epub
 
падключыць
слоўнікі

Франц Сіўко

Пчолка і Абыяк

Жыў-быў на свеце Алесік. Разумны быў хлапчук, і прыгожы, і жвавы. Адно кепска: надта працаваць ленаваўся. За што ні возьмецца - усё абы-як зробіць. Загадае яму, напрыклад, бацька карову папаіць. Дык ён, каб да крыніцы не ісці, зачэрпне з лужыны бруднай вады напалову з гразёю і падасць жывёліне. Тая глытне раз, другі ды адыдзецца сумная ад вядра. Або папросіць Алесіка маці качанят папасвіць. То ён выганіць вывадак на лужок, а сам ляжа пад кустом у засені і засне. Гадзіну спіць, другую. Тым часам лісіца падкрадзецца і сцягне качаня ў нару.

І вось празвалі людзі Алесіка за ягонае нядбальства Абыякам. Дрэнна стала хлопчыку. Дзеці сябраваць з ім перасталі, гуляць не клічуць. Нават кошкі, сабакі і свінні кпяць з яго, уцякаюць, абы ўгледзелі толькі. Ніхто Абыяка не любіць, нікому ён не патрэбны.

Вось і задумаўся Алесік, як бы прыкрай мянушкі пазбавіцца. Думаў, думаў - нічога не прыдумаў. Мусіў да Чараўніка па параду ісці. Той паслухаў хлопчыка і кажа:

- Парада адна, даражэнькі: працаваць трэба, як Пчолка. Тады і паважаць усе будуць.

Вярнуўся наш Абыяк дахаты, сядзіць, над словамі Чараўніка разважае. Раптам чуе: штосьці нібыта шаснула ля самага вуха. Схамянуўся Абыяк, падняў вочы, бачыць: Пчолка-медуніца мёд збірае. Ды спрытна так, борзда! Да адной краскі падляціць, да другой, да трэцяй, нырне глыбока ды зноў - у лёт.

«Вось, значыць, як трэба працаваць, каб людзі паважалі!» - узрадаваўся хлопчык.

Растапырыў ён рукі, разагнаўся - ды як падскочыць угору, як зажыхае па-пчалінаму! Скакаў, скакаў, а ўзляцець так і не здолеў. Адно ногі аб камяні пазбіваў.

Заплакаў Абыяк.

Убачыла гэта Пчолка і кажа:

- Хіба слязьмі памож-ж-жаш гору? Рабіць трэба, калі хочаш, каб людзі паваж-ж-жалі. Глядзі, якая я малая, а колькі ўсяго за дзень паспяваю. І кож-ж-ны гэтак мож-ж-жа.

- Я і раблю ўсё так, як ты, - кажа Абыяк. - Ды толькі вось чамусьці не атрымліваецца ў мяне нічога.

І зноў ён заплакаў ад крыўды і бездапаможнасці.

- Што ж-ж-ж ты плачаш, дурненькі? - пачала супакойваць яго Пчолка. - Працаваць, як я, - зусім не значыць маю работу выконваць. Паглядзі: Мураш сваю робіць, Шпак сваю, Чалавек - сваю. У кож-ж-ж-нага свой занятак. А калі хто вельмі стараецца, пра таго каж-ж-жуць: «Як Пчолка працуе». Працуй з душою - і цябе таксама пахваляць.

- А як гэта - з душою? - не разумеў Абыяк.

- З душою - значыць сумленна, дбайна, - сказала Пчолка і паляцела далей.

Паслухаў Абыяк Пчолку і ўзяўся па-сапраўднаму за працу. Любую, нават самую дробязную і брудную, як след пачаў рабіць. І дзіва: усё атрымлівацца ў яго стала. І ўсе паважаюць хлопчыка, усе сябраваць з ім хочуць. А галоўнае - Абыякам ніхто не называе.

Так зноў Алесік Алесікам стаў.


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая