epub
 
падключыць
слоўнікі

Дэшыэл Хэмет

Справа Гейтвудаў

Харві Гейтвуд загадаў, каб мяне адразу ж правялі да яго, і ад парадных дзвярэй штаб-кватэры «Гейтвуд ламбер карпарэйшн» да прэзідэнцкага кабінета я дабраўся амаль за чвэрць гадзіны, раз-пораз сутыкаючыся з брамнікамі, рассыльнымі, сакратарамі.

Калі за лісліва сагнёным сакратаром зачыніліся дзверы, Гейтвуд, наваліўшыся на стол і гледзячы ў мой бок, прабрахаў:

- Учора ўвечары выкралі маю дачку. Нягоднікаў трэба знайсці чаго б гэта ні каштавала. Я нічога не пашкадую.

- Раскажыце пра ўсё па парадку, - папрасіў я.

Але Гейтвуд чакаў ад мяне не роспытаў, а неадкладнага пошуку злачынцаў, і я больш гадзіны выцягваў з яго тое, што думаў атрымаць за дзесяць хвілін.

Чырванаморды здаравіла - а важыў ён, як відаць, не менш чым дзвесце фунтаў, - Гейтвуд усім сваім магутным выглядам дэманстраваў сілу і ўладнасць.

Здабываючы мільёны, ён адвучыўся цырымоніцца з людзьмі, і няцяжка ўявіць, наколькі было прыемна мець з ім справу, калі да таго ён быў яшчэ і раз'юшаны.

Жалвакі на скулах пагрозліва варушыліся, вочы наліліся крывёю - дзіўны стан чалавечага духу, трэба сказаць. На нейкі час мне нават здалося, што Кантынентальнае дэтэктыўнае агенцтва не далічыцца аднаго кліента: я цвёрда вырашыў адкараскацца ад гэтай справы, калі ён і далей будзе адмахвацца ад маіх пытанняў.

Але ўрэшце мне ўдалося неяк высветліць усё, чаго я дамагаўся.

Напярэдадні яго дачка Одры выйшла з іх дома на Клен-стрыт каля сямі гадзін вечара, сказаўшы служанцы, што ідзе прайсціся. Дома яна не начавала, але Гейтвуд пра гэта даведаўся толькі сёння раніцай, калі ў кантору прыйшоў ліст.

У лісце было сказана, што дачка Гейтвуда ўкрадзена. За яе вызваленне выкрадальнікі патрабавалі пяцьдзесят тысяч даляраў, якія ён павінен быў мець пры сабе - у стодаляравых купюрах, - каб не марудзіць, калі яму паведамяць, якім чынам і каму перадаць грошы. Як доказ, што гэта не розыгрыш, у канверт была пакладзена пасма Одрыных валасоў, пярсцёнак, які яна звычайна не здымала з рукі, і яе кароткая запіска, у якой яна прасіла выканаць усё, што патрабуюць яе выкрадальнікі.

Прачытаўшы ліст, Гейтвуд адразу ж патэлефанаваў дадому: высветлілася, што Одры начаваць не прыходзіла і ніхто са служанак не бачыў яе з учарашняга вечара. Ён паведаміў пра гэта ў паліцыю, пераслаў ім ліст, а потым, падумаўшы, вырашыў звярнуцца яшчэ і ў прыватнае дэтэктыўнае агенцтва.

- А цяпер, - рыкнуў ён (да гэтага часу мне ўдалося нарэшце выцягнуць з яго ўсе патрэбныя мне звесткі і зрабіць для сябе выснову, што ні пра знаёмых дачкі, ні пра яе звычкі ён і ведаць нічога не ведае), - хопіць строіць дурня! Я вам плачу не за размовы!

- Што вы збіраецеся рабіць? - спытаўся я.

- Што? Пасадзіць гэтых сукіных сыноў за краты! Нават калі давядзецца патраціць на гэта ўсё да апошняга цэнта!

- Зразумела! Але спярша падрыхтуйце пяцьдзесят тысяч, каб аддаць выкрадальнікам, калі тыя іх патрабуюць.

Сціснуўшы зубы, ён злосна ўтаропіўся на мяне.

- Я ніколі ў жыцці не скакаў пад чужую дудку! І мне ўжо вучыцца гэтаму позна! - сказаў ён. - А вось яны ў мяне паскачуць!

- Баюся, што вашай дачцэ тады не паздаровіцца. І нават калі вам напляваць на яе, усё роўна заплаціць неабходна. Пяцьдзесят тысяч - гэта не банкроцтва, і заплаціўшы іх, вы нам толькі паможаце. Па-першае, у нас з'явіцца шанц схапіць тых, хто прыйдзе па грошы, або, ва ўсякім выпадку, устанавіць за імі назіранне. А па-другое, калі вам вернуць дачку, дык, якія б яны ні былі асцярожныя, мы ўсё-такі нешта карыснае ад яе даведаемся.

Ён з гневам страсянуў галавой, і ў мяне прапала ахвота размаўляць з ім. Я пайшоў, спадзеючыся, што ён яшчэ адумаецца і не забудзе маёй парады.

Асабняк Гейтвуда кішэў ад слуг і служанак: дварэцкіх, малодшых дварэцкіх, шафёраў, кухараў, пакаёвак, прачак, судамыек і мноства іншых слуг для самых розных патрэб - такой плоймы хапіла б на абслугу цэлага гатэля.

Усё, што я ад іх пачуў, зводзілася да наступнага: дачцэ Гейтвуда ніхто не тэлефанаваў, тэлеграм або пасланняў з пасыльным - так здаўна выманьваюць ахвяру з дому - яна не атрымлівала. А пакаёўцы сказала, што вернецца праз гадзіну ці дзве. Тое, што яна не начавала дома, пакаёўку не ўстрывожыла.

Одры, адзінае дзіця ў сям'і, пасля смерці маці жыла так, як хацела. Згоды з бацькам у яе не было, і не дзіўна, бо, відаць па ўсім, яны два боты пара, і ён звычайна не цікавіўся, дзе яна і што робіць. І калі не прыходзіла начаваць дадому, нікому пра гэта не дакладвала.

Выглядала яна значна старэйшай за свае дзевятнаццаць гадоў. Мне апісалі яе так: статная і высокая (рост пяць футаў і пять дзюймаў), заўсёды бледная і нервовая, вочы блакітныя, валасы - густыя каштанавыя. Мяркуючы па фотаздымках, якія былі ў мяне, у яе вялікія вочы, маленькі правільны носік і востры падбародак.

Прыгожай назваць яе нельга, але на адным фотаздымку, дзе ўсмешка разгладзіла змрочныя складкі ля рота, яна выглядала нават прывабнай.

Напярэдадні вечарам, перад тым як яна пайшла з дому, на ёй была светлая цвідавая спадніца і такая ж самая жакетка з біркамі лонданскага краўца, жоўтая шаўковая блузка ў карычневую палоску, карычневыя ваўняныя панчохі, карычневыя туфлі на нізкім абцасе і просты фетравы капялюшык шэрага колеру.

Я падняўся наверх - яна займала тры пакоі на чацвёртым паверсе - і агледзеў яе асабістыя рэчы. Знайшоў мноства фотаздымкаў (мужчыны розных узростаў, нейкія маладзёны і дзеўчынёхі) і вялікую вязку лістоў, большасць якіх былі даволі непрыстойныя; разнастайнасць імёнаў і прозвішчаў у канцы лістоў здзіўляла. Я ўважліва перапісаў адрасы.

Нічога з таго, што сведчыла б пра выкраданне, я не знайшоў, але, хто ведае, раптам якое-небудзь імя ці адрас навядуць на след? Ды і яе сябры маглі падкінуць нам карысную інфармацыю.

Я забег у агенцтва і раздаў спіскі імёнаў і адрасоў тром шпегам, якія нудзіліся там - няхай на ўсякі выпадак пашукаюць.

Потым патэлефанаваў у паліцыю і дамовіўся сустрэцца ў будынку суда з О'Гарам і Тоўдам, якім было даручана весці гэтую справу. На нашай сустрэчы быў і інспектар Ласк. Мы ўважліва і ўсебакова разгледзелі справу, але наперад так і не прасунуліся. Было зразумела адно: пакуль дзяўчына ў руках выкрадальнікаў, трэба любымі сродкамі пазбягаць агалоскі.

О'Гар і Тоўд напакутаваліся з Гейтвудам яшчэ болей, чым я: ён настойваў, каб паведаміць пра знікненне дачкі ў газетах, паабяцаць узнагароду, змясціць фотаздымкі і іншае, і іншае. У некаторым сэнсе Гейтвуд меў рацыю: гэта, бясспрэчна, спосаб эфектыўны, але, калі выкрадальнікі людзі не палахлівыя, яго дачцэ пасля гэтага не пазайздросціш. А выкрадальнікі звычайна не ягняткі.

Я прачытаў ліст. Ён быў напісаны алоўкам, друкаванымі літарамі на лістку таннай паперы ў лінейку, вырваным з блакнота, які можна купіць у любой краме канцылярскіх прылад. На звычайным канверце, падпісаным таксама алоўкам, стаяў штэмпель: «Сан-Францыска, 20 верасня, 21.00». Менавіта ў той вечар яна і знікла.

У лісце было сказана:

 

          Сэр!

          У нас знаходзіцца ваша чароўная дачка, чыю прысутнасць сярод нас мы ацэньваем у пяцьдзесят тысяч даляраў. Падрыхтуйце гэтую суму стодаляравымі банкнотамі, каб перадаць нам, як толькі мы вам паведамім.

          Прыміце наша запэўненне ў тым, што, калі вы не паслухаецеся, або звернецеся ў паліцыю, або зробіце што-небудзь такое ж неразумнае, мы не паручымся за здароўе вашай дачкі.

          Пяцьдзесят тысяч - гэта толькі малая частка таго, што вы паспелі нарабаваць, пакуль мы кармілі вошы ў Францыі і пралівалі кроў за такіх, як вы. Нам патрэбны грошы, і мы маем намер атрымаць іх. Інакш крыўдуйце на сябе!

          Трое.

 

Пасланне дзіўнае з некалькіх бакоў адразу. Звычайна іх пішуць, знарок выстаўляючы напаказ непісьменнасць. І амаль заўсёды імкнуцца накіраваць следства на няправільны шлях. Можа, на гэты раз мы маем справу з былымі прафесійнымі дэтэктывамі? Хто ведае.

