epub
 
падключыць
слоўнікі

Джон О'Хара

Далягляд

У рэдакцыі спакайнела. Паверхам вышэй, у спартыўным аддзеле, вось ужо добрае паўгадзіны ішла начная гульня ў брыдж. Супрацоўнікі за рэдакцыйным сталом чыталі ранішні нумар ці проста сядзелі, абыякавыя да ўсяго, утаропіўшыся ў што-небудзь перад носам. Некалькі рэпарцёраў сядзела за сталамі. Яны пісалі пісьмы, рабілі нейкія накіды, нават займаліся белетрыстыкай, але толькі не рыхтавалі матэрыялаў у газету. Пра гэта можна было здагадацца. Прынамсі, Макгір мог сказаць адразу. Пасля столькіх гадоў работы ён ужо ведаў амаль усё з газетнай справы. Ведаў ён, як выглядае рэдакцыя газеты на кожным этапе падрыхтоўкі нумару. Ён адкінуўся ў крэсле і пачаў гойдацца ў ім, трымаючы ў зубах патухлую люльку. Каб тым, за рэдакцыйным сталом, не здацца такім, якімі ён бачыў іх, Макгір устаў, паволі падышоў да акна і пачаў глядзець на капітолій. Гэты яго бок быў яму такі знаёмы.

Васемнаццаць гадоў галоўны адміністрацыйны будынак штата засланяў яму далягляд. Праўда, не зусім так. Ён сядзеў за сталом, тварам да гарадской ратушы, за якой быў відаць капітолій, дзесяць гадоў ці амаль дзесяць гадоў. Быў час, калі за ўсё начное дзяжурства ён нічога не бачыў, акрамя скрынак з карэспандэнцыяй і падшывак газет. Можна адняць гэты час ад васемнаццаці гадоў. Можна таксама адняць і тыя чатыры месяцы, што ён прабыў у добраахвотным, але непрыемным выгнанні ў якасці галоўнага рэдактара «Бікана». Паколькі рэдакцыя «Бікана» размяшчалася на Фран-стрыт, яму не відаць было нават купала капітолія. У «Бікане» далягляд засланяў склад фірмы «Хольцхаймер - складскія памяшканні. Міжгароднія перавозкі». Але ўсё ж, як бы там ні было, цяпер ён глядзеў на тое, што засланяла яму далягляд васемнаццаць ці там дзесяць гадоў. Ва ўсялякім разе гэта былі не самыя лепшыя гады. Калі ўзяць усе васемнаццаць, дык яны былі толькі крыху горшыя за дзесяць. Цяжка прызвычаіцца да шыбеніцы, калі нават і прыйшлося пагойдацца. З нейкім пачуццём горычы Макгір падумаў, што хуліганы маглі намаляваць дрэнныя словы на другой сцяне, ці па прапанове якой-небудзь хітрай камісіі па пытаннях мастацтва яе размалявалі па дыяганалі ў ружовыя і блакітныя палосы, а ён пра гэта і не ведаў. Зрэшты, ён усё ж такі дачуўся б, і, хутчэй за ўсё, калі б такая важная падзея адбылася, яму б даручылі рэдагаваць паведамленне аб гэтым. Другі бок капітолія быў нябачны і тады, калі ён ішоў дадому ці выпіць чарку ў бары «У Пэдзі» альбо ў рэстаране «Ласі». Калі яму трэба была кашуля, піжама ці бялізна, ён заўсёды купляў у краме Гроса, а не дзе-небудзь паблізу капітолія. Калі, па закліку прыроды, ён ішоў да міс Элізабет, дык капітолій аказваўся ў другім баку. За ўвесь час блізкасці з Джэз яму так і не выпала зірнуць на другі бок капітолія, бо кватэра, у якой жыла Джэз разам з яшчэ адной дзяўчынай, была на Хіл-стрыт, за квартал ці за два ад рэдакцыі. Ён пачаў злавацца ад думкі, што некаторыя юрысты і ўсялякія тузы, якія не жывуць у горадзе, калі падумаць, дык бачылі другі бок капітолія намного часцей, чым ён, хоць яму было лягчэй бразнуць даляравай манетай аб сцяну капітолія, чым у свой час Вашынгтону перакінуць такую ж манету цераз рэчку Рапаханок, акрамя таго, ён на гэту будыніну з вапны (на гэты яе бок) глядзеў кожныя пяць з сямі начэй.

І вось цяпер, не адразу, але лёгка, ён здагадаўся, чаму гэтай ноччу кідае работу ў рэдакцыі. Важная падстава была заўсёды, але яму не верылася, што знойдзецца што-небудзь такое і стане штуршком для такога рашэння. Так, вядома, у студзені яму споўнілася 43 гады. Але ўжо да гэтага ўсё больш прозвішчаў яго знаёмых сустракалася на старонцы, дзе друкуюць некралогі. Дый не абавязкова ўсе яны былі добра знаёмыя, хутчэй, сучаснікі ў тым сэнсе, што, займаючыся газетнай справай, ён не звяртаў увагі на розніцу ў гадах паміж сабой і гэтымі шэльмамі. Людзі, якіх ён ведаў асабіста, паміралі адзін за адным. Потым ён пачаў пакрысе разумець, што фіксаваў жыццё (а заадно і смерць), але ў той жа час яно абмінала яго. Ён праседжваў яго за сталом начнога рэдактара не бог ведае якой там газеты. Несумненна, гэта і была важная падстава для намеру кінуць работу ў газеце.

Ён паглядзеў на стол, за якім звычайна сядзела Джэз. Яе там не было. Потым ён убачыў, як яна выйшла з тэлефоннай кабіны і накіравалася да стала Грына, трымаючы ў руках некалькі капірак. Нешта сказала Грыну. Той кіўнуў некалькі разоў і запісаў штосьці ў блакноце. Потым глянуў на Джэз і ўсміхнуўся. Макгір сваімі вачыма ўбачыў, як Грын памахаў ёй рукой, што азначала яго афіцыйнае «Дабранач».

Яна падышла да свайго стала, узяла ручнік і сумачку з верхняй шуфляды і пачала прабірацца сярод сталоў да дамскай прыбіральні.

...Узяць хоць бы Джэз... Яна была галоўная альбо адной з прычын таго, што жыццё праходзіла міма. Ён быў эгаістычны з Джэз, і праз некаторы час яна проста вылажыла яму сваю незадаволенасць. Усё было скончана. «Нам абаім ужо даўно пара падумаць пра шлюб», - сказала яна. «Неабавязкова паміж намі, але з гэтага часу шукай сабе другую дзяўчыну ці займіся міс Элізабет». Ніякай асаблівай прычыны на тое, каб ён не жаніўся з Джэз, не было. Ён нежанаты, пытанне наконт фінансаў не паўставала, бо дзяцей у Джэз не магло быць і ёй не прыйшлося б кідаць работу, а ў яго яшчэ было восем тысяч даляраў, што засталіся ад маці. Яго здзівіла, што Джэз прыняла гэта так блізка да сэрца, што яе адносіны да яго так і не сталі цяплейшыя. Яна называла яго Мак, але адмаўлялася выпіць з ім, пайсці разам на Катарыну Корнел ці ўзяць у яго цыгарэту. Ён павінен быў прызвычаіцца да гэтага і доўгі час думаў, што гэта яму ўдалося. Пасля быў дзень нараджэння, а тут яшчэ Джэз з яе халоднасцю, і ён зразумеў, што жыццё праходзіць міма.

Але зноў жа, справа была не ў нечым адным, а ва ўсім разам. Ён кідаў работу ў рэдакцыі не з-за Джэз ці таму, што апісваў жыццё горада і штата, не прымаючы ў ім удзелу, альбо з прычыны таго, што ўчора ў капітоліі, у кафетэрыі сената, памёр ад сардэчнага прыступу сенатар Сэм Фокс. Усё гэта было не больш важкай прычынай, чым толькі што ўсвядомленая варожасць да сцяны капітолія, не больш значная, чым нават недарэчная цікавасць да другога боку капітолія. Але ўсё ж другі бок капітолія хутчэй за ўсё можна было б назваць галоўнай прычынай. І тут ён зразумеў, на гэты раз раптоўна і з пачуццём жаху, што ён не збіраецца кідаць газету ні ў той вечар, ні наогул. Ён ведаў, што такое ўладкаванасць. Ён разумеў, што гэта такое, калі справы ідуць добра. Ён застанецца з газетай, і газета возьме яго пад сваю апеку.

Ён адвярнуўся ад капітолія і паплёўся да стала. Джэз ужо была каля свайго стала, апранала паліто. Ідучы да выхаду, яна прыпынілася, каб памахаць Грыну. Той кіўнуў галавой і нешта прадудніў.

«Дабранач», - сказаў Макгір, калі яна праходзіла каля яго стала.

«Дабранач», - сказала Джэз. «Так, так, добрай ночы», - паўтарыла Джэз, звяртаючыся да нечага ў сваіх думках.



Пераклад: Уладзімір Шчасны