Джордж Байран

Шыльёнскі вязень

САНЕТ ДА ШЫЛЬЁНА
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV


 

САНЕТ ДА ШЫЛЬЁНА

Спрадвечны дух! Не знаючы акоў,

Зіхціш ты, Воля, найясней з-за крат.

У сэрцах там пачэсны твой пасад,

Там незгасальная к табе любоў.

 

І хоць тваіх зняволілі сыноў,

Забралі ў змрочны, падзямельны лёх,—

З іх мук Айчына йдзе да перамог,

Ты ўзнімеш крылы ў першым ветры зноў.

 

Шыльён! Святое месца твой астрог,

Твая падлога сумная — алтар.

Каменне пратаптаў тут, як мурог,

 

Сваёй хадой бясконцай Банівар.

Не выкрасліць ніхто слядоў тых дзён,

Яны тыранству вечны шлюць праклён.

 

I

Ссівеў я ўвесь не праз гады,

Не ў ноч адну

Ўзяў сівізну,

Як хто з раптоўнае жуды.

Не з працы выгнула мяне —

Ў бяздзейнасці ганебнай быў,

Бяздзейнасцю сябе скрышыў.

Здабычай дадзены турме,

Пакуту цяжкую пранёс.

Я лёсам меў тых людцаў лёс,

Забраны ад якіх былі

Акрасы неба і зямлі.

За праўду бацькаву цярпець

Мне кайданы і клікаць смерць...

Загінуў бацька на кастры,

Не зрокся праўды ён, стары.

У цьму нябыту па адным

Зышлі сыны услед за ім.

Шэсць юнакоў і сам айцец

(Адзін застаўся я з сямёх)

Спаткалі горда свой канец:

Іх вораг знішчыў, ды не змог!

За шчасце роднае зямлі

Яны на смерць усе пайшлі.

Засеклі двух братоў мячом,

Спалілі трэцяга агнём.

У вежу кінулі траіх,

І я — астатні зломак з іх.

 

II

Ёсць там гатычных сем слупоў,

Дзе мур Шыльёнскі ўглыб прайшоў.

Ёсць там пахмурых сем калон,

Дзе апавіўся змрокам ён,

Куды не дасягае дзень,

Хіба заблудзіцца прамень,

Як баючыся, ў гэты гмах

Праз шчыліны ў таўстых мурах,

Каб знікнуць зноў у шэры змрок,

Нібы балотны аганёк.

Пры кожным слупе колца ёсць,

Пры кожным колцы ёсць кайдан.

Жалеззе — люты ягамосць,

Яно нагрызла цяжкіх ран.

Ягоны след — няўгойны след.

Аж покуль кіну гэты свет

І гэту яснавейнасць дзён,

На целе застанецца ён.

Ад сонца ў цемры я адвык,

Гадоў цяжкіх я страціў лік,

Калі сканаў апошні брат,

А я, жывы, лёг з ім у рад...

 

III

Прыкулі нас траіх яны,

Былі мы разам і — адны:

Ні адысціся ні на крок,

Ні бачыць брата цераз змрок,

Бо пры святле астрожных крат

Чужым здаваўся нават брат.

Нас разлучыў, скаваў ланцуг,

Але злучала сэрца, дух.

Нам забаронены былі

Акрасы неба і зямлі,

Ды вораг мову ўзяць не мог,

Яна лунала праз астрог,

Уцеху несла, песню, сказ,

Надзеі песціла для нас.

Але правеяў сцюжай час,

І смутак стаў у галасах,

Як рэха ў клятых тых мурах,

І вольнасці не стала ў іх,

І самы гук прыглух, прыціх,

Аж нат здавалася калі,—

Не нашы галасы былі...

 

IV

Быў я старэйшым ад усіх,

Суцешваць іх павінен быў.

І што мага — я ўсё зрабіў,

І кожны так рабіў з траіх.

Больш суму з меншага было:

Ён пестуном у бацькі рос,

Бо, як у маці, меў чало

І вочы, што сіней нябёс.

Такому птушаню сядзець

У гэткім выклятым гняздзе!

Прыгожы, як палярны дзень

(А дзень нам прыгажэй з-за крат,

Чым вольны лёт для арлянят),

Дзе сонца йдзе на захад свой

Аднойчы ў год, перад зімой,

У зіхаценні снежных шат,—

Так ён ішоў на заняпад...

Юнак, са шчыраю душой,

Заўжды лагодны меў настрой.

Ён плакаць мог, ды па другіх,

Калі не мог суцешыць іх.

А слёзы, як з вышынь ручай,

Спагаду неслі праз адчай...

 

V

Другі быў такжа чыст душой.

З маленства ён імкнуўся ў бой.

На цэлы свет ісці быў рад

І згінуць, стаўшы ў першы рад,

Ды не пятрэць у кайданах!

Душу вымае іхні сквіл!

Цярпеў ён мужна, хоць і чах,

Але цярпець не стала сіл.

Змагаўся я з бядой цяжкой,

Як мог, бадзёрыў іх настрой,

Уцеху нёс дваім з сямі,

Той рэштцы любае сям’і...

Паляўніком ён змалку быў,

Страляў ваўкоў, аленяў біў.

Цяпер жа — кайданы ля ног

І чорны вір над ім — астрог...

 

VI

І Леман воды разаслаў

Аж пад Шыльёнскі стромкі вал,

Каб там, нястрымныя, плылі б

На футаў тысячу углыб.

(Акрэсліў так глыбіні вод

Са снежна-белай вежы лот.)

Там за каменнем і вадой

Былі ў магіле мы жывой,

Бо цёмны лёх, што нас сцярог,

Ніжэй вады скляпеннем лёг.

Мы чулі, як шуміць прыбой

І дзень і ноч над галавой.

Калі ж віхор гудзеў зімой,

Да нас за краты пену нёс,

Паветрыў пырскі ў бляск нябёс,—

Муры ўздрыгаліся тады.

Я ўздрыгі слухаў без жуды.

З усмешкай мог я смерць сустрэць:

Была б вызвольніцай мне смерць.

 

VII

Спрамогся брат адзін спярша,

Згубіла гарт яго душа.

Не пераборлівы ў ядзе,

Ён на яду не мог глядзець,

Хоць кожны з нас, як паляўнік,

Да ежы простай змалку звык.

Заместа млека горных коз

Астрожны роў ваду нам нёс.

І хлеб наш, на пакутны смак,

Слязьмі нявольнікаў набрак

З тых пор, праз незлічоны век,

Як чалавека чалавек,

Нібы якую зверыну,

Ў жалеззе лютае замкнуў.

Каб толькі гэтай і бяды!

Не гэта нас гняло тады! —

Натуру меў такую брат,

Што, і ў палацы жыўшы нат,

Ён сумаваў бы, сумаваў

Без родных гор і стромкіх скал,

Дзе вольным ветрам дыхаў ён...

Ды што таіцца? Ён — сканаў.

Я відзеў брата свайго скон

І падтрымаць яго не мог,

Не мог крануць ні рук, ні ног.

Імкнуўся я (дарма, дарма!)

На момант вырвацца з ярма,

Скрышыць жалеззе гэта ўшчэнт,

Каб аж заенчыла ля сцен...

Сканаў...

Прыйшлі тады яны

І знялі з брата кайданы...

Капалі дол у прорве той

І пад зямлёй, і пад вадой...

Прасіў іх на прамілы бог

(Хоць мала б мёртваму памог),

Каб пахавалі ў месцы тым,

Куды б дасяг святлом сваім

Далёкі дзень. Здалося мне,

Што нат па смерці не спачне

Ён, вальналюб, у прорве той —

І пад вадой, і пад зямлёй...

Я іх прасіў... Дарма, дарма!

У катаў літасці няма:

Схаваны брат мой быў у цьме,

А мне ў адказ — халодны смех...

Зямлёй засыпалі сырой...

Ані быліначкі на ёй...

А зверху помнік — кайданы,

Забойству памятка яны...

 

VIII

Другі быў кветкаю самой,

Каханы змалку ўсёй сям’ёй.

На ім, як вобраз хараства,

Адлюстраваўся матчын твар.

Для бацькі быў ён мо затым

Лятункам самым дарагім.

І я жыццё сваё сцярог

Дзеля яго, як толькі мог,—

Каб рады даць ад злых гадзін

І вольнасць, хоць на дзень адзін.

Бадзёры меўшы ўсё настрой,

Ці то сапраўдны, ці не свой,

Ён штодня, ўрэшце, на вачах,

Як тая кветка, вяў і чах.

О, божа! Жудасная рэч

Глядзець, як адлятае прэч

Душа ў пустыню небыцця

З грудзей, дзе згас агонь жыцця.

Я відзеў, як вайны пажар

Знішчаў бясконцы лік ахвяр.

Я відзеў, як гібеў народ

У багне акіянскіх вод,

Калі кідала карабель

Ад хмар на скальную адмель.

І відзеў хворых цяжкі скон:

З жудой пачварнаю быў ён...

Але тут быў інакшы жах —

Стаяла смерць угалавах

Над тым, хто подласцю людской

Зняволен тут, у цьме сырой,

За выдуманы катам грэх

Пазбаўлены усіх уцех...

Ён сустракаў свой цяжкі лёс

Пакорна, ціха і без слёз.

Ён сумаваў па тых, мой брат,

Хто заставаўся тут, ля крат.

І кпіў са смерці ён самой

Тады ружовасцю сваёй.

Ружовасць ад ягоных шчок

Знікала паступова ў змрок,

Нібы ў вясёлцы прамяні

На недасяжнай вышыні.

З святла празрыстага вачэй

Было ў турме бадай святлей.

Ні слова скаргі або стогн

Не ўдаў ён на дачасны скон.

Ён гаварыў пра лепшы час,

Надзею ўсё шукаў для нас,

Бо я замоўк, быў сам не свой

З утраты самай дарагой.

І ўздыхі, што таіў раней

Ён ад мяне,— цішэй, цішэй

Мне сталі чутны ў хвілі тэй.

Я прыслухоўваўся — не чуў,

Я клікаў — жах быў уваччу.

Я знаў, што ўжо надзей няма,

Што іх усе глынула цьма,

Але усё ж здалося мне,

Што гук пачуўся пры сцяне.

Я раптам крутануў кайдан,

Скрышыў жалеззе напалам,

Да брата рушыў — не застаў...

Я толькі ў гэтай цьме блукаў,

Я толькі жыў і дыхаў тым

Паветрам выклятай турмы.

У ёй скрышылася, у ёй

Тады апошняе звяно,

Найдаражэйшае...

Яно,

Адзінае, было між мной,

Маёй загінуўшай сям’ёй

І краем вечнасці самой...

Ляглі браты, навек ляглі,

Той зверху шчэ, той у зямлі...

Парушыў мёртвага спакой,

Крануў нябожчыка рукой —

І не зжахнуўся сцюжы я:

Была зімней рука мая...

Знябыўся я тады зусім

І толькі цяміў аб адным —

Што я жыву яшчэ.

А час

Даводзіць да вар’яцтва нас,

Калі мы знаем, што навек

Нас кінуў любы чалавек...

Не разумеў,

Чаму не ўмер?

Зямных надзей не меў цяпер.

Надзея кажа нам цярпець,

Не дазваляе клікнуць смерць...

 

IX

У часе роспачнай жуды

Не знаю, што было са мной.

Згубіў пачуцце я тады

Святла, затым — і цьмы самой.

Стаяў,— ні думак, а ні слёз,—

Як камень у каменне ўрос,

І быў агорнуты ў няўцям,

Як скалы дзікія ў туман.

Скрозь цьмяна, пробліску нідзе,

То ноч — не ноч,

І дзень — не дзень,

І не астрожны кляты змрок,

Які мой зненавідзеў зрок,—

Пустапарожні скрозь прастор,

Без руху, часу і без зор,

Прымацаванасць без акрэс,

Сляпой маўклівасці навес

Без перамен дабра і зла;

Адна нязрушнасць тут была,

Замёршы акіян быцця,

І ў ім — ні смерці, ні жыцця...

 

X

Святло ў душу маю прайшло:

Птушыны спеў прынёс святло.

Ён змоўк. І зноў дасяг вушэй.

Ці ёсць на свеце што мілей?

Удзячна здзіўлены я быў.

Вачыма навакол сачыў.

І на кароткі гэты міг

Мой неадлучнік — сум — прыціх.

Ды хутка зноў прыйшоў назад

Да рэчаіснасці пагляд.

І столь злучылася са мной

Каля мяне і нада мной.

І там, праз шчыліну ў сцяне,

Адкуль і сонечны прамень

Ледзь пранікаў на вохкі глей,

Я ўбачыў птушку. Весялей,

Бесклапатней, чым паміж дрэў,

Яна спявала мне свой спеў.

Прыгожая, з блакітам крыльц,

А спеў пра тысячу драбніц

І быццам для мяне ідзе.

Над гэту птушку прыгажэй

Нідзе не бачыў я даўней

І не пабачу мо нідзе...

Падобна мне — была яна

Без друга мілага, адна,

Хоць напалову менш, бадай,

Ёй быў знаёмы мой адчай.

Прынесла ласку мне ў той час,

Калі апошні брат мой згас,

Не засталося ў свеце ўсім

Хто быў бы сэрцу дарагім...

Спяваючы на той сцяне,

Вярнула і прытомнасць мне.

Не знаю, ці была ўжо шмат

Пясняркай вольнаю яна,

Ці толькі вырвалася з крат,

Каб сесці тут, на край акна...

О птушачка мая! Цяпер,

Як давялося мне цярпець,

Пазнаць няволі горкі смак,—

Табе не зычу аніяк

Падобнай долі, мук цяжкіх,

Як і наогул для жывых...

А можа, гэта прыгажосць

Нябеснакрылы, райскі госць?

Даруй мне, божухна, мой грэх —

З той думкі брала ў слёзы, ў смех:

Мне ўсё здавалася спярша,

Што гэта — братава душа...

Урэшце, спеў яе заціх,

Зляцела птушка з воч маіх,

гэтым самым знак дала,

Што несмяротнай не была.

Хіба пакінуў бы мой брат

Мяне самотнага ля крат?

Як мёртвы ў саване сваім,

Быў я — жывы пры нежывым —

Або як хмарка ў ясны дзень,

Калі яна плыве-ідзе

Адна блакітнай вышынёй

Над жыццярадаснай зямлёй...

 

XI

Змяніўся мой намнога лёс,

Хоць звык астрог да горкіх слёз,

Бо не турэмшчык і не кат

Пакуту церпяць каля крат.

Ды сапраўды якісьці цуд

Прыйшоў у гэты змрочны кут:

Яны не прыкавалі зноў

Мяне да зімных камянёў.

У перарваных ланцугах

Хадзіць цяпер я вольна мог

Праз гэны лёх, праз мой астрог.

Удоўж і ўперак, з краю ў край

Усё вадзіў мяне адчай.

Пасля прыводзіў зноў туды,

Адкуль пачатак быў хады...

Я так абходзіў пакрысе

Усе слупы, куточкі ўсе...

Сцярогся я, калі ішоў,

Каб не трывожыць братні схоў.

Калі ж неасцярожны рух

Іх закранаў,— сцінаўся дух,

І сэрца у грудзях маіх

Крышылася ад думак тых...

 

XII

Зрабіў прыступку я ў сцяне.

Не для таго, каб бегчы мне,

Бо ўсіх дарэшты пахаваў,

Каго любіў і шанаваў.

А свет шырокі за сцяной

Мне быў бы большаю турмой:

Ані радні, ні дружбакоў,

Як ні шукаў бы — не знайшоў...

І я шчаслівы быў амаль:

Мяне па іх спаліў бы жаль...

Але імкнуўся я з-за крат

Павольны кінуць свой пагляд

На чараўнічы ўвесь прастор,

На хараство высокіх гор.

 

XIII

Як і ў даўнейшыя часы,

Былі яны ў вянку красы.

Не ведалі раптоўных змен,

Падобна мне, ў задусе сцен.

Тысячагоднія снягі

Пабачыў на хрыбтах вышынь,

І возера, як пас даўгі,

І Роны паўнаводнай сінь —

Ляглі ніжэй, былі бліжэй

Уцехай для маіх вачэй...

У скалах выкрышыўшы роў,

Струмень па ім звяргаўся, роў.

Каля далёкае гары

Бялелі горада муры.

Былі над іх яшчэ бялей

Узвівы стромкіх ветразей,

Яны ляцелі ўдалячынь

Па сіні вод у неба сінь...

Была там выспачка адна.

Нібы ўсміхалася яна

Мне ў самы твар тады.

Здалася мне такой малой,

Як бы падлога пада мной.

Было там дрэў высокіх тры.

Паўз іх шумелі з гор вятры,

І кветкі слалі далавах

Пялёсткі нежныя і пах —

Тады каля вады...

Гулялі рыбкі ў глыбіні,

Ў шчаслівай, жвавай мітусні.

Лунаў арол па-над зямлёй,

Па-над вадой, перада мной.

Калі бліжэў ён да мяне,

Здавалася, хутчэй імкне.

Ізноў на вочы сум прынёс

Мне многа новых горкіх слёз...

Такі адчай ка мне прыйшоў,

Аж стала шкода мне акоў...

Калі вярнуўся я назад,

Спакусны кінуў далягляд —

Глынула цьма мяне ізноў,

Цяжарам стала нада мной,

Як блізкага апошні схоў,

Як века над яго труной,

Якога ад бясконцай цьмы

Жадалі выратаваць мы.

Бязмежна ўзрушаны пагляд

Спачын знайсці ў турме быў рад...

 

XIV

Міналі дні, ішлі гады,

Не заўважаў я іх тады,

Не меў надзеі для вачэй,

З якой бы стала мне лягчэй.

Прыйшлі, нарэшце, людзі ў лёх,

Мне волю даць прыйшлі яны.

А я здзіўляцца ўжо не мог

І не пытаў: «Чаму? Куды?»

Былі уцехі мне адны —

Ці з кайданоў, ці ў кайданы:

Да безнадзейнай звык жуды.

І покуль гэты дзень прыйшоў,

Каб вызваліць мяне з акоў,

Прытулкам стаў мне мур цяжкі,

Дзе я ўладар быў ды які!

Прыйшлі, здавалася мне, ў лёх,

Забраць мой дом другі — астрог,

Дзе з павукамі дружбу вёў,

Глядзеў на іхні змрочны лоў,

Дзе за гульнёй мышэй сачыў

У бляску месячнай начы.

Чаму б трымацца мусіў накш?

Для нас, тубыльцаў, быў ён наш

І я меў сілу, як манарх,

Слабейшым несці смерць і жах.

Але, мо здзівіць гэта вас,

Быў супакой заўжды у нас.

Да кайданоў я нават звык,

Настолькі часу ўплыў вялік.

Таму ўздыхнуў я па турме,

Калі вярнулі волю мне...




Беларуская Палічка: http://knihi.com