Была там і прыпіска:

 

          «Майце на ўвазе, што сёй-той купіць яе нават у тым выпадку, калі мы з ёю пакончым».

 

Запіска дачкі была надрапана няроўным почыркам на такой самай паперы і, відавочна, тым самым алоўкам:

 

          Татачка!

          Прашу цябе, зрабі ўсё, чаго яны патрабуюць! Мне вельмі страшна.

          Одры.

 

Дзверы ў другім канцы пакоя адчыніліся, і ў іх з'явілася галава.

- О'Гар! Тоўд! Толькі што тэлефанаваў Гейтвуд. Неадкладна ідзіце ў яго кантору.

Мы ўчацвярых выскачылі з будынка суда і кінуліся да машыны. Калі, з цяжкасцю расштурхаўшы натоўп нахлебнікаў, мы дабраліся да Гейтвуда, ён бегаў па кабінеце як апараны. На твары, барвовым ад узбуджэння, гарэлі шалёныя вочы.

- Яна толькі што тэлефанавала! - закрычаў ён, убачыўшы нас. Некалькі хвілін пайшло на тое, каб прымусіць яго расказаць усё па парадку.

- Яна патэлефанавала мне. Сказала: «Татачка! Зрабі што-небудзь! Я больш не магу... Яны мяне заб'юць!» Я спытаў: «Дзе ты?» Яна адказала: «Не ведаю, але з акна відаць Туін-Пікс. Іх чацвёра - трое мужчын і жанчына, і...» Тут я пачуў, як хтосьці вылаяўся, і мне здалося, што яе стукнулі, і нас абарвалі. Я спрабаваў даведацца на цэнтральнай станцыі, адкуль тэлефанавалі, але яны, бачыце, не ведаюць! Хіба можа так працаваць тэлефонная сетка! Мала мы ім плацім? А за што?!

О'Гар падрапаў патыліцу і адвярнуўся.

- З акна відаць Туін-Пікс. Але ж ён відаць з сотняў дамоў!

Тым часам Гейтвуд скончыў лаяць тэлефонную службу і, каб звярнуць на сябе нашу ўвагу, застукаў па стале прэс-пап'е.

- А вы хоць што-кольвек даведаліся? - спытаў ён.

- А вы падрыхтавалі грошы? - адказаў я пытаннем на пытанне.

- Не, - адказаў ён. - Рабаваць сябе я нікому не дам!

Але сказаў ён гэта па інерцыі, без ранейшай упэўненасці: пасля размовы з дачкой упартасці ў яго паменела. Відаць, цяпер яму час ад часу пачалі ў галаву прыходзіць думкі і пра бяспеку дачкі.

Тут мы як след на яго націснулі, і праз некалькі хвілін ён паслаў клерка па грошы.

Потым мы дамовіліся, што будзем рабіць далей. Тоўд павінен быў узяць некалькіх паліцэйскіх з упраўлення і прачасаць раён Туін-Пікс, хоць, зрэшты, асаблівай надзеі на поспех у нас не было - надта ж вялікая тэрыторыя.

Ласку і О'Гару трэба было асцярожна пазначыць дастаўленыя з банка купюры і пасля, стараючыся не прыцягваць да сябе ўвагі, быць як можна бліжэй да Гейтвуда. Мне выпала дзяжурыць у гейтвудскім асабняку.

Выкрадальнікі далі зразумець Гейтвуду, што грошы яны хочуць атрымаць па першым патрабаванні, таму часу на роздум і выпрацоўку контрпланаў у яго не будзе.

Акрамя таго, мы вырашылі, што Гейтвуду трэба звязацца з газетамі і перадаць ім тую інфармацыю, якая ў яго была, а заадно і аб'яву пра ўзнагароду - дзесяць тысяч даляраў, якую ён прапаноўвае таму, хто паможа злавіць выкрадальнікаў; усё гэта пойдзе ў друк адразу ж пасля таго, як дачка будзе на волі, - так мы зможам больш аператыўна выкарыстаць прэсу, не падводзячы палонніцу пад небяспеку.

Пра гэта выкраданне была папярэджана паліцыя ўсіх суседніх гарадоў: гэта мы зрабілі яшчэ да таго, як патэлефанавала дачка Гейтвуда і стала відавочна, што яе хаваюць у Сан-Францыска.

Вечарам у доме Гейтвуда нічога выключнага не адбылося. Гаспадар вярнуўся дадому рана; пасля вячэры ён бегаў туды-сюды па сваім кабінеце, піў віскі і час ад часу пытаўся, ці ўмеем мы, дэтэктывы, рабіць што-небудзь акрамя таго, што сядзець, як ідалы. О'Гар, Ласк і Тоўд дзяжурылі на вуліцы, назіраючы за домам і прылеглым раёнам.

Апоўначы Харві Гейтвуд пайшоў спаць. Я адмовіўся ад зручнага ложка і ўладкаваўся ў кабінеце на канапе, побач з тэлефонам - паралельны апарат быў у спальні Гейтвуда.

А палове трэцяй раніцы тэлефон зазваніў. Гейтвуд зняў слухаўку. Я слухаў затаіўшы дыханне.

Невядомы гаварыў уладна і груба:

- Гэта Гейтвуд?

- Так.

- Грошы пры табе?

- Так.

Гейтвуд адказваў хрыплым, прыдушаным голасам - я ўяўляў, як усё ў яго сярэдзіне клекатала.

- Малайчына, - пахваліў яго субяседнік. - Загарні іх у паперу і зараз жа выходзь з дому! Пойдзеш да цэнтра па сваім баку Клей-стрыт. Не бяжы як ашалелы, але і не прыпыняйся. Калі ўсё будзе ісці нармальна і за табой не з'явіцца хваста, дык яшчэ да набярэжнай да цябе падыдуць. Чалавек падыме да твару насоўку, а потым упусціць яе на зямлю. Пасля гэтага адразу кладзі скрутак з грашыма на тратуар, паварочвайся і пры дадому. Калі грошы не пазначаныя і ты будзеш цаца, праз гадзіну-другую атрымаеш сваю неацэнную дачку. Ну, а калі пачнеш фокусы, дык... карацей, прачытай яшчэ раз наш ліст. Дайшло?

Гейтвуд прахрыпеў штосьці сцвярджальнае, і на гэтым размова скончылася.

Я не стаў траціць час, каб высветліць, адкуль тэлефанавалі, - напэўна, з тэлефоннай будкі, - і паімчаўся, пераскокваючы прыступкі, да Гейтвуда.

- Рабіце так, як вам сказалі, і без глупства!

Потым пабег на вуліцу шукаць у перадранішняй імгле паліцэйскіх дэтэктываў і інспектара.

Да іх прыбыло падмацаванне - двое агентаў у цывільным, напагатове стаялі дзве машыны. Я коратка далажыў сутнасць справы, і мы хутка прыкінулі план дзеяння.

О'Гар паедзе ў адной машыне па Сакрамента-стрыт, а Тоўд у другой - па Вашынгтон-стрыт. Гэтыя вуліцы ідуць з двух бакоў паралельна Клей-стрыт. Паедуць яны паволі, не абганяючы Гейтвуда і спыняючыся на кожным скрыжаванні.

Калі праз патрэбны час Гейтвуд не з'явіцца на якім-небудзь скрыжаванні, дык яны выедуць на Клей-стрыт і будуць дзейнічаць па абставінах.

Ласк мусіў ісці паперадзе Гейтвуда на адзін-два кварталы па другім баку вуліцы і прыкідвацца п'яным.

Я пайду на адлегласці за Гейтвудам па тым жа баку вуліцы, што і ён, а за мной на значнай далечыні пойдзе агент, якога далі нам у дапамогу. Другі агент павінен патэлефанаваць у паліцэйскае ўпраўленне і выклікаць усіх вольных людзей у раён Клей-стрыт. Яны, вядома, прыедуць толькі на шапачны разбор і, мажліва, не адразу знойдуць нас, але да ранку яшчэ ўсялякае можа здарыцца.

Наш план не вылучаўся асаблівай хітрасцю, бо за час, які быў у нас, лепшага і не прыдумаеш; галоўнае, не спалохаць таго, хто прыйдзе па грошы. З тэлефоннай размовы дачкі з бацькам вынікала, што выкрадальнікі людзі адчайна смелыя, і, пакуль яна заставалася ў іх, нам нельга рызыкаваць, ганяючыся за імі адкрыта.

Ледзь мы паспелі дамовіцца, як Гейтвуд выйшаў з дому і, засунуўшы рукі ў кішэні паліто, пайшоў па вуліцы.

Наперадзе, ледзь бачны, ішоў, пахістваючыся і мармычучы нешта сабе пад нос, Ласк. Больш на вуліцы нікога не было. Давялося адпусціць Гейтвуда на некалькі кварталаў наперад: інакш я рызыкаваў сутыкнуцца нос у нос з тым, хто прыйдзе па грошы. Адзін паліцэйскі ішоў следам за мной па другім баку вуліцы, адстаўшы на паўквартала.

Праз два кварталы мы сустрэлі дзябёлага чалавека ў кацялку. Ён мінуў Гейтвуда, мяне і знік за рогам вуліцы.

Прайшлі яшчэ тры кварталы.

Вялікі чорны аўтамабіль з апушчанымі шторкамі абагнуў нас і паімчаўся прэч. Магчыма, выкрадальнікі прынюхваліся. Не вымаючы рук з кішэняў плашча, я надрапаў яго нумар у блакноце.

Яшчэ тры кварталы засталіся ззаду.

Нам сустрэўся паліцэйскі, які, відавочна, і не падазраваў, што робіцца ў яго пад носам, а пасля праехала таксі з адным пасажырам. Нумар таксі я запісаў таксама. На ўсякі выпадак.

Яшчэ чатыры кварталы перада мной маячыў толькі Гейтвуд - Ласка я ўжо не бачыў.

Раптам прама перад носам Гейтвуда з пад'езда выйшаў мужчына і, спыніўшыся на тратуары, пачаў некаму крычаць, каб адчынілі дзверы.

Мы ішлі далей.

Невядома адкуль на тратуары, за пяцьдзесят футаў ад Гейтвуда з'явілася жанчына, якая прыціскала да твару насавую хустачку. Хустачка ўпала на брук.

Гейтвуд спыніўся як укапаны. Я бачыў, як тарганулася яго правая рука, якою ён, відавочна, сціскаў у кішэні пісталет.

Напэўна, не менш як паўхвіліны ён стаяў не варушачыся. Потым паволі дастаў левую руку з кішэні, і прама перад ім на тратуар упаў скрутак з грашыма. Ён рэзка павярнуўся і пайшоў назад.

Жанчына падняла насавую хустачку. потым падбегла да скрутка і, схапіўшы яго, кінулася да бліжэйшага завулка - на шчасце, ён быў за два крокі адгэтуль. Высокая і сутулая, яна з ног да галавы была апранута ў чорнае.

Праз некалькі хвілін яна знікла ў цёмным завулку. Пакуль Гейтвуд і жанчына стаялі насупраць, мне давялося запаволіць крок, і цяпер я быў далекавата ад таго месца. Як толькі жанчына знікла з вачэй, я стрымгалоў кінуўся ў пагоню.

Калі я дабег да вугла, у завулку нікога не было.

Гэты завулак злучаў Клей-стрыт з паралельнай вуліцай, але я ведаў, што жанчына не магла дабегчы ў другі канец за той час, пакуль я імчаўся да яго. Зараз я, вядома, растаўсцеў, але квартал-другі яшчэ магу прабегчы з добрым імпэтам. З абодвух бакоў нема і загадкава на мяне глядзелі дзверы жылых дамоў.

Падышоў шпег, які ішоў за мной назіркам, пад'ехалі О'Гар і Тоўд, а неўзабаве з'явіўся і Ласк. О'Гар з Тоўдам, не трацячы марна часу, пайшлі прачэсваць суседнія вуліцы. Ласк і агент у цывільным занялі месца на скрыжаваннях - кожны трымаў пад наглядам дзве вуліцы з чатырох, якія, перасякаючыся, утваралі перыметр квартала.

Я прайшоў па завулку, вышукваючы незачыненыя дзверы, расчыненае акно або пажарную лесвіцу, якую магла выкарыстаць злачынка.

Усё дарэмна!

Пад'ехалі О'Гар з падмацаваннем і Гейтвуд.

Гейтвуд задыхаўся ад шаленства.

- Зноў праваронілі! Вашаму ідыёцкаму агенцтву я не заплачу ні цэнта і пра паліцэйскіх дэтэктываў таксама паклапачуся - у будучым іх будуць пасылаць толькі на пешае патруляванне вуліц!

- Як выглядала жанчына? - спытаў я.

- Не ведаю! Я быў упэўнены, што вы дзесьці паблізу і не ўпусціце яе! Сутулая старая - ва ўсякім разе, мне так здалося, але твару за вуаллю я не разгледзеў. Не ведаю! А вы ж усе, д'ябал вас бяры, дзе гультайнічалі? Ну і работнічкі...

Мне з цяжкасцю ўдалося супакоіць яго і пераканаць вярнуцца дамоў, паліцэйскія засталіся весці назіранне. Іх ужо было чатырнаццаць ці пятнаццаць, і цяпер нават муха не праляціць там незаўважаная.

Я ведаў, што дзяўчынка пасля вызвалення паімчыцца дамоў, і таму пайшоў з Гейтвудам, каб адразу выцягнуць з яе ўсё, што можна. Калі яна хоць нешта ведае пра сваіх выкрадальнікаў, мы атрымаем выдатную магчымасць схапіць птушак, пакуль яны не разляцеліся.

Дома Гейтвуд зноў узяўся за віскі, а я напружана прыслухоўваўся да тэлефона і дзвярнога званка. О'Гар і Тоўд тэлефанавалі праз паўгадзіны - ці няма навін ад дзяўчынкі.

Пакуль што яны так нічога і не знайшлі.

У дзевяць гадзін раніцы разам з Ласкам яны прыехалі да Гейтвуда. Выявілася, што жанчына ў чорным была мужчынам, і гэтаму мужчыне ўдалося знікнуць. У адным доме завулка, ля самых дзвярэй, яны знайшлі чорную жаночую спадніцу, доўгі чорны плашч і чорную вуаль. Прагледзеўшы спіс жыхароў, ён выявіў, што тры дні таму назад у гэтым доме пасяліўся малады чалавек па прозвішчы Лейтан.

Лейтана ў кватэры ўжо не было. Калі не лічыць пустой бутэлькі і цыгарэтных акуркаў, дык пасля яго ўсялення тут мала што змянілася.

Выснова напрошвалася сама: кватэру ён зняў толькі за зручнае размяшчэнне дома. Нацягнуўшы зверху свайго адзення жаночы ўбор, ён выйшаў на вуліцу праз чорны ход, пакінуўшы яго незачыненым. Сустрэўшы Гейтвуда і забраўшы грошы, ён бегма вярнуўся ў пад'езд, скінуў жаночыя шмоткі і выслізгнуў праз парадныя дзверы яшчэ да таго, як мы пачалі расстаўляць вакол квартала сваю дзіравую сетку. Не выключана, што, убачыўшы машыну О'Гара і Тоўда, ён забягаў у падваротні.

Мяркуючы па апісанні, Лейтан быў чалавек прыемнай знешнасці, высокі (пяць футаў і восем ці дзевяць дзюймаў), цемнавалосы і цемнавокі; калі яго некалькі разоў бачылі суседзі па доме, на ім быў карычневы касцюм і светла-карычневы фетравы капялюш.

Прабіла дзесяць гадзін - навін аніякіх.

Да гэтага часу ад упартасці і самаўпэўненасці Гейтвуда мала што засталося: ён пачаў ніякавець на вачах. Трывожнае чаканне падкасіла яго, а спіртное даканала канчаткова. Слоў няма, чалавек ён быў агідны ва ўсіх адносінах, але ў тую раніцу мне стала яго шкада.

Я патэлефанаваў у агенцтва і атрымаў справаздачы дэтэктываў, якія займаліся сябрамі Одры. Апошняй бачыла яе Агнес Дэйнджэрфілд - Одры ішла адна па Маркет-стрыт у раёне, дзе яна перасякалася з Шостай вуліцай паміж васьмю з чвэрцю і без чвэрці дзевяць таго самага злашчаснага вечара. Одры была даволі далёка, і Агнес сяброўку не аклікнула.

Больш хлопцам нічога цікавага даведацца не ўдалося; па расказах знаёмых, Одры была дзяўчына распешчаная, неўраўнаважаная і не надта разборлівая ў знаёмствах - сапраўдная знаходка для нягоднікаў і вымагальнікаў.

Наступіў поўдзень. Нічога новага. Мы патэлефанавалі ў газеты і далі дазвол на публікацыю матэрыялаў пра выкраданне, дадаўшы тое, што стала вядома ў апошнія гадзіны.

Гейтвуд быў зломлены; ён сядзеў, падпёршы галаву рукамі і тупа ўтаропіўшыся ў прастору. Калі я збіраўся ад'язджаць, каб праверыць здагадку, якая прыйшла мне ў галаву, ён раптам падняў вочы і зірнуў на мяне - я ніколі яго не пазнаў бы, калі б яго ператварэнне не адбылося на маіх вачах.

- Што, што з ёю здарылася?

У мяне не хапіла духу падзяліцца з ім сваімі меркаваннямі, таму я сказаў некалькі агульных фраз, каб яго супакоіць, і пайшоў.

На таксі я даехаў да гандлёвага цэнтра. Там я абышоў пяць самых буйных універсальных крамаў, заглядваючы ў аддзелы жаночага адзення, ад абутку да капялюшыкаў, і спрабуючы высветліць, ці не было ў іх за апошнія некалькі дзён пакупніка мужчыны - і перш за ўсё такога, які адпавядаў бы апісанню Лейтана, што набыў жаночыя рэчы памеру Одры.

Нічога не дабіўшыся, я даручыў праверыць астатнія крамы аднаму нашаму дэтэктыву, а сам перабраўся на другі бераг бухты і ўзяўся за крамы Окленда.

У першым жа мне пашанцавала. Выявілася, што якраз напярэдадні мужчына, вельмі падобны на Лейтана, купляў тут жаночае адзенне, якое па памерах цалкам падыходзіла Одры Гейтвуд. Ён накупляў процьму рэчаў, ад ніжняй бялізны да паліто, і - вось ужо шанцаванне дык шанцаванне - пакінуў адрас, па якім пакупкі трэба было даставіць на дом Т. Офарду.

Я пайшоў на гэты адрас і ў вестыбюлі названага дома на Чатырнаццатай вуліцы выявіў, што місіс і містэр Тэадор Офард займаюць кватэру 202.

Не паспеў я зрабіць гэта адкрыццё, як у вестыбюль увайшла мажная жанчына сярэдніх гадоў, адзетая ў клятчатую льняную сукенку. Яна зірнула на мяне з некаторым здзіўленем, і я спытаў:

- Вы не скажаце, дзе я змагу знайсці ўпраўляючага?

- Гэта я і ёсць, - адказала яна.

Я паказаў ёй візітную картачку і ўслед за ёю ўвайшоў у дзверы, якія вялі на лесвічную пляцоўку паверха.

- Я з «Паўночнаамерыканскай кампаніі страхавання ад няшчасных выпадкаў», - паўтарыў я хлусню, надрукаваную на візітнай картачцы, - і па запытанні аднаго з нашых кліентаў цікаўлюся станам здароўя містэра Офарда. З ім усё ў парадку, спадзяюся? - Я сказаў усё гэта з выглядам чалавека, які выконвае абавязковую, але досыць пустую фармальнасць.

- Запытанне? Як дзіўна! Ён жа заўтра ад'язджае.

- Бачыце, чаму запытанне прыйшло менавіта зараз, я не ведаю, - адказаў я мякка. - Мая справа - высветліць толькі адрас і іншыя фармальнасці. Магчыма, запытанне зыходзіць ад яго цяперашняга працадаўцы, а можа, і ад таго, да каго ён наймаецца. Каб застрахавацца ад выпадковасцей, фірмы часта просяць нас праверыць іх патэнцыяльных супрацоўнікаў.

- Містэр Офард, наколькі я ведаю, - цудоўны малады чалавек, - сказала яна, - але ён тут жыве ўсяго толькі тыдзень.

- Штосьці ён у вас не затрымаўся.

- Так. Яны прыехалі з Дэнвера і хацелі тут пажыць, але марскі клімат кепска дзейнічае на місіс Офард, вось яны і вырашылі вярнуцца.

- А вы ўпэўнены, што яны прыехалі з Дэнвера?

- Так яны мне сказалі.

- Колькі ж іх?

- Двое, яны яшчэ такія маладыя...

- І якое ўражанне яны на вас робяць? - спытаў я, даючы зразумець, што разлічваю на яе мудрасць і праніклівасць.

- Цудоўная пара. І так сціпла сябе паводзяць, ніколі і не ўгадаеш, дома яны ці не. Шкада, што ад'язджаюць.

- А яны часта выходзяць з дому?

- Не ведаю. У іх свае ключы. І я іх бачу толькі тады, калі мы выпадкова сустрэнемся на лесвіцы.

- Значыцца, калі, да прыкладу, іх усю ноч не было дома, дык вы можаце гэтага і не ведаць. Так?

Яна падазрона паглядзела на мяне: мае апошнія пытанні зусім не з абавязкаў страхавога агента, за якога я сябе выдаваў, але мне ўжо было ўсё адно, і кіўнула:

- Так, магу не ведаць.

- А да іх шмат народу ходзіць?

- Не ведаю. Містэр Офард не...

Яна абарвала фразу на паўслове, заўважыўшы чалавека, які ціха ўвайшоў у пад'езд, прашмыгнуў у мяне за спіной і пачаў падымацца на другі паверх.

- О божа! - прашаптала яна. - Спадзяюся, ён не чуў, што мы тут гаварылі! Гэта і ёсць містэр Офард.

Па лесвіцы ішоў статны чалавек у карычневым касцюме і светла-карычневым капелюшы - магчыма, гэта быў Лейтан.

Я бачыў толькі яго спіну, зрэшты, і ён не бачыў майго твару. Я не зводзіў з яго вачэй. Калі ён чуў, як жанчына назвала яго імя, дык, падняўшыся да бліжэйшай лесвічнай пляцоўкі, ён на павароце хаця б мельгам, але абавязкова паглядзіць на мяне.

Паглядзеў.

Я пазнаў яго, але пастараўся нічым сябе не выдаць.

Гэта быў аферыст Пені Квэйл, які чатыры-пяць гадоў таму назад разгарнуў дзейнасць на Ўсходнім пабярэжжы.

Ён таксама пазнаў мяне, але нават не варухнуў брывом.

На другім паверсе бразнулі дзверы. Не трацячы часу, я паспяшаўся наверх.

- Я, мабыць, падымуся і пагавару з ім, - сказаў я на развітанне сваёй субяседніцы.

Асцярожна падышоўшы да кватэры 202, прыслухаўся. Цішыня. Часу на роздум не было. Я націснуў на кнопку званка.

Накшталт трох удараў вопытнай машыністкі па клавішах, пачуліся тры пісталетныя стрэлы. У дзвярах на ўзроўні пояса з'явіліся тры дзіркі.

Тры дзіркі ўпрыгожылі б і маю тоўстую скуру, калі б я не навучыўся шмат гадоў назад пры няпрошаных візітах адступаць ад дзвярэй убок.

За дзвярыма пачуўся рэзкі і ўладны мужчынскі голас:

- Кінь! Не прыдурвайся!

Жанчына брыдка вылаялася крыўдліва-злосным пранізлівым голасам.

Яшчэ дзве кулі прадзіравілі дзверы.

- Даволі! Хопіць! - ужо спалохана крыкнуў мужчына.

Зноў азвярэлая лаянка жанчыны. Шум барацьбы. Стрэл гэтым разам не ў дзверы.

Я садануў нагой па дзвярах і высадзіў іх.

На падлозе ў кватэры змагаліся мужчына (Квэйл) і жанчына. Ён трымаў яе за рукі, імкнучыся падмяць пад сябе. Яна сціскала ў руцэ пісталет, з якога віўся яшчэ струменьчык дыму.

Адным скачком я махнуў да іх і вырваў у яе пісталет.

- Перастаньце! - крыкнуў я, адышоўшы ўбок. - Хопіць поўзаць па падлозе, час падымацца і сустракаць гасцей.

Квэйл адпусціў яе, і ў гэты момант яна драпнула яго доўгімі вострымі пазногцямі, распаласаваўшы шчаку. Ён на карачках адпоўз ад яе, і абое падняліся на ногі.

Ён, цяжка дыхаючы і прыціскаючы насавую хустачку да акрываўленай шчакі, адразу ж сеў на крэсла.

Яна, упёршы рукі ў бокі, стала пасярод пакоя і злосна ўтаропілася на мяне.

- Ну, што? - выпаліла яна. - Думаеце, мы вас спалохаліся?

Я засмяяўся - я зараз мог сабе гэта дазволіць.

- Калі ваш татачка не з'ехаў з глузду, - адказаў я ёй, - дык, я толькі вы вернецеся, ён возьме тоўстую папружку і сам пачне палохаць вас. Вясёленькі жарцік вы з ім сыгралі!

