epub
 
падключыць
слоўнікі

Данута Бічэль-Загнетава

Замест запавету

Мы адбіваемся адно ў адным.

Ён пачынае шлях і я канчаю.

I клуначак расстанняў за плячамі.

Жыццёвы страх развеяўся, як дым.

А Стаська шчэ не ведае аб ім.

 

Ён проста радасць давярае ножкам,

якія растапырвае знарок,

бо чаравік развязвае шнурок

і слізкі спод разгневаных дарог.

I зоркі ў пыл ссыпаюцца гарошкам.

 

Даверна сашчапілі дзве рукі,

нібы спрадвеку, пойдзем нацянькі

мы поруч, хоць у розныя бакі.

Ён — немаўлятка, ды гаваркі.

Я прыслухаюся, мой час такі.

 

Хачу яму пакінуць назаўжды

надзею, што мяне з жыццём злучае,—

ад любасці да ціхага адчаю

свет захаплення, прадоння чараў,

не даўшы ні пясчынкі глухаты.

 

Любі, Стасюк, спрадвечную раку!

Натоліць смагу рыбцы і катку

і рытмы выб'е — Нёман, бы скакун.

З абрысамі барока і мадэрну

мне горад наш быў дзецюком няверным.

Сіл не шкадуй яму, не жабраку.

 

Любі, Стасюк, людзей, і нават злых.

Малых, слабых. Яны не вінаваты,

што пакалечылі сябе аб страты,

не паважаюць сябе саміх.

 

Любі, Стасюк, свой край,

хоць край — не рай.

Уклад дзядоў ніхто не перайначыць!

Старайся людзям працаю аддзячыць.

Быў у цябе дзядуля — не гультай.

Працуй, удалых рук не пакладай.

 

I я свой шлях між працай завяршу:

грабельніца — на лузе стог вяршыла.

Краўчыха — з кужалю кашулі шыла.

Спалю дашчэнту і сваю душу.

 

Не бойся адзіноты анідзе.

Не адзінокі ты — з табою продкі:

дружына Каліноўскага і Цёткі,

князь Усяслаў, празваны Чарадзей.

Пра іх штодзённа помні, не на ўгодкі.

 

За рукі ўзяўшыся,

ты ўверх, я ўніз — хадзем.


1986-1989?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бічэль-Загнетава, Д.I. А на Палессі : Вершы і балады / Данута Бічэль-Загнетава. - Мн. : Маст. літ., 1990.- с. 36-37
Крыніца: Бічэль-Загнетава, Д.I. А на Палессі : Вершы і балады / Данута Бічэль-Загнетава. - Мн. : Маст. літ., 1990.- 158 с.