ні на Платовіча. Прычына гэтага ляжала па-за імі, дзесьці глыбей, куды ў гэты момант яму не захацелася заглядаць. Яна давядзе Вінцусю Шавелю аб сабе, можа, скора, можа, крыху пачакаўшы... Не павінна ж таго быць, каб Платовіч схлусіў, што наведае Махаўцы. А тады - адзін на адзін - ён, Вінцусь Шавель, паспрачаецца за свае намеры. Але да гэтага яму прыйдзецца спаткацца з некаторымі непрыемнасцямі. Сакратар ячэйкі...

- А, таварыш Шавель! - пачуў ён збоку і азірнуўся, не скончыўшы думкі.

На праходзе, гледзячы яму ў вочы, стаяў чырвонаармеец Пракоп Асіна ў форме камандзіра ўзвода, з якім Вінцусь Шавель служыў у адным палку.

- Ты ж чаго тутака? - запытаў ён чырвонаармейца.

- Еду на пабыўку, на месяц выпрасіўся...

- А ласне твой дом у гэтых краях?

- Так, вось на другой станцыі злажу.

- Землякі!

- Як бачыш...

Пракоп Асіна прайшоў да Вінцуся Шавеля і прысеў помеж з ім.

- А ты што парабляеш? - запытаў ён Вінцуся Шавеля.

Той матнуў рукою.

- Чаго недаволішся?

- Цяжкая праца, браце мой.

- Якая?

- Гаспадарчая... Я пакуль без месца, заняўся млінарскаю справаю... І вось нашуся з ёю больш месяца, а скуткаў жадных... Гэтак людзі заняты, што выслухаць не маюць часу... Вакола столькі недастач, ажно рады няма спыніцца на кожнай паасобку...

- У чым жа рэч, я не разумею? - перапытаў Пракоп Асіна.

- А, бач, я хачу адбудаваць млін у сваім мястэчку; будынак ёсць, ёсць розных прыладаў досыць, а вось пусціць - не хапае якіх-колечы двухста - пяцісот рублёў... Шукаю іх увесь час...

На Пракопавым твары вызначалася здзіўленне, з якім ён паглядзеў Вінцусю Шавелю ў вочы.

- Ты дзівішся, што я заняўся гэткімі дробнымі справамі?

- Так, дзіўлюся...

- Я пазнаў па табе... Дык вось, браток, - трэба... Трэба і гэта... На вялікія справы ёсць адпаведныя людзі, а на малыя - таксама. Але не павінна быць, каб малыя справы аставаліся нявырашанымі... У жыццёвай машыне кожная шрубка мае сваё месца; звіхтавалася, не папраў - уся машына не пойдзе... Цябе дзівіць, што якраз мне выпалі дробныя справы - гэта рэч іншая... Пакуль я за большым не ганюся...

Пракоп Асіна злёгку ўхмыляўся, але Вінцусь Шавель ці не зважаў на гэта, ці даваў выгляд, што не зважае.

- З мяне і іншыя дзівяцца, але я рашыў млін адбудаваць; пасля можна будзе перайсці да іншае працы, а пакуль - мне цяжка глядзець, калі да мліна ўсё гатова, а сяляне павінны плаціць нэпману па шэсць-сем фунтаў з пуда.

Смех таварыша заставіў Вінцуся Шавеля азірнуцца.

- Смяешся?

- Не тое каб смяяўся, але, мне здаецца, лепей было б табе камандаваць узводам... К гэтаму часу ты быў бы ўжо ротным... Пахвалюся, што мяне прыставілі да павышэння... А млін? Блінцоў захацелася?..

Апошні свой сказ Пракоп Асіна правёў голасным смехам і, пэўна, рагатаў бы далей на ўсё купэ, але прабегшы вагонам кандуктар перабіў яго сваім воклічам:

- Хто ў Паленнае?

Ён развітаўся з Вінцусем Шавелем і пабег з купэ. За ім пагнаўся незразумелы погляд Вінцуся.

Быццам усе згаварыліся. Няўжо яму аднаму гэта трэба? Ці наогул ён сам сябе абманвае, калі хоча ўверыцца, што яго справа патрэбная і карысная. А мо таму ён за яе хапіўся, што іншае не здолее рабіць?

Вінцусь Шавель прыпомніў словы Платовіча аб мосце праз Іклу, аб бруку вуліц і параўнаў гэта з млінам. Нічога дзіўнага - ён упэўнены, што першае і другое яго таксама не застрашылі б - справіўся б. Але, па яго думках, пакуль здавальняе мост стары, а тратуары могуць да часу замяніць брук... Безумоўна, прыйдзецца зрабіць і гэта, толькі ў чаргу. Тут павіннасць грамадская ды не зусім трудная: навазіць каменняў і пяску. А млін...

Вінцусь Шавель успомніў гутарку з сялянамі, іх папрок Савецкай уладзе, чаму апошняя нічога не рашае наконт мліна... Трэба прыслухоўвацца да іх голасу - то голас зямлі... Млін... Ён давядзе сваю думку да ажыццяўлення...

Палоска променю адцягнула яго ўвагу. Вінцусь Шавель паглядзеў у акно. Цягнік спыніўся на Паленнай. З вагонаў выходзілі пасажыры, чалавек дваццаць лікам. Ён правёў поглядам некалькі да самага выйсця ў дзверы вакзала і хацеў адвярнуцца ў іншы бок, як раптам перад самым акном вырас Пракоп Асіна. Ён развітальна памахаў рукою і нешта праказаў. Вінцусь Шавель не ўчуў і перапытаў. Той выгукнуў на ўвесь голас:

- Не забудзь пазваць на блінцы!

Гэта зычэла як жарт, на які Вінцусь Шавель ужо многа раз адказваў.

Цяпер было досыць дадатнага кіўка галавою.

 

V

 

Вінцусь Шавель стаяў пры сваёй хаце і пазіраў пераменна то на млін Хаіма Крокеса, то на будынак будучага савецкага мліна, які ён павінен адбудаваць. Першы гудзеў, пускаючы дым з вузкага бляшанага коміна, другі маўчаў, тулячыся між двух высокіх ясеняў. Вуліцаю сяляне везлі збожжа на мліва і азіраліся на Вінцуся Шавеля; іх погляды здаваліся яму ўкорам і намёкам на тое, што пара пускаць савецкі млін, годзе адгаварвацца аднымі абяцанкамі. Гутарка паміж сялянамі тлумачылася Вінцусем Шавелем, як нараканні на яго бяздзейнасць. Усё гэта прыкрыла яму, выклікала ў яго непрыемнае пачуццё. Няхай бы цуг сялян накіроўваў ужо да савецкага мліна: мо б адмеціў хто яго старанні і падзякаваў сельсавет за дбанне аб сялянах. Дык не! Хаім Крокес стаіць на ганку і цешыцца, як плывуць у яго засекі фунты, пуды і асьміны мужыцкага збожжа. Пацірае нэпман рукі ды ціха пасмейваецца з яго, Вінцуся Шавеля, няўдач...

Каб жа то адносілася да яго асабіста! А то хітры і пракураты Крокес мае ў воку сельскую ўладу і праз Шавеля цэліць у сельсавет. Не, гэта нядобрая штука. Яго, Вінцуся Шавеля, дарэмна не хочуць паслухаць ды пасабіць яму. Тут проста недагляд, нядбайства, непашана. Відаць!

Вінцусь Шавель рушыў з месца і пайшоў да сельсавета.

Яму зарупела яшчэ раз дапомніць аб сабе і сваёй думцы сакратару ячэйкі і старшыні сельсавета. Не будзе лішнім. Але, падышоўшы да дзвярэй будынка, ён перадумаў і накіраваў да мліна. Чаму і што зрабілася ў яго гэткая перапланоўка, Вінцусь Шавель не разбіраўся. Праўдзівей таму, што зайграла ў ім пачуццё эгаізму, а мажліва, і затым, каб яшчэ раз пераканацца, што млін варта рапараваць. Прынамсі, ён сабе не выяўляў ні першага, ні другога, калі раптам сустрэў Хаіма Крокеса. Млінар ябедна паглядзеў Вінцусю Шавелю ў твар і прыпыніўся. Гэта Вінцусь Шавель прыняў за вызаў, узлаваўся і хацеў вярнуцца назад. Пасля адышоў ад злосці і падблізіўся да Хаіма Крокеса.

- Ты, слухай, да мліну, таварыш Шавель? - запытаў млінар.

- Так, пайду пагляджу.

- Слухай, а як справа з адбудоваю яго?

- Будую... Праз тры дні наязджае механік, і млін... - схлусіў Вінцусь Шавель.

- Нават праз тры дні?..

Не спыняючыся, яны паціху пайшлі ўсцяж вуліцы. Хаім Крокес абярнуўся назад і пахіліўся да Вінцуся Шавеля:

- Таварыш Шавель, кінь ты з гэтым млінам... Навошта, слухай, табе гэтая вазганіна з ім. Таварыш Шавель, ці мястэчка не мае пільнейшае патрэбы... Слухай... Ты проста назло мне робіш... Бярыся, слухай, за іншае, а мяне не губі-ы. Таварыш Вінцусь, ці ж сяляне незадаволены? Маўчаць... Хочаш - я куплю гэты злом, і таквеле таго...

Вінцусь Шавель маўчаў, ледва стрымліваючы злосць. Ад слоў млінара нясло адначасна надсмяяннем, здзекам і падгаворам. Да чаго вырасла нэпманская нагласць! Не, не ўлічыў ён поўнасцю ні абставін, ні Вінцусевае натуры.

- А ты думаеш, я з мліном не спраўлюся? - запытаў Вінцусь Шавель, калі яны падыходзілі да будынка мліна.

- Не тое, таварыш Шавель... Вам млін... Слухай, абодва будуць стаяць... Колькі таго мліва ў людзей... Каб ты, таварыш, бачыў, што мне застаецца... Трымаюся ж таму, слухай, што незашта іншае ўзяцца-а... Ты думаеш, таварыш Шавель, што гэта лёгкая рэч... Патэнты, ураўніцельны, арэнда... А колькі датацыі, глядзі-ы...

Вінцусь Шавель пакінуў Хаіма Крокеса і абег вакола мліна. Хтосьці адкінуў дзверы, і ўсярэдзіну глядзела сонца. Вачам прадставілася непрыглядная мешаніна награмоджаных адна на другую рэчаў. Напэўна, нехта гаспадарыў і па частцы сцягаў да сябе тыя ці іншыя прылады. Вінцусь Шавель падумаў аб Хаіме Крокесу і паглядзеў у яго бок.

Хаім Крокес падыходзіў да яго і здалёк казаў:

- Разбіраюць, слухай!.. Расцягнуць па кавалачку... людзі, таварыш Шавель, як... Навошта, слухай, казаць... Сельсавет добра робіць, што не ўкладае грошай у гэту справу... Тут тысячы патрэбны... Дарма ты кажаш...

Вінцусь Шавель усміхнуўся...

- Па-твоему... А па-моему... людзі не бачаць простае выгады... Паглядзі, - ён паказаў у млін, - столькі дабра! Гэта ж грошы, якім трэба маленькая падмога, як яны заварушацца... Я ведаю, што табе гэта справа нявыгадная... Ды ці ж можна лічыцца грамадзе з тваімі інтарэсамі?.. Ці можа грамада пакладацца...

Хаім Крокес змаўчаў і меў ахвоту адысці ад Вінцуся Шавеля. Ён крывіўся, пераступаў з нагі на нагу і хітра жмурыў левае вока. Відаць было, што млінару нешта рупіла сказаць, але ён не знаходзіў адпаведнага моманту ў настроі Вінцуся Шавеля. Як ён паглядзіць на гэта. Аднак млінар не сцярпеў і выказаў:

- Слухай, таварыш Шавель... я быў заўчора ў акрузе, і мне таварыш Платовіч сказаў, што гэтага мліна будаваць не будуць... Што, можа, яго і прададуць...

Настаражыўшыся, Вінцусь Шавель слухаў Хаіма Крокеса.

- Ну?

- І я думаю, што будзе, слухай, лепей, калі ты згодзішся са мною: ідзі да мяне мельнікам, а гэтыя астаткі няхай будуць на падмацунак майго мліна... Вось і таварыш Платовіч схіляецца да гэтага... Ён, слухай, і радзіў мне пагутарыць з табою...

Настрой, які абуяў Вінцуся Шавеля пасля пачутага, не казаў у карысць нэпмана. Гэта зразу млінар падмеціў і папярэдзіў Вінцуся Шавеля:

- Як хочаш, слухай...

Вінцусь Шавель нічога не адказаў, завярнуўся і пайшоў ад Хаіма Крокеса. Нават забыўся прыставіць упаўшыя вароты і азірнуцца на млін. Яго абуяла крыўда - не на Хаіма Крокеса, а на таварышаў, з якімі ён гутарыў аб мліне і якія не хацелі і не хочуць яго зразумець. Гутарка з млінаром ясней яснага засведчыла яму правовасць яго думак і карыснасць яго плана. Не было б гэтага - не клапаціўся б так гэты нэпман. Да чаго яму было ездзіць у вокруг і лазіць там па ўстановах?.. Але дзіва з таварышам Платовічам - няўжо той так-такі і сказаў яму - падгавары Шавеля перайсці за мельніка ў яго млін... Не павінна таго быць... Ён гэта праверыць, выведае, не зараз, дык спусціўшы дзён колькі... Ён паедзе ў акругу, і там...

Вінцусь Шавель падыходзіў да сельсавета і ўспомніў абяцанку таварыша Платовіча быць у іх. Згодна тэрміну, ён павінен днямі наведаць у мястэчка. Але Вінцуся Шавеля брала сумненне, ці выйдзе што-кольвечы з яго новых гутарак з Платовічам. Добра было б выведаць аб адным, - ці сапраўды што-кольвечы казаў ён Хаіму Крокесу, ці той хлусіць. Не выйшла б таемнага памаўлення між імі. Як адказнаму таварышу, Вінцусь Шавель давяраў Платовічу, ну баяўся, каб хітры пралаза млінар не падлез да яго з гэткага боку, на які Платовіч не звяртаў увагі.

Не мяшала б пагутарыць з прадсядацелем сельсавета аб яго размовах з Хаімам Крокесам.

З гэтым намерам Вінцусь Шавель падышоў да ўвахода ў сельсавет, як яго раптам аклікнулі. Ён азірнуўся і ўгледзеў перад сабою сакратара акругвыканкома Банэдыся Віхляя.

- Я ад цябе, панімаеш ты... Дзе ты блытаешся?..

- Вы былі ў мяне ўдому?..

- Дык экстранае дзела, панімаеш ты...

Вінцусь Шавель настаражыўся.

- У нас адбылася пастанова, панімаеш ты...

Яны ўвайшлі ў сельсавет і занялі месца каля пустога стала сакратара.

- Якая? - паддаючыся прыемным адчуванням, запытаў Вінцусь Шавель.

- Аб тваёй справе, панімаеш ты... Учора днём. І, панімаеш ты, ваш нэпман пасобіў... Зайшоў да Платовіча і просіць у арэнду млін... Даказвае, што адбудоўваць самім выгады няма, што лепей здаць у арэнду, што... Тады, панімаеш ты, Платовіч гэта пытанне на павестку пасяджэння і... пастанаўляюць: «Млін адбудаваць... На першы пачын вызначыць трыста рублёў... Ускласці працу, панімаеш ты, на Вінцуся Шавеля, выклікаўшы яго для надання дырэктыў...»

Віхляй уголас пераказваў Вінцусю Шавелю нечаканае яму рашэнне акругвыканкома. А той пазіраў на сакратара з лёгкім недаверам і не ведаў, як яно так раптам усё перакруцілася...

- Вы знарок прыехалі па мяне? - запытаў Вінцусь Шавель.

- Амаль што так, панімаеш ты... Тут, вядома, і іншыя справы ёсць, але галоўным чынам прыехаў наконт мліна... панімаеш ты...

Прадсядацель сельсавета паціху ўсміхаўся...

- Пахне блінцамі, кажаш? - жартаваў.

- Папахвае, панімаеш ты...

Але Вінцусь Шавель не слухаў гэтага: яго думкі ўжо круціліся ў акрузе, а руплівасць штурхала хутчэй спяшыць дамоў і збірацца на цягнік.

- Вы едзеце сённека? - пытаў ён Банэдыся Віхляя.

- Сёння, патрэбна сёння, панімаеш ты... - спакойліва адказаў той.

- Дык едам разам?

- Разам?.. Можна разам...

 

VI

 

Яны спаткаліся на станцыі перад адыходам цягніка. Вінцусь Шавель не адставаў ад сакратара, і абое палезлі ў адзін вагон. Уселіся побач, пры акне, і Віхляй не паспеў адумацца, як Вінцусь Шавель разняў гутарку. Яму не цярпелася, каб не выказаць сваіх думак сакратару, тым болей што зараз ён быў пераконаны ў іх непарушнасць, падмацованую, нарэшце, пастановаю акругвыканкома. Выказам сваіх думак Вінцусь Шавель хацеў падкрэсліць начальству адну ісціну - гэта мець увагу да кожнага, хто не бракуе малою справаю, дробным інтарэсам, абы яны накірованы былі для грамадскае карысці.

- Паглядзіце вось, - крануў ён сакратара, - прыватны млін працуе, а грамадскі - маўчыць. Ласне гэта прыемная рэч? Не лепш было б, каб круціліся абодва, а імі кіраваў сельсавет? Дык не ўгаварыць нікога, не ўверыць... Кожны пацвельваецца... Думаеце, мне гэта трэба?.. Во, бачыце...

Цягнік рушыў і выехаў з будынкаў станцыі. Як на далоні ляжалі Махаўцы перад іх узрокамі. Дыміла труба Крокесавага мліна.

- Вунь, вунь, бачыце, - паказваў Вінцусь Шавель, - мелецца ў два кашы; уласніку і млінару. Кожны пуд збожжа дае нэпману шэсць-сем фунтаў... Ці ж гэта лад? А ўжо б даўно большасць сялян ад яго адышла... Дык упіраюцца як адзін - усе...

- А ты да каго звяртаўся?

- Не пералічыць... Ад прадсядацеля сельсавета да прадсядацеля акругвыканкома.

- І ніхто нічога?

- Блінцоў захацеў - вось іх адказ... Гэта дзела?.. Вось бачыце, чуць не выпаўзла з рук... Балела сэрца - не выказаць... Я ўжо думаў, грэшным дзелам, пачаць з іншага боку... А цяпер, нарэшце, дайшлі... дзякуючы Хаіму...

Шчырасць і заўзятасць, што несла імі з гутаркі Вінцуся Шавеля, захапілі Банэдыся Віхляя. Той занядбаў усё і слухаў захопленага справаю таварыша. Ужо ён ні каліва не сумляваўся, што Вінцусь Шавель выяўляе сабою асаблівы тып чалавека, досыць сур'ёзнага і талкавітага. Маленькая справа, за якую ён учапіўся рукамі і нагамі і аб якой хадзілі жарты ды пагаворкі, выглядала ў яго ваччу справаю неадкладнаю, значнаю справаю. Чаму ж сапраўды не паслухаць было Вінцуся Шавеля зразу?

Банэдысю Віхляю ён прадстаўляўся разумным, дападкім гаспадаром. Мець у вёсцы гэткага працаўніка было, па яго думках, знаходкаю. За гэтым сакратар даў сабе абяцанку пасобіць Вінцусю Шавелю, наколькі будзе мажлівым з яго боку.

- Я рад, панімаеш ты, што адбылася гэткая пастанова... Будаўніцтва не павінна абмяжоўвацца адным местам... Яно, панімаеш ты, мусіць класці найшырэйшыя падваліны...

- Так-так, таварыш Віхляй, - перабіў сакратара Вінцусь Шавель, вельмі палішчаны начальнічым сказам.

- Ото ж і тое... Людзі думаюць, што каштоўнасць складаецца з вялікіх парыванняў... з грандыёзных планаў ды намераў, а звычайная, дробная праца - гэта нічога... А мне думаецца, што зусім не так... Каб думаць аб большым, трэба мець меншае... Няпраўда мо? Або ўсім і дадзена здольнасць на вялікія справы? Па-мойму, тады б было зусім бесцікаўна, бо не было б меры, не было б розніцы... Мільёны асуджаны на малое, на непрыкметнае - ці ж у іх адбіраць іх здольнасць, або гэту здольнасць зневажаць?.. З дробнага складаецца буйное...

- Ты праўду кажаш, панімаеш ты...

Вінцусь Шавель яшчэ болей навастрыўся да выкладання сваіх думак, гледзячы Банэдысю Віхляю ў вочы.

- Бачыце, таварыш... Млін - драбніца; ёсць адзін - і хопіць... Здавалася б, і так, а, падумаўшы, зусім іначай. А чаму ж бы перабіць у мяне ахвоту наладзіць другі млін? Па-першае, - гэта будзе млін дзяржаўны, свой, а па-другое, - ён танней будзе малоць... Па-трэцяе, - яшчэ пакажа людзям на шырызну ў размаху творчасці Савецкае ўлады... Дух яе праняў усе мясцінкі паветра, а чыннасць павінна захапіць усе куточкі зямлі... Няпраўда мо?.. Вось глядзеце. - Ён паказаў у акно вагона. - Людзі перакладаюць шпалы... Гамузам. Камандуе імі тэхнік... А я не скажу, каб праца таго чалавека, які перасоўвае шпалу, была нічога не вартаю параўнальна з працаю тэхніка...

- Ты праўду кажаш... панімаеш ты...

- А вы не схлусілі мне, што ў акругвыканкоме ёсць пастанова аб мліне? Мне здаецца, што гэта...

- Кінь, таварыш Шавель... Мы пад'язджаем ужо да горада... Я не прывык насміхацца...

- Я не думаю гэтага, таварыш сакратар, але мяне так разуверылі, так адахвоцілі ад спадзей, што я...

Яго перабіў знаёмы голас, падаўшы прывітанне. І Вінцусь Шавель і Банэдысь Віхляй азірнуліся і ўбачылі перад сабою маладога чырвонага камандзіра - то быў Пракоп Асіна.

- Хто ён? - запытаў сакратар на вуха ў Вінцуся.

- Мой знаёмы, - адказаў Шавель і абярнуўся да Пракопа: - Ты з пабыўкі?

- Не, яшчэ, у акруговы камісарыят выклікалі нечага... Еду за гэтым... - І, крыху памаўчаўшы, ён дадаў: - А ты ўсё за блінцамі ганяешся? - і ўголас засмяяўся.

Што мог адказаць Вінцусь Шавель пры цяперашнім сваім настроі? Ён перш хацеў адгаварыцца простым жартам, а пасля хваціўся, што гэтага рабіць не варта, і з сур'ёзнасцю чалавека, які не мыляецца ў сваіх думках, цвёрда адказаў:

- Так, хутка пазаву на блінцы.

- Значыць, справа на калёсах?

- Кру-ціц-ц-а...

- Маладзец, аднак, дастукаўся...

- Пасля будзе ведама...

Банэдысь маўчаў, гледзячы ў вочы камандзіру, які хітра ўсміхаўся. Напэўна, падобны смяшок прабягаў не адным тварам! І яму было зразумела, чаму Вінцусь Шавель з недаверам едзе ў акругу. Гэта тым болей падахвочвала Віхляя хутчэй апынуцца разам з Шавелем перад Платовічам і атрымаць з яго рук пастанову аб мліне і дырэктывы наконт яго адбудовы. Калі хвілін з дзесяць назад ён думаў не пайсці на службу, то зараз рашыў з'явіцца ў акругвыканком абавязкова. Ён быў ахоплены шчырым жаданнем пасобіць Вінцусю Шавелю, калі стрэнуцца якія-кольвечы цяжкасці.

Пакепная гутарка камандзіра зусім не спадабалася сакратару, і калі той адышоў ад іх, ён так выказаўся аб ёй Вінцусю Шавелю:

- Што гэта за разумнік такі?

- Мой таварыш, разам служылі, - адказаў Вінцусь Шавель.

- Смяецца з цябе?

- Каб толькі ён адзін! Усе, як ён... Іх дзівіць мая заўзятасць у гэткай, па-іхняму, дробнай справе...

- Цяпер мне зразумела, панімаеш ты...

Кандуктар, патрабуючы білеты, перабіў іх гутарку. У вагоне зашавяліліся, зарухалі. Набліжалася станцыя - акружны горад.

- Вы зойдзеце ў акругвыканком? - запытаў Вінцусь Шавель Банэдыся Віхляя.

- Абавязкова! Пойдам разам...

Абое глядзелі ў акно, за якім слаўся нелапы гарадок з некалькімі высокімі комінамі.

 

VII

 

У акругвыканкоме Банэдысь Віхляй правёў Вінцуся Шавеля да дзвярэй кабінета намесніка старшыні і сказаў:

- Стукай. Трэба буду я - заві...

Вінцусь Шавель пастукаў і пачуў дазвол увайсці. Платовіч кінуў на яго поглядам і тут жа сцяміў, у чым справа.

- Сядай, таварыш. Я скончу гутарку з загадчыкам культаддзела, а пасля пагутарым з табою.

- Можа, я перашкаджаю?

- Нічога.

Гутарка Платовіча з чалавекам, якога Вінцусь Шавель у яго застаў, цягнулася нядоўга. Платовіч падганяў яго і, каб не зацягнуць часу, папрасіў некалькі пытанняў развязаць другім разам. Гэта намякнула Вінцусю Шавелю на добры гумар у Платовіча, і ён пачуў сябе яшчэ больш увераным у дадатны канец...

Калі ад Платовіча выйшаў наведывач і яны засталіся ўдваіх, адзін на адзін, Вінцусь Шавель першым узняў гутарку:

- Вы мяне выклікалі ў акругу, таварыш?

Той ласкава ўхмыльнуўся і адказаў:

- Табе таварыш Віхляй перадаў аб нашым рашэнні?

- Я вельмі ўзрадаваўся, таварыш Платовіч...

- Так... як бачыш, мы паслухалі цябе, а зараз чакаем добрых скуткаў. Блінцы павінны быць смачнымі для ўсіх...

Як ні сур'ёзны быў Вінцусь Шавель, аднак не стрымаўся і зарагатаў.

- Пастараюся аздобіць, хоць рошчына падыходзіла занадта доўга...

- Затое падышла як належыць...

Вінцусь Шавель прысеў напроціў Платовіча і неадхільна на яго глядзеў.

- Пастанавілі, брат, даць ходу мліну і прадпісалі сельсавету, каб вылучыў цябе гэту справу ўладваць... Адпускаем на першую рату трыста рублёў.

- Малавата, таварыш Платовіч...

- Лепш, як нічога... Фінансы ўгінаюцца... Бюджэт не дазваляе болей... Затое даём дапамогу вось чым: давыбарам тых рэчаў, якіх не хопіць, у Долінскім мліне, а таксама адпускаем пяць хвой...

- Але, таварыш Платовіч, я маю на воку не толькі млін, а і лесапілку, і...

- Чакай, чакай, чакай! - замахаў рукою Платовіч. - Спраўся наперад з адным, а пасля пяройдзем да другога... А то бывае, што ў муку насыплецца пілавін і... першы блін выйдзе камяком...

Ён засмяяўся.

- Так, - паправіўся Платовіч, - гэта між іншым... А цябе трэба прывітаць: чаго дамагаўся - таго і дамогся...

- Вы думаеце - для сябе, таварыш Платовіч? Дарэмна, - для справы... Паверце, для справы... Для сябе - адно: уцеха, што хоць малое, нязначнае, а сумеў зрабіць... Бо нельга ж толькі гутарыць ды планаваць, а павінна рабіць. Савецкая ўлада, па-моему, - гэта жывая творчасць, несціханая чыннасць... Ад малога да вялікага і ад вялікага да малога яна ўсё-ўсенькае павінна перабудаваць, падстроіць... І дух будаўніцтва мусіць прасякнуць усё насельніцтва нашае рэспублікі, бо нічога няма харошага, калі яно нерухомае, нежывое...

- Бадай што, ты праўду кажаш... Ну, рухай жа далей... Прыеду на блінцы - пачастуеш?..

- Абавязкова.

Вінцусь Шавель падняўся і працягнуў руку Платовічу. Той прыўстаў і развітаўся.

- Паведамляй, як ісціме праца.

- Не забывайце аб чарговых ратах, таварыш Платовіч... - дабрадушна напомніў Вінцусь Шавель і накіраваў да дзвярэй. Але раптам адвярнуўся і праказаў да Платовіча: - Выбачайце... Папрашу ў вас запіскі на грошы і распараджэння на выдачу мандату...

Платовіч, уважлівы да Вінцуся Шавеля, тут жа прысеў і выпаўніў яго просьбу.

- Звярніся да таварыша Віхляя, той табе зробіць... Бывай...

Вінцусь Шавель нізенька схіліўся і выйшаў з кабінета. За дзвярыма яго пільнаваў сакратар, Банэдысь Віхляй.

- Дагаварыўся, а? - запытаў ён Вінцуся Шавеля.

- Амаль што поўнасцю... Цяпер вось да вас...

Ён падаў сакратару дзве маленькія паперачкі, кожная з трыма радкамі, Платовічавы рэзалюцыі, і папрасіў:

- Дапамажэце... калі ласка.

Банэдысь Віхляй забраў ад Вінцуся Шавеля абедзве запіскі і хутка выбег з пакоя. Вінцусь Шавель астаўся адзін, бадзёры і ўвераны ў сябе і ў сваю справу, якая так трудна давалася і якая, дзякуючы гэтай труднасці, захапляла ўсю яго істоту.

«Ад малога дойдзем да вялікага. Нельга пабудаваць вялікага, дзе не пабудована малога», - мільганула перад ім ісціна, у якую ён верыў, як у цудоўную сілу.

 

VIII

 

Платовіча абудзіў гудок паравоза. Ён паглядзеў у акно вагона: цягнік набліжаўся к мястэчку Махаўцы. Невялікі гаёк, шырокае гала выгана вакола яго павеялі знаёмым і блізкім. Платовіч хутка саскочыў з верхняе лаўкі, працёр хустачкаю вочы, прыадзеў жакетку і нарыхтаваўся к выйсцю. Цягнік усцішаў хаду, уваходзячы ў будынкі станцыі. На пероне стаяла шмат людзей. Усе яны выйшлі на станцыю з мэтаю напаткаць знаёмага, не думаючы, ці мог гэтакі сюдою і сёння ехаць, ці не. Некаторыя зняцерпу зазіралі ў вокны вагона.

Калі пасажыры сталі выходзіць, на іх глядзелі дзесяткі вачэй. Здараліся зусім нечаканыя, выпадковыя стрэчы. Платовіч міжвольна заглядзеўся на сцэну спаткання маладое, дужа мілавіднае дзяўчыны са сваім бацькам - чыноўнікам у форме. Дзякуючы гэтаму ён зусім не заўважыў, як да яго падбег хтосьці з публікі і тузнуў за рукаў, аклікнуўшы:

- Таварыш Платовіч!

Платовіч азірнуўся якраз пры ўваходзе ў дзверы станцыі і сустрэў знаёмы твар. Але на яго націснулі заднія пасажыры і памяшалі яму ўспомніць, хто гэта за чалавек яго чапіў. Ён не думаў, каб у Махаўцах не было знаёмых яму людзей, але хто з іх затрымаўся да гэтага часу, Платовічу не прыходзіла ў голаў. Загэтым вокліч яго зацікавіў: ён прайшоў на станцыю і спыніўся чакаць, ці не пазаве яго аклікаўшы яшчэ раз. Так і было: праз хвілін пяць да Платовіча падбег Вінцусь Шавель і праказаў:

- Вы мяне не помніце?

- Цябе? - і Платовіч паглядзеў на Вінцуся Шавеля. - Трохі помню... Здаецца... разам млін будавалі?

- Так, вы пасобілі мне, таварыш Платовіч... Каб не ваша пастанова год таму назад, дык і зараз млін стаяў бы без руху і раскрадаўся б людзьмі... А вы... вы пусцілі млін, і цяпер...

Яны адышлі да дзвярэй.

- Значыць, блінцы пякуцца? - пажартаваў Платовіч...

- А вы бачыце вунь, як комін курыць? А чуеце, як тарашчыць лесапілка, ажно па ўсіх Махаўцах рэха ідзе? Заўважылі?

Вінцусь Шавель казаў гэта, а ўся істота яго дрыжэла натхненнем і асалодаю.

- Чую... Здалёк угледзеў комін і падумаў, ці не Шавелеў гэта млін разышоўся... Ажно і так...

- Так, так... Уласна кажучы - то і не Шавелеў, але я... я ўлажыў у яго шмат старанняў, шмат клопату.

Платовіч рупесліва паглядаў на выйсце, Вінцусь Шавель трымаў яго за руку і супакойваў:

- Паспееце... я вас правяду, таварыш Платовіч... Я хачу вам падкрэсліць адно: можа, гэта справа і малая, але яна неабходная... Яна абавязковая справа... Паглядзеце - год мінуў, а мястэчка не пазнаць. Было ціхім, а зараз гудзе-э... Чуеце?.. Я, пахваліцца, з мліна вырасціў цэлы камбінат... Троха энергіі, а троха шанцу, і глядзеце - фабрыка. Працуе дванаццаць чалавек... Крокеса пабіў, і той на ладан сапе... Мялю і лепш, і танней... Пілую - да дваццаці хвой у дзень... Вальцую сукно, крупы раблю...

- Здо-орава!.. - пахваліў Платовіч.

- Для вас, таварыш Платовіч, можа, і мала, а для нас, - бадай што, і здорава... Вось, - ён паказаў на траіх сялян, - сукно майго вырабу... У торбе - хлеб майго памолу...

Вінцусь Шавель на хвіліну занатаваўся. Пасля з яшчэ большаю ласкавасцю ў голасе загутарыў да Платовіча:

- А я вас прашу, таварыш Платовіч, зайдзеце ў млін; я вам пакажу нашы дасягненні. Вы надоўга да нас?

- Дзён на два.

- Скажэце, бок, адкуль хаця?.. Я і забыў, цьфу... зарапартаваўся з мліном... І па якой справе?

Платовіч далей не ўтрымаўся на месцы і рушыў к выйсцю...

- Я з цэнтра... Па справе, якая не падлягае аглашэнню... - выказаў ён на хаду.

Гэта Вінцуся Шавеля, відаць, не задзівіла, бо ён тут жа зноў перайшоў да свае справы:

- Пахвалюся, таварыш Платовіч, - мне за маю працу райвыканком вынес падзяку. Во, маю пры сабе...

Яго рука лягла на левую грудзіну...

- Віншую, - праказаў Платовіч...

- А цяпер... пастаўлена ў райкоме пытанне, каб мяне перакінуць на загадванне Вапнянскімі майстэрнямі... Прызнацца, таварыш Платовіч, гэта не для мяне... Я люблю сваю справу і, мне здаецца, павінен астацца пры ёй... Як ваша думка, таварыш Платовіч?

- У райкоме відней...

- А я папрашу вас, закіньце слова... Вы ж мяне ведаеце... разам будавалі млін, разам...

Яны выходзілі са станцыі.

Угледзеўшы гэта, да ганка станцыі хутка прымчаўся рамізнік.

- Я давязу, калі ласка... Куды трэба?..

- Да доктара Бянёвіча, - адказаў Платовіч і палез на воз. - Можа, падвязу цябе? - запытаў ён Вінцуся Шавеля.

- Не, дзякуй, гэта не па дарозе... Не забудзьце, таварыш Платовіч, райком і млін... Хоць на хвілін дзесяць заскочце ў млін... Добра?..

- Зазірну... Хоць мала маю часу, а зазірну... Гатуй блінцы...

Платовіч махнуў рамізніку, і той паехаў. Вінцусю Шавелю ён зняў шапку і паківаў галавою... Нешта праказаў, але раптам загудзеўшы ў мліне сігнал заглушыў Платовічавы словы...

Вінцусь Шавель з пяшчотнаю ўхмылкаю на твары накіраваў да мліна.

 

1926


01.12.1926

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая