epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Завяўшая краса

Гануля часта садзілася ля акна і мерала вачыма прастор палёў, высокую гару і хваёвы бор на ёй...

Вось і сягоння, у суботу перад Прачыстаю, Гануля, прыбраўшы ў хаце, заняла сваё старое месца. Прысунуўшы чысценькі зэдлік, яна села на ім і пачала ўглядацца ў акно.

На дварэ імшыў дробны восенны дожджык. Змяркалася. Шэры, маркотны від пустога поля, цудосны воблік бору, мокрыя, гнілыя калы ў плоце навявалі цяжкія думкі на Ганулю і сціскалі грудзі.

«Вось і восень, - думала яна. - І гэтак скора! А яшчэ нядаўна, быццам учора, я праз гэтае самае акно цешылася зеленню і краскамі, гоманам птушак. А тут ізноў восень!.. Птушкі паляцелі ў вырай, дрэўцы жаўцеюць, неба ў хмарах...

Час плыве, як вада, як вецер! Мінаецца адно, наганяе другое... Так і ў прыродзе, так і ў людскім жыцці...

Вось і я... Эх! Яшчэ нядаўна маладая, рэзвая - сарві ды падай... А цяпер? Даўно ўжо за дваццаць пяць гадкоў пераваліла, а я незамужняя! Краса завяла, надзея шчасця мінулася. І ўсё непрыкметна, цішком...

Я заміраю, як гэта прырода. Завяла краса моладасці, мінулася мая вясна, а цяпер ідзе мая доўгая, хмарная восень...

Шкада вясны, лета, шкада мінуўшага шчасця... Вясна і лета далі зямлі ўсё, што павінны былі. А я? Любіла? Бачыла сонца? Так, бачыла, як тая восенная краска, што зацвітае апоўдні, а ўночы зварывае яе прымаразак... Вясна са сваёй красой вернецца ізноў на зямлю, а дзе мая вясна?!»

Гануля заплакала і апусціла нізенька галоўку на рукі. А вецер свістаў, па пустым полі пахаджваючы, плакала восень, і дробныя слёзы яе цяклі сцюдзёнай расой па вокнах, сценах і плылі па зямлі, чорнай, пустой, заміраючай.

 

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая