epub
 
падключыць
слоўнікі

Джордж Байран

Бронзавы век

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18


 

 

1

«Цудоўны даўні час»... Мінуў той час!

Ідзе сучасны — наш ён і для нас!

Было ў мінулым шмат вялікіх дзей?! —

Для большых стане здольнасці ў людзей!

Прасторы ёсць, размах вялікі ёсць

Для тых, хто гаспадар тут, а не госць.

Не знаю, плачуць ангелы ці не,

А чалавека гора не міне:

Не мала людзі плакалі даўней.

Нашто? — Каб плакаць зноў, яшчэ мацней.

 

2

Дабро і зло руйнуюцца на тло.

Чытач! А што ў юнацтве ў нас было?

Наш Піт усім быў, ці бадай усім,—

Яго праціўнік так казаў аб ім.

Асілкаў род мы бачылі з табой,

Тытанаў духа, як гару з гарой —

Афон ды Іду — з морам гучных слоў,

Што паміж іх выходзіла з краёў,

Як паміж грэцкіх і фрыгійскіх скал

У навальнічны час эгейскі вал.

Ды дзе ж тытаны, волаты? — Яны

Ляглі ў зямлі — труна каля труны.

Якая смерць магутная! Яна,

Уціхамірваючы ўсё адна,

Безнавальнічнай хваляю ідзе,

Не супыняючыся анідзе.

Глыбокі сэнс старых і новых слоў:

«Ты ёсць зямля, ў зямлю ты пойдзеш зноў».

Жуды не можа зменшыць час ніяк

Там, дзе паўзе бязлітасны чарвяк,

Дзе труны,— розныя такія над зямлёй,—

Зусім аднолькавыя ўсе пад ёй...

У зіхатлівай урне прысак згас.

З ёй Клеапатра прыплыла да нас

Праз мора тое, на якім яна

Антонія перамагла адна:

Прываблены дзівоснай пекнатой,

Ён ад імперыі паплыў за ёй...

І Аляксандра урна, сумны прах,

Цяпер стаіць на нашых берагах,

Якія, прагнуўшы чужой зямлі,

Імкнуўся ён заваяваць калісь.

Бяздумныя імкненні ўсе, няйнач,

Лятункі тыя, той зайздросны плач!

Усю зямлю забраць імкнуўся ён,

А што з таго дайшло да нашых дзён?

Забыты светам, Грэцыі сваёй

Пустэльны роспач кінуў, непакой.

Не знаў паўночнай выспы нашай ён,

Тут не Стаяў яго ніколі трон,

Куды па смерці лёс яго прывёў,

Дзе прах яго знайшоў апошні схоў.

 

3

Ды дзе ж ён, могут нашых новых дзён,

Які манархаў пазбаўляў карон,

Не быўшы з нараджэння каралём,

Нібы Сезострыс, вёў іх пад ярмом?

Яны цяпер, распрэгшыся з ярма,

Калі таго, магутнага, няма,

Перад якім змяталі пузам пыл,

Спрабуюць моц сваіх дранцвелых крыл.

Дзе ж той мудрэц і дзіцянё ў адным,

Малы ў вялікім, волат у малым?

Сусвет яму карцёжным быў сталом,

Гульнёй — імперыі, а стаўкай — трон.

Людскія косці пешкамі былі

У той гульні, нячутай на зямлі.

Смяяцца, плакаць можам мы з табой:

Ітог увесь на выспачцы малой.

Як не ўздыхнуць над клеткаю арла —

Яго на здзек нядоля прывяла.

З усмешкай глянь, як гаспадар плямён

Штодзённа сварыцца за рацыён.

Заплач аб тым, як уладар краін

Сумуе пра наедкі, колькасць він.

Ці мала там было драбніц такіх —

Не палічыць нам і не зважыць іх.

Ці гэта той, што каралёў караў

Або іх літасціва надараў?

А хто ж над ім стаяў у гэных днях? —

Хірургаў рапарт, графа балбатня.

Бюст не дазволяць ці пазбавяць кніг —

І ўсё. І ён пакутаваў без іх.

Не знаў ні сну, ні адпачынку той,

Што рушыў свет увесь рукой сваёй.

Ён, што вялікіх мог скрышыць усіх,

Цяпер як раб між вартавых сваіх.

Астрожны вартаўнік, нахабны шпік

Да кніжкі запісной яго прынік...

Ды лепш турма б сапраўдная была,

Чым ні вязніца тая, ні палац...

І хто б калі яго тут зразумеў,

Якую муку ён на сэрцы меў?

На скаргі ўсе адказ адзін: «закон»!

Віно і ежу прадугледзеў «ён»...

«На выспе клімат не па ім?!» — Дарма!

«Такога ў свеце больш нідзе няма!..»

А доктар, што на скаргі ўважным быў,

За гэта ў клімат іншы сам паплыў...

Хоць свет і апладзіраваў яму,

Як не парвецца сэрца тут ад мук? —

Пагарда ў ім, хваробы боль у ім.

Усё ж дабро бывае пры благім:

Найдаражэйшае з усёй зямлі

Яму да ложка мроі прывялі.—

Сяброў і сына вобраз каля ног

Ён у апошняе пабачыць мог...

І хоць здранцвеў дзівосны розум, згас,

Што свет шырокі чараваў не раз,

Усё ж арол пазбыўся кайданоў

І лепшы свет — над наш — сабе знайшоў...

 

4

Калі б адтуль ён мог зірнуць на дол,—

Згасанне б царства там свайго знайшоў.

Як пасмяяўся б ён з драбніцы той,

Якою быць жадаў ці стаў якой!

