epub
 
падключыць
слоўнікі

Эрвэ Базэн

Сумленны ўчынак

«Просьба да жыльцоў, выходзячы, пакідаць ключы на дошцы...» Не зважаючы на аб'яву, тэкст якой адміністратар, былы сяржант інтэнданцкай службы Пюміле, вывеў з любоўю каліграфічным почыркам, Ганзаг прабег міма адміністратаравага століка і нічога не пакінуў на кручку з нумарам 23. І ўсё ж пані Пюміле паспела высунуцца з акна і пачала абурацца на пацеху ўсяму кварталу:

- Я вас бачыла, пан Рабатэн! Ключ вы можаце пакінуць сабе. Але я абяцаю, што вы будзеце сёння начаваць на вуліцы, калі не заплаціце.

Ганзаг зрабіў выгляд, быццам нічога не чуў. Інстынктыўна, а можа, каб сагрэцца, ён пабег. На вуліцы Тальб'як ён прамінуў сваю «штаб-кватэру» - «Кавярня аб'яднаных мастацтваў». Там, як звычайна да абеду, Бертран старанна шараваў кававарку, храмаваныя часткі якой адпацявалі і трацілі свой бляск. Але, на жаль, у кішэнях у Ганзага было пуста, а яго крэдыт скончыўся. Ён уздыхнуў, падняў каўнер пінжака і нырнуў у пахмурны ранак, які яму яшчэ трэба было неяк перажыць.

Імжаў дробны лістападаўскі дожджык, распускаліся чорныя кветкі парасонаў. Ганзаг адчуваў сябе спустошаным, хворым, змоклым і бездапаможным. Ён зноў падымаўся па вуліцы Тальб'як, ступаючы па самым краі тратуара і стараючыся не наступаць на шчыліны паміж плітамі - старая звычка, якую ён набыў яшчэ тады, калі гуляў у класы. Яна зрабілася ў пэўным родзе прафесійным практыкаваннем і дадавала яму ўпэўненасці ў нагах падчас яго кватэрных «вобыскаў».

На тым месцы, дзе вуліца Тальб'як выходзіць на плошчу Італі, Ганзаг спыніўся ў нерашучасці. Ён не ведаў ні што рабіць, ні куды ісці. Упершыню ў жыцці ён пазайздросціў тым, хто мае чыстыя шчокі, цёплую накідку, добрыя туфлі і набітае фасоляй бруха, як у паліцэйскага, што тырчаў пасярод вуліцы. Імжа гусцела і ператварала «вожык» яго валасоў у мачалку. «Калі мне не ўдасца знайсці справу або сябра, які мне паможа, мне - гамон!» - бурчаў ён. Скурчыўшыся ў сваім клятчастым гарнітуры - учора яму ўдалася адна справа - ён панёсся галопам да плошчы Італі, дабег да яе за тры хвіліны, рэзка збочыў улева і апынуўся ля ўваходу ў метро, дзе можна было схавацца ад дажджу. «30 лістапада. Дзень святога Андрэ», - прачытаў ён на дошцы ў кветкавым кіёску, што стаяў на рагу вуліцы Бабіё. «Свята майго старога!» - падумаў з глыбокай павагай Ганзаг, які асірацеў ужо больш як дзесяць гадоў назад. Ён машынальна паглядзеў на гаршкі з хрызантэмамі, якія, нібы баранчыкі, скупіліся вакол кіёска. Ён апусціў вочы яшчэ ніжэй і заміргаў ад здзіўлення.

- Во!

Не магло быць ніякіх сумненняў. Перад ім ляжаў бумажнік, яшчэ зусім сухі. Пэўна, яго згубілі зусім нядаўна. Сапраўдны. Не які там лядачы кашалёк, скура якога аблупліваецца праз тыдзень. Не. Сапраўдны бумажнік, бліскучы, важны, напышлівы. Адна яго замша і залатыя ініцыялы каштавалі месячнага заробку вунь таго бухгалтара або тых дзвюх машыністак, што ўваходзяць цяпер у метро, метраў за трыццаць адсюль.

Уладальнік, пэўна, быў яшчэ недзе непадалёк. Хітры шакал Ганзаг гэтым разам аказаўся на вышыні становішча: каб не прыцягнуць да сябе ўвагі занадта рэзкім рухам, ён не кінуўся адразу ж да знаходкі. «Спакойна!» - скамандаваў ён сабе. Усмешка да вушэй змянілася на самы абыякавы выраз. Аднак трэба было спяшацца. Ганзаг зрабіў крок наперад, дастаў брудную насоўку, пратрубіў туды носам некалькі нот і пасля, кладучы яе ў кішэню, нібы незнарок выпусціў у зручнае месца. «Ах!» - прамовіў Ганзаг з талентам, вартым вялікага артыста. Ён апусціў руку па насоўку з цвёрдай упэўненасцю гаспадара, які збіраецца падняць сваю маёмасць. Зрэнкі ў Ганзага ўспыхнулі дзікай радасцю, жылы напружыліся ад нецярплівасці, і пальцы скурчыліся ў дзіравых туфлях... Але калі бумажнік ужо слізгануў у кішэню, нейкі пісклявы, як у еўнуха, голас тыцнуўся яму ў спіну:

- Няблага! Я б зрабіў тое ж самае.

 

* * *

 

Ганзаг здрыгануўся. Ён павярнуўся і быў гатовы супраціўляцца. Вораг, калі меркаваць па яго рэпліцы, быў не паліцэйскі, а хутчэй канкурэнт. Ён аказаўся чалавечкам з сівымі валасамі, з шэрымі вачыма і ў сваім вялізным шэрым халаце нагадваў тэлеграфіста, рамесніка або кладаўшчыка з «Прызюніка».

- Добрая справа, га?

- Якая справа? - холадна спытаўся Ганзаг.

- Ну... гэты бумажнік. Я таксама яго бачыў. Ты мяне апярэдзіў.

Нечаканы канкурэнт стаяў, нібы не зважаючы на дождж, ад якога халат пакрываўся цьмянымі плямамі, увесь час кашляў і пляваўся густой і жоўтай слінай. Нарэшце, аддыхаўшыся, ён прапанаваў:

- Ну дык што... падзелім?

Ганзаг не адказаў і на ўсялякі выпадак адышоў на некалькі крокаў. Дзякуй богу, кветачніца нічога не пачула, і ўладальнік не паяўляўся. Засталося толькі адшыць старога. Але той схапіў Ганзага за рукаў і вымавіў па складах:

- Мне хо-піць трэ-цяй часткі.

Ганзаг зноў нічога не адказаў і пайшоў уніз па вуліцы Бабіё, спадзеючыся пазбавіцца ад праследавальніка. Але той не адставаў ні на крок і ўжо пачынаў выказваць нецярпенне:

- Я згодзен на трэцюю частку. Але калі ты і далей будзеш прыкідвацца ідыётам, я хутка запатрабую палову.

Тады Ганзаг, які ўжо пацеў ад злосці, рэзка спыніўся і працяў старога позіркам, нібы чаргой са спаранага кулямёта.

- Палову чаго? І вам не сорамна? За каго вы мяне прымаеце? Ці вы не бачыце, што я іду ў дом нумар 38?

Усе ў XIII акрузе ведаюць, што ў доме нумар 38 на вуліцы Бабіё знаходзіцца паліцэйскі ўчастак квартала Мэзон-Блянш. Ганзаг Рабатэн сумысля гаварыў голасна. Баючыся скандалу і ўскладненняў, чалавек у шэрым халаце паціснуў плячыма і адступіў:

- Яшчэ паглядзім!

- Няма чаго глядзець! - крыкнуў Ганзаг, рашуча павярнуўся і матануў напрасткі да ўчастка віхлястай, няроўнай хадою, як ходзяць хлапчукі з прадмесцяў, каб паказаць рашучасць сваіх намераў.

Аднак ён не быў занадта ўпэўнены. «Абы толькі не натрапіць на каго-небудзь, хто мяне ведае! - думаў ён. - Мяне ўжо двойчы «накрывалі» на вуліцы Бабіё». Ён асцярожна азірнуўся і ўбачыў, што шантажыст, як і раней, ідзе за ім, гатовы зноў дамагацца сваёй часткі або выдаць яго. Не, яму ні ў якім разе нельга было ісці да сакратара камісара або да каго-небудзь з яго намеснікаў. Гэта было занадта рызыкоўна.

На шчасце, пад сцягам, мокрым і брудным, як ануча, якой толькі што мылі посуд, выстукваў чачотку ад холаду паліцэйскі. Ганзаг прыгледзеўся - ён бачыў яго ўпершыню. Пакінуўшы свайго ўчэпістага праследвальніка на тратуары па той бок вуліцы, Ганзаг перайшоў дарогу, падкрэсленым рухам сунуў руку ў кішэню, дастаў адтуль прамавугольны прадмет і падаў яго вартавому.

- Шэф, - голасна сказаў ён, - вось гэта я толькі што знайшоў на плошчы Італі, ля ўваходу ў метро.

Паліцэйскі аддаў чэсць, узяў бумажнік, разгледзеў яго з усіх бакоў, сунуў паміж папер адубелы палец, пакруціў галавой і з павучальным выглядам сказаў:

- Гэта добра, мой дарагі, добра, што вы так зрабілі. Але трэба, каб вы падняліся на другі паверх і напісалі заяву.

- Мне няма калі, - ажыўлена запярэчыў Ганзаг. - Патрон паслаў мяне па неадкладнай справе. Я прыйду праз гадзіну.

- Добра, - адказаў паліцэйскі. - Але не забудзьцеся, што вы маеце права на ўзнагароду. Мінімум дзесяць адсоткаў па закону. Пакіньце мне ваша прозвішча і адрас.

Ганзаг хвіліну вагаўся. Потым зусім спакойна сказаў па літарах.

- Ларно, Л-а-рно... Вуліца Сэн-Дыяман, дом № 35. Бывайце, шэф.

- Добра, - паўтарыў паліцэйскі. Яму відавочна не хапала фантазіі.

- Гм, - паспеў яшчэ сказаць Ганзаг.

Ён прыставіў два пальцы да скроні, нібы аддаючы чэсць, і, пакуль паліцэйскі хаваў у кішэню свой блакнот, набраў хуткасць і пабег рыссю да плошчы Італі. Ён горда абмінуў чалавека ў шэрым, нібы прыкаванага да тратуара. Той адказаў яму пагардай на пагарду і працадзіў праз гнілыя зубы:

- Святы Ёлуп, маліся за нас!

 

* * *

 

«З нас двух большы ёлуп не той, на каго ты думаеш...»

Гэтак разважаў Ганзаг, які праз пяць хвілін сядзеў ужо ў зацішным кутку «Кавярні аб'яднаных мастацтваў». Перад ім блішчала шклянка з малочна-белым «перно» і красаваўся бумажнік з залатымі ініцыяламі.

W.K., W.K... ініцыялы гэтыя належалі не карэннаму жыхару. Гэта напэўна быў нейкі чужынец, што цешыла Ганзагаў патрыятызм, а таксама ягонае прафесійнае сумленне: добра, калі ёсць нават самае маленькае апраўданне. W.К.! Добры густ і тонкая дасціпнасць падказвалі: чаму не W.С.? Каб расцягнуць прыемнасць, Ганзаг не спяшаўся пачынаць падрабязны агляд. Імёны на «W» сустракаюцца рэдка. Ёсць Валіс - так звалі дзеўку, якая пераспала з каралём. Але не, бумажнік належаў мужчыну. Вільгем. Ганзаг мог закласціся, што гэта быў Вільгем. У яго батальёне служыў адзін Вільгем, эльзасец, які мог выжлукціць дзесяць шклянак абсенту запар.

- Бертран, налі мне яшчэ!

З асцярогі Ганзаг закрыў свой скарб рукамі. Пакуль Бертран наліваў, ён так сціснуў рукой бумажнік, што аж зарыпела. Як толькі гаспадар устаў да кававаркі, Ганзагавы локці ўзняліся, і бумажнік паявіўся зноў. Сербануўшы са шклянкі, новы ўладальнік павольна і асцярожна распачаў даследаванне.

Спачатку - дробязі. Ганзаг трымаўся такога прынцыпу: стрымліваць эмоцыі і пакідаць прыемныя сюрпрызы на закуску. Маленечкая кішэнька на маркі аказалася, вядома ж, пустая. Пустое было таксама аддзяленне на білеты ў метро: усе кішэннікі ведаюць, што вынаходлівасць тых, хто робіць бумажнікі, выкарыстання на практыцы не мае. Побач з білетамі на аўтобус - тры газетныя выразкі, падатковая квітанцыя, два білеты ў кіно і зубачыстка. Візітная картка нейкім дзівам апынулася ў кішэньцы, спецыяльна ёй прызначанай. Зрэшты, яна належала не W.K. Гэта была прывабная візітка, на якой значылася: Жулі Сэшрэ, дыпламаваная медсястра, уколы па выкліку. Ён сунуў два пальцы ў другую кішэньку - па паперы. Але перш чым перайсці да больш сур'ёзных рэчаў, Ганзаг дапіў сваю шклянку і заказаў яшчэ адну.

На стале з'явілася трэцяя шклянка «Перно», і агляд прадоўжыўся. Спачатку Ганзаг двума пальцамі выцягнуў пасведчанне асобы пад нумарам 2579367. Далей яго чакала расчараванне: гэта быў не Вільгем, а Вільям, а прозвішча «дэ Керфаўэ» даводзіла, што гэты чужынец на самай справе быў брэтонскага паходжання. «А ўрэшце, мне на гэта напляваць!» - буркнуў Ганзаг, саграваючыся. Уваткнуўшы нос у фатаграфію з пячаткай прэфектуры, ён заўважыў, што тып гэты, брэтонец ён ці не, морду меў несамавітую. Далей агляд паскорыўся. Вадзіцельскія правы, «шэрая картка», талон «С».., гэтыя паперы можна было прадаць, яны безумоўна зацікавяць каго-небудзь са знаёмых - «спецыялістаў» па аўтамабілях. Ва ўсіх паперах гаварылася аб прафесіі Вільяма дэ Керфаўэ - сэнс яе зводзіўся да прыназоўніка «без». Ганзаг пагардліва ўсміхнуўся - у яго было правіла: чалавек павінен выбраць або працу, або авантуру. Атрымліваць асалоду без рызыкі і намаганняў - вось што было адзінай, бясспрэчнай амаральнасцю. Аднак, калі гэтаму Керфаўэ не хапала прынцыпаў, то ўжо густу яму хапала. За гэта сведчылі чатыры фатаграфіі з апошняй кішэнькі. Пра першую, на якой была трохі пераспелая, хоць і шыкоўна прыбраная дама, нельга было што-небудзь сказаць. Хутчэй за ўсё гэта была маці, удава дэ Керфаўэ. Але тры астатнія проста ашаламлялі! Голая дзяўчына са спіны, у фас і ў профіль, была проста незвычайная! Расчырванелы ўжо Ганзаг выпіў залпам трэцюю шклянку і клікнуў гарсона:

- А цяпер нясі абсент!

З унутранай кішэнькай болей нельга было цягнуць. Ганзаг загадаў сабе апошнюю загадку: колькі грошай, мяркуючы па таўшчыні, магло ў ёй быць? Калі гэта соценныя білеты, дык магло б пацягнуць тысяч на пяць або шэсць. Калі тысячныя - на пятнаццаць або дваццаць. Ганзаг адкрыў кішэньку, ліхаманкавым рухам страсянуў бумажнік і высыпаў на стол усё, што ў ім было.

- О, божа, вялікі фармат!

Вось гэта пашанцавала! Хто б мог спадзявацца на такую ўдачу. Лёс бясконца спрыяў яму: побач з даволі вялікімі купюрамі было дзесяць білетаў па дзесяць тысяч. Яны былі зусім новенькія, і іх прызначэнне было зразумелае з цыдулкі, якую Вільям дэ Керфаўэ да іх прышпіліў:

«Дарагая, не ведаю, а каторай гадзіне ты павінна вярнуцца з падарожжа. На ўсялякі выпадак я зайду сёння ўранку. Нарэшце я сабраў тыя самыя сто тысяч франкаў, цярпліва эканомячы на маленькіх шчодрасцях Чылійкі. Я табе прынясу іх разам з фатаграфіямі, знятымі надоечы ўвечары. Калі я цябе не застану, я пакіну гэтую запіску на начным століку і зайду пасля абеду яшчэ раз. Я выкраіў сабе два вольныя дні. Цалую. - Вільям».

- Дарагая! - прашаптаў Ганзаг лагодным голасам, падняўшы шклянку. - За тваё здароўе!

Шклянка дрыжала ў руцэ. Яму рабілася то холадна, то горача, ён смяяўся і пацеў ад захаплення. Яго радасць, яго здзіўленне, думкі, няпэўныя і каламутныя, як дно шклянкі, мяшаліся і блыталіся.

- Патрэбныя! На што патрэбныя гэтыя сто тысяч? Каб паклапаціцца пра маленькага Ганзага... Бертран, «крывавую Мэры»!

Бертран наліў, скоса глянуў на грошы, прыкрытыя рукавом. Ганзаг выпіў «крывавую Мэры», вырашыў, што ў ёй не хапае гранатавага сіропу, заказаў яшчэ адну і палічыў, што гэтым разам не хапала «перно». Ён запатрабаваў, каб яму прынеслі бутэлькі, і сам пачаў змешваць. Сумесь здалася яму дасканалай. Пасля ён з урачыстым выглядам адаслаў Бертрана да стойкі і заняўся сваімі дробнымі справамі... Значыць, так. Дакументаў у яго больш няма - свой бумажнік ён аддаў паліцэйскаму. Але ён напэўна атрымае яго ў Бюро знаходак. Ларно, яго сябар, а часам і кампаньён, не будзе крыўдзіцца за тое, што Ганзаг пакарыстаўся яго прозвішчам. Наадварот! Гэтаму нягодніку залічыцца сумленны ўчынак... Які добры аргумент будзе мець яго адвакат, калі яму спатрэбіцца расчуліць суд!

Ну вядома ж, прадбачаючы такі ж самы выпадак, Ганзаг мог дазволіць сабе займець такія ж рэкамендацыі... Але пра гэта няма чаго і думаць! Сто франкаў яшчэ можна было б вярнуць, але ж не сто тысяч! Вярнуць. Гэтым словам усё сказана.

З нейкім неспакоем - невядома чаму - Ганзаг пералічыў грошы. Павольна. Паважна. Трохі астыўшы. Нейкі чарвяк тачыў яго. «Лепш мне больш не піць «крывавай Мэры», - падумаў ён. - Гранатавы сіроп занадта салодкі, ён мяне разморвае». Пасля знайшоў больш сур'ёзнае тлумачэнне: «Сто адзінаццаць тысяч пяцьсот франкаў. Вось гэта грошы, няма чаго і казаць! Але па сутнасці яны знойдзены, не зароблены. Я не люблю несумленнай гульні. Лёгкасці трэба сцерагчыся. Спачатку знаходзіш бумажнік, потым гэта пачынае падабацца, з часам губляеш звычку рызыкаваць і канчаеш збіраннем недакуркаў». Ганзаг мог абвясціць гэта ўголас... Ён быў зусім не такі, якім яго ўяўлялі сабе суддзі, гэтыя нікчэмныя людзі, у брыжах і каўпаках. Яны давяраюць толькі звесткам: аб судзімасці Ганзага. Чалавек, у якім тояцца вытанчанасць і далікатнасць - вось кім ён быў. Элегантны. Але не шыкоўны, бо шыкоўнасць па рыначных цэнах заставалася яму пакуль што недаступнай.

Ганзаг уздыхнуў. Гранатавы сіроп разморваў яго далей. Божа ж мой, і сапраўды на пусты жывот Рабатэн быў усяго толькі няшчасны зладзюжка з прадмесця. Але пітво надавала яму пэўную дабрачыннасць. Пасля шостага «перно» ён ужо марыў пра вілу за горадам, пра пантофлі, пра спакойную пасаду, пра маленькіх Рабатэнаў, пра маральнасць. Каб стаць сумленным, яму трэба было напіцца. Шкада толькі, што, каб піць, пакуль што патрэбны грошы, і Ганзаг павінен быў здабываць іх спосабам... ну але, спосабам менш высакародным за яго мэты, у якія ніхто не хоча паверыць.

Ганзаг глыбока ўздыхнуў, узяў яшчэ адзін «перно» і раптам схамянуўся. Што? Ніхто не хоча ў іх паверыць? Ну гэта мы яшчэ паглядзім! Гэты прайдзісвет Ларно, гэты зануда Бертран, прыяцелі па «прафесіі», і нават Пюміле, гэтыя нікчэмныя мяшчане, дабрачыннасць якіх канчаецца там, дзе пачынаецца беспакаранасць... Ён усіх іх здзівіць, гэтых дробных інтрыганаў. Ён сам сябе здзівіць так, што будзе памятаць усё жыццё! І нягледзячы на інстынкт, на прагу, на нейкую чорную мудрасць, якія пратэставалі недзе ў глыбіні душы, Ганзаг раптам знайшоў кучу аргументаў. Ён нічога не траціў. Ані шэлега. Ён спадзяваўся быў на дзесяць тысяч. А дзесяць адсоткаў па закону забяспечвалі яму нават больш за адзінаццаць тысяч. Ці зарабляў ён калі адзінаццаць тысяч сумленна і тым больш нічога не зрабіўшы? Выпадак быў рэдкі, а дзень - сімвалічны! - гэтак шчасліва адзначыць свята святога Андрэ! Бацька Рабатэн, гэты гаротнік, няздольны прынесці ані кропелькі шкоды мільярдэру, пэўна, перавернецца ў магіле ад задавальнення. Але, каб не аддацца спакусе, нельга было чакаць ні хвіліны. Бо яму ўжо шкада было плаціць за пітво з тых дзесяці адсоткаў, што яму быў вінаваты Керфаўэ.

Ганзаг неахвотна адклаў білет на пяцьсот франкаў, пасля паклаў паперы, фатаграфіі і грошы ў бумажнік, а бумажнік у кішэню. Нарэшце з цяжкасцю ўстаў.

- Трыста пяцьдзесят! - крыкнуў Бертран занепакоена.

- Рэшты не трэба! - адказаў Ганзаг, кінуўшы грошы на стол. - Калі зойдзе Ларно і спытае пра мяне, - дадаў ён, - скажы, што я ў XVI акрузе.

- Добра, у XVI! - адказаў кемлівы гаспадар, сам былы злодзей. Ён добра ведаў занятак сваіх кліентаў, як і кварталы, дзе яны пераважна «працуюць». Калі Ганзаг пахістваючыся падышоў да дзвярэй, Бертран стрымана кінуў: «Удачы табе!» і засмучана заківаў галавой. Гэта красамоўна казала пра тое, што ён ведае, у якім стане цяпер чалавек, які ідзе займацца сур'ёзнымі справамі.

 

* * *

 

Згодна адрасу, азначанаму ў паперах Вільяма дэ Керфаўэ, Ганзаг праз гадзіну ўжо ўзыходзіў на шосты паверх раскошнага дома на авеню Анры-Мартэн. Ён шмыгнуў міма кансьержкі - старая засцярога! - пагрэбаваў ліфтам і павольна падымаўся па сходах, размяркоўваючы вагу ступні на ўсю прыступку, каб яна не рыпела. Ён ведаў, што асцярожнасць цяпер не патрэбна, але яму не ўдавалася добра зразумець, што ён падымаецца па гэтых сходах, укрытых дываном, з добрымі намерамі. Яму было вельмі нязвычна не адчуваць у сваіх кішэнях цяжару адмычак, прыстасаванняў для ўзлому замкоў, разборнага лома для дзвярэй - ягонай уласнай вынаходкі, якая была вартая таго, каб экспанавацца на выстаўцы. На кожным паверсе ён рабіў кароткую перадышку, разглядваў візітныя карткі, медныя шыльдачкі на дзвярах, званкі, а асабліва розныя сістэмы замкоў: спружынныя, «Ейль», «Блокту», «Вочкі». Ён ушаноўваў гэтых сваіх звычайных ворагаў позіркам знаўцы: гэтак жа глядзіць на фартыфікацыйныя збудаванні афіцэр, калі ён уваходзіць у крэпасць з прапановай аб перамір'і. Але прозвішчы жыхароў стаялі не на ўсіх дзвярах, і падняўшыся на шосты паверх, Ганзаг не знайшоў прозвішча Керфаўэ. Ён збіраўся ўжо спусціцца ўніз і распытацца ў кансьержкі, але ў гэты момант з ліфта выйшла пакаёўка нейкіх заможных гаспадароў у фартуху і карункавым чэпчыку. Ганзаг абазваўся да яе, і яна вывела яго з няёмкага становішча.

- Пан дэ Керфаўэ?.. Я пакаёўка ў яго.

Ганзагаў выгляд і пах перагару прымусілі яе збянтэжыцца:

- Я, аднак, не ўпэўнена, ці пан...

- Я яго не ведаю, - сказаў рашучым тонам Рабатэн. - Я толькі знайшоў яго бумажнік на вуліцы і прынёс.

- А! Тады заходзьце! - адказала дзяўчына з нейкай павагай, якая была Ганзагу як бальзам на душу.

Яна бразнула звязкай ключоў. Але перш чым паспела адчыніць, бясхібны Ганзагаў позірк занатаваў: ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвічкай. Ключ ад засаўкі, прывешаны да першага, даваў дадатковыя звесткі: грабенчаты замок, які можна адмыкаць адмычкай са сталёвага дроту. Дзверы адчыніліся, і Ганзаг саступіў убок з ветлівасці ці, хутчэй, каб паспець прыкмеціць яшчэ адну дэталь. У іншых абставінах яна вельмі б яго ўзрадавала: зашчапкі няма, дзве ручкі ўмайстраваныя ў глыбіню створак. Гэта робіць даступнымі нават самыя грозныя на выгляд дзверы. Раптам жаночы голас вярнуў яго да рэчаіснасці:

- Адэль, я сто разоў вам казала, каб вы карысталіся службовымі сходамі!

Спеўны голас чуўся з глыбіні кватэры. Дзіўнае вымаўленне выдавала іншаземку, і Ганзаг, ап'яненне якога патроху праходзіла, а добрыя намеры з той жа хуткасцю слабелі, прымусіў сябе прыкінуцца задаволеным. Гэты сумленны ўчынак будзе надзвычай добрай прапагандай для іншаземцаў. Вельмі збянтэжаны і ўражаны пышнасцю залы, багаццем кветак, забавак, рэчаў вельмі дарагіх і зусім непатрэбных, ён стаяў як укапаны на дыване з пахмурным выглядам, які, як ён лічыў, адпавядаў чысціні намераў і дабрачыннасці. У гэты самы час прафесійны аўтаматызм усё ж дзейнічаў далей, і, каб нечым запоўніць чаканне. Ганзаг разглядаў унутраны ўклад памяшкання. Пакаёўка пайшла да гаспадыні па інструкцыі, і да яго даляталі абрыўкі фраз, якія гаварыліся ціхім голасам. Ён выразна пачуў: «Нічога не разумею!» - і такім чынам зразумеў, што магутным людзям гэтага свету сумленнасць уваходзіць у абавязкі абслугі. Ён расчароўваўся. Але ў гэты момант пачуўся шэпт: «Іду, іду!», і Ганзаг усміхнуўся, калі падумаў, што зараз выйдзе тая аголеная дзяўчына, якую ён бачыў на фотакартках у трох спакуслівых ракурсах.

- Мая пакаёўка запэўнівае мяне, што...

Новае расчараванне! Гэтая маса, уціснутая ў вялізны хатні халат з ружовага шоўку, якая набліжалася павольна, мернымі рухамі, высока несучы велічныя грудзі, з якіх біў пах парфумы, - гэта была салідная дама з першай фатаграфіі. Яна набліжалася, напаўняючы сабой прастору, і Ганзагу здавалася, што ён меншае.

- Так, па... пані, - прамармытаў ён. - Я знайшоў бумажнік вашага сына... на плошчы Італі.

- Майго сына? - перапытала дама, здзівіўшыся.

- Пана Вільяма дэ Керфаўэ, - удакладніў Ганзаг. - У пасведчанні асобы былі ягоныя імя і адрас.

Дама трохі адхілілася. Складкі яе шыі нацягнуліся, галава павярнулася ўправа, позірк яе адбіўся ў венецыянскім люстры, але яна не супакоілася. Яна пачырванела. Але вельмі хутка, з вялікай салоннай мужнасцю змяніла выраз твару і надала яму зычлівасці і цікаўнасці.

- Дык вы кажаце, што знайшлі гэты бумажнік сёння ўранку на плошчы Італі?

- Але, пані, сёння ўранку. Ён ляжаў на зямлі. Яго было добра відаць, і пан дэ Керфаўэ напэўна згубіў яго некалькі хвілін раней... Бо калі не, дык яго б ужо паднялі.

Гаспадыня насупіла бровы.

- Вось гэта ўжо дзіўна! - сказала яна і зрабіла крок назад, каб не чуць перагару ад Ганзага. - Мой муж на два дні паехаў на паляванне ў Салёнь.

Яе муж! Цяпер ужо Ганзаг зрабіў крок назад. Ён не ўмеў чырванець, але пот выступіў у яго на лобе. «Я выкраіў сабе два вольныя дні», - гаварылася ў Вільямавай запісцы. Там таксама гаварылася пра Чылійку. Становішча прасвятлялася. Чылійка стаяла перад Ганзагам. Керфаўэ даў такое імя гэтай тоўстай паўднёваамерыканцы, грашыма якой карыстаўся, каб песціць дзяўчыну з трынаццатай акругі. Керфаўэ быў усяго толькі нечым накшталт сутэнёра, жабраком першага класа. Ганзагаў учынак, натхнёны пагардай да лёгкасці і павагай да рызыкі, прыводзіў да парадоксу: ён спрыяў прайдзісвету, які жыве, кіруючыся процілеглымі прынцыпамі. Вось што значыць быць тым, хто ты ёсць! Нават добрыя ўчынкі не ўдаюцца. Мала таго, непадкупны Ганзаг, які толькі што меў выгляд лаўрэата прэміі Манцьёна, быў цяпер падобны на даносчыка. Даносчык! Ганзаг, якога нават паліцэйскія ніколі не маглі прымусіць гаварыць.

- Мне шкада, - сказаў ён, каб неяк парушыць маўчанне. - Мне параілі перадаць гэты бумажнік у рукі ўладальніку.

Гэтае «мне параілі» гучала даволі няясна, але Ганзаг шукаў перш за ўсё шляхі да адступлення. Колькі будзе непрыемнасці, калі ён аддасць бумажнік жонцы! А зрэшты, нашто яго аддаваць? І Ганзаг, ужо амаль цвярозы, вырашыў перагледзець пытанне.

- Я зайду іншым разам, - сказаў ён.

Тоўстая дама ані не пакрыўдзілася. Непарушная, як карыятыда, яна стаяла, уціснуўшы галаву ў плечы, і быццам падтрымлівала гмах палаца, які вось-вось абваліцца. Відавочна, яна надавала больш значэння не бумажніку, а абставінам згубы. Яна вымавіла з намаганнем:

- Божа мой, пане, вы можаце аддаць мне...

Яе перапыніла пабразгванне ключоў. Дзверы рэзка адчыніліся.

- Пан дэ Керфаўэ! - усклікнула пакаёўка.

- Мой муж! - вымавіла Чылійка.

«Ну, цяпер усе на месцы!» - сказаў сабе Ганзаг.

Вільям дэ Керфаўэ не спяшаючыся зачыніў дзверы і падышоў з натуральным выглядам. Так, гэты хлопец умеў трымацца. Нічога штучнага ва ўсмешцы, ані ценю вагання ў рухах. Яго вытанчанасць, занадта саманадзейная, каб быць сціплай, дадавала яму натуральнасці: расшпіленае шырокае падарожнае паліто адмятала ўсе падазрэнні, каўнер кашулі быў такі белы, такі чысты, што адразу выклікаў давер. Ён вымавіў бездакорным, трохі засмучаным, але даволі абыякавым тонам:

- Я быў вымушаны вярнуцца, Эвіта. Уявіце сабе, што я згубіў...

- Ваш бумажнік... на плошчы Італі! Я ведаю. Гэты пан толькі што нам яго прынёс.

Карыятыда набыла горды выгляд. Яе голас гучаў урачыста. Але Керфаўэ і сапраўды меў талент. Ганзаг сунуў руку за пазуху, і пан Вільям зразумеў, што бумажнік быў яшчэ там. Нічога яшчэ не было страчана. У гэткіх выпадках трэба толькі гаварыць, што прыйдзе ў галаву.

- Вы бачыце, Эвіта, што б ні казалі, гэтая краіна застаецца краінай сумленных людзей. Плошча Італі!.. Я шукаў гэты бумажнік паўсюль! Я разабраў сядзенні ў машыне, я вярнуўся ў гараж, я распытаўся ў кансьержкі. Плошча Італі! Я нават больш і не думаў пра яе, і аднак я больш нідзе не мог яго згубіць - менавіта там я спыніўся, каб купіць гваздзікоў. Пэўна, заплаціўшы, я сунуў гэты чортаў бумажнік міма кішэні. Я спяшаўся...

Ганзаг убачыў, што тоўстая Эвіта пачынае ўсміхацца. Ды ён сам разявіў рот ад захаплення! Каб зручней было хлусіць, Керфаўэ выкарыстоўваў і праўду. Ну, вядома, ён згубіў бумажнік, купляючы кветкі, але кветкі былі не ёй. Аднак выдатны Вільям імправізаваў з красамоўнасцю, якая сведчыла пра добрую падрыхтоўку:

- Я спяшаўся... У апошні момант я заўважыў, што не ўзяў буйнога шроту. Прыкрая хіба, бо мне маглі патрапіцца дзікі. Зброевыя крамы адчыняліся пазней, і я вырашыў, зрабіўшы круг, заехаць у Шуазі, дзе жыве гэты заўзяты паляўнічы, вы яго ведаеце - мой кузен Ражэ... Я спадзяваўся пазычыць у яго некалькі патронаў. Мне здалося, што з майго боку будзе далікатна, калі я запасуся букетам ягонай жонцы...

Заблытаўшыся ў сваіх меркаваннях, шчаслівая таўстуха расплылася ва ўсмешцы. Яе невычарпальны муж заводзіў сваё апавяданне яшчэ далей, каб яго ўжо нельга было праверыць.

- Добра, што мне ў галаву прыйшла думка набраць бензіну каля Шуазі. І яшчэ лепш, што я сунуў руку ў кішэню перш, чым мяне абслужылі. Во б меў я тады выгляд!

Апраўданы і нявінны Керфаўэ добра ведаў, што любы каментарый сапсуе яго легенду. Таму ён павярнуўся да Ганзага і, не даючы нікому і рота разявіць, загаварыў саладжавым голасам:

- Сапраўды, пане, я і не ведаю, як вам аддзячыць. Страта грошай, чорт іх бяры, - справа не смяротная. Страта папер - гэта ўжо горш, але заўсёды можна атрымаць дублікаты. Аднак самы каштоўны мне сам бумажнік. Ёсць падарункі, якія...

Ён не скончыў фразы і з пяшчотай паглядзеў на жонку. Тая сціпла прабуркавала:

- Мой дарагі!

Ганзаг хмурнеў. Керфаўэ быў майстар, але гэта было ўжо занадта. А жонка з усімі яе грашыма была не хітрэйшая за тых шлюх, якія слухаюць развесіўшы вушы ўсялякага прайдзісвета, які абдзірае іх да ніткі. Прыгожанькі дуэт! Проста чароўная сцэна, дзе невялічкая роля адведзена яшчэ аднаму ідыёту, які, як толькі напіўся, даў свайму анёлу-ахоўніку ўвесці сябе ў зман і пайшоў аддаваць грошы, якія самому былі патрэбныя. Але што зроблена, тое зроблена. Чорт з ім! Аднак трэба было з гэтым канчаць. Ганзаг раптоўна запусціў руку за пазуху, дастаў бумажнік і падаў яго ўладальніку, выціснуўшы з глыбіні горла:

- Вось ваша рэч! - Пасля, з пагардай: - Калі вы хочаце праверыць...

Ахвяра была прынесена. Не вельмі спяшаючыся, але і не марудзячы, Керфаўэ ўзяў сваю маёмасць, сунуў яе ў кішэню і адказаў з трохі напышлівай знявагай:

- О, я вам цалкам давяраю!

Наступіла маўчанне. Маўчанне, якое ахалоджвае недарэчны запал і нагадвае пра тое, што прыйшоў час развітацца. Калі Керфаўэ загаварыў зноў, голас яго гучаў ужо не так урачыста.

- Яшчэ раз дзякую вам. Я не ведаю, што б мы маглі вам зрабіць, каб засведчыць нашую...

Слова «ўдзячнасць» так і не прагучала. Ці могуць багацце і раскоша быць удзячнымі рызманам? Удзячнасць заўсёды выказваецца па ўзыходнай лініі, а не наадварот.

- Як бы мы маглі?.. - неахвотна пачала гаспадыня. - Вільям, мне здаецца, што звычайна ў такіх выпадках...

Здавалася, што ў гэтым доме часта не канчалі фразы. Але муж падтрымаў жонку:

- Мне вельмі няёмка... Грашовая аддзяка! Самі словы гэтакія ж недарэчныя, як і рэч, якую яны азначаюць. Я не хацеў бы вас пакрыўдзіць, пане...

Ён напружана паглядзеў на Ганзага, і той усё зразумеў. Грашовая аддзяка? Немагчыма было ўдакладніць яе памер, не адкрыўшы велічыню сумы ў бумажніку. Сумы грошай, «цярпліва (а значыць, употай) сэканомленых на маленькіх шчодрасцях Чылійкі». Плакалі яго дзесяць адсоткаў! Невядома, што яго стрымлівала: гордасць ці «склад розуму», далікатнасць ці «вернасць прынцыпам» - справа была не ў словах. У любым выпадку Ганзаг, які бярэ, але не жабруе, быў няздатны пратэставаць, таргавацца або шантажыраваць.

- Пакінем гэтую справу, - сказаў ён сурова. - Мне нічога не трэба.

Керфаўэ таксама больш нічога не патрабаваў. Некалькімі фразамі ён нібы запакаваў і перавязаў стужачкай гэтае высакароднае адмаўленне:

- Мне вельмі няёмка, але я вас добра разумею. На вашым месцы я б зрабіў тое ж самае. Сумленнасць аплочваецца сама па сабе. Ёю нельга гандляваць... Ці магу я, прынамсі, ведаць ваша імя?

- Не, я не хачу, каб мяне ведалі.

Ганзаг адказваў усё больш суха. Ён выходзіў з сябе, але нічога не мог зрабіць. Гэтыя людзі рабілі сваю справу. А ён зробіць сваю. «Ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвічкай...» А чаму не? Яго сумленне сапраўды звычайна аплочвалася само па сабе! На сто адсоткаў.

- Урэшце, калі вам калі-небудзь штосьці спатрэбіцца - рэкамендацыя ці якая-небудзь дапамога - не вагайцеся. Паслуга за паслугу. Мы маем пэўныя сувязі.

Гэтымі словамі Керфаўэ кампенсаваў няпэўную маральную перавагу Ганзага і аднавіў здаровыя сацыяльныя адносіны.

- Яшчэ раз дзякуй, мой дружа!

І, не зважаючы больш на Ганзага, ён бесцырымонна прадаўжаў.

- Прабачце мне, Эвіта, я выйду патэлефанаваць. Я паеду ў Салёнь паслязаўтра. А сёння ўвечары...

Ганзаг, які ўжо падыходзіў да дзвярэй, уважліва прыслухаўся.

- ...Сёння ўвечары мы пойдзем у тэатр.

- Да пабачэння, панове! - сказаў Ганзаг, неяк хітра расцягнуўшы апошняе слова.

Абое Керфаўэ зняважліва кіўнулі.

 

* * *

 

Наступнага дня, прыблізна ў гэты самы час Ганзаг сядзеў за столікам кавярні перад цэлым стосам сподкаў - адпаведна ліку выпітых шклянак - і дзесяты раз перачытваў рубрыку апошніх падзей у паўдзённым выпуску «Пары-Прэс». Праўду кажучы, ён нават не чытаў, а расказваў яе на памяць, бо ўжо не вельмі добра бачыў:

«ПРАЗМЕРНАЯ СУМЛЕННАСЦЬ! - У адсутнасць пана і пані дэ Керфаўэ нехта невядомы прабраўся сёння ноччу ў іхнюю кватэру на авеню Анры-Мартэн і ўкраў каштоўнасцяў на вялікую суму. Знікла таксама шмат грошай, якія пан дэ Керфаўэ пакінуў у скрынцы сакрэтніка.

Цікавая падрабязнасць: раніцай таго ж дня пан дэ Керфаўэ згубіў бумажнік з гэтымі грашыма на плошчы Італі. Бумажнік быў вернуты нейкім маладым чалавекам, які адмовіўся ад узнагароды і знік, не назваўшы нават свайго прозвішча. Камісар Цюмань, якому даручана весці следства, мае сумненне адносна шчырасці гэтага сумленнага ўчынку, які мог з'явіцца нагодай для азнаямлення з укладам кватэры...»

- Гэта няпраўда! - бурчаў Ганзаг, абураны скептыцызмам камісара.

Але восьмая шлянка «перно» колеру маладога лісця ўжо ўзбуджала ў ім расткі дабрачыннасці. Пітво, як звычайна, замест таго каб падвойваць прадметы ў ягоных вачах, падвойвала ягоную душу. Ён апусціў нос і прачытаў апошні сказ:

«...Паліцыя шукае гэтага сумленнага чалавека, які адчыняе дзверы злачынцам».

- Бертран, «крывавую Мэры»! - крыкнуў Ганзаг і на нейкі час зноў адчыніў перад сабой дзверы ў сумленнасць.



Пераклад: Сяргей Шупа