epub
 
падключыць
слоўнікі

Эльза Волат

Апоўдні

Гатычная навэла

I
II
III
IV
V


I

 

Ён з'явіўся нечакана.

Быў дзень. Сонца. Шмат сонца.

Далёкі пошчак нябачнага жаўранка, дзумчэнне мух, восаў, пчолаў.

Водар сунічніку. Прэлы пах азёрнае вады.

Гіпнатычная нерухомасць. Звычайная, якая заўсёды бывае летам пасярод спякотнага дня.

Смага. Светлая, паўфізічная, незразумелая смага ўзнікла яшчэ ўчора...

Францішка даслала ліст, што затрымліваецца ў Вільні на дні чатыры. І ты ўжо другі дзень блукаеш па амаль бязлюдным наваколлі фальварка. Падоўгу стаіш ля азёрнае люстры. Бяздумная, безтурботная, закалыханая цяплом, бляскам лета і нязвыклай правінцыйнай цішынёй. Але рука, што трымае белы карункавы парасон, у нейкі момант нагадвае пра сябе здранцвеннем, і ты няспешна, быццам абуджаная, ідзеш назад у замак, каб адпачыць з томікам французскіх вершаў у прахалодных сховах...

Ён з'явіўся нечакана. За спінай. Быццам адгалінаваўся ад старой цяністай ліпы. Каб не агністы плашч, ён бы мог яшчэ доўга стаяць незаўважаным. Ты павярнулася мякка, амаль лянотна, нібы вальсуючы. Узняла парасон. Яркі прамень палыснуў па вачах.

Паніч (а так мог выглядаць і маладзён, і мужчына сталага веку) нейкае імгненне глядзеў з прытоенай цікаўнасцю сваімі незвычайна яснымі, насмешлівымі вачыма. Са скрыжаванымі на грудзёх рукамі. Заўважыўшы, што на ягоную прысутнасць адрэагавалі, ён грацыёзна адштурхнуўся ад ствала і зрабіў колькі крокаў насустрач. Сонца адбілася ад высокае постаці мядзяна залацістай аўрай... Металёвае люстэрка - тое, што рабілі ўдаўніну... Вобраз яго зарнічнае паверхні крануў памяць. Пачуццё незразуметай смагі прыцішылася.

Насмешлівы бляск ясных вачэй, агністы плашч, зграбная рука з масіўным цьмяным пярсцёнкам.

Словы прывітання. Голас - чысты, спеўны, багаты найтанчэйшымі адценнямі, кранальны, быццам перабор дасканала наладжаных струнаў.

Уласны голас падаўся табе чужым...

 

II

 

- Язычнік? - недаверліва запыталася ты і інстынктыўна зрабіла маленькі крок назад, адчуваючы, як сэрца халоднай склізкай аборай агортвае жах. Спракавечны жах Астатняга Пакарання.

Быў дзень другі.

- Ведаю, што для цябе тое нязвыкла... Кажаш, у францыях расла?.. Набудзешся тут - пасля з самое сябе смяяцца станеш.

- Я чула, што ў Літве можна сустрэць розныя веравызнанні! - паспяшыла апраўдацца ты.

Вугалкі ягоных вуснаў уздрыгнулі ад стрыманага смеху. Лагодна, някрыўдна.

- Ці не на тле паганства паўстала хрысціянская вера?.. - запытаўся ён ціха - нібыта сам у сябе. - Яна паўстала з паганства габрэйскага. Але ж у нас ёсць сваё. Ці не прасцей быць самім сабой, адчуваць сябе? Ці гэта ненатуральна?.. Чужое закранае розум. Сваё ж можна вычуць сэрцам. Бо з сэрца яно і расце. Чым, калі не сэрцам, можна пазнаць Бога? Ці дагматы веры важней за Бога?.. Ты зараз спалохалася мяне. І пэўна, суцяшаешся, што маеш страх Божы? Але, насамрэч, страх жывіцца са слабасці чалавечае істоты. Бог - гэта Любоў, у якой няма страху. Так кажаце вы самі - хрысціяне. Дасканалая Любоў гоніць прэч любы страх. Страх - гэта дэман, які ператварае нават самага моцнага чалавека ў мізэрнасць і адварочвае ад вялікіх шляхоў...

Табе не было чаго адказаць на гэты дзіўны аповед. Міжволі, ты занурылася ў адчуванне свайго Страху. І - сваёй Любові.

 

III

 

Час паміж вамі быццам спыніўся. А прастора сплюшчылася і залацістай пчолкай ціснулася ва ўлонне званочка, крыху безцырымонна расхінаючы далікатныя пялёсткі. За пыльцой і нектарам.

- Ты мяне кахаеш? - запытаўся ён. Ты адарвала позірк ад пчолкі і патанула ў бляску ясных вачэй. Ён нахіліўся і проста вуснамі ўзяў з твае далоні грудку спелых сунічак.

- Так, я цябе кахаю.

І ты засмяялася той лёгкасці, з якой вымавіла гэтыя словы.

Мінаў трэці дзень.

Увечары прыязджала Францішка.

Але пра гэта ўжо не думалася. Дзіўна адгукаўся ў табе сёння свет. Нязвыкла, па-новаму. Зачароўваў адсутнасцю ўсялякай пустэчы. Здавалася, быццам Нехта кожную драбніцу гэтага свету з'яднаў яснымі прамянямі-павуцінкамі, а самую галоўную табе даверыў. А можа, павуцінка гэтая з цябе самое спрадвеку расла?..

Ты ўсміхнулася, зусім па-дзіцячаму паказала язык сонцу. Так - увесь свет нібы злучыўся ў табе і нязмушана цягнуўся вонкі.

- Мне час сысці. Але я вярнуся праз месяц і з таго моманту заўсёды будзьма разам, - прамовіў ён, парушаючы моўкнасць.

- Буду чакаць нецярпліва... А ты далёка? - павуцінкі заставаліся непарушнымі.

- Не за блізкі свет, - пасля кароткай, але пругкай паўзы адгукнуўся ён.

- Не ведаю, ці ёсць у цябе зерне гранату для сваёй Персэфоны, - прамовіла ты, разглядаючы свой пярсцёнак - якраз з гранатам, - але штось па сабе ўсё-ткі пакінь.

- Персэфоны? - змружыўся ён і сам сабе пасміхнуўся. - Слушна. Хай сабе будуць заручыны, - і знарок страхотліва прабасіў: - Пага-анскія!

Ты раптоўна адчула, як запалалі твае шчокі. Сумелася. І пачырванела яшчэ болей.

Вітая ружаграма, якая з першае сустрэчы выклікала тваю цікаўнасць, уміг вока апынулася на безыменным пальцы, ушчыкнуўшы нечаканым холадам цёмнага металу.

Ён таксама працягнуў руку, са сваёй таямнічай усмешкай прымаючы каменную кропельку гранату.

- Праз месяц я вярнуся, - зноў паўтарыў ён, быццам бы ты магла забыцца. - І сам адшукаю цябе, дзе б ты ні была. З таго моманту заўсёды будзьма поруч.

 

IV

 

- Я стооолькі табе хачу распавесці! - усклікнула Франечка. - Ты не надта без мяне сумавала?.. Не?.. Праўда - не?.. Дзіўна выглядаеш, таечка!.. А ну, распавядай - хто ён?

- Хто?!

- Прымаеш мяне за дурніцу? - лагодна прамовіла яна. - Ты падобная да чалавека, які праглынуў сонца: вочы гараць - аж глядзець балюча, а язык маўчыць, бы абпечаны. Калі ты не ведаеш, дык я ведаю дакладна: гэта - каханне. Не жадаеш казаць?.. Усё роўна раскажаш - не ўстрымаешся!

- Можаш крыўдзіцца, сяброўка. Але, сапраўды, нейкае дзіва са мной здарылася. Ніяк не прыходзіць у галаву штось уцямнае, што можна б было распавесці і не здацца вар'яткай.

Францішка безтурботна махнула рукой:

- Наша жыццё, чамусці, ёсць адвечная барацьба з вар'яцтвам. Ты не ведаеш - чаму?.. Самая трагедыя ў тым, што, калі яго перамагаеш канчаткова, раптам разумееш, што, насамрэч, перамог само Жыццё.

І яна засмяялася.

Нарадзіўся месяц. Францішка амаль усю ноч пераказвала табе апошнія навіны свецкага жыцця тут, у Літве.

 

V

 

- Дарэчы, мой род - гэта род язычніцкіх святароў. Таемнае рамяство перадавалася з пакалення ў пакаленне. Зараз мы, канешне, усе - хрышчоныя, - прамовіла Франя.

Ты пакруцілася, азіраючы ўзвышша і краем вуха слухаючы сяброўку.

Рэшты паганскага храма, прысвечанага багіні Ружане. Крыніца, камень, дуб. Па краі - карагод дрэваў.

- Дык жа язычніцтва не пераследуецца тут, - згадала ты.

- Мы сталі хрысціянамі не таму, што хтосці змусіў. Проста спадчыннасць, традыцыя перарвалася. Страціліся сакрэты. А чалавек без веры не можа - вось мы і прынялі новую... Хопіць пра гэта! Давай, я раскажу табе лепш цікавейшую гісторыю. Пра каханне! Кажуць, усё ў гэтай гісторыі - чыстая праўда..!

Лёгка ўскочыўшы на коней, вы няспешна пакіравалі назад.

- Жыў-быў на свеце малады чарадзей, - між тым распавядала сяброўка. - І як тое часта водзіцца, сустрэў ён дзяўчыну. Пакахаў яе - страшэнна! Неўзабаве і заручыліся. І такой яны ладнай парай былі, што многія аж паміралі ад зайздрасці. Але чарадзей па нейкіх справах з'ехаў. І да дзеўчыны пачаў заляцацца багаты князь. Нічога з таго не атрымалася! І тады абвінаваціў ён чарадзееву нявесту ў тым, што яна ліхія чары на ягоны статак навяла. А на Літве за такое, вядома як і за іншыя злачынствы, судом судзяць. Вось і выраклі дзяўчыну на смерць. Адчуў чарадзей небяспеку, але не справіўся. Кажуць, у той самы момант, як яна задыхнулася ад дыму, спынілася і чарадзеева сэрца... Вось так і перарваўся наш род язычнікаў. Вось так і сталіся мы хрысціянамі.

- О! Дык гэта гісторыя - фамільная?!. Праўду казаць, яна на мяне нейкую трывогу навяла: вельмі ўжо пачатак знаёмы...

- Напэўна, гэта лёс..! - яна зрабіла страшныя вочы, але тут жа пасміхнулася: - Прабач, таечка, не хацела. Не забівай сабе галавы гэтымі супадзеннямі. Я думаю, што, на самой справе, тут няма ніякай містыкі. Гісторыі пра каханне маюць вельмі невялічкі набор варыяцыяў (яшчэ акрамя таго, што яны падзяляюцца проста на шчаслівыя і не). Таму не дзіўна, што адбываецца супадзенне... Дарэчы, а наколькі ты палахлівая?

Яны спешыліся, перадалі лейцы служцы і пайшлі да замка.

- Не ведаю нават... Хаця апошнім часам я тое і раблю, што змагаюся з уласнымі страхамі!

- А прытомнасць ты калі-небудзь траціла?

- Толькі аднойчы: на службе на Каляды. Не ад спуду. Проста ўчадзела ад дыму... А ты хочаш мяне напалохаць?

- Так! - са шчырым імпэтам адгукнулася Франя. - Хадзем!

Усунуўшы табе ў рукі запаленую свечку, сяброўка хутка пацягнула цябе за сабой. Уніз, пад замак. Холад камянёў не палічыў твае сандалі за сур'ёзную перашкоду. Патыхнула вогкасцю і даўніной.

- А я яшчэ ў дзяцінстве шмат якія страхі перамагла, - аднавіла размову Францішка. - Вельмі любіла ўсялякія жахліўцы слухаць... Дарэчы, чарадзея таго некалькі разоў хавалі, але на кожную раніцу ён ізноў ляжаў у труне на паверхні, як не крануты. Чаго толькі не рабілі: і крыжы, і свечкі, і вада святая, і замовы паганскія! Кожную раніцу, быццам той вуж, наверх вылузгваўся! Нарэшце, адзін вельмі стары чарадзей сказаў, што гэта ў дакор тым злыдням, якія маладых са свету зжылі. І датуль ён не зможа быць пахаваны, пакуль уся людская злосць з нашай зямлі не знікне... Табе зручна ісці?

Францішка вяла цябе нейкімі досыць сумніўнымі на выгляд калідорамі. Ты ўвесь час аб нешта спатыкалася і праз нешта ціснулася. Але раз сяброўка сама трымалася ўпэўнена, значыцца ведала, куды ісці.

- І што - дагэтуль ляжыць? - пацікавілася ты і з'едліва дадала: - Толькі, напэўна, ніхто не памятае - дзе!

- Не перабівай... Загадаў той стары знайсці пячору, прыродай створаную, і паставіць туды труну з чарадзеем, уваход запячатаць, а наверсе пабудаваць капліцу.

- Сур'ёзна?

- А то!

Раптам яна спынілася перад даволі вялікай дзіркай у сцяне. Але вялікай настолькі, каб праз яе можна было пралезці толькі дзіцяці.

- Мне са сваімі жахамі перад містыкай, па шчырасці сказаць, змагацца асабліва не давялося. Бо яны былі пераадоленыя да таго, як я даведалася, што тут мусіць быць жах... Ты можаш яшчэ вярнуцца, - насмешліва прамовіла яна і скінула з праёму колькі кавалкаў патрэсканага каменя. Траскучае рэха кінулася ў калідоры, вярнулася хутка і стаілася за спіной. Дзірка павялічылася.

- Не страшна? - яшчэ раз запыталася Франечка.

На што ты з гонарам задзёрла нос.

Францішка амаль з д'ябальскай усмешкай прапусціла цябе наперад.

Водар сунічніку. Дрыготкае полымя свечкі ледзь не згасла ад неасцярожнага руху. Няясна акрэслілася скляпенне.

- Вось! - Франя весела падштурхнула цябе да таго, што было пасярод.

Труна адгукнулася полымю агністасцю тканін.

Бялюткая, ссохлая, стагоддзі нежывая рука ляжала, прыціснутая да сэрца, як у момант прысягі. І на безыменным пальцы мігцела тваё гранатавае зярнятка.


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая