Францішак Багушэвіч

Бог не роўна дзеле

          Бог сіроты любе, але долі не дае.

                                                Прыказка

 

Чым-то дзеіцца на свеце,

Што не роўна дзеле Бог?

          Адзін ходзе у саеце*,

У золаце з плеч да ног,

А другому, каб прыкрыцца

Хоць анучай - велькі труд:

Весь, як рэшата, свіціцца,

Адны латы, адзін бруд!

          Адзін мае хатаў многа,

А вялікіх - касцёл моў;

Увясці б туды хоць Бога,

І той бы з іх не пайшоў.

У другога ў сцяне дзюры,

Вецер ходзе, дым і снег;

Тут карова, свінні, куры...

Тут пакута, тут і грэх!

          Гэты едзе у вагоне, -

Цёпла, мякка, толькі жыць!

А ляціць, як віхар гоне,

А ён сабе толькі спіць!

Той ў мяцеліцу, ў марозе,

Што аж вон яму прэ дух,

Паўзе з клункам па дарозе,

У снягу увесь па брух!

          Гэты хлеба і не знае,

Толькі мяса ды пірог,

І сабакам выкідае

Усё тое, што не змог.

А той хлеб жуе з мякінкай,

Хлёбча квас ды лебяду,

Разам жывець і есць з свінкай,

З канём разам п'ець ваду!

          Аднаму дзесяткі-служкі

Зарабляюць сотні сот;

Рукі ў яго, як падушкі,

Як кісель, дрыжыць жывот!

Другі ж сам, аж на дзесятак

Працуючы, лье свой пот,

А высахшы, як аплатак,

Цянюсенькі, як той кнот.

 

 

Каментары

 

Сает - тонкае фабрычнае сукно лепшага гатунку.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com