epub
 
падключыць
слоўнікі

Данута Бічэль-Загнетава

На пляцы пятлі

Адна ў заснежаным да зніку краю,

забытая, няма ў мяне нікога.

Ёсць ты, Кастусь, і я цябе кахаю —

у сэрцы — несмяротнага, як Бога.

 

Няпраўду кажуць, што цябе павесілі...

А дзе ж тады грудочак надмагільны?

Не сцерагуць засценкі, месты, весі.

Твой мужны дзень пятлі спаткаю ў Вільні.

 

Збярэцца гурт адчайны, гаманкі,

як быццам бы з табой —

         інтэлігенты —

пакуль не сваякі, не інсургенты,

збіральнікі надзеі, дзецюкі.

 

У дзецюкоў, сыноў сваіх паверу,

у тых, якія вырастуць яшчэ,

шчэ не вайстрылі прадзедаў сякеры,

ды працінаюць гастрыём вачэй.

 

Абуджаных і са шляхоў не збітых

злучыць высокай доляй паспрабуй,

         Кастусь,

прачніся зноў, паўстань з нябыту,

вядзі нас на ахвярную сяўбу.

 

Мужыцкай праўдаю загавары

да Беларусі ўсёй з высокіх моўніц!

У Жаннаў д'Арк змяні сучасных модніц.

Свабоды крылы простаюць вятры.

 

Мы не адродкаў племя, мы — народ!

Узнімемся ў нябёсы гордым клінам!

Ускалыхнёмся сэрцам сакаліным.

Даволі наблукаліся ўразброд.

 

З нядолі ўзнімем замчышчы, палі.

Скіруем думкі да бунтарскай працы.

У Вільні, на пятлі паўстанцкай пляцы,

клянёмся вырвацца з тваёй пятлі.

 


1986-1989?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бічэль-Загнетава, Д.I. А на Палессі : Вершы і балады / Данута Бічэль-Загнетава. - Мн. : Маст. літ., 1990.- с. 39-40