epub
 
падключыць
слоўнікі

Франц Сіўко

Вожыкавы лекі

Здарылася гэта ўлетку, у месяцы ліпені. Дзяўчынка Галінка прыехала да бабулі ў вёску на вакацыі.

- Ой, дзякуй, унучачка, што не забылася на мяне! - узрадавалася бабуля. - Адпачнеш, а потым і па гаспадарцы мне, нямоглай, дапаможаш.

Хораша летам у вёсцы! Усё навокал цвіце, усюды сонейка, цеплыня, бадзёрасць. Хоць і клопатаў хапае. Асабліва ў гародзе.

Вось павяла бабуля Галінку да градак. А там чаго толькі няма: і буракі, і кроп, і капуста, і морква, і гуркі. Але і пустазелля шмат.

Ірве бабуля макрыцу і лебяду, а Галінка побач стаіць, назірае.

- Што ж, унучачка, не дапамагаеш мне? - пытаецца бабуля.

- Надта горача тут, - адказвае дзяўчынка. - Ад сонейка галава можа забалець, пайду лепш у засень.

Ідзе яна ў засень, туды, дзе пад яблыняй трускалкі растуць. Ягады чырвоныя, сакавітыя, так і просяцца ў рот. Сарвала Галінка адну, другую... Ох, як смачна! Сарвала б яшчэ, ды згінацца няма ахвоты.

- Бабуля, дапамажы мне, - пачала прасіць.

Назбірала старая цэлы прыпол ягад, аддала ўнучцы. А сама зноў за працу прынялася. Да вечара палола. Нарэшце скончыла.

Пайшлі яны ў хату, селі на канапу, сядзяць. І кажа бабуля:

- Можа, унучачка, куранятам паесці занясеш? Я так стамілася, варухнуцца не магу.

- Ой, бабулечка, а хіба ж я не стамілася! - адказвае Галінка. - Гэтак старалася пад яблыняй, гэтулькі ягад паспытала. Не, нясі сама ежу сваім куранятам.

Устала бабуля з канапы, падалася да куранят.

Потым павячэралі, леглі спаць.

Раніцой устала бабуля і адразу да печы - сняданак унучцы гатаваць. Толькі сабралася цеста на аладкі разводзіць, глядзь у жбан: няма вады. Пайшла Галінку будзіць. Разбудзіла і кажа:

- Унучачка, кветачка, хацела я табе аладак спячы, ды вады ў хаце ні кроплі. Дык, можа, ты, мая птушачка, схадзіла б з вядзерцам да крыніцы?

Зморшчыла Галінка носік і кажа так:

- Што ты, бабуля, я спаць хачу! Твая карова ўсю ноч мычэла за сцяной, не давала мне заснуць. Ды і трава з раніцы ў расе, раптам я ножкі змачу і прастуджуся.

Што рабіць бабулі? Узяла яна вядро, прыгасіла агонь у печы ды падалася нацянькі да крыніцы. Ідзе і ледзь не плача ад крыўды.

Бяжыць ёй насустрач Вожык.

- Чаго гэткая сумная, баба Волька? - пытаецца. - Ці не пакрыўдзіў хто?

- Вось, чакала ўнучачку з горада, - адказвае бабуля, - думала, дапаможа па гаспадарцы, а яна анічога рабіць не хоча. Прыкра мне і сорамна ад людзей, што ўнучка мая - гультайка.

- Сапраўды, няшчасце, - пагадзіўся Вожык. - Але ж ад ляноты ёсць добрыя лекі.

- Якія? Падкажы, братка Вожык! - пачала прасіць старая.

- Ладна, падкажу, - усміхнуўся Вожык. - Ты ж мяне частавала летась яблыкамі... Ну, слухай.

І расказаў бабулі пра тыя лекі...

Вось вяртаецца баба Волька дахаты. Сустракае яе ля ганка Галінка.

- Дзе ты, бабуля, гэтак доўга бавілася? - пытаецца незадаволена. - Я есці хачу!

- Дык еш, калі хочаш, - адказвае бабуля. - Звары што-небудзь сабе і з'еш. А я тым часам пайду паляжу. Надта я стамілася.

І пайшла.

Падбегла Галінка да печы, зазірнула ў адзін саган, у другі. Як яе варыць, тую ежу? Кінулася зноў да бабулі.

- Бабулька, любая мая, - кажа, - не атрымліваецца ў мяне нічога, не ўмею я варыць. А есці так хочацца! Хадзем у гарод, трускалак мне дапаможаш нарваць.

Прыйшлі яны ў гарод. Бабуля села пад яблыняй і сядзіць сабе, адпачывае.

- Што ж ты, бабулечка, сядзіш? - пытаецца Галінка. - Чаму не збіраеш мне трускалак?

- Ох, ручкі-ножкі ў мяне ныюць! - завохкала баба Волька. - Ты ўжо як-небудзь сама, унучачка. А я адпачну.

Зайшла Галінка ў сярэдзіну градкі, стаіць, азіраецца: каб табе ягадка дзе! Як знарок усе пахаваліся.

Тым часам звечарэла.

Вярнуліся бабуля з унучкай дахаты, леглі спаць.

Раніцой прачынаецца Галінка, глядзь на гадзіннік: палова сёмай.

Будзіць яна бабулю і кажа:

- Бабулечка, ці не час табе ўставаць? Печ трэба распальваць ды сняданак ладзіць.

- Я б з задавальненем, унучачка, - кажа бабуля. - Але ж вельмі спаць хочацца. Цэлую ноч у хляве свінчо вішчэла, вачэй мне не давала змружыць. Ды і падлога ў хаце сцюдзёная, раптам ножкі мае змерзнуць? Патрывай, пакуль сонейка вышэй узнімецца.

- Ладна, патрываю, - пагадзілася Галінка.

Трывала, трывала, ды не вытрывала. Заплакала ды як кінецца да бабулінага ложка, як пачне бабулю лашчыць-цалаваць:

- Бабулечка, родненькая, даруй мне. Я табе ўсё-ўсё буду дапамагаць... І куранят буду даглядаць. І па ваду хадзіць. І грады палоць. Я буду дбайная, вось пабачыш. Толькі ўставай!

Устала бабуля, абняла ўнучку ды пайшла да печы. Распаліла агонь, развяла муку ды давай аладкі пячы. Цэлую патэльню напякла.

Наеліся яны аладак, пачалі жывёлу карміць. Потым узяліся за грады.

- Вось бачыш, як добра разам усё рабіць, - кажа бабуля. - І спорна, і весела.

- Цяпер я табе заўсёды буду дапамагаць, - усміхнулася Галінка. - Слаўная ты, мая бабулечка!

Так Вожык дапамог бабулі Галінку ад ляноты вылечыць.


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая