epub
 
падключыць
слоўнікі

Джон О'Хара

Жыццё сярод людзей з незабыўнымі характарамі

Пастаяннае адкрыццё амерыканцамі сімпатычных людзей з незабыўнымі

характарамі заўсёды вабіла амерыканскіх пісьменнікаў. Да гэтага

часу аўтар зрабіў мала ці амаль нічога ў гэтым кірунку, але так

далей быць не магло. Напісанае ніжэй з'яўляецца аўтаравай спробай

прыняць удзел у гэтым руху ці тэндэнцыі. Твор напісаны эскізна ў

асноўным таму, што аўтар доўгі час не мог вырашыць, што пісаць:

артыкул у часопіс, нарыс альбо сцэнарый кароткаметражнага фільма.

Любое падабенства да рэальных асоб, жывых ці нябожчыкаў, - выпадковае.

Аўтар

 

Спыніўшыся каля заправачнай станцыі, Морты, мужык і жонка з палёгкай уздыхнулі. Перад ад'ездам з гарадка ім сказалі, што бензіну ў баку іхняга «лінкальна» з адкідным верхам хопіць, каб даехаць да гарадка У., але нядрэнна было б прыпыніцца каля заправачнай станцыі Артура Джэймса Вітэрспуна, адзінай паміж X. і У. Ім напомнілі (дарэчы, без патрэбы, бо Морты былі вопытныя аўтамабілісты), што, едучы па пустыні, не шкодзіць час ад часу прыпыняцца, каб спусціць крыху паветра з шын, выпрастаць ногі, абмыцца, праверыць бензін, масла і ваду, праверыць шашу. Такім чынам, стома ад язды крыху адступае, а машыне лягчэй ехаць далей. Але на тую бяду, выязджаючы з гарадка X., Морты ўгледзелі знак з надпісам: «Заправачная Артура Джэймса Вітэрспуна - 90 міль»; праз 10 міль тое ж самае было напісана яшчэ на адным знаку. Машыну вёў сам Морт, і ён спадзяваўся, што яго яшчэ даволі маладая і прывабная жонка не заўважала знакаў. Але яна ўсё ж заўважала. Трэці знак, які яна згледзела, напамінаў, што наступная заправачная і будзе тая ж станцыя Артура Джэймса Вітэрспуна. Адлегласці да яе знак не паказваў. Морты ведалі адно, што, калі яны стрэнуць на дарозе заправачную станцыю, яна будзе адзіная і менавіта тая, якая належыць Артуру Джэймсу Вітэрспуну.

Яны абое не зводзілі вачэй з бензамера і пакутліва намагаліся ўспомніць, колькі бензіну спажывае іх аўтамабіль за адну мілю пры той ці іншай хуткасці. Морта, з яго неглыбокімі ведамі ў тэхніцы, акрамя таго яшчэ турбавала, як уплывае вышыня на расход бензіну. І як на тую бяду, ён ніяк не мог прыпомніць, больш ці менш бензіну паглынае матор на вышыні. І яшчэ ён не ведаў дакладна, адносілася гэта пустыня да высакагорных ці не.

З гэтай прычыны ён смактаў шчаку так, што ў яго ледзь не ўтварылася яшчэ адна слінная залоза, але вось міляў праз 15 ён убачыў нешта, што не магло быць нічым іншым, як заправачнай станцыяй Артура Джэймса Вітэрспуна. Ён чуў пра міражы і падазраваў, што гэта і ёсць той выпадак, але калі павярнуўся да жонкі, то ўбачыў, што яна ўсміхаецца: жонка таксама ўбачыла заправачную станцыю ці нешта накшталт яе. Дзякуй богу, іх здагадкі пацвердзіліся.

Калі праз дванаццаць ці трынаццаць хвілін яны пад'ехалі да ўладанняў Артура Джэймса Вітэрспуна, то спачатку не ўбачылі ні душы. Але адразу, як толькі спыніліся, угледзелі пажылога чалавека, якога за бочкай на дажджавую ваду амаль не было відаць. Ён сядзеў на лаўцы. На яго каленях ляжала пнеўматычная дваццацідвухкаліберная вінтоўка сістэмы «Вінчэстэр». На чалавеку былі джынсы і блакітная кашуля, добра палінялыя на сонцы, замест шлеек - белы з карычневым раменьчыкі ад сядла і адзін з тых крэмавых капелюшоў са стужкай, што так даспадобы жыхарам Захаду. Чаравікі былі без шнуркоў. У чалавека быў, што называецца, прыродны загар. Твар і рукі смуглыя, хоць загар быў і не такі роўны, як у людзей, што ўжываюць мазі і ласьёны. У пустыні загар, хочаш не хочаш, кладзецца сам па сабе.

Містэр Морт з яго прыродным дэмакратызмам і добрымі манерамі, што адкрылі яму доступ у прынстанскі клуб «Вінаградная лаза», гукнуў старому джэнтльмену: «Прывітанне!»

- Прывітанне! - пачулася ў адказ.

- Запраў, - сказаў Морт.

- Запраўляйся сам, - адказаў стары.

Містэр Морт, маючы на гэта права, злёгку ткнуў жонку ў бок. «Ну і тып, - шапнуў ён, амаль не шавелячы вуснамі. І ўжо лагодней загаварыў да старога: - Добрага здароўя. Запраўце», - і стаў вылазіць з машыны.

На гэты раз стары пачухаўся і сказаў:

- Я чуў, што ты сказаў і першы раз. Запраўляйся сам.

- А-а, - нарэшце сцяміў Морт. Ён вылез з машыны, зняў вечка з бака, узяў шланг з крука бензакалонкі, уставіў яго ў бак машыны і павярнуўся да старога. - А цяпер як? - спытаўся ён.

- Націсні, як на курок. Мо тысячу разоў бачыў, як гэта робяць, - адказаў Вітэрспун.

Морт усміхнуўся амаль з хлапчуковым захапленнем; сапраўды, як запраўляюць машыну, ён бачыў тысячу разоў, але ніколі не рабіў гэтага сам. Справа аказалася простай, і паліва палілося ў бак. Ад гэтай забавы крыху асела прыкрасць ад прыёму.

Здавалася, Вітэрспун не заўважаў кліентаў, але калі місіс Морт вылезла з машыны і спыталася: «Скажыце, калі ласка, дзе я магу памыць рукі?» - Вітэрспун адказаў: «Дужа не плюхайцеся тут. Мы ў пустыні. Калі трэба ў туалет, дык...» - ён паваротам галавы паказаў на будынак заправачнай станцыі.

Місіс Морт падалася ў той бок, але не паспела адысціся, як Вітэрспун сказаў:

- Сцеражыцеся грымучак.

Місіс Морт застыла на месцы.

- Каго?

- Асцерагайцеся змеяў. Я стараюся не пускаць іх сюды, але дзе ты ўгледзіш усюды! - З гэтымі словамі ён узняў вінтоўку і пачаў цэліцца ў пляму на пяску паміж будынкаў. Стрэліў, перазарадзіў вінтоўку і стрэліў яшчэ раз. Морты глядзелі ў бок той плямы, у якую ён цэліўся. Там, прабітая куляй, варочалася паўтараметровая грымучая змяя. - Магчыма, хутка прыпаўзе яшчэ адна, калі толькі яе яшчэ няма ў прыбіральні. - Містэру Морту ён сказаў: - Твая жонка пайшла па сваёй патрэбе. Вазьмі вунь тую палку ды ідзі за ёй.

Морт, які спыніў запраўку машыны, сказаў:

- Па яе патрэбе ёй палка не патрэбна.

- Ёй - не, але, можа, там якраз грымучка. Не скажу, што няма. Паклапаціся сам.

- А-а, - сцяміў Морт. Ён павесіў на месца шланг, узяў ёмкі кій і пайшоў за жонкай у прыбіральню. Ужо пераступіўшы парог, ён пачуў яшчэ адзін стрэл, а калі вярнуўся, спытаўся ў Вітэрспуна: - Яшчэ адна гатова?

- Не-а, - адказаў той.

- Што, прамазаў?

- Ды не-а. А я ні ў кога і не страляў.

- Ні ў кога не страляў? Мне здалося, што я чуў стрэл з ружжа.

- З вінтоўкі, - паправіў Вітэрспун.

- Ну з вінтоўкі. Я проста ўпэўнены, што чуў, як ты стрэліў з яе, з вінтоўкі.

- Ну, так, але гэта не значыць, што я страляў у што-небудзь.

- А-а, - сказаў Морт, робячы выгляд, што зразумеў. - Трэба б было спусціць крыху балоны. Можа, пазычыце мне манометр?

- Там, вунь, у нераце, на маёй раскладушцы.

- У нераце? Няўжо тут дзе-небудзь можна лавіць рыбу? - здзівіўся Морт. Ён запытаўся пра гэта з рыбацкім запалам, але не без ноткі недаверу.

- Пакапайся ў нераце, дык знойдзеш там і косці. Але ж гэта не значыць, што я гуляю ў косці сам з сабою. Ты хацеў пазычыць манометр? Ён у нераце.

Морт знайшоў манометр і пачаў спускаць шыны. Пакуль ён валэндаўся з імі, з'явілася місіс Морт і ад няма чаго рабіць падышла да Вітэрспуна.

- Божа, тут, мусіць, страшэнна адзінока? Часта бываеце ў горадзе?

- Штогод на каляды.

- Што вы сказалі?

- Штогод еду на каляды ў горад. Ужо дзевятнаццаць гадоў запар. Не магу прапусціць каляды ў горадзе.

- Праўда? Уяўляю, радыё, мусіць, адзіная тут уцеха. Бачу, яно ў вас ёсць.

- Без яго нельга. У сорак восьмым мы адправім гэтага Трумэна назад у ягоны штат Місуры, адкуль ён прыйшоў, яго і ўсіх астатніх. Так, панове, я слухаю ўсе іхнія кампаніі.

- Што ж, думаю, вы маеце рацыю. Мы з мужам таксама рэспубліканцы.

- Таксама? Хм. Але я ніколі не пытаюся, адкуль чалавек, да якой партыі ці рэлігіі ён належыць. Аво! Вось яна. - Ён узняў вінтоўку, стрэліў і апусціў яе. - А-а, паўзе яшчэ адна. - Другая змяя зашылася ў пясок.

- Ого! Добры стрэл! - сказала місіс Морт.

- Да гэтага быў не такі трапны. Прыйшлося выпусціць дзве кулі. Скуры таннейшыя, калі ў іх дзве дзіркі, - дадаў Вітэрспун. Ён выцягнуў стары паляўнічы гадзіннік у футарале, паглядзеў на цыферблат, потым на сонца і кіўнуў. - Гадзіннік ідзе правільна, - сказаў ён і спахмурнеў. - Слухайце, пані, ваш муж, пэўна, захоча пачысціць ветравое шкло. Чаму б вам не зрабіць гэтага, пакуль ён займаецца глупствам каля гэтых сваіх шынаў? Ануча вунь там. Вада ў бутэльцы. Ваду без патрэбы не разлівайце.

- Ат, хай сам гэта робіць. Я лепш пасяджу і пагавару колькі хвілін.

- Позна ўжо, - сказаў Вітэрспун. - Зараз пад'едзе грузавая машына, а я не люблю, каб тут кішэла людзьмі і машынамі, бо не змагу аддаць патрэбнай увагі кожнаму. Вазьміце ж тую анучу, пазмятайце казурак з ветравога шкла, дык шмат хутчэй выедзеце адсюль.

Місіс Морт зрабіла, як сказалі, на вялікае дзіва і задавальненне мужа, які пашкадаваў, што не бачыў яе твару, калі яна змятала мошак з ветравога шкла. Ён спытаўся ў Вітэрспуна, калькі заплаціць.

Вітэрспун прыплюшчыў вочы і ўважліва паглядзеў на бензакалонку.

- Адсюль быццам на два сорак восем.

- Каля гэтага, - адказаў Морт.

- Два сорак восем. Гэта значыць чатыры дзевяноста шэсць. Няхай будзе пяць даляраў.

- Пяць даляраў? - перапытаў Морт.

- Ну, тады чатыры дзевяноста шэсць, калі ты супраць таго, каб прыплаціць лішнія чатыры цэнты.

- Ды я не пра чатыры цэнты, а пра лішнія два сорак восем. За што гэта?

- Удвая. Я за ўсё бяру ўдвая. Яно варта таго ў пустыні. Пакладзі свае два сорак восем у бак, і машына на іх далёка не заедзе. У мяне бензін, ды і што тут доўга тлумачыць.

- Ясна, - сказаў Морт. Ён выняў з партманэ дзесяцідаляравую банкноту. Вітэрспун паглядзеў на яе.

- У пісьмовым стале, у верхняй шуфлядзе, знойдзеш некалькі па пяць даляраў і па адным. Вазьмі рэшту, а дзесятку пакладзі ў другую шуфляду, разам з дваццаткамі і пяцідзесяткамі. Не хачу цябе падганяць, але вось-вось тут будзе яшчэ адзін кліент.

- Вы б самі далі рэшту. Я не люблю лічыць чужыя грошы.

- Чаму? Я веру табе, хлопец. Ва ўсялякім разе ў пустыні ты нікуды далёка не дзенешся. Толькі адна дарога, хлопец. Бліжэйшы горад за пяцьдзесят пяць міль адсюль.

- Вось як, - сказаў Морт. Ён зрабіў, як было яму сказана, і далучыўся да жонкі, якая ўжо сядзела ў машыне. Ад яго ветлівасці нічога не засталося. Ён завёў машыну і, калі ад'язджаў, пачуў голас Вітэрспуна:

- Да хуткай сустрэчы, - сказаў Вітэрспун і зноў зірнуў на гадзіннік.



Пераклад: Уладзімір Шчасны