- Добра вам гаварыць! Пажылі б з ім ды нацярпеліся б, як я, самі выдурылі б з яго грошы і збеглі б куды вочы глядзяць.

Я змоўчаў. Прыгадаўшы сёе-тое з дзелавой практыкі Харві Гейтвуда - прынамсі, яго ваенныя кантракты, якімі ўсё яшчэ займалася міністэрства юстыцыі, - я зразумеў простую рэч: горшае, што можна сказаць пра Одры, - татава дачка.

- А як вы нас вынюхалі? - пацікавіўся Квэйл.

- Давялося папацець, - адказаў я. - Па-першае, сяброўка Одры бачыла яе на Маркет-стрыт паміж васьмю з чвэрцю і без чвэрці дзевяць у той вечар, калі яна знікла, а на лісце Гейтвуду стаяў штэмпель «9 гадзін вечара». Надта шустрая работа. Варта было б і пачакаць трохі. Хутчэй за ўсё, яна апусціла яго ў скрынку, калі ішла сюды. Так?

Квэйл хітнуў галавой.

- Па-другое, - расказваў я далей, - тэлефонны званок. Яна ведала, што хутчэй як за дзесяць - пятнаццаць хвілін у кантору да бацькі не датэлефануешся. І калі яна ўжо здолела прытупіць на час пільнасць выкрадальнікаў і дабрацца да тэлефона, дык не стала б чакаць, пакуль ён падыдзе, а расказала б сваю гісторыю першаму, хто ўзяў слухаўку, хутчэй за ўсё тэлефаністцы камутатара. Было відаць, што яна хацела не толькі падкінуць нам версію пра Туін-Пікс, але і збіць трохі пыху са свайго старога. Калі пасля таго як выкуп быў заплачаны, Одры так і не з'явілася, мне стала зразумела, што яна выкрала сама сябе. Калі б яна з'явілася цяпер дома, мы б яе хутка раскалолі, ды яна і сама гэта разумела. А ўсё астатняе вельмі проста - мне пашэнціла. Калі знайшлося кінутае жаночае адзенне, стала відавочна, што з ёю працуе мужчына, а інтуіцыя падказала мне ў дадатак, што іншых хаўруснікаў у іх няма. Потым я здагадаўся, што ёй спатрэбіцца адзенне: з дому, не выклікаўшы падазрэння, шмат не возьмеш, а загадзя яна хутчэй за ўсё нічым не запаслася. Сама ў краму яна выйсці не магла - надта многа ў яе сябровак, і вельмі проста было сутыкнуцца з кім-небудзь з іх у любым гандлёвым цэнтры. Дык чаму б не паслаць партнёра - няхай купіць усё, што трэба! І ўяві сабе, купіў, прытым паказаў сябе настолькі лянівым, а можа, столькі ўсяго-ўсялякага накупляў, што пакінуў свой адрас, каб адправілі гэта з пасыльным. Вось і ўся гісторыя.

Квэйл зноў хітнуў галавой.

- Тут я даў маху, - сказаў ён, а потым нервова ткнуў пальцам у бок дзяўчыны, - ды хіба з ёй, наркаманкай чортавай, нешта зробіш? Я толькі і ведаў, што сачыў, каб яна чаго-небудзь не ўчворыла і не сапсавала ўсёй справы. Нават зараз - не паспеў я сказаць, што да нас госць, як яна звар'яцела і, нібы ёй мала нашага правалу, вырашыла ўпрыгожыць фінальную сцэну тваім трупам.

Уз'яднанне Гейтвудаў адбывалася ў кабінеце начальніка паліцэйскай акругі на другім паверсе Оклендскай мэрыі - вясёленькая была сустрэча.

Амаль гадзіну было незразумела, чым усё гэта скончыцца: ці то Харві Гейтвуда лясне апаплексічны ўдар, ці то ён задушыць сваю дачку, ці то пасадзіць яе ў калонію для непаўналетніх. Праўда, выявілася, што Одры моцны арэшак. Дачка была вартая бацькі, але па маладосці яна не думала пра вынікі, а ён, пры ўсёй сваёй аслінай упартасці, усё ж быў вымушаны лічыцца часам з абставінамі. Яна паставіла яго на месца толькі тады, калі сказала, што раскажа газетчыкам усё, што ведае пра яго, а сан-францысцкія газеты ўжо даўно ганяліся за яго скальпам.

Цяжка сказаць, што менавіта ведала пра бацьку Одры, ды і сам Гейтвуд ці пра гэта здагадваўся, але міністэрства юстыцыі ўсё яшчэ расследавала яго ваенныя кантракты, і ён не мог рызыкаваць. А ў тым, што яна здзейсніць сваю пагрозу, сумнявацца не даводзілася.

Яны пайшлі дадому разам, гатовыя ўчапіцца адно аднаму ў глотку.

Квэйла мы адправілі ў камеру, але ён, стрэляны верабей, наўрад ці хваляваўся за сваю будучыню. Ён разумеў, калі дзяўчына выйдзе сухая з вады, яго пасадзіць не ўдасца.

Я быў рады, што ўсё скончылася. Што тут скажаш? Вясёленькая атрымалася справа.



Пераклад: Яўген Міклашэўскі