Эдгар Алан По

Крумкач

Неяк змрочным часам ночы, калі я заплюшчыў вочы,

Разбіраючы прарочы сэнс старых пажоўклых кніг,

Раптам стук пачуў праз стому, ціхі стук у дзверы дому,

Быццам нехта невядомы прыпыніўся каля іх.

«Гэта нейкі госць, - я мовіў, - прыпыніўся каля іх,

Там, каля дзвярэй маіх».

 

Быў, я помню, снежань слотны, у каміне неахвотна

Гаснуў жар, і цень дрымотны варушыўся ў зборках штор.

І чакаў я час світання, як збавення, бо чытанне

Не прынесла мне адхлання ў смутку вечным па Лінор,

Па святой, якой анёлы кажуць там цяпер «Лінор», -

Безыменнай тут з тых пор.

 

Неакрэслены, трывожны шолах штор, іх зморшчкі кожнай,

Нейкім жахам прыварожным да сябе прыкуў мой слых,

І стаяў я, спалатнелы, паўтараючы нясмела:

«Гэта нейкі госць спазнелы там, каля дзвярэй маіх,

Гэта нейкі госць спазнелы прыпыніўся каля іх,

Там, каля дзвярэй маіх».

 

І сябе пераканаўшы, што там госць, і страх суняўшы,

«Сэр, - я мовіў, - або лэдзі, выбачайце, што на міг

Я заснуў і вас, як брата, не пусціў адразу ў хату,

Дый пастукаліся надта ціха вы ў дзвярох маіх» -

Дзверы я штурхнуў... нікога, толькі цемра каля іх,

Там, каля дзвярэй маіх.

 

Я ўзіраўся ў прадчуванні немажлівага спаткання

У ахутаны маўчаннем і цямрэчаю прастор

Ды пачуў у непрабуднай цішы толькі водгук скрутны,

Толькі водгук ледзьве чутны слова ціхага «Лінор?» -

Гэта я шапнуў, і цемра прашаптала мне: «Лінор?»,

Прашаптала, як дакор.

 

І, гаруючы ад страты, я вярнуўся ў жальбе ў хату,

Як знячэўку стук зацяты зноў пачуўся і аціх.

«Так, - я мовіў, - мне не сніцца: стукнуў нехта ў аканіцу,

Трэба вызнаць таямніцу незвычайных стукаў тых.

Гэта вецер - вось разгадка таямнічых стукаў тых,

Вецер ля вакон маіх».

 

Ды калі акно шырока разнасцежыў я - са змроку

У пакой крумкач звячэлы, быццам прывід дзён сівых,

Увайшоў хадою цвёрдай, і пратупаў з пыхай лорда

Ля мяне ў паставе гордай проста да дзвярэй маіх,

І на бюст Палады ўзбіўся там, каля дзвярэй маіх,

Сеў панура і заціх.

 

Чапурыстасць і паважнасць чорнай птушкі нехлямяжнай

Змусілі мяне ўсміхнуцца цераз сум: «Хоць і абдзёр

У сутычцы нейкі вораг на тваёй макушцы пёры,

Ты не страціў смелы нораў, змрочны дух начных пячор,

Як Плутон цябе мянуе ў нетрах тых начных пячор?»

Крук пракрумкаў: «Nevermore!»

 

Хоць адказ начнога птаха на душу мне ўпаў, як плаха,

Быў бы дзень - не меў бы страху, а цяпер - які выбор,

Калі ноч і бездарожжа, калі, быццам дух варожы,

Уваходзіць крук варожы і сядае насупор

На скульптурны ўзгруд Палады, над дзвярыма, насупор,

Крук з мянушкай Nevermore.

 

А тым часам крук пануры знерухомеў на скульптуры,

Бы душу ўсю ўклаў у слова страшнае, як прыгавор.

«Як сябры мае, - ледзь чутна я шапнуў, - крумкач прыблудны

Знікне заўтра ў каламутным цемрыве начных пячор,

Як мае надзеі, знікне ў цемрыве начных пячор».

Крук пракрумкаў: «Nevermore!»

 

Напалоханы адказам, я ачуўся не адразу

І прамовіў: «Несумненна, слова гэтае - паўтор

Скаргі нейкага нябогі, што пад гнётам лёса злога

Праз усю сваю дарогу паўтараў, нібы дакор,

На хаўтурах мар, да скону, паўтараў, нібы дакор,

Толькі слова «nevermore».

 

Так разважыўшы, з усмешкай я на крэсла сеў без спешкі

Тварам да жудлівай птушкі, спінаю да цьмяных штор,

На падушку сеў у крэсла і задумаўся над сэнсам

Слова, што прынёс злавесны, змрочны дух начных пячор.

Што паведаміць хацеў мне змрочны дух начных пячор

Гэтым словам «nevermore»?

 

Так раздумваў я ў маўчанні над прароцтвам незвычайным

Птаха, што паглядам жорсткім на мяне глядзеў ва ўпор.

У святле сядзеў няісным каганца і ненаўмысна

На падушку прыхіліўся - так мяне адолеў змор.

Ах, ніколі на падушку не прыхіліцца Лінор

Ля мяне, о nevermore!

 

І здалося, пасмы дыму паплылі перад вачыма

І за спінай серафімы павыходзілі з-за штор.

«Хлус! - я ўсклікнуў. - Без сумнення, дзіўнае тваё з'яўленне -

Боскі знак майго збавення ад жалобы па Лінор!

Дай мне зелля, каб забыцца, каб не помніць пра Лінор!»

Крук пракрумкаў: «Nevermore!»

 

«О вястун, - я ўсклікнуў, - птушка проста ты ці д'яблаў служка!

Хай прыслаў цябе нячысты, хай прынёс цябе віхор

У бязрадны мой закутак, дзе пануе вечны смутак,

Ці пазбаўлюся пакутаў я ля Галаадскіх гор?

Ці знайду я панацэю там, ля Галаадскіх гор?»

Крук пракрумкаў: «Nevermore!»

 

«О вястун, - я ўсклікнуў, - птушка проста ты ці д'яблаў служка!

Дзеля Бога, што справуе існым ад зямлі да зор,

Адкажы душы гаротнай, ці ўзляціць яна ў зіхотны

Райскі сад да бессмяротнай, што завецца там Лінор?

Да святой, якой анёлы кажуць там цяпер «Лінор»?

Крук пракрумкаў: «Nevermore!»

 

«Хай жа гэта слова стане знакам нашага расстання! -

Крыкнуў я. - Туды вяртайся, скуль прынёс цябе віхор!

І не ўздумай неўзаметку скінуць мне пяро, як сведку

Злой хлусні сваіх адведкаў, і не трэба так ва ўпор

Мне ў душу глядзець, і з бюста прэч нясі свой чорны ўбор!»

Крук пракрумкаў: «Nevermore!»

 

З той пары крумкач закляты, з бюста бледнага Палады

Не злятаючы ніколі, прымасціўся насупор,

Ён вачыма патарочы, соннымі, за мною сочыць

І пад лямпай цень свой змрочны, на падлозе, распасцёр,

І душой я з таго ценю нізашто цяпер да зор

Не ўзлячу, о nevermore!



Пераклад: Алег Мінкін

Беларуская Палічка: http://knihi.com