Хоць большы ён заваяваў абшар,

Чым прагнула знайсці яго душа,—

Пазнаўшы ўзлёты велічы, аднак

Пазнаў і заняпаду горкі смак.

Хоць каралі, засеўшы зноў на трон,

Такімі пнуцца быць, якім быў ён,—

Ад смеху не стрымаўся б ён ніяк,

Бяссмертны той над хвалямі маяк.

І хоць турэмшчык жорсткаю рукой

Закрэсліў надпіс над яго труной,

Пакінуўшы імя і пару дат,—

Прайшло імя ў бязмежны далягляд.

Яно дасць сілу гэтым берагам,

Як таямнічай сілай талісман.

І караблі з усіх краёў зямлі,

Калі б яны ля выспы ні плылі,

З высокіх мачт у гэты змрочны кут

Пашлюць яму ўрачысты свой салют.

Як абеліск Пампея вышынёй,

Калона Гальскай славы над зямлёй.

А скалы выспы, дзе ягоны прах,

Атлантыку ўвянчалі у вяках.

Прыроды моц стварыла над труной

Больш, чым узята сквапнаю рукой.

Каго ўрачысты той вянец кране:

Ці вольны дух, ці вязня у труне?

Яму цяпер турботы мала ў тым:

Ці ён жыве, ці нежывы зусім.

І калі б цень ягоны бачыць мог —

Аднолькавым і гэты быў бы лёх

На скальнай выспе, ў шчыліне глухой,

І Пантэон са славаю сваёй.

Усё ж захоча Францыя калі

Для славы, гонару свае зямлі,—

І каб суцешыць тым сваіх сыноў,—

Прывезці прах з далёкіх берагоў.

Яна з труной падыме косці ўсе,

Над пірамідай тронаў узнясе,

Ператварыўшы ў талісман такі,

Як Дзюгеклена ў даўнія вякі.

Няхай і так. Ды прыйдзе ўсё ж ткі час,

Калі імя яго абудзіць нас;

Над светам пройдзе, як набат, яно

І з барабанам Жыжкі у адно.

 

5

О неба! Ён тваёй зіхцеў красой!

Зямля! Ён — дасканалы вобраз твой!

Ты, выспа! Славу мецьмеш ад людзей:

Арлёнкам рос ён у тваім гняздзе.

Вы, Альпы, першы бачылі уздым,—

Сто перамог прайшло пасля за ім!

Рым! Цэзараў тваіх слаўнейшы ён...

Навошта ж ён прайшоў за Рубікон,

За Рубікон людскіх святых правоў —

У зграю чужаедаў-каралёў?

Егіпет! Між тваіх забытых пліт

У глыбіні вячыстых пірамід,

Пачуўшы новага Камбіза гром,

Аж здрыгануўся фараонаў сонм.

А ў гэты час ад Нільскіх берагоў

Сівыя здані сарака вякоў,

На пірамідах стаўшы ў шчыльны рад,

Спалохана глядзелі ў далягляд.

Гігантаў змрочных абняла жуда,

Калі ў пустэльні за ардой арда

Ў шаленстве дзікім бегала ўздагон.

Грымела зброя там з усіх старон,

Пясок бясплодны палівала кроў,

Каб нівай плённай мог ён стаць ізноў...

Іспанія, чый Сід на міг забыт

І чый схіліўся перад ім Мадрыд!

Ты, Аўстрыя, чый здрадніцкі пасад

Ён двойчы браў і двойчы даў назад,

Пачуўшы пра ягоны заняпад,

Дала яшчэ адну з падлейшых здрад...

Род Фрыдрыха наскрозь хлуснёй прасяк,

З ім не сябруе слава аніяк.

Разбіты пад Іенай, свой Берлін

Аддаў ён пераможцу. А затым,

Як раб пакорны, поўзаў перад ім,

Пакуль не дачакаў сваіх часін...

Насельнікі Касцюшкавай зямлі,

Якую скрозь крывёю залілі

Сатрапы Кацярынінскіх часоў...

Вы не забыліся на тую кроў!

Як быццам ангел помсты, над табой

Ён, Польшча, быў і вёў цябе на бой,

Каб, як была, такой пакінуць зноў,

З пустэльняю здратованых палёў,

Забыўшыся на жальбу ўсю тваю,

Распарцаваную тваю зямлю,

Пра волю страчаную ўздых,

Патокі слёз і лямант скарг тваіх,

Што над тыранам — за набат гучней...

Касцюшка! Прагнеш ты, каб найхутчэй

Прыйшла вайны адплатнае пара

З крывёй рабоў і самаго цара.

 

Высока сонца ходзіць над Масквой,

Зіхцяць званіцы ў небе па-над ёй.

Масква! Ты ўсім захопнікам рубеж!

Суворы Карл сюды імкнуўся перш,

Ды не дайшоў, хоць і паплакаў шмат.

Усё ж цябе пабачыў Банапарт!

Ды як! — Званіцы, цэрквы, кожны дом

Былі адным ахоплены агнём.

Паліў сваю хаціну селянін,

Купец — запасы ўсіх сваіх тканін,

Кнаты падпальныя даваў салдат,

Палац свой падпаліў арыстакрат...

Масква! Масква! Ты — як вулкан сама,

Якому роўнага — нідзе няма...

Везувій, Этна, знаныя з вякоў,

Памерклі ў водблісках тваіх агнёў.

Ты незраўнанай будзеш заўсягды,

Стаяць, Масква, ты будзеш і тады,

Калі агонь інакшы прыйдзе.

Ў ім —

Усе імперыі згараць на дым!

А сцюжа лютая! Урок які

Дала ты ўсім захопнікам цяжкі!

Ты ільдзяным павеяла крылом

І стан варожы ахінула сном.

Заснуў навек пад коўдрай снегавой,

Пад кожнаю сняжыначкай герой...

Які жахлівы дзюб твой, кіпцюры!

Яны душу вымаюць без пары...

Гукаеш, Сена, марна ты дамоў

З зямлі чужой вясёлых юнакоў.

Не лі у кубкі, Францыя, віно:

Не будзе імі выпіта яно.

Сваёй крыві ў халоднай той зямлі

Больш, чым віна ты маеш, разлілі...

Ляглі, як муміі, твае сыны,

Ў сумётах снегавых ляглі яны.

Праменнем зыркім перамог усіх

Не адагрэеш ты сыноў сваіх.

 

А заваёўнік вёз трафей — вазок.

Падбіты ён, як і яго сядок...

Раландаў рог гучыць з далін ізноў,

І нездарма — ізноў ліецца кроў.

Пры Люцыне, дзе швед калісьці лёг,

Ён, на нядолю мо, жывым застацца мог.

Пры Дрэздэне гнаў дэспатаў траіх.

Чацвёртым сам нядаўна быў для іх.

Хадзіла шчасце доўга разам з ім,

Цяпер, прыстаўшы, кінула зусім.

Тут ад ільва шакал саксонскі ўцёк

Да медзвядзя, ваўка, лісы ў куток.

І вось цяпер магутны цар лясоў

У роспачы сабе шукае схоў.

З бяды адной ён да другой ідзе.

Няма яму прытулку анідзе.

Вы, ўсе!

І кожны!

Францыя, зважай!

Нібы чужынскі плуг арэ твой край!

На кожным кроку быў упарты бой,

А здрада ўсё закрэсліла сабой:

Яна прыйшла з Манмартраўскіх узвышш,

Прыйшла у твой зганьбованы Парыж.

Ты, выспачка! З цвярдынь тваіх відна

Этрурыя і мора ўсё да дна.

Дала ты гордасці яго пакой,

Каб дачакаўся раты ён сваёй,

Каб зноў прыйшоў да родных берагоў,

Нявесту сумную пабачыў зноў.

Францыя! Як спатыкаў народ

Яго ў незабываны той прыход!

Крывавае, дурное Ватэрлоо!

Яно людзям і свету давяло,

Што недарэкі плён збіраюць свой

Ці здрадай, ці памылкаю чужой...

Святой Гэлены засмучоны край,

З бязлітасным турэмшчыкам! Зважай!

Тут Праметэй гукае у прастор

Да мора, сонца, да зямлі, да зор.

да ўсяго, што ў славе, поўны сіл

Схіляе ён ці ўжо раней схіліў;

Чыё імя пярэйдзе з роду ў род

З хадой бясконцай незлічоных год

І будзе ўсім гучаць, як запавет,

Пакуль існуе наш бязмежны свет;

Яго істота ўсім урок дала,

Урок адзін: «Не сатварыце зла!»

Адзін бы крок да добрага, і ён

Зачараваў бы ўсіх, як Вашынгтон.

Ды ён зрабіў той крок адзін — да зла,

І ганьба вечная яго апавіла.

Здабыў ён шчасце, а спажыць не мог,

Той, што на троне быў амаль як бог:

Айчыне — Цэзар, свету — Ганібал.

А лёс які ён сумны напаткаў!

Не цяміў ён, не думаў ён аб тым,

Як перад славай многа марнаты.

Што заваёўнікі! Ці мала кніг

Напісана пра дзесяць тысяч іх!

А пераважыў іх мудрэц адзін.

Да бліскавіцы ключ знайшоў Франклін,

І слава вечная жыве яму.

Жыве яна і волату таму,

Які здабыў свабоду і спакой

Свайму народу і зямлі сваёй:

Пра Вашынгтона водгалас такі

Ішоў, ідзе і пойдзе праз вякі.

І Балівару славу узнясе

Свабодны свет за подзвігі усе,

А для Пізара, ўсіх рабаўнікоў

Не знойдзе ён ніколі добрых слоў.

А ты, Атлантыка свабодная,

Каго ахоўвае ўся моц твая?

Прах дэспата, яго апошні схоў,

Цара цароў, раба паміж рабоў,

Што міліёны вызваліў людзей,

Каб закаваць ізноў, яшчэ мацней,

Стаптаўшы ў прах закон людскі і свой —

Ён блытаўся між тронам і турмой...

 

6

Вы гляньце! Іскра пыхнула ізноў!

Хвалюецца ў іспанскім сэрцы кроў!

Той горды дух, што маўраў выгнаў прэч,

Праз восемсот гадоў узняў свой меч.

На той зямлі, дзе сонца жар вялік,

Гучыць здаўна: «Іспанец — рабаўнік!»

Дзе йшоў захопнік люты па касцях,

Дзе Кортэса, Пізара веяў сцяг,

Там Новы Свет сапраўдны, поўны сіл,

Патомак вальналюбны ўстанавіў.

Прыйшоў юнацтва дух зноў у народ,

З якім ён гнаў калісь персідскі флот

Ад берагоў, дзе Грэцыя была...

Не! Не была, а ёсць, бо аджыла!

За справу ўсеагульную на бой

Злучаюцца мільённай грамадой

Рабы Усходу, Захаду рабы.

Адзіны сцяг адзінай барацьбы

Ўзнімаюць Анды і узняў Афон.

Так светы два ў адзін яднае ён.

Грэк меч Гармодаў падымае зноў.

Чыліец прэч прагнаў чужых паноў.

Спартанец зразумеў, што ён — ёсць грэк

Стаў мексіканец — вольны чалавек.

На Атлантычным акіяне вал

Перад сабою дэспатаў пагнаў,

Каля мяцежнай Францыі прайшоў,

Пабыў ля Геркулесавых слупоў,

Крануў Кастылію, нібы набат,

Дапамагчы Аўзоніі быў рад,

Віры Эгейскія узняў сабой,

Ды змоўк, згадаўшы Саламінскі бой:

Стыхія вод слабей людзей жывых,

Тыран не здолее суцішыць іх.

Народ жа гэты покуль што ў бядзе,

Яму памогі не даюць нідзе.

А праз яго прыняў шырокі свет

Свайго веравызнання запавет!

Спустошана усё на астравах,

За ворагам — разня, батурствы, жах.

Далёкія і блізкія сябры

Чакаюць прыдатнейшае пары,

Калі пабольшае прыбытак ім,—

Дапамагаюць языком сваім...

Лепш люты вораг, чым фальшывы друг!

Мацнее хай вольналюбівы дух!

Айчыну вызваліць ад кайданоў

Змаганне толькі ўпартае сыноў!

Не! Варвар з маскай міру — цар рабоў —

Не можа зняць з народаў кайданоў!

Лепш, мабыць, ёрмы гордых мусульман,

Чым танец пад чужацкі барабан!

Лепш праца вольная і вольны стан,

Чым у ярме стаяць каля варот

Рабом рабоў. Дзе, больш таго, народ,

Нібы жывёла, мерыцца гуртом

І раздаецца па панах царом.

А тым панам салодкі сніцца сон,

Як у Сібір людзей вывозіць ён...

Лепш у пустэльні дзе з вярблюдам жыць,

Чым у мядзведзя чалядзінцам быць!

 

7

Не толькі ў старадаўняй той зямлі,

Дзе Час і Воля разам расцвілі,

Дзе змрочнай хмарай інкаў даўні род

Ідзе, нібы дзівосны карагод,

Зарэе,— не! Іспанец стаў на бой,

Пагнаў захопнікаў з зямлі сваёй.

Не Карфаген або магутны Рым

Прыйшлі ў зямлю яго з мячом сваім.

Не злы вандал, раз’ятраны вестгот

Ідуць навалай на яго народ;

І не Пелагій з глыбіні вякоў

На бой склікае ўсіх сваіх сяброў:

Жніво ўсё зжата тое. Хіба маўр

Пра тыя дні, ўздыхнуўшы, ўспамінаў.

З вясковай песні прагучыць калі

Пра тых, другіх, што тут калісь былі:

Абенсерагі, зэгры — ўсе яны

Былі і адышлі шляхом адным.

Улады, веры іх, мяча — няма.

Але цяпер прыйшла жуда сама:

Кароль-ханжа. З ім люты кат-манах,

Шпік інквізіцыі. Яны ў кастрах

Людзей палілі, каб нажрацца мог

Каталікоў бязлітасны Малох.

Ён і глядзеў на гэны дзікі фэст,

Разгул крывавага аўтадафэ,

Упяліўшы халодны свой пагляд

На тых ахвяр, што сек і нішчыў кат...

Кароль бываў ці жорсткім, ці слабым,

А найчасцей — і першым і другім;

Гультайства гонарам было ў вяльмож.

Іх заняпад радзіўся ад яго ж.

Зусім прыніжан быў звычайны пан.

Нікога не было ніжэй сялян.

Ды не было бяднейшых, чым яны.

І беглі людзі з роднай стараны.

Бязлюдзеў край. Грамады караблёў

Без ветразей стаялі, без рулёў.

Звялася ў войску сіла ўся амаль,

Як і таледская звялася сталь...

Заморскі край не шле дарункаў Той,

Што за яго — сыноў вадзіла ў бой.

А мова тая, што была гучней,

Чым родная, для шмат якіх людзей

І што цудоўным хараством сваім

Была раўня тваёй, вялікі Рым,—

Цяпер забыта, як і ты сама.

Іспанія! Шляхоў табе няма?!

Такой была ты — стань цяпер другой!

Сцяг нумансійскі кліча ўсіх на бой!

Тарэадор! Паўстань хутчэй ізноў!

Тарэадор! Фаларскі бык зароў!

Паўстань, гідальга! Меч сціскай дужэй!

Імкніся кліч: «Іспанія — дружней!»

Дружней, шчыльней жывы замкніце круг

Сцяной нязломнай баявых кальчуг.

Несакрушальны дайце зноў заслон,

Які не мог прабіць Напалеон.

Вайна! Адвага і пякельны жах...

Бязлюддзе на здратованых палях...

Нябожчыкі на вуліцах пустых,

Крывёй залітая зямля ля іх...

У Сьеры дзікай партызанскі стан.

Не пройдзе вораг там, дзе партызан!

Праславілі навекі змагары

Сябе і сарагоскія муры...

Геройства векапомнае дзяўчат

Вышэй геройства амазонак нат,—

За чэсць і славу роднае зямлі

Яны дарогай баявой ішлі...

Славутыя Таледскія клінкі,

Славутыя іспанскія стралкі,—

Арлінавокі у стралкоў пагляд,

Несакрушальны ў іхняй зброі гарт!

А коні андалузскай стараны —

Найлепшыя на свеце скакуны...

Агнём Масквы ахоплены Мадрыд,

У кожным сэрцы ўваскрасае Сід!

Была ты, ёсць, павінна быць такой!

Паўстань жа, Францыя, ты разам з ёй!

Калі яна пазбудзецца ярма,

Дык станеш вольнаю і ты сама!

 

8

У-га! Кангрэс! Па назве — самы ён,

Што ў Новым Свеце скасаваў прыгон!

Ці, можа, гэтага чакаць і нам,

Еўропы спарахнелае сынам?!

На гэты кліч ідуць, як Самуіл

Супроць Савула, ў росквіце ўсіх сіл

Тыранам пагражаючы бядой,

Вяшчальнікі свабоды маладой:

І Патрык Генры, Дэмасфен лясоў,—

Закляты вораг турмаў, кайданоў;

Ідзе упарты, мужны Бенджамін,

Які маланку сунімаў адзін;

І Вашынгтон, саромячы усіх,

Што церпім дэспатаў дасюль сваіх.

Даўно ён радзіў павыкідваць вон

І кайданы, а разам з імі — трон.

Ды ўсё ж ткі хто ўвайшоў у той Савет,

Каб ратаваць ад смуты цэлы свет?

Святую назву хто згадаў ізноў,

З якою вызвалялі там рабоў

І абвяшчалі вольным род людскі

На свеце ўсім і на усе вякі?

Ды хто усё ж ткі ў ліку тых траіх,

Хто тыя суддзі праведныя ў іх?

Як малпа чалавеку не раўня,—

Далёка ад святога іх трайня!

Як ні круці, не выйдзе і на жарт

З трох дурняў тых адзін хоць Банапарт.

Былі багі ў Егіпце разумней,—

А ў іх жывёла ўся была цішэй:

Закуты добра ведала свае,

Дзе гаспадар-бог есці-піць дае.

А нашай мала ежы і пітва.

Быкі, сабакі пруцца ад хлява:

Сабака — гаўкаць, бык — басці ідзе.

Няма спакою цераз іх нідзе.

У жаб Эзопавых быў лепшы стан:

Стаяў над імі нежывы цурбан.

А наш гайдаецца туды-сюды,

Зацятай злосці повен заўсягды.

Ён глушыць тупасцю сваёй народ,

Каб буслу менш было пасля турбот.

 

9

Верона! Бляск трох велічных свяціл

Патройнай сілай над табой свяціў.

Вось гэта слава! Што там перад ёй

Джульеты прах з Джульецінай труной!

Чаго «Кан Грандэ» — «Пёс Вялікі» — варт,—

Асмелюся я даць і пераклад,—

Каля такіх вяльможных мапсюкоў,

Завод якіх ад царскага пайшоў?

І твой Катул, паэт сапраўдны твой,

Хоць лаўры ўжо на галаве другой?

І твой тэатр, што зачароўваў Рым?

Твой мур стары, прыпынак у якім

Знайшоў выгнанец Дант на схіле год,

Так і не выйшаўшы з тваіх варот?

Шырокі свет яму тут стаў турмой,

Замкнуўшыся тады ў табе адной...

О, каб замкнула ты ў мурах сваіх —

Навекі! — гэтых дэспатаў траіх!

Пастаў і помнік ганьбе, крыўдзе ўсёй,

Што спавіла зямлю ўсю гаркатой...

Нашто тэатр? — Ды вось ён — з’езд паноў!

Дзе лепшую б камедыю знайшоў?!

Зіхціць тут зорак на істужках шмат,

Глядзіць народ на іх з астрожных крат...

Італія! Бі ў далані мацней!

З ланцужным звонам — воплескі званчэй!

 

10

Якая пышнасць! Вось ён — цар і хлюст,

Аматар вальсаў і жаночых змуст.

Ён самаўладца ў войнах і жыцці.

Такога дэспата другога не знайсці.

Калмык на выгляд, з розуму казак,

Яшчэ ў адлігу ён і так і сяк,

А як мароз усходзіцца мацней,

Тады і ён цвярдзее для людзей.

Пагаварыць ён пра свабоду рад,

Ды толькі так, каб больш паставіць крат.

Не ганіць, хваліць ён і мір-спакой,

А сам радзіўся і памрэ з вайной.

Свабоду грэкам дакляруе ён,

Іх заклікаючы пад свой прыгон.

Палякам сойм дазволіў. А затым

Ім загадаў маўчаць у сойме тым.

Як бы сардэчна ён хацеў паслаць

З Украйны сціплай, задуменнай раць,

Яе сыноў, вясёлых парубкоў,

Аж да іспанскіх дальніх берагоў,

Каб там іспанцаў правучыць маглі.

Зазіхацеў бы як ён сам, калі б

Мог у Мадрыдзе пабываць тады!

На поўдзень ён імкнуўся заўсягды...

Каго пытанне гэта не кране:

З Масквою лепей сябраваць ці не?

Далей! Цябе натхняе цёзка твой,

Ды і Лагарф, настаўнік твой, з табой.

Знайдзі ж ты, Скіфе, ля Іберскіх скал,

Што ў Скіфіі твой цёзка адшукаў!

Згадай прытым, юнак немалады,

Як продак твой на Пруце лез з бяды.

Пакліч на раду ты кабет старых.

Ды Кацярыны больш няма між іх!

Іспанія багата мае скал.

Як бы мядзведзя леў там не задраў!

Пры Херасе ушчэнт быў знішчан гот,

І Банапарта перамог народ!

І для цябе там пачастунак ёсць,

Аж паляціць твая па ветру поўсць.

Лепш меч на плуг табе перакаваць,

Лепш цаліну пустэльную ўзараць,

Ад рабства вызваліць народ лепш свой,

Чым кідацца туды сторч галавой.

Табе маленькі гонар з бізуна.

Дзе гвалт і ўціск — няслава там адна.

Іспанскі край багат сваёй зямлёй,

Ёй непатрэбен твой смярдзючы гной.

Хапае хлеба для сябе ў яе.

Для ворагаў яна не засяе!

Там сытыя, між іншым, каршуны.

А можа, ты нясеш ім свежыны?

Ты трупаў пастаўшчык, а не салдат!

Не ўстанавіць табе там новых крат!

Я — Дыяген. Царам не брат, не сват.

Ты засланіў мне сонца, далягляд!

Я — Дыяген — лепш стаў бы чарвяком,

Чым стаць такім, як Аляксандр, царом.

Хто хоча быць рабом,— хай будзе ім,

А Дыяген не быў, не хоча быць такім!

Яму і бочка — трывалейшы схоў,

Чым пышныя палацы для цароў.

Шукаючы і днём з агнём людзей,

Ён на цароў ліхтар не навядзе.

 

11

Што ж Галія, ўсіх «ne plus ultra» рай,

Іх гадавальнік, іх радзімы край?

Там ладу мала, а бязладдзя шмат.

У шуме, вэрхале яе палат

Прамоўцаў заглушаюць галасы,

Па зале рэхам носіцца: «Хлусы!»

У нашых брытаў схопіш сэнс хутчэй.

Тут языкоў больш, мабыць, чым вушэй.

Тут сам Канстан з трыбуны лезе ў бой,

Каб сэнс давесці шпагаю сваёй.

Француз, чым слухаць, лепш паб’ецца з кім,

Хоць бацька родны будзе перад ім.

Ён разважае, што не языком,

А лепш тлумачыць справу кулаком!

Трымаўся думкі адваротнай Рым:

Прамовай Тулій мур кранаў у ім.

А Дэмасфен — той іншы прыклад даў:

Са «словам» «дзею» ён і аб’яднаў.

 

12

А дзе ж манарх? Абедаў? Ці жывот

Яго нястраўнасцю кідае ў пот?

Ці з асяродку здрадніцкі пірог

Яго вялікасці пашкодзіць мог?

Пачаўся рух мяцежны ў войску дзе,

Ці ў кішках рух спыніўся пры ядзе?

Ці кухар-карбанары вінават —

Сумысля не дасмажыў карбанат?

Або дыэту доктар загадаў?

Відаць, што ў Францыі уся бяда

Была заўжды і ёсць для каралёў

Ад кухні здрадніцкай, ад кухароў.

Класічны Людвік! Справа ўся ясней:

«Жаданым» быць жадаеш для людзей!

Нашто ты кінуў Гартвел ціхі свой

З паэзіяй, са смачнаю ядой?

Народу ад цябе карысць адна:

Твая улада горш ад бізуна.

Ты па сваёй натуры гастраном.

Сядзеў бы за абедзенным сталом!

Наогул ты прыемны ягамосць,

Нядрэнны гаспадар, жаданы госць.

Ты і паэтаў ведаеш так-сяк,

Ты і ў закусках разумееш смак,

А што дзяржавай кіраваць — ніяк!

Табе падагра клопату дае

Больш, чым трымаюць сілы ўсе твае.

 

13

Ці можа быць, каб я хвалу не ўзнёс

Сваёй айчыне гордай — да нябёс?

«Мастацтва... слава... наш магутны флот...

Георг... дзяржава... горды наш народ...

На выспах скалы, аж за далягляд...

Падаткам трэба падтрымаць урад...

І Велінгтон, сівы герой вайны,

На востры нос павесіў шар зямны...

І Ватэрлоо... і гандаль... шмат дарог...

(Маўчы лепш пра падаткі і пра доўг!)

Не задрыжала ў Кэстлеры рука...

Сябе сцізорыкам, як гусака...

А маракам — не страшны гром і шторм

(Для рыфмы не краніце як рэформ!)»

Такія тэмы. Пісана пра іх

Багата самых разнастайных кніг.

Перапяваць не буду іх ізноў.

Для новых тэм нам хопіць новых слоў.

І рыфмы знойдуцца для іх званчэй,

І сэнс іх будзе значна цікавей.

Твой геній, Канінг, ясны розум твой

Прыносяць столькі сілы маладой,

Што над парламенцкаю праснатой

Твае зіхцяць, як зоркі над зямлёй.

За ўсе прамовы — мудраму хвала!

А торы нашы прагнуць толькі зла.

Ты глянь на вочы іх — у іх вачах

Ты прачытаеш ненавісць і страх.

Склікае лоўчы ўсіх сваіх хартоў.

Яны бягуць на трубны гук рагоў

І да таго бягуць, хто ім трубіў.

Ды не з замілавання іхні сквіл!

Тым больш, двуногаму звяр’ю не вер:

Лягчэй мяняе шлях двуногі звер.

Твая падпінка можа ашукаць,

І царскі конь пачне на ўсе кульгаць.

Як ступіць дзе няспрытна капытом,

Дык сядзе ў гразь надоўга з седаком.

Вось так, з такіх здарэнняў і прыгод

Жывёлу пазнаюць, яе завод.

 

14

Мая айчына! Ці дасі мне сіл,

Каб зграю вырадкаў я закляйміў,

Якая горка плача аб вайне,

А шчасце наша — мірны час — кляне?

Нашто яны існуюць на зямлі?

Каб паляваць, галасаваць маглі?

На збожжа дачакаць вышэйшых цэн?

Ды збожжа, як і ўсё, што прах і тлен,—

Як лаўры, заваёўнікі, цары,—

Цану сваю трымае да пары.

Вы згінеце, як знізіцца цана!

Для вас жыццё шчаслівае — вайна.

Нашто пазбаўлен трона Банапарт,

Калі даваў ён вам прыбыткаў шмат?

Знішчаў ён царствы, а пасля ўсіх змен

Для вас ішло павелічэнне цэн.

Ад іх мілордам лепшы быў жывот.

Аграрная алхімія — даход!

Як паслізнуўся дэспат пад Масквой,

І вы заплакалі з сваёй цаной.

Што вам дае ў выгнанні Банапарт?

На троне быў бы большага ён варт!

Знішчаў ён скарбы, свет заліў крывёй —

Вам адплаціла Францыя сваёй!

Было затое збожжа даражэй,

А вам цяклі прыбыткі ад людзей:

Прыносіў грошы ў тэрмін вам народ

За хлеб, арэнду з пустак і балот.

Дзе ж той плацельшчык з поўнай калітой?

Дзе моцны эль, які пілі з табой?

Чаму на пусткі попыту няма,

Ніхто балот не хоча больш займаць?

Дзе зыск на зыск, дзе з гроша сто грашоў?

Адкуль ён, гэты чортаў мір, прыйшоў?

Нашто і хто ў парламент цягне план,

Каб дапамогай падтрымаць сялян?

Ад думкі той вам галава баліць,

Што бедны стане лепш на свеце жыць.

Лягчэй людзям,— тлумачыце вы нам,—

Калі ўсе грошы аддадуць панам.

— Павысіць курс, падняць вышэй даход,—

Пра гэта марыць «чулы патрыёт».

А калі не, крычыць пагрозна ён,

Міністраў мы павыганяем вон.

І булкі стануць меншыя вагой,

Хоць не паменшаюць яны цаной.

Пагоршала «хлеб-рыба» на вачах:

Змяльчэла мора, жар у печах счах?

Ад усяго багацця тых часін

Застаўся толькі запавет адзін:

Цярпі, сціскайся, лепшага чакай

І на жыццё сваё не наракай,

Калі шчаслівага білета лёс

Да латарэі шчасця не прынёс.

Сябе ён будзе суцяшаць адным,

Што ён шчаслівы розумам сваім.

Хто Цынцынатаў бачыў, як яны,

Вось гэных гнусных сейбітаў вайны:

Наёмны меч араў перад сяўбой,

А паліваў зямлю — крывёй людской...

Калі стагнаў, пакутаваў народ,

Яны тады падлічвалі даход.

Піла іх зграя злая з году ў год

Людскую кроў, людскія слёзы, пот.

Навошта ўсё? — Даход, даход, даход!

Яны кляліся ўсе пайсці ў паход

За Англію сваю, за свой народ.

А засталіся жыць — лічыць даход!

Ім мір страшней, чым бедным недарод.

Вайна для іх — даход, даход, даход!

Яны айчыну любяць вельмі ўсе,

Пакуль у іх кішэні не трасе.

Як толькі грошы звыдаткуе ён,

Шукае, дзе б знайсці за гэта плён:

Ці нельга як падвысіць абарот.

НЕ?! — К д’яблу ўсё! Гані вышэй даход!

Іх зло, дабро, іх шчасце без турбот,

Жыццё і смерць — даход, даход, даход!

Ты першародства за абед прадаў,

Пасля хацеў вярнуць яго, Ісаў?

Ізраіль доўг спагоніць заўсягды!

Ты менш бы еў, больш думаў да яды!

Так і мілорд, нажэршыся крыві,

Цяпер свой твар на раны не крыві!

Няўжо за вас свае здабыткі ўсе

Народ, айчына ў банкі панясе?

За ўсе прыбыткі вашы, ўвесь даход

Плаціць павінен бедны наш народ?!

Яшчэ і цэрква: ўсё ў яе не так,

То верных мала, то на грошы брак.

Жагнаецца на боскі крыж прэлат,

А сам шукае цёпленькіх пасад.

Дзяржава з цэрквай ад пачатку дзён

Ніяк дагэтуль не падзеляць плён.

З часоў патопу сварка ў іх ідзе,

Як абабраць бы ім спрытней людзей.

З авечак воўны панастрыг біскуп,

А рэшту ўсю купец ці банк даскуб.

Яны будуюць новы Вавілон.

Твой сумны час прыходзіць, Альбіён!

Чаму ўсё так? Каб сыт быў і адзет

Аграрый, сквапны скнара-чужаед,

Што, як мурашка ці падземны крот,

Ніколі свой не задаволіць рот.

Да тых істот пачварных, абібок,

Ідзі хутчэй, вазьмі у іх урок,

Каб ты да сэнсу рэчаў сам дайшоў,

Пазнаў, чаму ліецца наша кроў,

Адкуль падаткі і дзяржаўны доўг,

Хто сатварыць яго і як памог.

 

15

Пара плысці між новых Сімплегад,

Пагрозных скал — фінансавых палат,

Дзе б Мідас шчасця больш пазнаў цяпер:

Сніў золата б, а меў бы — стос папер.

Быў у Альчыны багацейшы скарб,

Чым наша Англія ўся мець магла б,

Калі б у кожным атаме сваім

Яна была каменнем дарагім.

Банкуе Шчасце, Бізнес ход вядзе.

Аж свет дрыжыць, пакуль гульня ідзе.

Багат наш край! Не мірам ці вайной,

Не золатам, віном або рудой,

Не ханаанскім мёдам з малаком

І не грашыма (з вэксалёў жывём),—

Нідзе няма другіх такіх краёў,

Дзе больш было б прыблудных гандляроў.

Ім зубы Джон-кароль даўней лячыў,

Цяпер на царскі рот яны ўрачы.

Урады, рэчы, грошы ў іх руках.

«Ад полюса да Інда» іх размах.

Пяцёра іх баронаў-махляроў

Падтрымліваюць дэспатаў-цароў:

Пазыку мае ў іх банкрут-тыран

І дэспат кожны на свой скрутны стан.

Ці ж гэта ўсё? — Калумбія ў залог

Нясе ім плён нялёгкіх перамог.

Махлярская «спагадная» рука

Сок цісне і з іспанца-жабрака.

Без іхняй дудкі нават рускі цар

Пачаць не можа свой паходны марш.

Не меч, а моц, што ў золаце, вядзе

Да перамогі на вайне людзей.

Дзе хочаш адшукаюць без бяды

Біблейскую айчыну два «сябры».

Яны ўдваіх заціснулі і Рым:

Не горш, а лепш, чым гуны, селі ў ім.

Залежыць свет шырокі наш ад іх,

Ад гэтых несамарыцян дваіх.

Пра шчасце свету — гора мала ім:

Для іх кангрэс — «другі Ерусалім»,

Дзе тытул графа, чын і ардэны

Дастануць лёгка ад цароў яны.

Абрам! Ці бачыў ты сваіх сыноў

Паміж каранаваных парсюкоў?

Ты глянь! Не плюнуў нават ні адзін

На іх усім вядомы «габардзін»!

Наадварот, пашану ўзносяць ім,

Тваім сынам заслужаным такім.

(Ды дзе ж твой, Папа, выспятак такі,

Каб той махляр схапіўся за бакі?

Ці ты адбіць баішся свой абцас?)

І вось ізноў — жыў Шэйлак, жыў! — у нас

Яны з-пад сэрца нацыі жывой

Імкнуцца «мяса фунт» адрэзаць свой.

 

16

Дзіўны кангрэс! Павінен ён злучыць,

Што можа толькі паасобна жыць.

Не пра цароў тут гутарка зусім,—

Яны ялеем мазаны адным,—

Пра тых, што лялькі торгаюць за ніць:

Пярэстасць іх ніяк не узгадніць.

Паэт... ваяка... прайдзісвет... яўрэй...

Ты глянь, Еўропа! Дзе хаўрус хітрэй?!

Вось Метэрніх — улады паразіт,

Наш Велінгтон, якім паход забыт,

Шатабрыян, што піша пра святых,

І хітры грэк, слуга паноў дурных,

І Монтмарансі — вораг вольных праў,—

Запрошаны у хеўру тых дзяржаў,

Хоць дыпламат, праслаўлены там-сям,

Сваю адстаўку прамаргаў ён сам...

Выдатны розум здалеку відаць...

Як можна мір вышэй міністра ўзняць?

Зышоў на нет, ды зноў падняцца мог:

«Як лёгка ён іспанцаў перамог!»

 

17

Далей ад іх! У іншы далягляд

Кідае муза сумны свой пагляд.

Як сцень, як здань, стаіць перада мной

Там вобраз той царыцы маладой,

Што з нараджэння да апошніх дзён

Ішла цераз кароны да карон.

Ахвярай царскай гордасці была,

Надзеі царскай сына прывяла.

Схіліўся свет бязмежны перад ёй,

Не бачыў свет магутнасці такой.

Цяпер яна пастаўлена на здзек,

Як самы меншы ў свеце чалавек.

Не можаш, Аўстрыя, дачкі пашкадаваць?

Дзе быць павінна Францыі ўдава?

Там, дзе святой Гэлены пенны вал,

Там, каля ўскрытых пенай дзікіх скал,

Дзе супачыў навек Напалеон,

Павінен там стаяць удовін трон.

Ды не! Знайшлі інакшы ёй пасад:

Аддалі Аргусу царыцу пад нагляд.

Хоць не ставокі гэта камергер,

Ды і яна інакшая цяпер.

Узяты ад яе такі абшар,

Якіх не сніў нідзе ніякі цар,

А Карл Вялікі дасягнуць не мог:

Абшар з Масквы да гор паўднёвых лёг.

Цяпер карону Пармскую далі

У беднай і спустошанай зямлі.

Палац паважнасці хоць мае шмат,

А ўсё ж усмешкаю кране пагляд...

Ды вось яна! Ў Вероне! Без вянка,

Якому роўных не было ў вяках...

Хоць прах яе супруга не астыў

У той зямлі, дзе ён выгнанцам быў.

(Ды не застыне ён ніколі, не! —

Маланкай возьмецца, як і раней!..)

Вось Андрамаха (ах! не пра яе

Сляпы Гамер нам і Расін пяе) —

І побач — Пір! Руку ён падае,

Якой скрышыў уладара яе,

Аблітую крывёю Ватэрлоо.

Што ж! Прыняла яна руку яго...

Што ў рабстве можа быць вышэй, ніжэй?

Яна схавала ў глыбіні вачэй

Ці ў сэрцы смутак захавала свой?

Так экс-царыца стала экс-жаной...

Калі такія сэрцам каралі,—

Ці варта нам іх шкадаваць калі?

 

18

Збянтэжаны вар’яцтвам спраў чужых,

Я йшоў дамоў, суладжваючы іх,

А муза плакала мая ў той час.

Якраз з’явіўся Кэртыс каля нас,

Апрануты спаднічкаю сваёй,

Перад усёй шатландскай грамадой.

Старшыні ўсе, пабачыўшы яго

Віталі так, як роднага свайго.

Як рэха з гор, грымеў іх дружны хор

У ратушы, над ратушай: «Клэймор!»

Пабачыўшы, як зграбна іх тартан

Спавіў у Кэртыса таўшчэзны стан,

Адразу муза страх згубіла свой,

І смех такі узняўся над зямлёй,

Што і цяпер званочкам звоніць ён.

Прачнуўся я... Ды гэта ж быў не сон!

Цяпер, чытач, хадзем на супакой.

Пачуем, можа, і працяг з табой...


1960-1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. ІІ. Паэмы, балады, казкі. Мінск, "Беларусь", 1965. - 432 с.