epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдзі Агняцвет

Першае слова

Першы голас, які я пачула на свеце,

Быў голас маці.

Калыханку пад месяцам і на дасвецці

Спявала мне маці.

 

Гэта — першая песня

І першае слова

Зямлі маёй весняй.

Гэта — ціхая ласка

І міру ахова.

Дзякуй, маці, за песню!

 

Запаветныя, родныя фарбы і гукі —

Усё застаецца.

Дзякуй, мама, за рукі,

Бяссонныя рукі,

За адданае сэрца!

 

Рукі цёплай пяшчоты,

Турботы і працы —

Ад ляноты лячылі.

Аніякай работы ў жыцці не цурацца

І мяне навучылі.

 

Не пакрыўджу цябе,

З тваіх сцежак не збочу,

Засланю ад нягоды.

Я хачу, каб свяціліся радасцю вочы

І жыла ты заўсёды!

 

 

 

 

 

 

 


1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мама — сонейка маё... : вершы, песні / уклад. М. А. Маляўка; іл. А. А. Карповіч. — Менск : Маст. літ., 2008.— 118 с. : іл.