epub
 
падключыць
слоўнікі

Данута Бічэль-Загнетава

Ефрасіння Полацкая

1. Малітва
2. Самаадрачэнне
3. Правілы паводзін
4. Жанчына з мячом
5. Спас
6. Крыж
7. Натхняльніца


1. Малітва

 

Узышла высока асветы эпоха.

Колькі ж нарадзілася дужых дзяўчат,

каб у дванаццаць звярнуцца да Бога

і павандраваць да яго ў пяцьдзесят.

 

Шэнціла ж нам на акрутных чужынцаў!

Знішчаных імі, знявераных шмат.

Укленчыла дзяўчынка за свет памаліцца.

Смагу наталіў шчырых слоў вадаспад.

 

На летапісанне ёй часу ставала.

Камяні і коп'і свісталі, гулі.

Храм прысніла ў сне, а ў Сяльцы збудавала

за трыццаць тыдняў да скону зямлі.

 

Нібы дзіўны сон, той помнік нябескі,

светлы, як зямлі нашай спёка і стынь.

Дыхаюць гарачымі вуснамі фрэскі.

З горыччу ўглядаюцца вочы з вышынь.

 

На ахвярны шлях несмяротных пісьменніц

ад цялеснай прагі да горасных шат

як мага выводзіць сясцёр і пляменніц.

Да нябеснай сутнасці ўзносіць дзяўчат.

 

Паўз алей стагоддзяў яснеюць адкрыцці —

у тутэйшых золкаў лазурак густы.

Журацца на сценах пісьмёны графіці,

пішуць нам падлеткі з нябыту лісты.

 

Пачуццё ў заціснутых вуснах дзявочых.

Вусны пацалункам кранаў толькі крыж.

Як усё ты зведаў, о люд наш прарочы!

I натхнёна, горда, спрадвечна маўчыш!

 

2. Самаадрачэнне

 

О прыгажосць!

Губіць кволае сэрца раскоша.

Ты на вачах, бы асенняе дрэўца, гарыш.

Плоцкія страсці духоўным мячом адсякоша,

цела — у пост, у вярыгі,

на кленчы, на крыж.

 

Доўга ты будзеш у сэрцы жарлівым княгіняй?

Гіне былое, што дым, потым ласкі прасі.

Слава, як порах, ды горай за павуцінне.

Дужых імёны, як зоры на небясі.

 

Яснасць аблічча схавала ў восеньскі прыцем.

Чорнаю шатай закрылася — не для пяшчот.

Воку — не бачыць.

Вуху — не слухаць.

Сэрца не скрыўдзіць...

Думкі збіраць, нібы пчолы руплівыя мёд.

 

У галубніцы пры вузкім акенку на лаве

свечкі спалох, амаль не патрэбен парог.

Кнігапісальніцы полацкай славы Прадславе

скінулі родныя гускі з надхмар'я пяро.

 

З нівы бяссоння высокія думкі збірае.

Твар не пабляк ад малітваў і дум уначы.

Як маладзік, узыходзіць над Полацкім краем.

Доляй пільгрымкі натхняе смяротных жанчын.

 

Так, прыгажосць без кахання намарна не гіне —

роднай прыродзе аддасць віднаты белізну.

Стане ў тутэйшых стагоддзяў духоўнай княгіняй.

Пераўвасобіцца у Полацк, у сад, у вясну.

 

3. Правілы паводзін

 

Веры наіўнасць на досвітку веры!

З часам туман яе ў душах замгліў.

Насцеж да кніг адчыпяюцца дзверы —

стала настаўніцай роднай зямлі.

 

Ўсіх пасадзіла за школьную лаву.

Мала малечам вясёлай гульні.

Летапіс пішуць пра Полацка славу.

Не захаваўся. Знік у агні.

 

Шчырая маці да дзетак выходзіць.

Дух уздымае ў братоў і сясцёр.

Створаны правілы школьных паводзін,

час за стагоддзі іх праўды не сцёр.

 

Ад узнікнення духоўных пачаткаў,

каб задыхнуліся мы ў цемнаце,

вораг душу вынішчае ў нашчадкаў,

мову і памяць адняў у дзяцей.

 

Мусім трываць, заламаўшы асінку,

покуль не знікнем, дзе боль не кране.

Каб пакараць мяне, б'юць цябе, сынку,

б'юць цябе, сынку, каб знішчыць мяне.

 

4. Жанчына з мячом

 

Не пакараецца Полацак князю Мсціславу,

войска не шле на вайну і не плоціць аброк.

Садзіць ён княжацкі род на падсудную лаву

і высылае ў Царград, каб ніхто стуль не ўцёк.

 

Дома княгіні, князёўны ў святліцах не чахлі —

дзейсныя, мудрыя, цвёрдыя, што камяні.

Вось адкуль з'явіцца сімвал

на фрэсцы, на кафлі —

вобраз жанчыны з мячом вярхом па кані.

 

Колькі прабудуць мужчыны з сынамі па поўдні?

Суджана ім яшчэ ўбачыць прасцяг дабрыні,

каб памутнелы заход распагодзілі пожні?

Краю ахова — жанчына з мячом на кані.

 

Сціплых паводзін, высокіх святыняў ахова.

Пушчы занесці пяском не аддасць скавышу.

Матрыярхат, адухоўлены справай і словам,

край свой хацяша імеці, яка адзіну душу.

 

Раду прыняць Ефрасініну сэрцу на радасць.

Бачыць не хоча яна між сабой на нажах

ні з князем іншага князя, ні з братам брата,

ані слугу са слугой — усе, як душа.

 

Будуць бары скідваць шоламы, панцыры з медзі.

Засмуж нябёс адамкнецца птушыным ключом.

Будзе вяртацца дружына з палонным мядзведзем.

У небяспецы Радзіма — жанчына з мячом.

 

5. Спас

 

Паспалітаму люду, як Богу, аддавала натхненне.

Непарушну храміну ўзвяла на разумным каменні.

Ад паветра, агменю, ад голаду і ад вайны

зачараваную даўняй малітвай, бы чар даўніны.

 

Спас, узвышаны майстрам з камення і плінфы,

пабялеў за стагоддзі, быццам скроні ад гора,

пабялеў ад зімы ў нашых сэрцах да забытага ўчора,

не згубіліся ў памяці фрэсак падапні і прымхі.

 

I каменне ўміруча. Скамянелы, у камені выжыў.

Цуд з зямелькі, што корміць нас хлебам,

прывітаць яе выйшаў.

Скамянелыя знікнем, на ахвярным агні сябе спалім,

Ды не знікне Радзіма і талент.

 

Не спраўляйма жалобы па песні, жывым чалавеку,

дзе маліліся продкі,

дзе гучыць наша мова спрадвеку,

дзе ў паданнях і працай аспрэчваюць, нішчаць, прымусы.

Незалежна, высока, прыгожа растуць беларусы.

 

6. Крыж

 

Над Беларуссю

крыж Лазара Богшы узняты.

Вочы красою пячэ, быццам не ўкраў яго кат.

Восем слязін-камянёў —

нацыянальныя страты,

жомчуг — застылыя слёзы дзяцей і дзяўчат.

 

Дзве папярочыны — шэсць накірункаў магчымых,

дзе спаконвечна засаду ладзіў чужак.

I дванаццаць абліччаў з пазнаўшымі праўду вачыма.

Укрыжаваны прарокі тут на крыжах!

 

Думкі ўзнікалі, бы промні, на прыспаным дасвецці.

Адчуванне шэдэўра на пальцах майстравых рук.

Разабрацца ў драбніцах дакладна

дапамагаў яму вецер —

адзіны світальны дарадца, таемных мараў сябрук.

 

Малады быў, любіў ён Прадславу,

ды не так, як кахаюць мужчыны:

і здалёк зірнуўшы на сонца, аслепнеш,

        а зблізку згарыш.

 

Натхнёны яе яснотай, стварыў,

        што стварыць немагчыма —

як прызнанне ў любові, знак вечнай любові —

                крыж.

 

Укрыжаваў ён сябе па векі вякоў без падзеі.

I адхланне знайшоў у зямлі.

I безліч мінула падзей.

Крыж грабежнікі ўкралі і збылі,

        як збываюць зладзеі.

А вучоныя пішуць і пішуць пра крыж,

        як пра будучы дзень.

 

Беларускі народ у вяках абакралі.

Ён выжыў.

I душу, і святочную песню, і мову збярог.

Напрастольны крыж Ефрасінні збярог.

I не маем мы крыжа.

Толькі памяць пра цені крыжоў

ля крыжовых дарог.

 

7. Натхняльніца

 

Тут, дзе варожыя стрэлы падлеткаў касілі,

здужала ўскласці цярновы вянок Ефрасінні —

подзвіг манашкі егіпецкай з пятага веку

з дальняга краю дзяўчынка прымае на веру.

 

Справай занята, нідзе не бывала далёка.

Сілы мужчынскай зачэрпнула вузкай далонькай.

На жураўлінага выраю восеньскі гоман

павандравала, ад людства маючы гонар.

 

Сілай духоўнай узвысіла Полацк высока.

Тым, хто імкнуўся да кнігі, свяціла, як зорка.

Мове, адзінай дзяржаве шчэ толькі злучацца.

Свет нас прымаў як народ па адной палачанцы.

 

Болей заззяла ў краі балотным ясноты,

а перад бляскам красы знікла зацятае зло.

...Наканаваны дзявочы абсяг адзіноты

тым, каго вартых мужчын у свой час не ўзрасло.

 

Сталыя, моладзь, да слова пара падключацца

з поўнай напругай, даволі ўзаемных абраз.

Зверым душу па натхняльніцы, па палачанцы!

Дух уздымае ў нашчадкаў жаночы абраз.


1986-1989?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бічэль-Загнетава, Д.I. А на Палессі : Вершы і балады / Данута Бічэль-Загнетава. - Мн. : Маст. літ., 1990.- с. 84-90