epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

Каб усе ахнулі...

- Ведаеш, Мікола, трэба нам нешта зрабіць да свята Перамогі... Мой дзядуля рыхтуецца. Ордэны і медалі прывёў у парадак. З сябрамі па тэлефоне часцей размаўляе. Паштоўкі купіў. Будзе віншаваць сваіх сяброў. Шкадуе, што іх зусім мала засталося... Ды і наша класная яшчэ пасля Новага года гаварыла, што будзем святкаваць, а для гэтага трэба кожнаму зрабіць нешта для свята. Казала, што кожнага заслухае, з чым ён сустракае гэта свята... Ты не забыў?

- Не, не забыў... Ну скажам, што вучымся добра, не парушаем дысцыпліну, заўсёды гатовы ўступіць у трамваі і аўтобусе месца старэйшым... А што ты яшчэ, Міша, прыдумаеш?

- Трэба нешта такое, каб з першага ж слова здзівіць усіх... Разумееш?

- Добра было б знайсці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і ўзяць над ім шэфства, - нясмела прапанаваў Міколка.

- Не, якое гэта шэфства? - запярэчыў Міхась. - Гэта ж не ў вёсцы: дроў накалоў, вады прынёс, а тут... Дровы ім не патрэбны, вада ў хаце, з крамы прадукты з дастаўкай на дом. Што яшчэ трэба? Жыві і цешся.

- Дзівак ты, Міша. Калі ты хварэў, табе таксама ўсё ў пасцельку падносілі. Цешыўся ты тады? Яны ж усе старыя, маюць патрэбу ў дапамозе і павазе. Тата мой дзесьці вычытаў, што людзі на Каўказе даўжэй за ўсіх жывуць. І гэта не толькі дзякуючы клімату і гаючаму паветру, а і таму, што там паважаюць і шануюць старэйшых. Ад гэтага ў іх здаровыя нервы. А калі здаровыя нервы, дык і сэрца здаровае. Самае галоўнае - гэта сэрца.

- А што ты думаеш, - задумаўся Міхась. - Здаровае сэрца - самая вялікая каштоўнасць.

- Ёсць у нас у суседнім пад'ездзе адзін пажылы чалавек, ордэнскіх - шэсць радоў. Можа, з ім пазнаёміцца, - прапанаваў Міколка. - Ён заўсёды пасля абеду выходзіць на лаўцы пасядзець.

- Давай, - згадзіўся Міхась.

На другі дзень пасля ўрокаў сябры сядзелі на лаўцы і чакалі ветэрана. Ён выйшаў на ганак, абапіраючыся адной рукой на кіёк, а ў другой трымаў газеты.

- Добрага здароўечка, моладзь! - прывітаў ён хлопчыкаў, разгортваючы газеты. - Сядайце, сядайце... Паглядзім, чым наша дзяржава жыве, што ў свеце робіцца... - Раптам ён нахмурыўся: - Вось табе і гумар, не паспееш своечасова ўзяць пошту, як «Вожык» ужо хтосьці чытае. Не маюць некаторыя гонару, разменьваюцца на такія дробязі. Ладна, не будзем псаваць настрой. Правільна? Давайце лепш пазнаёмімся. Рыгор Аляксандравіч...

Пазнаёміўшыся, ён пачаў распытваць хлопчыкаў пра школу, пра вучобу, пра бацькоў. Калі даведаўся, што Міхась збірае прыказкі і прымаўкі, пахваліў яго:

- Гэта не толькі добры, але і карысны занятак, ён узбагачае чалавека, яго мову. Я таксама захапляўся гэтым. Прыказкі і прымаўкі вучаць быць нешматслоўнымі. Іншы раз імі цэлую прамову можна замяніць. Некалі мне, у той час маладому палітруку, было патрэбна слова вобразнае, пераканаўчае. Ведаеце, як пад Масквой палітрук Клачкоў сказаў: «Вялікая Расея, а адступаць няма куды - за намі Масква!» І 28 панфілаўцаў загінулі, але не зрабілі ніводнага кроку назад.

Рыгор Аляксандравіч зірнуў на гадзіннік і заспяшаўся:

- Заходзьце да мяне ў госці. Я жыву ў трыццаць дзевятай кватэры. Не забудзецеся?..

Хлопчыкі радаваліся. Яны не чакалі, што так лёгка змогуць пазнаёміцца з ветэранам вайны.

Раптам Міхась пасур'ёзнеў:

- Ёсць жа яшчэ жмінды - у такога чалавека часопіс красці! Вось гэтак адна лыжка дзёгцю бочку мёду псуе.

- У нашым пад'ездзе таксама газеты прападаюць, асабліва тады, калі ў іх на тыдзень праграма тэлебачання надрукавана. Эх, падлавіць бы ды ўсыпаць як мае быць! - усклікнуў Міколка.

- Каб мы хадзілі ў другую змену, можна было б падзяжурыць і злавіць.

- Паслухай, што я надумаў, - раптам ажывіўся Міколка. - Давай зорку наклеім на паштовую скрынку Рыгора Аляксандравіча, як гэта рабілі піянеры ў аповесці Аркадзя Гайдара «Цімур і яго каманда».

- А што? Гэта ідэя. Нездарма кажуць: «Адна галава добра, а дзве лепш», - пахваліў Міхась.

І ўжо ўвечары на паштовай скрынцы нумар 39 запалымнела пяціканцовая зорка.

У суботу пасля заняткаў хлопчыкі вырашылі наведаць Рыгора Аляксандравіча. Доўга ля дзвярэй выціралі ногі. І нарэшце пазванілі. Рыгор Аляксандравіч узрадаваўся, убачыўшы на парозе Міколку і Міхася. Ён запрасіў іх увайсці, пасадзіў на канапу, а сам сеў у крэсла насупраць.

- Дык вы, аказваецца, цімураўцы! Гэта цудоўна! А я думаў, што яны зніклі, як і многае добрае... Цудоўна яшчэ і тое, зорка ваша дзейнічае ўжо...

Хлопчыкі пераглянуліся, потым паглядзелі на Рыгора Аляксандравіча.

- Так, так. Учора раніцай чую званок у дзверы. Адчыняю. А мне паштальён, маладая дзяўчына, Аленай завуць, уручае газеты. Я дзякую, а сам нічога не разумею. А яна: «Шэфства над вамі цімураўцы ўзялі - зорка на вашай паштовай скрынцы. Я ж таксама калісьці была цімураўкай. Вось і вырашыла аддаць пошту вам у рукі!» Сказала і пабегла. А ў мяне да гэтага часу такі добры настрой. Малайцы вы, хлопчыкі.

Міколка і Міхась сціпла апусцілі вочы.

- Толькі мне няёмка неяк, - працягваў Рыгор Аляксандравіч, - напэўна, у нашым доме ёсць яшчэ ўдзельнікі Айчыннай вайны, партызаны, жонкі загінуўшых. Я сюды нядаўна пасяліўся, яшчэ не агледзеўся. Трэба было б распытаць, разведаць і зоркі наклеіць на іх паштовыя скрынкі - няхай у пад'ездзе суседзі ведаюць, з кім побач жывуць. А зараз я вас чаем пачастую. Хадземце на кухню, разам згатуем.

Ад Рыгора Аляксандравіча хлопчыкі выйшлі задаволеныя.

- Усё разведаем, па ўсім доме наклеім зоркі, і першая грамадская работа намі будзе зроблена, - радаваўся Міхась.

- Ты нос не задзірай, а то надта ўжо заганарыўся. Сам жа ўсім гаворыш, што на гары гонару не трымаецца вада мудрасці, - спрабаваў супакоіць яго Міколка. - Можа, іх шмат будзе, давядзецца яшчэ каго паклікаць на дапамогу.

- Каго яшчэ? Можа, Астапа? Ён са сваім балончыкам і дапаможа! «Рамсы не блытай». Вунь нядаўна дадумаўся. Толькі пафарбавалі крыты каток у парку Горкага, а ён напісаў нейкае замежнае слова, якое і сам не разумее. Чужаземец... Самі справімся, - запярэчыў Міхась, - не малыя.

Праз тыдзень хлапчукі зноў зайшлі да Рыгора Аляксандравіча.

- Што новага? Як пошук ідзе? - пацікавіўся ён.

- Усяго набіраецца шэсць чалавек, - далажыў Міхась, - тры франтавікі, два партызаны і адна бабуля, у якой муж загінуў на фронце ў 1942 годзе.

- Так, - сумна вымавіў Рыгор Аляксандравіч, - шэсць чалавек на такі дом! - Ён узяў у Міхася спіс, доўга вывучаў яго, потым уздыхнуў: - З кожным годам усё менш і менш застаецца нашага брата... Ім дарагія вашы адносіны да іх, а значыць, і да іх мінулых спраў. Калі яны ўбачаць і адчуюць, што вы клапатліва адносіцеся да таго, за што яны змагаліся, то ў іх адразу на сэрцы палягчэе: недарэмна жыццё прайшло. Вось так. А зорка дзейнічае! - узрадавана ўсклікнуў ён. - Пазаўчора мне ў скрынку дзве паштоўкі хтосьці ўкінуў з віншаваннем. Свята наша ўчора было - Дзень абаронцай Айчыны і Ўзброеных сіл. Відаць, суседзі. Дзякуй вам, хлопчыкі...

Прыйшла вясна. Час пабег хутчэй. Набліжаўся дзень Перамогі. Хлопчыкі разгарнулі сшытак, у які Рыгор Аляксандравіч параіў запісваць свае добрыя справы. Міхась радаваўся і ганарыўся, што яго ідэя спраўдзілася.

- Чырванець не будзем. Больш за нас ніхто не зрабіў, у гэтым я ўпэўнены.

- Куранят увосень лічаць, а цяпер толькі вясна, - засмяяўся Міколка.

- Дармаед, ты. Я стараюся, збіраю прыказкі і прымаўкі, а ты іх скарыстоўваеш супраць мяне, калі толькі табе ўздумаецца, як кажуць: «Маёю пугаю ды па маёй жа кабыле».

- Яны ж народныя, а значыцца, агульныя, ты запісваеш, а я запамінаю, - парыраваў Міколка.

- Ну, добра, добра, я жартую, - закрыўшы сшытак, адказаў Міхась.

І вось настаў дзень, калі класны кіраўнік Алена Гардзееўна запрасіла ўсіх пасля ўрокаў у клас. Сябры сядзелі за партай, перад імі ляжаў сшытак, у якім было запісана ўсё, што яны зрабілі за гэты час. Міхась чамусьці баяўся: а раптам не запытаюць пра тое, што яны зрабілі да свята Перамогі, тады ніхто не даведаецца пра іх добрыя справы...

Першым паднялі Міколку. Клас прыціх. Алена Гардзееўна ўважліва паглядзела на яго.

- Ну, а што ты зрабіў да нашага свята Перамогі?

Міхась ад радасці нават падскочыў. Ён хуценька падсунуў сябруку сшытак. Але Міколка, апусціўшы галаву, чамусьці маўчаў.

- Кажы! - штурхануў яго ў бок Міхась.

Міколка маўчаў, і Міхасю здавалася, што маўчанне сябра цягнецца занадта доўга. Ён прыўзняўся і разгарнуў сшытак, дзе пад нумарамі значылася ўсё, і дастаткова было назваць хаця б адно, каб усе ахнулі.

- Міколка, давай! - не сунімаўся Міхась. - Не маўчы!

Але той неяк дзіўна паглядзеў на сябра і, узняўшы галаву, выразна адказаў:

- Я, як усе, заўсёды гатоў уступіць у трамваі і аўтобусе месца старэйшым. Выправіў свае адзнакі... І больш не парушаю дысцыпліну на ўроках...

Міхась расхваляваўся, не глядзеў на Міколку. Калі ж назвалі яго прозвішча, зноў з'явілася надзея...

Ён стаяў у напружаным чаканні. Яму задавалі пытанні, але таго жаданага пытання так і не дачакаўся. Хлопчык сеў і не мог супакоіцца. Збор скончыўся. Усе разышліся, а Міхась сядзеў, панура апусціўшы галаву. Міколка быў побач.

- Так падвесці, - нарэшце загаварыў Міхась. - Працавалі, працавалі - і ўсё ўпустую. А яшчэ таварыш! - Ён павярнуўся і з хваляваннем у голасе запытаў: - Ну чаму ты нічога не сказаў? Чаму?

Міколка спакойна, тлумачачы, адказаў:

- Ведаеш, Міша, сёння я зразумеў, чаму Пеця Лыкаў таксама нічога на гэта пытанне не адказаў, а ён жа з Васілём Янчуком у час канікулаў у дзіцячым садзе ўсе цацкі адрамантаваў. Ён сціплы, зрабіў многа добрага, але так, каб пра гэта ніхто не ведаў...

Яны выйшлі на вуліцу. Доўга ішлі моўчкі. Раптам Міхась спыніўся, па-добраму зірнуў на Міколку і прапанаваў:

- Хадзем да Рыгора Аляксандравіча.


1994-2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая