epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

«Апасіяната»

Па-рознаму чалавек успрымае музыку. Тут многае залежыць ад настрою... Шмат разоў мне даводзілася слухаць славутую «Апасіянату» Бетховена ў выкананні такіх сусветна вядомых піяністаў, як Святаслаў Рыхтэр і Эміль Гілельс. Але, бадай, такога моцнага ўражання, як аднойчы, яна яшчэ не выклікала ў мяне ніколі. А выканаўцам быў зусім невядомы піяніст.

...У гэты выхадны травеньскі дзень на стадыёне праходзілі спартыўныя спаборніцтвы. Па-вясноваму ярка свяціла сонца. Усюды, дзе хто мог, расселіся дзеці і жонкі афіцэраў - пастаянныя балельшчыкі спаборніцтваў.

Іграў духавы аркестр. Хвалюючыя вальсы і маршы надавалі святу асаблівую ўрачыстасць.

Апоўдні стала душна. Адчувалася, што збіраецца навальніца. Так і здарылася. Рэзкія парывы ветру ўзнялі ўгору слупы пылу. Жаўтаватае воблака заклубілася ў паветры і панеслася ў бок лесу. На зямлю ўпалі першыя цяжкія кроплі дажджу.

Да бліжэйшага будынка - Дома афіцэраў - кінуліся, як па камандзе, і спартсмены, і балельшчыкі. Вестыбюль хутка напоўніўся людзьмі. Чуліся ўсхваляваныя галасы. З другога паверха даносілася музыка. Я падняўся туды.

У кутку прасторнай залы стаяў раяль, іграў сяржант, вайскоўцы, акружыўшыя яго, прытопвалі ў такт. Сяржант усміхаўся. Потым паглядзеў у акно. Неба заслалі густыя, цёмныя хмары. Твар сяржанта стаў сур'ёзным. Ён зірнуў на слухачоў і ўзяў першы акорд «Апасіянаты».

Гукі музыкі ціха паплылі па зале...

Дождж амаль у такт музыцы забарабаніў па шыбах. На вуліцы сцямнела. Грукат грому чуўся ўсё выразней, набліжаўся, і разам з ім нарастала хваля гукаў, ператвараючыся ў бушуючы паток думак і пачуццяў.

Ніхто так дакладна не выказаўся пра «Апасіянату», як Рамэн Ралан: «Палымяны паток у гранітным рэчышчы».

Нечакана ў стыхіі гукаў нарадзілася мелодыя, я сказаў бы, нейкага «здавальнення»: пачалася другая, павольная частка санаты. І ў той жа час, быццам бы ў адказ музыцы, далёка, ля самай кромкі лесу, на хвілінку выглянула з-за хмары сонца... Але ў гэтай кароткай перадышцы, што змяніла суровы характар мелодыі на мяккі, пяшчотны, адчувалася трывожнае чаканне. Раптам маланка, нібы дырыжорская палачка, чыркнула яркай успышкай, і праз імгненне раскаты грому, быццам аркестр-гігант, страсянулі зямлю. Напружанне гукаў дасягнула сваёй мяжы. Піяністу быццам перадалася частка гэтай стыхійнай сілы. Імкліва пальцы бегалі па клавішах. Парыў ветру праз адкрытую фортку нацягнуў штору на акне, ператварыўшы яе, як усім здалося, у мяцежны ветразь.

У зале былі салдаты, сяржанты, афіцэры, іх жонкі. Яны ўсе зараз былі аб'яднаны пачуццём глыбокага суперажывання. Як разумеў санату кожны з іх, цяжка сказаць, але раўнадушных не было.

Паступова ўдары грому аддаліліся, змоўклі. Расталі і апошнія акорды. Сяржант апусціў рукі і некаторы час сядзеў нерухома. І мне падумалася, што ў гэтае імгненне кожны з нас хоць у некаторай ступені адчуў тое глыбокае яднанне з жыццём і прыродай, якое аднойчы так усхвалявала Бетховена.


1994-2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая