Люблю вясною навальніцу,
калі блакітным майскім днём,
нібы гуляе-весяліцца,
грукоча ў небе першы гром.
Грымяць грымоты маладыя,
вось дожджык пырснуў, пыл курыць,
у небе перлы дажджавыя,
і сонца ніткі серабрыць.
З гары бяжыць ручай вясёлы,
не заціхае гамана,
і грай лясны, і пошум долу -
усё туруе перунам.
Ты скажаш: ветрагонка Геба
з усмешкай, кормячы арла,
грымотнапенны кубак з неба
на дол праз край пераліла.