epub
 
падключыць
слоўнікі

Элен Пармелен

Уяўны мастак

Іх сямёра. Не лічачы двух камерсантаў, адзін з якіх гандлюе тканінамі, а другі - вядомы ў Парыжы антыквар. Гучныя імёны людзей, што сабраліся тут, выбухнулі б магутным скандалам, які нарабіў бы нямала шкоды, калі б справа стала шырокавядомай.

Агульным у іх было тое, што яны рабілі грошы, умелі іх рабіць. Бізнес на жывапісе быў іхнім хобі. Мэтай іх хаўрусу было стаць незалежнымі ад цягу часу, несправядлівасці выпадку, усемагутнасці рэкламы. Замяніць усё гэта, самім стварыўшы мастака, які б высока цаніўся і масу карцін якога яны ўжо скупілі за бясцэнак. Зразумела, гэты мастак павінен быць чагосьці варты, каб яго мазня магла часам выклікаць ухвалу некаторых знаўцаў сучаснага мастацтва.

Сем калекцыянераў-банкіраў вагаліся паміж двума мастакамі, па дзесяць - дванаццаць карцін якіх яны купілі за бясцэнак.

- Я цалкам аддаю перавагу Дуаену, - сказаў адзін, - перш за ўсё таму, што ў яго вельмі французскае прозвішча! А гэта немалаважна. І яшчэ таму, што ў ім ёсць нешта вельмі спецыфічнае і на гэтым можна згуляць. Мажары робіць збольшага тое, што ўсе. Чаму ў такім разе ён, а не хто-небудзь іншы? А Дуаен працуе нестандартна, узяць хоць бы яго манеру размалёўваць краі карцін.

- Да таго ж, - сказаў самы малодшы, - усе вы маеце Дуаена куды больш, чым Мажары, я, дарэчы, таксама.

- Я таксама за Дуаена, - сказаў самы старэйшы з калекцыянераў. - Паверце мне, у яго ў гэтай гульні ёсць такія козыры, якіх у Мажары няма. З Мажары трэба пачынаць зусім з нуля, трэба ўсё зрабіць. Сёння гэта нам не па зубах. Няхай даспявае. Вакол яго пачынае збірацца невялікі гурт маладых крытыкаў. Гэта добра. Але ён яшчэ надта зялёны. Дуаен мае ўплывовых сяброў.

- У тым ліку сур'ёзных пісьменнікаў. І не абы-якіх. Яго дружба з Жужам і Партэнам, яго «сяброўскі дзень» раз на тыдзень - усё гэта вельмі добра. Мажары куды менш прыкметная фігура. На карысць Дуаена і тое, што ён мае падтрымку афіцыйнай асобы. Вы ведаеце, яны ваявалі разам з Правіданам і цяпер запанібрата.

- Усе згодныя?

Яны адразу ўзяліся за працу, і праз дзве гадзіны справе Дуаена быў дадзены ход.

 

Тым часам Дуаен рыхтаваў свой штотыднёвы вечар. Гэтым разам збіраліся з нагоды мяса па-гішпанску, гэта значыць не надта тлустага, з цёртым сырам. Як казаў Дуаен, для тых, у каго слабая пячонка, гэта, напэўна, немінучая пагібель. Тым горш ім, будуць есці моркву.

Эла накрывала на стол. Жуж не прыйдзе, ён ненавідзіць людзей. Партэн таксама, ён не выносіць Муаўра. Муаўр прэтэндуе на тое, што яго продкам быў славуты Абраам дэ Муаўр, аўтар неверагоднай формулы для ўяўных лікаў. І, несумненна, з гэтай прычыны публікуе лічбавыя паэмы, як ён іх называе. Гэта ёлуп. Але яго выдаюць. Ён рыхтуе прадмову да выстаўкі Дуаена, якая мае адбыцца ў адной галерэі з досыць строгімі правіламі. Яе гаспадар перакананы, што яна з'яўляецца чымсьці накшталт Амбруаз Валяр для мастацкай эліты. Бо цяпер няма мастакоў геніяльных, ёсць толькі элітарныя. Нюанс. Таму, са згоды Дуаена, ён заказаў прадмову Муаўру, паэту невядомаму, якога цаніла вельмі невялікая эліта. У Муаўра ёсць яшчэ два месяцы, каб яе напісаць. Ён гаворыць, што працуе дзень і ноч.

Усе яны жывуць у асаблівым свеце сучаснага мастацтва, у тым ліку і Эла, якая навучылася па-свойму глядзець на палотны і знаходзіць за тым, што намалявана, розныя рэчы, якіх яна раней не бачыла.

Усе шчырыя, да вар'яцтва, да хлусні. Жуж слепа верыць, што Дуаен нічым не саступае Мікеланджэла, але выяўляе сваю веліч сучаснымі сродкамі. Партэн гатовы даць адсекчы сабе галаву, каб давесці, што Дуаен - гэта дзеяч Адраджэння 1960-х. А ўсё тое, што піша пра Дуена Муаўр, так старанна ўзважваецца і ў інтэлектуальным, і ў прафесійным плане, словы падбіраюцца так бездакорна, што зразумець гэта цяжка.

Як цяжка зразумець і жывапіс Дуаена. Эла кажа, што калі думкі-палотны Дуаена стануць даступнымі кожнаму, яны ўсе ўжо будуць у іншым свеце. На сённяшні дзень гэта самыя элітарныя творы з усіх, якія ведала мастацтва. «Таму, - кажа яна, - найбольш палкімі паклоннікамі Дуаена, акрамя некалькіх дасведчаных калекцыянераў, якія даюць яму магчымасць існаваць, з'яўляюцца Жуж і Партэн, самі пісьменнікі, вельмі цяжкія для недасведчаных, і Муаўр, вельмі перадавы паэт, не лічачы афіцыйнай асобы, Правідана, які ў свой час выкладаў філасофію».

У некаторых колах мастакоў так званага авангарду з Дуаена кпяць. Яго лічаць у жывапісе больш кухарам, чым мастаком. Гэта таксама адна з прычын замкнёнага жыцця Дуаена, бо ён, як кожны мастак, пакутаваў ад гэтага.

Сам ён верыў у сябе, але з пэўнай доляй сумнення, неабходнага чалавеку творчаму. Ён верыў у мастацтва, прасякнутае інтэлектам, якому ён служыць, як старанны рамеснік, багаты сваім надзейным рамяством. Ён апора тых ідэй, якія яго сябры выцягваюць, бы нітку з клубка, потым з яго палотнаў. Яны не зусім супадаюць з ягонымі, вельмі неакрэсленымі, якія губляюцца ў колеры і сюжэце. Ідэі яго сяброў куды багацейшыя і абцяжараныя словамі. Часам яны выклікаюць здзіўленне. Але гэтыя дапоўненыя ідэі і выразы ўвасабляліся ў наступнай карціне і гэтак далей.

Кажуць, што ўсе яго палотны падобныя адно да аднаго, але ў іх безліч варыяцый. Так ці інакш, працуе ён марудна, робіць мала. За выключэннем высокапастаўленага Правідана і яго сяброў, якім ён падарыў некалькі карцін, і яшчэ шасці-сямі калекцыянераў, кожны з якіх набыў за апошнія тры гады па некалькі яго твораў, Дуаена ведаюць толькі сярод мастакоў. У яго няма ні свайго прадаўца карцін, ні галерэі, ні кантракта. Ён зрэдку выстаўляе свае карціны ў таго гандляра карцінамі, з якім у яго ёсць дамоўленасць на выстаўку. Дзякуючы ўплывоваму Правідану некалькі яго карцін купілі замежныя музеі.

Такім чынам, у Дуаена ёсць сваё вузкае асяроддзе, якога цяпер няма ні ў аднаго мастака. Пра гэта ніколі не гавораць, як не гавораць пра старажытнаегіпецкіх багоў у Ватыкане. Усім займаецца Эла. Яна - аб'ект асаблівага захаплення, яе акружаюць павагай, ёй прыносяць невялічкія кактусы ў вазонніцах, якія яна збірае. «Што б ён рабіў без яе?» - гавораць усе. Гэта цудоўная жанчына. Жуж, Партэн і Муаўр лічаць, што ў яе ўзвышаная душа, адкрытая для тых абсягаў жывапісу, праз якія ідзе Дуаен. Яны яе вельмі шануюць. Яе бясконцая самаахвярнасць дапамагае захоўваць той клімат, у якім могуць нарадзіцца творы Дуаена.

Гэта маленькая кругленькая жанчына, якая ніколі не задае сабе пытанняў.

Дуаен трэ мускатныя арэхі ў сваю страву, якая кіпіць ужо дзве гадзіны. Мускатны арэх кладуць за гадзіну да канца варкі. Ён не вельмі задаволены зробленым за дзень. Раптам ён успомніў пра крытыка, які напісаў, што яго карціны нагадваюць цёрты мускатны арэх, і злёгку прыкусіў губу. Ён не абыякавы да крытыкі. Ён не адзінокі, яго цесна акружаюць сябры, але часам яму здаецца, што іх вельмі мала.

Ён працуе з верай і мала-памалу пачынае думаць пра сябе так, як думаюць пра яго сябры. Раней ён адчуваў сябе толькі мастаком. Цяпер ён адчувае сябе ў пэўнай меры выканаўцам нейкай місіі.

У той самы момант, калі ў майстэрні Дуаена гатуецца славутая страва, ад якой Муаўр можа трапіць на той свет і якая застанецца вядомай самымі вялікімі косткамі з мозкам, якія толькі бачылі, пачынаецца аперацыя Дуаен.

Вядомы ў Парыжы калекцыянер вядзе дзелавую размову з сярэднім уладальнікам сярэдняй галерэі. Пад час размовы ён яму кажа:

- Дарэчы, у мяне ёсць карціна Дуаена, якой я хацеў бы пазбыцца. Гэта вас не зацікавіць?

- Не, ані, - адказвае гандляр. - Гэта нічога не варта. Што я буду з ёй рабіць? Ёсць, канечне, некалькі аматараў, але на рынку гэта нуль.

- Што ж, тым горш.

- Пры нагодзе прывязіце яе да мяне. Я паспрабую яе прадаць, толькі каб зрабіць вам паслугу. Але што вы за яе атрымаеце?.. На аўкцыёне за яе шмат не дадуць.

- Добра, пабачым.

У гэты самы час яшчэ да дзесяці гандляроў звяртаюцца з падобнымі прапановамі па тэлефоне або пад час візіту. Людзі хочуць прадаць Дуаена. Іх запэўніваюць, што прадаць гэта практычна немагчыма. Ва ўсякім разе, на рынку гэта нуль.

Другая фаза. На наступны дзень тым самым гандлярам звоняць і задаюць адно і тое пытанне:

- Ці няма ў вас часам карціны або карцін Дуаена?

- Не, цяпер няма, але калі вас гэта сапраўды цікавіць, то я магу дастаць, мне якраз прапанавалі...

- Я згодны заплаціць за карціну да дзесяці тысяч франкаў, самае большае пятнаццаць, - кажа калекцыянер.

Гандляру карціць сказаць: «Вы здурэлі, яе можна купіць куды танней». Але ён кажа:

- Добра, я вам пазваню.

Дзесяць разоў паўтараецца такая самая ці амаль такая сцэна.

Дзесяць гандляроў звоняць калекцыянерам, што прыходзілі напярэдадні, і кажуць:

- У мяне ёсць пакупнік на вашага Дуаена, вязіце яго як мага хутчэй.

- Добра, але я тут пацікавіўся. Ён каштуе значна болей. Вы дазнайцеся. Я прывязу вам яго на наступным тыдні.

Дробныя гандляры адразу пачынаюць званіць адзін аднаму. Праз два дні, ніхто не ведае чаму, але пра Дуаена пачынаюць шмат гаварыць у галерэях.

На сёмы дзень да аднаго з гандляроў прыходзіць калекцыянер і за вялікія грошы купляе тое, што яго супольнік прынёс раніцай. Ён кажа збянтэжанаму гандляру:

- Пастарайцеся дастаць мне за такую цану яшчэ.

Тое самае робіцца і ў іншых галерэях. Махляры няшмат на гэтым трацяць.

Праз восем дзён Дуаен пачынае карыстацца вялікім попытам. На жаль, у Парыжы ўжо зусім нічога няма з яго карцін. Тэлефон Дуаена раптам пачынае званіць цэлы дзень. Муаўр, Жуж і Партэн заяўляюць, што ім прапаноўваюць неверагодныя сумы за яго карціны. З галерэі, дзе рыхтуецца выстаўка, звоняць без перапынку. Адзін з калекцыянераў, які мае яго карціны, сустракаецца з ім.

- Нарэшце, - кажа ён, - гэтая тупая крытыка зразумела. Я думаю, што гэта толькі пачатак. Але нельга пускаць справу на самацёк. У вас ёсць хто-небудзь, хто займаецца?.. Усімі гэтымі справамі? Вы трохі адарваны ад гэтага свету. Я вас разумею. Але хоць вы і абыякавы да ўсяго гэтага, трэба каваць жалеза, пакуль гарачае...

Ён прапаноўвае свае паслугі: «Вельмі рады дапамагчы. Не трэба дзякаваць. Зрэшты, я сам у гэтым зацікаўлены, бо маю ці мала вашых карцін, вы ж ведаеце».

Праз шэсць месяцаў замежныя музеі займаюць чаргу. Ім абяцаюць карціну Дуаена, мажліва, у наступным годзе... Карціны Дуаена ідуць па вялізнай цане. Адну з іх ацанілі на распродажы ў восем мільёнаў. Вялікую? Не, невялікую. Праўда, напачатку мафія (так іх употай называюць у некаторых сакрэтных колах, дзе іх ведаюць), дык вось, мафія выставіла на продаж дзве ці тры карціны, паказала іх і сама скупіла. Але потым у гэтым больш не было патрэбы. Гэта ўсё дабром не скончыцца, пабачыце! Шабрые (займаецца продажам карцін вядомых мастакоў, і цяпер у яго кантракт з Дуаенам) не дастаткова моцная фігура, і такіх цэн ён не вытрымае. Калі калекцыянеры пачнуць збываць карціны Дуаена, ён не зможа скупіць іх за трыццаць мільёнаў, няма чаго і казаць. Усё разваліцца, як картачны домік.

А пакуль яны грабуць грошы.

У Дуаена ўсё таксама змянілася. Яго выстаўка прайшла ў Н-скай зале, што яшчэ не ўдавалася нікому. Тут не абышлося без дапамогі высокапастаўленага Правідана, які быў у захапленні ад таго, што яго прагнозы спраўдзіліся. Да таго ж гарадскія ўлады набылі шэсць яго карцін вялікага фармату за цану, якую музеі звычайна не плацяць. Яму выдзелілі залу на выстаўцы ў X..., што праходзіла раз на тры гады, і дзве залы на У... выстаўцы, якую арганізоўвалі раз на чатыры гады, а дзесяць яго вялікіх палотнаў адправілі на штогадовую выстаўку ў ... На ўсіх трох ён атрымаў гран-пры. Шабрые траціў увесь свой час на тэлефонныя перагаворы з Нью-Йоркам. Прадмова Муаўра, якой папярэднічала біяграфія, была перакладзена на семнаццаць моў.

У каталогах была таксама зроблена невялічкая прыгожанькая ўстаўка з інфармацыяй пра аўтара прадмовы, дзе наўмысна згадвалася пра Абраама дэ Муаўра, яго продка, і яго ўяўныя лікі. Жуж і Партэн засталіся ў баку ад гэтай валтузні, калі не лічыць, што ў біяграфіях абодвух пісьменнікаў было адзначана, што яны з самага пачатку разгледзелі ў Дуаене аднаго з найвялікшых мастакоў свайго часу. Такім чынам, яны міжволі атрымалі падставы ганарыцца. У абодвух было па некалькі палотнаў Дуаена, і яны з горыччу ўсміхаліся ад думкі, што з-за людскога капрызу ў іх на сценах цяпер вісіць цэлы скарб. Яны адчувалі сябе амаль прыніжанымі, калі рынак і прэса на вачах адбіралі ў іх выключна іхняга абранніка.

Што тычыцца Дуаена, то ён нічога не памяняў у сваім жыцці, калі не лічыць, што суботнія вячэры сталі больш інтымнымі. З шасці гадзін вечара ён прымае крытыкаў, захавальнікаў музеяў, калекцыянераў, некаторых замежных гандляроў карцінамі. Арганізацыйныя пытанні ён пакінуў на антыквара. Сам жа ён займаецца тым, што кідаецца ў вочы. Напрыклад, падоўгу размаўляе па тэлефоне з Шабрые, які трымае яго ў курсе ўсяго, і з Муаўрам, які аказаўся надзіва дзелавым чалавека і прадмовы да выставак Дуаена ўжо пачынаюць гадаваць яго сям'ю. Дуаен апранаецца так, як і раней. Эла таксама. У іх няма ні машыны, ні загараднага дома. Свае грошы ён кладзе ў банкаўскі сейф, каб не плаціць падаткаў. Ён вядзе надзвычай сціплае жыццё, мала выходзіць, па суботах гатуе кус-кус, або гусь.

Часам у суботу да яго заязджае, у перапынку паміж дзвюма афіцыйнымі сустрэчамі, высокапастаўлены Правідан.

Дуаен стаў кумірам свайго кола. Усё, што ён кажа, здаецца глыбокім або выклікае нястрымны смех, усё самабытнае. На ўсім, што ён робіць, адчуваецца адбітак яго асобы. Калі раптам нехта пачынаў лаяць якога-небудзь мастака, то ён з вялікай паблажлівасцю імкнуўся давесці, што не зусім ёмка нападаць на нябожчыка. Калі здаралася, што хто-небудзь з новых гасцей хваліў каторага з жывых мастакоў, то Дуаен рабіў выгляд, што не чуе, а прысутныя глядзелі на таго з нейкім жалем. Калі ішлося пра мастака, чыя карціна шмат пацягнула на распродажы, выстаўка якога мела сенсацыйны поспех, якому была прысуджана прэмія, то пра яго распавядалі так, нібы ён належаў да іншага свету. Казалі: «Дуаен вышэй за гэта».

Тыя, хто не належаў да блізкіх сяброў Дуаена, здзіўляліся. Такі хуткі ўзлёт? Ці не махінацыі гэта гандляроў карцінамі? Гэта проста немагчыма. Доўга гэта не пратрывае. Але пакуль што гэта давала прыбытак.

Мастакі паціскалі плячыма. Казалі, што ўсё гэта падстроена дзякуючы падтрымцы Правідана. Доказам таго, што гэты жывапіс нічога не варты, казалі яны, з'яўляецца тое, што моладзь і слухаць пра яго не хоча. Да таго ж пра гэта днямі гаварылі ў адной карціннай галерэі і казалі, што ўсё гэта вельмі ненадзейна, няхай толькі іх выкінуць на продаж пяць ці шэсць адразу і гэтак далей...

Зрэшты, гэта не мастак, а рамеснік.

А тое, што ён вывешвае карціны без рам і размалёўвае краі палатна... Чаму не сцяну вакол?.. Чаму не саму сцяну, без ніякага палатна?..

А Эла? Эла сядзіць у сваім кутку майстэрні з тэлефоннай трубкай у руцэ і нясмела пытаецца:

- Гэта захавальнік X... Гэлеры. Ты будзеш з ім гаварыць?.. Не, алё, мсье, мне вельмі шкада, але цяпер ён адпачывае. Пазваніце, калі ласка, у шэсць гадзін вечара. Йес, сэр.

Сябры кажуць, што Эла такая ж цудоўная ў перыяд поспеху, якой была да таго, як яны яго спазналі.

Што да самога Дуаена, то пранікнуць у яго думкі надзіва цяжка. Нядобразычліўцы кажуць, што яму да смерці сумна, калі ён выпякае свае карціны. Але Дуаен па-ранейшаму няспешна сур'ёзны за мальбертам. Ён аналізуе тое, што робіць, заглыблены ў сваю работу, аддаецца ёй увесь. Тыя, хто прыходзіць і глядзіць, бяруцца потым вызначаць сэнс яго твораў. І ён будзе рабіць тое самае. І так без канца. Да яго прыйшла натуральная саліднасць. Ён салідны і ў сябе дома, і па-за домам. Той, каму пашанцуе сустрэць яго ў галерэі Шабрые, кідаецца хутчэй яго прывітаць.

Сямёрка лічыць, што іх выбар быў цудоўны і што лепшага ім і не знайсці было. Дуаен, сам таго не ведаючы, быў выдатнай асобай.

Праз два гады пасля той невялічкай нарады, пра якую распавядалася, сямёрка сабралася зноў. Галоўны скарбнік зрабіў справаздачу. Вынікі больш чым задавальняючыя. Дуаен прынёс ім больш, чым яны маглі спадзявацца. Сваю ролю ён сыграў геніяльна. Проста залаты прыіск.

- Ён зусім не іграў, - сказаў адзін.

- Так, - кажа другі, - ва ўсякім разе, мы ўжо ніколі не знойдзем такога прасцяка. Мы сапраўды паставілі на добрага каня. Я думаю, а што можа даць Мажары?

- Мажары? А чаму Мажары? У мяне ёсць лепшая кандыдатура, - сказаў трэці, - Кервэн. У яго, бедалагі, нервы ўжо не вытрымліваюць. Цяпер або ніколі. Колькі ў нас яго карцін? Ён вельмі хворы.

- Трыццаць дзевяць, - сказаў скарбнік.

- Трэба прыкупіць у яго. Яму патрэбны грошы. І потым, у мяне ідэя. Нельга кожны раз цягнуць Дуаена. Трэба нешта іншае.

- Да таго ж ён трошкі парадуецца перад смерцю, гэта калі не лічыць, што ён нежанаты. Сапраўдны цуд. Ніякай удавы.

- О, кузіны могуць быць яшчэ горшымі.

- Так, але што ж тады з Мажары? - сказаў нехта. - Што да Кервэна, то я цалкам згодны, гэты хлопец мне сімпатычны, ідэя мне падабаецца. Аднак як жа з Мажары? У нас ужо сабралася яго карцін. Ці не так?

- Я не супраць. Ва ўсякім разе, доўга цягнуць з Мажары не варта. Да таго ж ён нядаўна зрабіў яшчэ адно дзіця.

- Такім чынам, яму будзе на што іх гадаваць.

- Калі ён не праглыне ўсё адразу. Узяць хоць бы Дуаена. Не ў крыўду нам будзе сказана, наша маленькая фінансавая аперацыя прынесла яму не адзін мільён. Нават калі мы раптам перастанем яго падтрымліваць, то ён зможа жыць з музеяў і калекцыянераў, якія ў гэта ўцягнуліся. Проста жыць ён будзе не так добра. Між намі, я вельмі рады, што ў мяне не засталося ні адной яго карціны. Гэта, несумненна, такі жывапіс, у які я лезці не люблю. Кервэн ці Мажары - гэта іншая справа.

- Тады хай будзе Кервэн. Вось што я прапаную...

 

Дуаен робіць галубоў з яблыкамі. Вы печаце іх як для фазана... Побач з ім Эла. Гандляр карцінамі Шабрые глядзіць на яго.

- Гэта з-за таго, што калекцыянеры насыціліся, - сказаў Шабрые. - Гэта таксама трэба браць на ўвагу. Да таго ж эканамічны крызіс...

- Няма ніякага эканамічнага крызісу.

- Але як вы тады растлумачыце, што ваш сябар антыквар перастаў купляць? Ён нават цішком усё прадаў за вялікую цану. У Францыі і за мяжу. Дык на вас ён нічога не страціў і, кажуць, выходзіць з гульні.

- Тым лепш, - сказаў Дуаен, - але ён пакінуў хоць што-небудзь?

- Невядома. Малаверагодна.

- А вы? Таксама не пакінулі?

- У мяне яшчэ ёсць дзве ці тры... Рэшта прададзена, вам гэта добра вядома. Вы ж пастаўляеце мне зусім мала карцін.

- Тады, можа, вы мне растлумачыце, як раптам сталася, што за карціну, якая паўгода назад каштавала дзесяць - дванаццаць мільёнаў, цяпер у Друо даюць ад сілы мільён?

- Таму, што я не магу падтрымліваць такія цэны. Я не магу выкупіць карціну за дванаццаць мільёнаў, гэта немагчыма. Зрэшты, калі я куплю, то ўсе выкінуць свае карціны на рынак і ўтворыцца заганнае кола. Калі нават дапусціць, што я куплю адну ці дзве, то дваццаць купіць я не змагу.

- Але нашто тады заключаць кантракт, калі камісіянер не датрымліваецца сваіх абавязацельстваў?

- Я не магу. Іх ужо сталі мне вяртаць. Як, скажыце, я магу купляць іх за тую цану, за якую прадаў? Нават за палову цаны не магу.

- Яшчэ добра, што музеі не прадаюць, - з горыччу сказаў Дуаен.

- Так, але я вам не сказаў, што васемнаццатага мае адбыцца аўкцыён у Версалі і там будуць прадстаўлены чатыры вашыя карціны, сярод якіх «Зорны маятнік». Гэта карціна, якая яшчэ тры месяцы назад каштавала дзесяць ці дванаццаць мільёнаў.

- Каму гэтыя карціны належаць?

- Ну, я не ведаю. Гэта ўсё з калекцыі таго антыквара, які прадаў іх невядома каму. Я не разумею, чаму вас гэта турбуе. Справы могуць пайсці трохі горш, нават значна, але пры тых рэцэнзіях у друку, якія вы мелі на працягу двух гадоў, тых цэнах, якія на вас былі, і выстаўках, нават калі справы пойдуць значна горш, то ў гэтым няма нічога драматычнага. Цяпер наогул мала хто прадае.

- Сачыце за распродажам васемнаццатага, - сказаў Дуаен.

Увечары галубы з яблыкамі мелі неверагодны поспех, а калекцыя Элы папоўнілася чатырма невялічкімі кактусамі. Але Дуаену было не па сабе. Жуж званіў, што яму прапаноўваюць карціну Дуаена па не такой ужо і вялікай цане. А Муаўр з абурэннем распавядаў, што адзін маклер прапанаваў яму два мільёны за палатно, за якое летась даваў у тры разы больш.

- Я не хацеў прадаваць, - сказаў Муаўр, - нашае шчасце, што мы не практычныя людзі.

Усе замаўчалі і задумаліся. Прыйшоў Партэн, хоць ён па-ранейшаму ненавідзеў Муаўра. Ён лічыць, што трэба цясней згуртавацца. Ён чуў, што пра Дуаена кажуць небяспечныя рэчы. Хаця ўсе яны старанна трымаліся ў баку ад палітыкі, але не маглі не думаць, што нейкі час у іх на сценах віселі карціны іхняга сябра, якія сталі скарбамі і якія цяпер рабіліся тым, чым былі, ці амаль тым, калі так будзе працягвацца.

- Гэта проста жахліва, уся гэтая спекуляцыя... - сказаў Партэн. - Людзі ставяцца да мастакоў, як да акцый на біржы. Грошы не павінны ніколі быць замяшаныя тут.

- На нашых вачах нікчэмнасці, мастакі накшталт Кервэна, страшэнна падняліся ў цане, - сказаў Муаўр. - Я нічога не маю супраць бедалагі, вечны яму спакой, але ж гэты жывапіс, у сутнасці, не ўяўляе сабой нічога, нічога, нічога.

- Хто гэта? - спытаўся Дуаен.

- Яшчэ крыху соўсу? - сказала Эла.

- Дзякаваць богу, Дуаен стаіць у баку ад гэтых брудных гісторый, - сказаў Партэн. - Жуж мне сёння казаў, што, нягледзячы на ўсё, пазіцыі Дуаена моцныя. За ім стаяць усе музеі, якія набылі яго карціны. Калі цэны ўпадуць...

- Калі цэны ўпадуць, то ўпаду і я, - сказаў Дуаен. - Гэта недарэчна, але яно так. Таму я не ўпаду.

- Брава, - сказала Эла.

Яны, не без захаплення, пераглянуліся. Дуаен пацэліў у кропку. Яго нічога не пахісне, нават самая страшная спекуляцыя. Пытанне, як дзейнічаць, перад ім не стаіць. Ён ставіць палатно на мальберт. Усе садзяцца паўколам. Праз нейкі момант, вельмі насычаны, калі ўсе маўчаць, пачынаецца доўгая размова пра карціну.

 

З гэтага дня Дуаен пачаў скупляць уласныя карціны. Два разы на месяц ён хадзіў на аўкцыён, дзе плаціў вельмі высокія цэны. Адчуванне нейкай адрынутасці надавала цяпер суботнім вячэрам яшчэ большую палкасць захаплення, нібы Дуаен падняўся на неба ці на Галгофу і зноў спусціўся да сваіх верных вучняў. Сам ён знаходзіў таемнае задавальненне, купляючы за такую цану карціны, вельмі падобныя да тых, якія ён толькі што намаляваў. Але яны цаніліся ў Парыжы ўсё менш і менш, бо ніхто, акрамя ягоных сяброў, яго не падтрымліваў. Часам іх купляў недасведчаны або вельмі заўзяты калекцыянер. На шчасце, нягледзячы на ўсе аферы вакол мастака, нешта ўсё-такі застаецца і ад яго самога.

Калі грошы скончыліся, Дуаен стаў эканоміць, каб купляць, і нават пазычаць.

- Дзякуй богу, - казала Эла, - што гэтая гісторыя здарылася з такім чалавекам, як ён. Калі б гэта звалілася на пасрэднага мастака, той бы ўжо ніколі не падняўся.

Тым часам у Парыжы толькі і гаварылі, што пра мастака Кервэна, які памёр на дасвецці свайго поспеху і вялікая выстаўка творчасці якога рыхтавалася.



Пераклад: А.Мароз