epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Самуйлёнак

Апавяданне пра гуманізм

Спачатку размова ішла аб дробязях. Госць Іван Іванавіч, дробненькі стары, хадзіў па пакоі. Гаспадар маўкліва сядзеў за сваім прасторным рабочым сталом. Павольна шчоўкаў маятнік, з сумежных пакояў даносіўся гоман і смех.

- Вось і яшчэ гадок пражылі мы з табой, Яфім Сцяпанавіч... - уздыхнуў госць, падыходзячы да акна.

Яфім Сцяпанавіч моўчкі паківаў галавой. У прыхожай азваўся званок. Па калідоры нехта прабег. Раздаліся радасныя воклічы, прывітанні. Потым усё гэта рушыла ў пакой. Збіраліся госці.

Іван Іванавіч доўга стаяў ля акна, пазіраючы ў цемру, дзе шырока раскінулася велізарнае сузор'е агнёў горада, потым падышоў да стала.

- Ведаеш, Яфім Сцяпанавіч, што я хачу зрабіць? - спытаў ён. - Я хачу сказаць нашаму маладняку навагодні тост.

- Ну, ну!.. - заахвочваючы, усміхнуўся гаспадар.

- Я ім скажу так... - Іван Іванавіч прыняў позу аратара. - Маладыя таварышы, маладыя сябры нашы...

- Ну, ну...

- ...Год - гэта трыста шэсцьдзесят пяць дзён плюс шэсць гадзін. Гэта мера, устаноўленая чалавекам для вызначэння адлегласці часу і напоўненая жыццём, натхненнем творчасці, радасцю перамог, адчаем няшчасцяў, спакоем сілы, парывамі шуканняў, усім, што ўласціва жыццю. Для мяне і для майго паважанага калегі і старога друга Яфіма Сцяпанавіча шмат гэтых мерак засталося ў мінулым. Перад вамі ж - нязведаная і светлая далячынь будучыні. У сувязі з гэтым я хачу сказаць, што вы, маладыя таварышы нашы, - самыя шчаслівыя людзі на свеце ў разуменні мінулых часоў і сучаснасці. Вы, іменна, савецкая моладзь... Мы з Яфімам Сцяпанавічам не толькі адлічылі дастатковую колькасць памянёных вышэй мерак, але і грунтоўна азнаёміліся з іх, так сказаць, начынкай. І з усяго добрага і дрэннага, што здараецца ў жыцці чалавека, на нашу долю прыпадала ў пераважнай большасці апошняе. Яфім Сцяпанавіч напісаў сваю выдатную працу ва ўмовах жабрацкага, галоднага побыту, а вынаходніцтва вашага пакорнага слугі нарадзілася ў начлежным доме, хаця вы не ведаеце, што такое начлежны дом... Я жыў па чужым пашпарце з прычыны разыходжання маіх поглядаў з поглядамі ўрада яго вялікасці... Мы можам расказаць вам аб разгонах паліцыяй студэнцкіх сходаў, аб пагромных аперацыях мітрапаліта Сергія, нарэшце, аб Монпарнасе і запэўніць вас, што, нягледзячы на рамантыку, якой авеяла літаратура гэты квартал Парыжа, ён быў і застаецца галодным светам сутарэнняў і мансард. Аб гэтым вы таксама ведаеце, як і аб астатнім. За вамі не гнаўся конны паліцэйскі, і вас не лупцавалі чарнасоценцы ўладыкі Сергія...

Усмешка знікла з твару Яфіма Сцяпанавіча, і ён задумаўся. Гэта прамоўца заўважыў.

- Жыццё ў тых умовах было прыніжэннем, творчасць - геройствам... Цяпер над словам «геройства» разумеецца нешта такое, што немагчыма абсалютна нідзе на свеце і магчыма толькі ў краіне, якая ўзнікла на той частцы планеты, дзе некалі была імперыя Расея. І цяпер мы з Яфімам Сцяпанавічам на геройства, у новым сэнсе слова, не здольны з прычыны зношанасці механізмаў. І гэта не па сутнасці маёй прамовы. Сутнасць яе ў тым, што я яшчэ раз і яшчэ раз хачу сказаць: вы самыя шчаслівыя людзі на свеце. Вы жывяце ў краіне, законы якой з'яўляюцца марай лепшых людзей усіх часоў і эпох. Вы нарадзіліся ў гэтай краіне, і ваша маладосць расквітнела ў ёй. Для вас першы дзень новага года - гэта новая ступень да вышынь чалавечага шчасця, вольнай творчасці, радасцей жыцця. Вы моладзь, якая не ведала жудасці прыніжэння, роспачы жабрацтва, тугі адзіноцтва... Дарагія сябры мае! Заканчваючы сваю прамову, я хачу даць вам адну параду: ідучы сваімі дарогамі, абмінаючы знакі гадоў, назаўсёды запомніце дату сённяшняга дня. Яна завяршыла год, у які адбылася значнейшая гістарычная падзея. Гэты год падараваў чалавецтву Канстытуцыю! Назаўсёды запомніце гэта і аберагайце як лепшы ўспамін вашай маладосці. За радасць і шчасце нашай краіны, за лепшых яе людзей. З Новым годам, таварышы!

Іван Іванавіч памаўчаў.

- Ну, а ты, Яфім, адыграеш на раялі туш. Такім парадкам мы з табой удвух віншуем маладняк.

Яфім Сцяпанавіч павольна ўстаў і выйшаў з-за стала. Ён быў сівы, плячысты і высокі, на галаву вышэйшы за Івана Іванавіча.

- Іван! - сказаў Яфім Сцяпанавіч. - Іван, я здзіўлены і ўзрадаваны. Ты застаўся маладым. Людзі, якія ў твае гады гавораць аб жыцці так, як ты, доўга жывуць і добра працуюць.

І ён падаў Івану Іванавічу шырокую далонь.

У гэты ж момант зазвінеў тэлефон. Яфім Сцяпанавіч падышоў і ўзяў трубку. Хвіліну ён стаяў моўчкі і слухаў. Іван Іванавіч заўважыў, як сышліся яго сівыя бровы і рыска заклапочанасці лягла на маршчыністы лоб.

- Я... - сказаў Яфім Сцяпанавіч і скоса зірнуў на акно, - словам... вось што... прысылайце машыну!

І паклаў трубку.

- Што там такое? - спытаў зацікаўлены Іван Іванавіч, разглядаючы кнігу. - Паедзеш куды-нібы?

- Не зусім, - сурова ўсміхнуўся Яфім Сцяпанавіч. - Я палячу на самалёце.

- Што?

- Мне трэба ляцець на самалёце. Званілі ад наркома аховы здароўя... Патрэбна неадкладная аперацыя. Захварэў значны работнік, інжынер, кансультант будаўніцтва.

- Далёка?

- Трыста кіламетраў... Мне сказалі, што аэраплан гатовы і чакае на гэтым, як яго... старце. Зараз прыйдзе машына, дапамажы мне сабрацца.

- Яфім... А сэрца?

- Што сэрца?

- А сэрца тваё... Твая хвароба... Ты ж ніколі не лётаў!.. Ты ведаеш, чым гэта можа скончыцца?

- У кожнага сэрца...

- Яфім, дай паглядзець пульс...

- Іван, - знецярплівіўся раптам Яфім Сцяпанавіч. - Пакінь!

Ён крута завярнуўся і выйшаў з пакоя. Іван Іванавіч схапіўся за галаву, пастаяў так нейкі момант, потым кінуўся да акна.

- Ноч, цемра... - залямантаваў ён. - Што ты робіш, Яфім! Ці ў твае гэта гады!

Яфім Сцяпанавіч увайшоў у кабінет, апранаючыся на хаду.

- Не будзем строіць трагедый, - цвёрда сказаў ён. - Мне трэба ехаць. Гэта чалавек, які пабудаваў гіганцкі завод, цуд тэхнікі. Яму пагражае пагібель, і, відаць, я адзін толькі магу выратаваць яго. Да таго ж у нас з ім ёсць і асабістая справа. Ён быў некалі маім другам. Я шчыра дружыў з ім адзін год і ненавідзеў яго потым трыццаць гадоў. Сёння надышоў час скончыць нашы спрэчкі. Словам, больш няма аб чым гутарыць... Трэба спяшацца. Будзь ласкавы, там, на шафе, скрынка з інструментам.

Праз нейкі час Яфім Сцяпанавіч зусім падрыхтаваны стаяў ля дзвярэй.

- Я павінен перагледзець тэзіс аб геройстве, - ціха сказаў узрушаны Іван Іванавіч, - Я скажу...

- Толькі паспрабуй! - пагрозна зашаптаў Яфім Сцяпанавіч. - Ты што, не ведаеш становішча Надзі? Ты хочаш мяне пазбавіць унука? Ты глядзі ў мяне, аратар! Скажы, што я на ўсю ноч паехаў да хворага, будзь за гаспадара, і больш нічога ад цябе не трэба. Ну, я пайшоў... Правільней, паляцеў!

І з гэтым Яфім Сцяпанавіч выйшаў.

- Прафесар хірургіі... - з захапленнем сказаў Іван Іванавіч. - Лётчык! Ах, Яфім, Яфім!

Ля пад'езда стаяла аўто. Калі Яфім Сцяпанавіч падышоў, дзверка адчынілася. Там сядзеў швейцар інстытута, Максім.

- Футру для вас прывёз... - зашаптаў стары, беручы ад Яфіма Сцяпанавіча скрынку з інструментам. - Дзеля такой справы...

- Ну, ну! - коратка адказаў Яфім Сцяпанавіч.

Машына рушыла.

Ярка асветленыя вуліцы цэнтра, цёмныя завулкі ўскраіны і, нарэшце, шасэ, простая дарога і змрочныя прасторы поля.

На аэрадроме Яфім Сцяпанавіч упершыню глянуў угару і ўбачыў чорную непранікнёную пространь. Гэта была бязмерная вышыня, запоўненая цемрай.

У святле пражэктара наперадзе вырысоўваўся нізкі, шыракакрылы птах. Чалавек у скураным адзенні падышоў да Яфіма Сцяпанавіча і нешта падаў.

- Шлем і акуляры, - сказаў ён. - Апранайце, калі ласка.

Ён павёў Яфіма Сцяпанавіча да самалёта. Тут прафесар спыніўся.

- Не зашпільваецца шлем, - збянтэжана сказаў ён. - У мяне барада...

Крылатая машына сарвалася з месца, памчала па полі і з гулам пайшла ўгару. Недзе збоку праплылі агні, глыбокая цемра ахапіла Яфіма Сцяпанавіча, і ён адчуў, як сэрца цяжка варухнулася і стукнула ў грудзях. Цыферблаты прыбораў, запоўненыя бледным фасфарычным святлом, паплылі перад вачыма цьмянымі плямамі.

- Нічога, нічога... - прашаптаў Яфім Сцяпанавіч.

Люта рычаў матор. Яфім Сцяпанавіч бачыў шырокія, спакойныя плечы лётчыка. Адзін раз ён азірнуўся і зрабіў жэст, якога Яфім Сцяпанавіч не зразумеў. Навокал была цемра, і здавалася, што машына без руху вісіць у паветры. Але нечакана недзе далёка ўнізе з'явіўся агеньчык, мільгануў і знік. Яфім Сцяпанавіч адчуў млосны ўдар сэрца, дакрануўся рукой да грудзей, і тады надышла глухая цішыня.

Абудзіўся Яфім Сцяпанавіч ад моцнага штуршка. Самалёт імчаў па зямлі ў зыбкім святле пражэктараў, цёмныя фігуркі людзей беглі побач і адставалі. Яфім Сцяпанавіч знайшоў сілы ўздыхнуць і адчуў сябе лепш.

Лётчык вылазіў з кабіны, азіраючыся на Яфіма Сцяпанавіча. Нехта падышоў да самалёта. Воддаль бліснуў агонь і хутка пачаў набліжацца. На аэрадроме імчала аўто. Яфім Сцяпанавіч хацеў паварушыцца і не здолеў. Яму стала страшна, але потым ён здагадаўся, што прывязаны.

- Вы дрэнна сябе адчуваеце, прафесар? - спытаў лётчык. - Нічога, гэта пройдзе! У наступны раз...

- У наступны раз можа быць яшчэ горш... - адказаў прафесар. - Мне шэсцьдзесят пяць гадоў і зношанае сэрца. Ну, таварышы, хто тут з бальніцы? Я баюся, мы спознімся.

 

Так, Яфім Сцяпанавіч ведаў гэтага чалавека. Нездаровы старэчы тлушч, сівізна і бледнасць твару не перашкаджалі бачыць здаўна знаёмыя рысы. Гэта быў ён, Леанід Паўлавіч Клёнскі. Ён ляжаў непрытомны, паралізаваны цяжкай хваробай, і Яфім Сцяпанавіч павінен быў яго выратаваць. Ён стаяў моўчкі, углядаючыся ў памярцвелы твар гэтага чалавека, і панура слухаў тлумачэнні ардынатара. Некалькі ўрачоў, сярод якіх былі і яго вучні, шапталіся воддаль. Яфім Сцяпанавіч вырашыў, што дыягназ правільны. Ён адвярнуўся ад хворага і сказаў:

- Падрыхтуйце... Я пайду, адпачну крыху.

Ён пайшоў у сумежны пакой і пачаў мыць рукі.

...Гэта было даўно, трыццаць гадоў таму назад. Малады ўрач земскай бальніцы дружыў з маладым інжынерам вялікага металургічнага завода. Леанід Паўлавіч Клёнскі быў багатым чалавекам, жыў шырока і служыў толькі таму, што хацеў «быць у народзе». Ён быў вальнадумцам і за гэта трапіў у правінцыю. Мясцовыя зубры коса паглядалі на прыгожага і багатага малойчыка, які красамоўна разважае аб альтруізме, гуманізме і іншых высокіх рэчах. На гэтай глебе і пачалася дружба інжынера і ўрача, які нядаўна скончыў універсітэт.

- Калега! - гаварыў Клёнскі. - Пачуццё гуманізма ёсць вышэйшая адзнака культуры. Гэта рыса паспяхова развіваецца, і ў гэтым заключаецца прагрэс чалавецтва.

- Гледзячы які гуманізм... - адказаў Яфім Сцяпанавіч. - І гледзячы хто яго выказвае і да каго выказвае.

Ён не згаджаўся з павярхоўнымі інжынерскімі рацэямі, які разважаў аб чалавецтве наогул, і яны спрачаліся і нават злавалі адзін на аднаго.

Але праз тыдзень Яфім Сцяпанавіч чысціў бензінам свой сурдут і ехаў да інжынера за пятнаццаць вёрст па каляістай, немагчымай дарозе. Дружба была, аднак, нядоўгай і скончылася адным навагоднім вечарам.

Яфім Сцяпанавіч быў у ліку гасцей на вечары ў інжынера. Ён сядзеў у кутку, стараючыся не паказваць сваіх парадкам-такі зношаных бацінак, і рабіў выгляд, што цалкам захоплены музыкай пышнай дачкі суседняга памешчыка. На самай жа справе яму было няёмка. Госці інжынера, людзі добра апранутыя, адкормленыя, недалёкія і самаздаволеныя, былі яму чужымі, і ён быў для іх чужы. Яфім Сцяпанавіч шкадаваў, што прыехаў, і суцяшаўся толькі думкай, што будзе добрая вячэра. У доктарскім целе жыў студэнцкі апетыт. Але да вячэры было яшчэ далёка. На шляху да яе была абшырная музычная праграма. Доктару надакучыла сядзець, ён выйшаў у калідор, і зараз жа да яго падышла жанчына.

- Доктар, даражэнькі, я вас прашу, - трывожна зашаптала яна, азіраючыся. - Я сястра пакаёўкі пана інжынера. Працую тут на фабрыцы... Доктар, у мяне сын памірае, будзьце ласкавы, дапамажыце... Тут недалёка, у бараках... Ратуйце, даражэнькі, пашкадуйце бедных людзей... Сем гадкоў яму...

Жанчына ўсхліпнула. Яфім Сцяпанавіч моўчкі і спяшаючыся пачаў апранацца. Праз некалькі хвілін ён хутка ішоў па дарозе, і за ім спяшалася жанчына, ахопленая трывогай маці. Калі Яфім Сцяпанавіч адчыніў дзверы, то нейкі момант затрымаўся на парозе, не адважваючыся ступіць наперад. Душнае, цёплае паветра, цяжкі пах густа ішоў яму насустрач.

- Зачыняй дзверы! - крыкнулі з барака.

Калі доктар ішоў міма нар, ад падушак узнімаліся ўскалмачаныя галовы. Людзі сонным, затуманеным і раўнадушным поглядам сустракалі яго і тут жа засыналі зноў. Гэта быў зусім Інакшы свет, чым той, дзе ў блакітнай інжынерскай гасцінай спявае абшырная памешчыцкая дзева.

- Вось тут... - сказала жанчына. - Наш фабрычны доктар казаў, што трэба аперацыя, што яго трэба ў земства завезці... А мяне з фабрыкі не пушчаюць.

Доктар нахіліўся і ўбачыў у кучы лахманоў васкова-жоўты дзіцячы твар. Ён пачаў агляд. Праз некалькі часу Яфім Сцяпанавіч, спяшаючыся, ухутваў дзіцянё ў лахманы, якія пападаліся пад руку.

- Хутчэй, - гаварыў усхваляваны ўрач. - Хутчэй, аперацыю неадкладна... Мы яго выратуем...

І ў наступную хвіліну ён ужо бег па дарозе з дзіцянём на руках.

Калі ён увайшоў у калідор інжынерскай кватэры, са сталовай даносіўся голас Клёнскага:

- ...І расквітнеюць, панове, высокія ідэалы гуманізму і чалавечнасці. За Новы год, за будучыню!

Ён выйшаў у калідор, калі яго паклікаў Яфім Сцяпанавіч, ажыўлены і задаволены. Вочы яго блішчалі, ад яго пахла віном і парфумай.

- Дзе ты падзеўся, мы проста прыдумаць не маглі! - з дакорам сказаў ён. - А гэта што ў цябе на руках?

- Хворае дзіця, - паспешна адказаў Яфім Сцяпанавіч. - Леанід, загадай закласці тройку, я павязу яго ў бальніцу... Патрэбна зараз жа аперацыя... А то...

Ён сустрэўся з поглядам жанчыны і змоўк.

Парцьера заварушылася, і жаночы голас паклікаў:

- Леанід!

І Яфім Сцяпанавіч учуў, як маладая, прыгожая, абаяльная жанчына голасна шаптала мужу:

- Мой вазок не для таго, каб на ім вазіць усякіх карослівых байстручкоў. Чуеш? І не думай у мяне! Мы пасля вячэры праедземся з гасцямі, іх коні адпачылі... Я не хачу хварэць на шкарлятыну... Ты чуеш, Леанід?

Клёнскі выйшаў у калідор, крыва ўсміхаючыся і хаваючы вочы.

Яфім Сцяпанавіч моўчкі павярнуўся і выйшаў, беражна трымаючы сваю ношу.

...За паўтары гадзіны яны прайшлі крыху больш паловы шляху. Яфім Сцяпанавіч зняў паліто, аддаў жанчыне і ішоў цяпер у адным сурдуце. У ясным святле месяца маўкліва ляжалі снежныя прасторы. Далёкія лясы хмурнелі на гарызонце... Навагодняя ноч была светлай і спакойнай. Доктар ішоў, ён стаміўся, але страшнае было не ў гэтым. Страшнае было ў тым, што ён адчуваў, як у яго на руках згасае жыццё. Ён баяўся глянуць на маленькі, худы тварык, ён баяўся ўбачыць смерць... Ён ішоў і ішоў, і жанчына спяшалася за ім. Яны падышлі да лесу, і тады недзе ў срэбных прасторах зазвінелі далёкія званкі і пачалі набліжацца. Па дарозе імчала тройка інжынерскай кампаніі.

Пачулася ўсхрапванне коней, выкрыкі і песні. Званкі звінелі зусім блізка. Доктар сышоў з дарогі, прайшоў некалькі крокаў, спатыкнуўся, але ўстаяў на нагах і потым асцярожна паклаў сваю ношу на снег.

- Усё... - сказаў ён. - Мы спазніліся...

Жанчына ўскрыкнула і схапіла яго за руку. У гэты момант чатыры тройкі прамчалі па дарозе адна за адной і, абмінуўшы маўклівую групу, зніклі ў лесе. Яфім Сцяпанавіч скрыпнуў зубамі і адвярнуўся.

Жанчына плакала. Тонкія галасы званкоў заміралі ў гушчары лесу. Урачыстае маўчанне, глыбокая цішыня зноў сышлі на снежныя прасторы палёў...

 

Яфім Сцяпанавіч ішоў па ўсходах і за ім маўклівай групай - яго вучні. Выдатны знаўца таямніц чалавечага цела, які не раз перамагаў смерць, ва ўзбраенні сваіх ведаў і вопыту ішоў ратаваць жыццё. Дзверы аперацыйнага пакоя адчыніліся.

Пасля аперацыі Яфім Сцяпанавіч прайшоў у кабінет дырэктара бальніцы, сеў за стол і пачаў пісаць.

«Леанід! - пісаў ён. - Я ратаваў тваё жыццё, рызыкуючы сваім. На гэтым нашы спрэчкі скончаны. Я ненавідзеў цябе шмат гадоў, і, каб ты застаўся такім, якім быў, я не кранаўся б з месца для таго, каб цябе ратаваць. Але я ведаю, хто ты. Я ведаю, што ты адным з першых прыйшоў на дапамогу Савецкай краіне ў гады грамадзянскай вайны, ты не прадаўся ворагам за золата, ты змагаўся са шкоднікамі і пабудаваў завод, якіх мала ў свеце.

Так, Леанід, мы прайшлі доўгі жыццёвы шлях і шмат чаму навучыліся. Ты мог праз цэлыя дні гаварыць аб высокіх ідэалах маралі і гаварыць шчыра, ад сэрца, а на справе не мог супрацьстаяць выпадковаму капрызу жанчыны, і ад гэтага загінула маладое жыццё. Я цябе ненавідзеў, і ты заслужыў гэта. Але і я не зусім быў правы: я гатовы быў тады загінуць сам, каб ратаваць адно жыццё, але ні на адну хвіліну не думаў аб тысячах гэткіх жа самых дзяцей, якія загінулі пры такіх жа ўмовах.

Леанід, тая будучыня, аб якой ты марыў, з'яўляецца сённяшнім днём. Я шчаслівы, што мы дажылі да гэтых дзён. Я першым падаю табе руку прымірэння, і нашы даўнія спрэчкі скончаны, бо спрачацца нам няма аб чым. Жыццё, якім мы жывём, прасякнута тымі вышэйшымі ідэаламі, аб якіх мы маглі толькі марыць. Мы калі-нібы ўбачымся з табой і будзем гаварыць аб гэтым. Бывай. Твой Яфім».

- Перадайце хвораму, калі ён паздаравее, - сказаў Яфім Сцяпанавіч, падаючы дырэктару канверт.

 

1937 г.


1936?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая